У межах прэміі Анемпадыстава з’явілася кніга «Форма прысутнасці. Дваццаць размоў пра кніжную вокладку». Выданне выйшла ў выдавецтве «Połackija Łabirynty» і прысвечана візуальнай мове беларускай кнігі, яе эстэтыцы і людзям, якія яе ствараюць. У кнізе – вокладкі, гісторыі, кантэксты і ўвесь той працэс, які робіць беларускую кнігу пазнавальнай і жывой. У памяць пра Святлану Курс (Еву Вежнавец), што пайшла з жыцця ў ліпені 2026 года, публікуем размову з ёй, запісаную для гэтай кнігі.
Пісьменніца Ева Вежнавец гаворыць проста, але кожная яе фраза мае глыбіню калодзежа. Яна не навязвае свайго бачання, не змагаецца за кантроль і не шукае маралі там, дзе жыццё яе не прапануе. Галоўным лічыць вобраз, які адкрывае ў чытачу ўяўленне, прымушае бачыць страшнае і чароўнае адначасова, пакідае месца для недасказанасці. Ева не баіцца мастацкай правакацыі, калі тая з густам. У ейным поглядзе няма катэгарычнасці, затое прысутнічае інтэлектуальная свабода і мілая дзіцячая здольнасць бачыць сусвет ва ўзоры на сцяне.
Нядаўна купіла Ханса Крысціяна Андэрсена – поўны збор. Менавіта з-за вокладак такіх прыўкрасных… І чытаю, перажываю!
Вы сёння ці не самая перавыдаваная беларуская пісьменніца…
Я за ўсе свае гады напісала толькі дзве кніжкі, а мне ўжо 54. І выдадзены яны не болей чым у сямі-васьмі краінах, дакладна не лічыла. Што да вокладак, то ні разу не была ініцыятарам нейкіх ідэй. Заўсёды пакідаю гэта замоўнікам. Калі хочуць купіць – маюць сваё бачанне. І мне заўсёды цікава, якое яно.
Ці здаралася адчуць дысананс: візуал не трапляў ў ваш унутраны рытм тэксту?
Усё прасцей, не ўскладняйце… Мінімальна абражаюся на вокладкі, якія, дапусцім, здаюцца мне незразумелымі. Па шчырасці, я чалавек не вельмі сучасны і не заўсёды разумею абстрактны стыль. Мне больш падабаюцца ілюстрацыі, дзе ёсць нешта ад магічнага ці простага рэалізму. Таму пытанні пра модныя тэндэнцыі ў выдавецкім мастацтве не да мяне.
Мой прынцып – ніколі нікому нічога не накідваць. Да таго ж, насамрэч падабаюцца ўсе тыя восем ці колькі ўжо вокладак. Зараз яшчэ на дзвюх ці трох мовах выйдуць тэксты – іх візуал таксама загадзя прымаю.
А калі адкінуць ветлівасць: ці ёсць асабліва вам блізкая?
Мне вельмі падабаецца вокладка, якую зрабіў Максім Осіпаў для літоўскага выдання «Воўча».
Вы калісьці назвалі гэтага дызайнера «страшна чароўным». Дык што ў ягонай творчасці страшнага, чароўнага?
Увогуле Максім працуе ў нібыта лубачнай манеры – як раней малявалі дыванкі з русалкамі, ваўкамі, лебедзямі, аленямі, што бягуць праз лес. Нядаўна была ў яго ў гасцях і ўбачыла новую карцінку: партызаны пілуюць на кавалкі цмока… Хіба не міла? Не сучасна?

На маёй вокладцы таксама ёсць чорная бабулька, яна змагаецца з рознымі сутнасцямі. І над усім стаіць чырвонае, як яблык, сонца.
Тут наўмысная баналізацыя жыцця – не толькі беларускага, а ўвогуле ўсходнееўрапейскага. Дзе наліта ўсяго: і зла, і лубачнасці. Вось таму і страшна, і чароўна.
Вельмі люблю казкі. Нядаўна купіла поўны збор Андэрсена – менавіта з-за вокладак, такіх прыўкрасных… І чытаю, захапляюся, нібы дзіця.
