Суп неўміручасці: мастацкі пераклад з Верай Бурлак | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 27 ліпеня 2026
Суп неўміручасці: мастацкі пераклад з Верай Бурлак | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Чарговая сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная перакладу ангельскамоўнай літаратуры, як класічнай, так і сучаснай, збольшага прозы, але не без вершаваных цытатаў усярэдзіне, так што размова атрымалася цікавая і разнапланавая. Запрошанай эксперткай выступіла паэтка і перакладчыца ангельскай літаратуры Вера Бурлак, лаўрэатка Прэміі імя Карласа Шэрмана за пераклад казачнай аповесці Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» (або, як яе спрошчана называюць, «Аліса ў Залюстроўі»). Менавіта гэтую сваю працу – але не толькі яе, як будзе відаць пазней – госця і прадставіла сваім калегам.


Вера Бурлак – паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдатка філалагічных навук, сфера даследавання – дзіцячая літаратура «срэбнага веку». Аўтарка кніг вершаў «За здаровы лад жыццям, «Дзеці і здані», «Фантазюркі».

Зрабіла шэраг перакладаў паэзіі і прозы з украінскай, расійскай, ангельскай моваў, у тым ліку пераклала на беларускую мову «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” Льюіса Кэрала і інш.


«Хачу падкрэсліць, – сказала пра свайго пісьменніка Вера Бурлак, – адну рысу яго твораў, якую неабходна ўлічваць перакладчыкам, – “шматслойнасць” кантэкстаў. Кэрал пастаянна ў імплікаваным “дыялогу” з іншымі пластамі культуры, у першую чаргу – з папулярнымі ў яго асяроддзі (і вельмі разнастайнымі, бо асяроддзе вытанчанае, у найвышэйшым сэнсе інтэлектуальнае). Таму нават тыя забаўныя вершы, якія часта вызначаюцца як “пародыі”, – гэта не проста спрытная імітацыя + камічны эфект, а “дыялог кантэкстаў”, здольны спарадзіць глыбокія філасофскія высновы ці прывесці да нечаканых адкрыццяў».

Льюіс Кэрал

Экспертка расказала пра досвед перакладу кэралаўскіх вершаў, якія сустракаюцца ў тэксце. Найперш – славутага „Jabberwocky”, які ў беларускай версіі стаў «Мармазяўрам». Перакладчыца звярнула ўвагу, як эпічна-гераічны кантэкст сутыкаецца ў творы з нонсэнсам, а незразумелыя носьбітам ангельскай мовы карані спалучаюцца з абсалютна правільнай граматыкай. «Пры гэтым карані наватвораў нясуць у сабе патэнцыйныя асацыяцыі, якія з высокай верагоднасцю з’явяцца ў носьбітаў мовы, і часта складзены па прынцыпе “слоў-партманэ” – тлумачэнне да іх дае і сам Кэрал вуснамі Humpty Dumpty (Жаўтуна Баўтуна) у восьмым раздзеле казкі)».

На думку перакладчыцы, гераічны настрой верша перададзены ў арыгінале праз фанетыку, таму і беларуская версія ствараецца адпаведна, з дапамогай «словаў-партманэ», з улікам беларускай эпіка-гераічнай, рамантычнай традыцыі і з апорай на дзіцячую словатворчасць.

***

Іншыя вершаваныя творы Кэрала патрабавалі ад перакладчыцы не толькі словатворчай працы, але і перакладу алюзій і цытат, знаёмых кожнаму ангельскаму чытачу і зусім незнаёмыя чытачу беларускаму. Як захаваць кэралаўскія «сувязі-разрывы», адсылкі да традыцыі з яе іранічна-парадыйным пераасэнсаваннем?

