Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Лявона Вольскага!
Лявон Вольскі – музыка, літаратар, мастак, вядоўца. Публікуецца як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» і «Фотаальбом», празаічнага зборніка «Міларусь», суаўтар п’есы «Народны альбом», ілюстратар кнігі «Ашуканкі» Яны Вольскай і рамана Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
Каралева раёну
Палякі зьдзіўляюцца: «Вы адпачываеце ў нас на Балтыцы? Гэта ж вельмі дорага, прасьцей ды таньней паляцець у Грэцыю!» Але мы ўсё адно ўпарта едзем на Балтыйскае мора, дзе пясок, вецер, мора, сонца і сосны…
Балтыка непрадказальная. Прагноз надвор’я можна не глядзець. Ён (прагноз) сьцьвярджае, што заўтра будзе сонечна, але ўжо раніцай таго дню, які мусіў быць прасякнуты сонечнымі прамянямі, прагноз зьнянацку зьмяняецца на «магчымасьць ападкаў – 85 %». І вось гэтае, апошняе, прадказаньне адразу, з самага ранку, пачынае зьдзяйсьняцца.
Зрэшты, бываюць і сапраўды пагодныя дні. Як патрапіш.
Гэтым разам было ўсё – і сонца, і вецер, і дождж. Сопат быў поўны турыстаў. Высокі сэзон. На пляжах, у кавярнях, на вуліцах і плошчах гучалі розныя мовы – польская, ангельская, нямецкая, француская, італійская, украінская, беларуская, скандынаўскія…
У прыбярэжнай кавярні на тэрасе шмат наведнікаў. Тут гатуюць смачную рыбу – без паніроўкі, бяз кляру, проста з дадаткам фірмовых кашубскіх спэцыяў. З даху кавярні за наведнікамі назірае чайка буйнога памеру. Раз-пораз яна пакідае свой пост і спускаецца долу, гэтым разам – на стол, які толькі што вызвалілі турысты. І дзе засталося тое-сёе – недаедзеная салатка з капусты і бульба фры. Чайка гаспадыняю крочыць па стале і, відаць, аналізуе, ці можна тут чымсьці падсілкавацца.
Турысты за іншымі столікамі ажыўляюцца і дружна фоткаюць мясцовую знакамітасьць. Яна пагардліва-драпежна глядзіць на іх жоўтым вокам.
Афіцыянтка нешта папераджальна крычыць наведнікам. Але да яе ня надта прыслухоўваюцца.
Чайка вырашае, што бульба ды салатка – гэта ніжэй за ейны, чайчын, статус, і павольна, з годнасьцю ўзьлятае ды займае назіральны пост на даху.
Наведніца кавярні сядзіць за столікам і імпэтна размаўляе па тэлефоне. Відаць, справы, бізнэс. Афіцыянтка прыносіць ёй страву – смажаную траску з гарнірам. Наведніца ўдзячна хітае галавою афіцыянтцы і працягвае размову.
І ў гэты момант чайка імкліва і дакладна прызямляецца на столік наведніцы, маланкава хапае ў дзюбу траску ды імгненна адлятае. За ёй усьлед кідаюцца вароны ў спадзяваньні ўрваць нешта з гэтае сапраўды багатае здабычы…
Наведніца разгублена глядзіць на талерку, дзе застаўся адно гарнір.
– Я ж казала: ганіце гэтую чайку, яна заўжды ва ўсіх крадзе рыбу! – крычыць з-за касавага апарату афіцыянтка.
Позна.
Ранкам наступнага дню я ўбачыў гэтую (так, так, гэтую самую) чайку на падваконьні нашае здымнае сопацкае кватэры. Яна глядзела на мяне дакладна так, як тады, у кавярні – пагардліва-драпежным жоўтым вокам.
– Ёсьць чаго? – запыталася чайка.
– Калі вы пра рыбу, дык не, няма, – ветліва азваўся я. – Магу прапанаваць салатку ці фрыткі, ці хлеб…
– Пакінь гэта ўсё сабе, – пагардліва вымавіла чайка. – І ведай, я тут увесь раён кантралюю, так што глядзі мне…
– Добра, – згадзіўся я. – Зразумеў.
– Ну, вось, – пераможна падвяла рысу чайка. – А пакуль што давай, у мяне справаў па горла, – і стартавала з падваконьня ў бок прыморскае кавярні.
Чытаць папярэднія тэксты:
«Да»! Аўтарская калонка Лявона Вольскага
Некаторыя нюансы здачы тары ў Варшаве. Аўтарская калонка Лявона Вольскага