Вокладка перакладу на беларускую казачнай аповесці Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса»

Так, верш “I’ll Tell Thee Everything I Can…” абапіраецца на хрэстаматыйны твор Ўільяма Ўордсварта “Resolution and Independence”, які адначасова рамантычны, дыдактычны і рэлігійна-філасофскі. «Кэрал, – заўважае наша экспертка, – даволі далёка адыходзіць ад гэтага тэксту і выбірае іншы, больш дынамічны рытм, але паралелі заўважныя: структура дыялогу, у якім малады чалавек пытаецца, як выжывае стары (бо лад яго жыцця на пачатку здзіўляе маладога суразмоўцу), а стары адказвае, прычым пытанні вымушаюць старога паўтарацца; пазнавальныя сам змест пытанняў і адказаў і выснова, у якой стары паўстае як духоўны арыенцір для маладога суразмоўцы, як успамін-падтрымка ў цяжкіх сітуацыях (у Кэрала гэта адцяняецца эфектам “зацыкленай кружэлкі”)».

Аўтар «Алісы» ажыўляе дыдактычную традыцыю сваім нонсэнсам і абсурдам, прапануе канцэпцыю свабоднай творчасці і ўспрымання жыцця як цікавай гульні, у тым ліку з сэнсамі. Тэкст на самых розных узроўнях напоўнены фармальнымі і слоўнымі гульнямі. Істотна, што ў Кэрала гэты верш спяваецца (Белым Рыцарам, які шмат у чым нагадвае самога аўтара), таму і беларускі пераклад павінен асацыявацца з нейкай песняй – пазнавальнай беларусамі, дастаткова ўзнёслай, пажадана нават са школьнай праграмы. У выніку, як пажартавала перакладчыца, «пацярпеў» хрэстаматыйны Янка Купала. Прычым разам з «Песнярамі».

***

Айн Рэнд

Акрамя кэралаўскага «Залюстроўя», якое ўжо стала сучаснай класікай беларускага перакладу, запрошаная экспертка паказала кніжную навінку і зладзіла міні-прэзентацыю кнігі Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы”, што з’явілася па-беларуску зусім нядаўна. Вера Бурлак пераклала трэці том гэтай кнігі. Вось як яна прадставіла калегам сваю працу:

«З чым сутыкаецца тут перакладчык? З мноствам даволі складаных задач, бо тэкст вельмі разнародны. Стылістычна і па змесце (пералічу не строгія жанры, а, хутчэй, кантэксты) – вытворчы раман, утопія / антыўтопія, філасофскі трактат (пададзены асобна ў 7-м раздзеле трэцяга тома і ўплецены ў разважанні персанажаў ва ўсім тэксце), “жаночы раман”, свецкая хроніка і адпаведны стыль камунікацыі, бадзёры баевічок, псіхалагічны аналіз і самааналіз персанажаў, аповед-падарожжа – і гэты пералік не поўны. Патрэбная праца з адпаведнымі стылістычнымі рэгістрамі і лексічнымі палямі (праблема прафесійнай лексікі ўжо згадвалася, і тут яна паўстае вельмі востра, але гэта не адзіны пласт, над якім перакладчыку даводзіцца падумаць; як прыклад прывяду цэлую сістэму паняццяў, якую мне давялося не толькі распісаць, але і схематычна прамаляваць, перакладаючы “філасофскі” сёмы раздзел). Часам аўтарка выходзіць у кіч (магчыма, адгукаецца яе прафесійны вопыт кінасцэнарысткі – месцамі сапраўды ўражанне, што тут прапісаныя інструкцыі да здымачнай каманды, а не мастацкі тэкст для чытача). Я вырашыла не выпраўляць гэта і не “падцягваць” да нейкага “вышэйшага ўзроўню”. Такой нарадзілася гэтая кніга, гэта яе асаблівая, цяпер ужо вызначальная рыса (“не баг, а фіча”). А для перакладчыка магчымасць пагуляць на гэтым полі  – цікавая задача».

У выбраным для паказу перакладчыцай урыўку можна прасачыць тэхнічна-індустрыяльную лінію: гераіня (Дагні) упершыню бачыць электрастанцыю, сэрца якой – звышэфектыўны рухавік, які яна ў іншым месцы, не ведаючы, ці існуе яго дзейны асобнік, спрабавала аднавіць па абломках. А тут – першы дзень яе асабістага знаёмства з яго вынаходнікам (псіхалагічны аналіз і самааналіз), упершыню атрыманае разуменне, што рухавік існуе і працуе (тэхнічны складнік), плюс палкія пачуцці да самога вынаходніка (“жаночы раман”, эратычная проза). Айн Рэнд узносіць на п’едэстал чалавечы розум. Яна папярэджвае, што разумныя машыны ў руках людзей, якія адмовіліся кіравацца розумам, не пойдуць на карысць. Але яе ідэальныя “атланты”, людзі ratio, маюць у сваім выглядзе рысы механізмаў – дакладнасць і адначасова эстэтычнасць іх перадачы абавязковыя. Адгукаецца тут і філасофскі складнік – у першую чаргу ў клятве-квінтэсэнцыі, якая размешчана над уваходам у будынак электрастанцыі.

***

Далей, як заўсёды, свае працы прадстаўлялі ўдзельнікі Майстэрні. Перакладчыца, якая выбрала псеўданім Uni Versava, паказала калегам фрагмент твору маладога пісьменніка з Нігерыі Алуватоміва Аджэйгбэ (Oluwatomiwa Ajeigbe). У сваіх апавяданнях ён абапіраецца на міфалогію, хоць часам дадае да яе фантастычных персанажаў: робатаў, штучны інтэлект, іншапланетнікаў. Разгледжаны на Майстэрні твор – “Суп неўміручасці, урывак з кухарскай кнігі багоў” – гэта аўтарскае пераасэнсаванне класічнай міфалогіі ёруба. Аджэйгбэ паказвае альтэрнатыўную версію з’яўлення аднаго з блізкіх да людзей багоў – Эшу. Але чытач дазнаецца пра адыход аўтара ад канону толькі напрыканцы твора, калі апавяданне робіць нечаканы паварот.

Алуватоміва Аджэйгбэ (Oluwatomiwa Ajeigbe)

Цікавасць да кароткай прозы сучасных пісьменнікаў Афрыкі, – прызналася перакладчыца, – у мяне з’явілася дзякуючы трылогіі Марлона Джэймса “Цёмная зорка”. Я знайшла падборку твораў у жанрах фэнтэзі і фантастыкі афрыканскіх пісьменнікаў. І цяпер вельмі хацела б перакласці некалькі займальных і незвычайных для беларускага чытача апавяданняў”.

Перакладчыца расказала пра выклікі, з якімі яна сутыкнулася. Па-першае, маладая літаратарка, якая раней спрабавала пісаць уласную прозу, ніколі раней не займалася перакладамі (і не планавала, пакуль не натрапіла на захапляльную тэму). Аўтарка пачала з падрадковага, даслоўнага перакладу – і гэта потым стала праблемай, бо раз-пораз ёй хацелася зрабіць не так, як у падрадкоўніку, „проста таму, што ён даслоўны, а я пішу па-мастацку”. Але ад унесеных зменаў тэкст не заўжды выйграваў, на што звярнулі ўвагу калегі, зрабіўшы перакладчыцы шэраг прапанавоў, якія, спадзяёмся, пойдуць працы на карысць.

Па-другое, сур’ёзным выклікам сталі імёны міфічных персанажаў ёруба. І тут на дапамогу своечасова прыйшла калега, удзельніца Майстэрні Вольга Ермалаева-Франко. Вольга цяпер жыве ў Бразіліі, а якраз туды ў свой час „пераехалі” традыцыйныя вераванні ёруба, хоць трапілі пад уплыў партугальскай мовы. Вольга правяла невялікае даследаванне і знайшла спосаб транслітарацыі адпаведных імёнаў і назваў на беларускую мову. Працытуем ніжэй некаторыя яе высновы.

У ёруба ёсць нізкі, сярэдні і высокі тон, даўжыня складоў аднолькавая, сярэдні не пазначаецца, нізкі пазначаецца такім “зваротным” націскам: ò, а высокі – “нашым звычайным” націскам: ó. Склад з высокім тонам часцей успрымаецца як націскны, напрыклад:

Ṣàngó – Шанґо, бо апошні высокі тон;
Àpáàdí – Ападзі;
Elédùmarè – Эледумарэ, таксама вядомы як Olódùmarè – Алодумарэ;
Igún – Іґун;
Olóòkun – Алокун;
Ọ‌rúnmìlà – Арунміла;
Akín – Акін;
Ẹ‌gúṣí – Эґусі;
Ògún – Агун”.

Гэткім чынам, – адзначае перакладчыца, – Майстэрня стала падмуркам для стварэння трансатлантычнага перакладчыцкага тандэму. Спадзяюся, разам з Вольгай мы знойдзем цікавыя варыянты перадачы адметных назваў ёруба і беларускія чытачы атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з экзатычным светам афрыканскага фэнтэзі”.

Перакладчыца выказала жаданне зрабіць паўнавартасны зборнік апавяданняў, вырашыць пытанне з аўтарскімі правамі і выдаць яго. Прысутныя ўхвалілі цікавы перакладчыцкі дэбют. Асобна выказала сваю станоўчую ацэнку экспертка (у тым ліку пахваліўшы «неўміручасць» у назве, якая так ці інакш уступае ў інтэртэкстуальнае ўзаемадзеянне з «Брамай неўміручасці» Кандрата Крапівы), разам з тым адзначыўшы і вялікую складанасць задач, якія ставіць арыгінал, а таксама агучыўшы пэўныя засцярогі што да «творчага метаду» нашай дэбютанткі.

Зважаючы на тое, што гэта першая перакладчыцкая спроба, – мая найглыбейшая павага і захапленне! Задача нялёгкая: перадаць стыль аповеду ад першай асобы бога-трыкстара, які і яўна любіць пабалбатаць, прычым у нефармальнай манеры, і, з іншага боку, вядзе сваю гутарку прымусова (ён жа пакараны, ці шмат хто адбывае пакаранне з вялікім імпэтам?), і мае пэўныя “жанравыя рамкі”, бо гэта ж кулінарная кніга, хай сабе і боская. Атрымліваецца, апавядальнік і свабодна-нефармальны, і адначасова фармальны, бо таго патрабуюць і абставіны, і жанр твора. Стыль (і пэўны рытм) трэба вытрымліваць (трымаючыся аўтарскіх “амерыканскіх горак” у балансе паміж названымі вышэй абставінамі), там не павінна быць правалаў, таму варта ўважліва прайсціся па тэксце, слова за словам, і ўсё выверыць.

Выдатна разумею ўсплёскі натхнення, перакладчыцкі азарт (у мяне такое бывала і дагэтуль бывае), але ад некаторых рэчаў, нават калі яны падаюцца вельмі класнымі, варта адмовіцца, калі яны не адпавядаюць таму, што ёсць у арыгінальным тэксце”.

Вось некалькі прапановаў ад эксперткі.

Арыгінал: „Hello, there. If you are reading this, then I assume you are either a mortal who somehow stumbled upon this text or a young demigod seeking to ascend closer to Eledumare’s throne”.

Было: „Ну дык вітанкі! Калі ты гэта чытаеш, мяркую, ты альбо смяротны, што выпадкова натрапіў на гэты тэкст, альбо малады паўбог у пошуках спосаба наблізіцца да трона Эледумарэ”.

Прывітанне ў арыгінале даволі нефармальнае, але не надта гарэзлівае, хутчэй будзённае. “Ну дык вітанкі!” падаецца трохі занадта панібрацкім, бадзёрым ды інтанацыйна прыўзнятым, а выраз “у пошуках спосабу (так правільна!) наблізіцца” атрымаўся даўгаватым і блытаным.

Прапанова: «Што ж, вітаю. Калі ты гэта чытаеш, мяркую, ты альбо смяротны, які натрапіў на гэты тэкст выпадкова, альбо малады паўбог, які шукае, як наблізіцца да трона Эледумарэ».

Арыгінал: «If you are the former, I advise you to turn away immediately. Shut this book and forget you ever read these words. If you persist, you will either run mad or get obsessed with the disastrous recipes on these pages”.

Было: «Калі ж ты смяротны, я настойліва раю адвярнуцца, загарнуць кнігу і забыць, што ты наогул некалі чытаў гэтыя радкі. Будзеш упарціцца – страціш розум ці ашалееш ад катастрафічнай афігеннасці маіх рэцэптаў”.

Тут, на думку эксперткі, трэба ўстрымацца ад інэрцыі агульнай разняволенай інтанацыі. Апавядальнік тут больш сур’ёзны і канкрэтны, чым атрымліваецца ў перакладзе. Ён вельмі сурова папярэджвае смяротных пра тое, што гэтая кніга не для іх, і апісвае страшныя наступствы, якія чакаюць упартых. Ён ужо не зусім балбатун, са смяротнымі ён вельмі строгі, таму «афігенскія рэчы» бачацца лішнімі.

Прапанова: «Калі ж ты смяротны, настойліва раю: тэрмінова спыніся. Загарні гэтую  кнігу і забудзься, што ты наогул чытаў гэтыя радкі. Будзеш упарціцца – страціш розум альбо згінеш, смяротна апантаны рэцэптамі на гэтых старонках».

Арыгінал: “I know for a fact that Afẹfẹ, the wind god, runs an illegal smuggling business between Ọ́run and Apadi. He loves honey so if you can get him a pot of fresh honey, he will get you whatever you want. Be careful though, Afẹfẹ is one of my children...”

Было: „Я дакладна ведаю, што Афафа, бог ветру, мае нелегальны бізнэс па кантрабандзе між Орунам і Апады. Ён аматар мёду, таму дастань яму жбанок свежага мёду – і ён дастане табе што заўгодна. Але асьцярожна, Афафа – адзін з маіх сыноў

Тое, што трэба абавязкова выправіць, – стылістычна недасканалае “бізнэс па кантрабандзе”. Зусім неабавязковы паўтор слова «дастань», лепш яго прыбраць. І, відаць, не зусім карэктна называць «сынам» тое боства, пра якога мы мала што ведаем, лепш падзел на «сыноў» і «дочак» далікатна абмінуць.

Прапанова: „Мне дакладна вядома, што Афафа, бог ветру, вядзе нелегальны кантрабандны гандаль паміж Орунам і Апады. Ён ласы да мёду, таму дастань яму збанок мёду – і ён здабудзе табе што хочаш. Але сцеражыся, Афафа – адзін з маіх дзяцей

***

А яшчэ абмеркаванне ў нейкі момант ператварылася ў сапраўдны дэтэктыў, хоць разглядаўся твор іншага жанру. Перакладчыца Марына Дз. прапанавала калегам фрагмент тэксту, сам арыгінал якога яшчэ не апублікаваны. З аднаго боку, выклікае павагу аператыўнасць беларускіх выдаўцоў, якія ідуць у нагу з замежным выдавецкім працэсам. З другога, на дадзены момант варта захоўваць камерцыйную таямніцу і пакуль не дзяліцца не прызначанай для публікацыі інфармацыяй. Таму абмяркоўваўся ў пэўным сэнсе «зашыфраваны» тэкст, перакладчыца – спецыяльна для дыскусіі – памяняла імёны персанажаў. Напрыклад: «Так што я выклікала убэр і ўсю дарогу без перапынку закідалася мятнымі цукеркамі, думаючы, што магла б сказаць адзінаму і непаўторнаму Джоні Дэпу, які ў нашым фільме – “Курт Кабэйн ніколі не састарэе” – граў Кабэйна».

Экспертка, мадэратар і ўсе ўдзельнікі дыскусіі высока ацанілі Марынін пераклад. Генеральная заўвага ад Веры Бурлак такая: «Характар тэксту (на маю думку – прынамсі прапанаванага ўрыўка): шчыры і нязмушаны (часам нават спавядальны) расповед маладой жанчыны пра няпросты перыяд у жыцці, у гутарковай манеры, але асаблівай: героі з мастацкага асяродку. Гутарка цячэ свабодна і гнутка (бо сітуацыі розныя – і інтанацыі вар’іруюцца адпаведна), і, думаю, варта прасачыць, каб гэты аснова гутарковай шчырасці захоўвалася. У цэлым, наколькі бачу, у перакладзе так і ёсць, але сям-там яго трэба яшчэ паглядзець. Магчыма, ёсць сэнс пачытаць тэкст уголас і “дапілаваць” тое, што цяжка чытаецца або адчуваецца як чужароднае». Іншая парада запрошанай госці – пісаць назвы брэндаў не кірыліцай (глядзі вышэй), а лацінкай.

Сама перакладчыца звярнула ўвагу на досыць важны момант, звязаны з свядомым-несвядомым выбарам словаў падчас перакладання: «На майстэрні я дзіўным чынам пераасэнсавала сваю працу з тэкстам. Часам у мяне пыталі, ці думала я наконт іншых варыянтаў замест ужытага слова – і я ўзгадвала, што так, і ў памяці ўсплывалі сінонімы, якія я перабірала пару тыдняў таму. А часам я разумела, што нейкае месца пераклала “падсвядома”: так, напрыклад, было з фразай “so excited” – пераклаўшы “excited” як “рады”, нейкая частка мяне, відаць, палічыла, што радасць у перакладзе выйшла слабейшая, чым у арыгінале, і замест “so” дапісала “надзвычай”. У выніку атрымалася трохі грувасткае і не самае натуральнае “(я) надзвычай рады”, якое мне слушна параілі выправіць на “вельмі рады”».

Вось некалькі канкрэтных заўвагаў і прапановаў, выказаных удзельнікамі ў часе дыскусіі.

Арыгінал: “The first time we talked, a few months after my mother died, he called me and said, “I’m so excited to work with you on this,” and I said, “Me too,” and then he said, “I know you’ve been crossing through a hard time, and I’m sorry.” What a phrase. Crossing through a hard time. I was indeed crossing through a hard time”.

Было: „Першы раз мы размаўлялі праз некалькі месяцаў пасля смерці маёй мамы: ён патэліў і сказаў: “Я надзвычай рады, што мы разам будзем на гэтым праекце”, а я яму: “Я таксама”, а ён мне: “Ведаю, зараз ты перажываеш турботны час, і спачуваю”. Вось дык выраз: “перажываеш турботны час“. Што ж, час насамрэч быў турботны”.

Агульны прынцып: там, дзе ў арыгінале ўсё проста, у перакладзе ўскладняць не варта. Напрыклад: “Я надзвычай рады…” – даволі кніжна. “I’m so excited…” – “Я так рады” / “Я вельмі рады”. “Crossing through a hard time”: «турботны» ў перакладзе выглядае досыць аказіянальна, варта захаваць устойлівае спалучэнне, кіраванае не вельмі характэрным дзеясловам.

Прапанова: «Першы раз мы размаўлялі праз некалькі месяцаў пасля смерці маёй мамы. Ён патэліў і сказаў: “Я так рады, што мы разам будзем на гэтым праекце”, – а я яму: “Я таксама”, – а ён мне: “Я чуў, ты зараз праходзіш праз цяжкі час, спачуваю”. Вось дык выраз: “праходзіш праз цяжкі час”. Але я сапраўды праз яго праходзіла».

When I got to the hotel, I walked into the lobby—absurd chandelier, abstract paintings with flashes of neon. I scanned the room for Johnny, but didn’t see him”.

Было: „Я выйшла з таксі, скіравалася ў лобі – абсурдная жырандоля, абстрактныя карціны з неонавамі пошугамі – і абвяла памяшканне позіркам у пошуках Джоні, але яго нідзе не было відаць”.

Словы «пошугі», «пошукі» і «позіркам», апынуўшыся ў перакладзе побач, ствараюць уражанне наўмыснай рыфмаванкі і трохі адцягваюць увагу чытачоў ад зместу, варта гэты непажаданы эфект прыбраць, а заадно і шматслоўнае «абвяла памяшканне позіркам», якое можна перадаць адным дзеясловам.

Прапанова: «Я выйшла з таксі, скіравалася ў лобі – абсурдная жырандоля, абстрактныя карціны з неонавамі пошугамі – і агледзелася, шукаючы Джоні, але яго нідзе не было».

I am attractive in a way gossip blogs sometimes call interesting or surprising. I have a slight overbite. My eyes are just a bit too far apart. I have a face built for the screen: an expressive but not particularly symmetrical one”.

Было: „Я вось прывабная ў тым сэнсе, што блогі з плёткамі могуць сказаць, што я цікавая ці здзіўляю. У мяне трохі няправільны прыкус. Вочы расстаўленыя трохі зашырока. Твар, створаны для экрана: экспрэсіўны, але не зусім сіметрычны”.

Словы «экспрэсіўны» і «сіметрычны» яўна праніклі ў пераклад жыўцом з арыгінала, яны ў беларускім кантэксце цалкам магчымыя, але тут глядзяцца неідэальна, бо можна ўжыць больш трапныя і дакладныя, не запазычаныя сінонімы. «Цікавая ці здзіўляю» – просіцца больш аднародная канструкцыя. Двойчы ўжытае ў сказе «што» выглядае сінтаксічна грувастка. «Блогі могуць сказаць» – стылістычна лепш «у блогах» ці штосьці падобнае.

Прапанова: «Мяне пры маёй прывабнасці ў жоўтых блогах назвалі б цікавай ці незвычайнай. Я маю крыху няправільны прыкус. Вочы расстаўлены трохі зашырока. Твар нібы створаны для экрана: выразны, але не зусім правільны”.

I wanted to buy stock in him immediately, even having never seen his acting. I took a few steps toward him and managed to say, “You must be Sam”.”

Было: „Мне імгненна захацелася скупіць усе ягоныя акцыі, хай нават я ніколі не бачыла яго на экране. Я падыйшла да канапы і здолела-такі загаварыць:
– Ты, напэўна, Сэм”.

Натуральная для ангельскай мовы метафара наконт акцыяў выглядае занадта штучна па-беларуску, прымушае думаць пра біржы, пра якія і блізка няма гаворкі, а «здолела загаварыць» не перадае ўсёй псіхалагічнай напружанасці моманту.

Прапанова: «Ставіць на яго я была гатовая адразу, нават ніколі не бачыўшы яго на экране. Я падышла да канапы і здолела-такі выціснуць:
– Ты, напэўна, Сэм”.

I just looked at him for a minute, let my eyes settle on his. “You’re very comfortable with eye contact,” he said.
“Part of the job,” I answered, my eyes still on him. At last he laughed a little and glanced away”.

Было: „Палюбаваўшыся, я паглядзела яму ў вочы.
Не пазбягаеш зрокавагу кантакту, – заўважыў ён.
Частка працы, – я так і глядзела яму ў вочы, і ён са смяшком адвёў позірк”.

«Частка працы» выглядае не зусім натуральнай, занадта даслоўна перанесенай з арыгінала канструкцыяй, досыць грувастка глядзіцца і «не пазбягаеш… кантакту», таму ўрэшце прапанавана такое:

«Палюбаваўшыся, я зірнула яму ў вочы.
Выдатны зрокавы кантакт, – заўважыў ён.
Гэта прафесійнае, – я так і глядзела яму ў вочы, і ён са смяшком адвёў позірк».

Тэкст падаўся прысутным вельмі цікавым. Цяпер заінтрыгаваныя ўдзельнікі дыскусіі з нецярплівасцю чакаюць публікацыі перакладу, а заадно і разгадкі «зашыфраванага» аўтарства. Ёсць шанец, што зробленыя падчас абмеркавання абодвух твораў прапановы пойдуць на карысць перакладчыцкай працы, ад чаго выйграюць і тэксты, і чытачы. А калі нейкія заўвагі падаліся занадта педантычнымі… што ж, мабыць, гэта прафесійнае. Part of the job.