Так што мае патрабаванні да вокладкі простыя: яна павінна гаварыць нібы па-дзіцячаму, але даваць вельмі шмат даросламу ўяўленню.
У маленстве мы ўсе разглядалі ўзоры дыванкоў, трэшчыны на сценах, шпалеры на іх ці газетныя старонкі – хто што. І адкрываліся цэлыя сусветы. Гэтым балаваліся ўсе дзеці. Ад невядомага першакласніка-вяскоўца да, скажам, канкрэтнага другакласніка Уладзіміра Набокава.
Вокладка павінна быць як гэтыя ўзоры на сценах.
Але ці заўсёды яна такая насамрэч?
Не. І гэтага за кожным разам быць не можа. І няма. Некаторыя мае выдаўцы, напрыклад, не вельмі замарочваліся: рабілі проста белую кніжку з чырвонымі і чорнымі літарамі на тле.
Аднак польскае і літоўскае выданні пакінулі ў мяне велізарныя ўражанні. Я ім вельмі ўдзячная. І аўстрыйскі варыянт страшэнна падабаецца. Паглядзім, можа, будуць яшчэ сюрпрызы…
Цікавей, калі табе іх прыносяць, чым выдумваць самой.
Але пры любым варыянце вокладка страшэнна важная. Яна дапавядае тое, пра што расказвае тэкст. І шрыфт з паперай таксама маюць значэнне. У кніжцы няважных элементаў не бывае.
Што да «ніхарошай дзяўчонкі», то беларусы – еўрапейцы, і таму адэкватна рэагуюць на цёмнае ў жыцці
Каб сюрпрыз сапраўды адбыўся, дызайнеры, мо, распытваюць вас пра дух кнігі, яе настрой, вобразны лад?
З мастакамі я непасрэдна не кантактавала. А з Максімам Осіпавым проста знаёмая. Затое выдаўцы або іх прадстаўнікі звычайна паказвалі два-тры варыянты вокладкі – на ўхвалу. Я выбірала, што больш падабаецца, але заўсёды падкрэслівала: хачу мець сумоўніцкі голас, а не вырашальны. І разам мы на чымсьці спыняліся.
Мяне вельмі кранула шчырая рэпліка літоўскай перакладчыцы Юргіты Яспаніце: «Хутка выйдзе мая першая кніга! І я адначасова радая і баюся, што сапсавала добры тэкст…» Ці часта чулі вы ад дызайнераў, іншых людзей з выдавецкіх каманд гэткую хвалюючую адказнасць?
Звычайна мы з усімі на хвалі паразумення і зацікаўленасці. Як па-іншаму? Выпадковыя людзі за такую справу не бяруцца.
Іншая рэч, што адны бліжэйшыя, другія далейшыя. Але што да спадарыні Юргіты, то вельмі радая, мне яе Гасподзь паслаў. Нас Сяргей Шупа пазнаёміў, а гэта ўжо найлепшая рэкамендацыя.
Падчас працы я выразней зразумела, што паміж беларусамі і літоўцамі ёсць глыбінная сувязь яшчэ з паганскіх часоў. З нецярпеннем чакаю паездкі на прэзентацыю. Хачу лепш адчуць гэтую краіну – невялікую, халаднаватую і прыўкрасную. Заўсёды марыла разгадаць яе таямніцу, ды ўсё часу не было.
А цяпер з поўначы – на поўдзень. Пра іспанскі візуал «Воўча» нехта напісаў, што па ім можна меркаваць пра нацыянальны характар. Вы адказалі: «Іспанская і чэшская вокладкі падобныя – упартая дзяўчынка ніхарошага характару. І мне гэта даспадобы». Наступны чытач іранічна заўважыў: «А дзяўчынка тая трошкі падобная да Грэты». Дык ці можна сапраўды счытваць нацыю з вобразу?
Так, паўсюль бываюць дзяўчаткі змрочныя, непаслухмяныя, няўсмешлівыя. Каб вырасці такімі, трэба прайсці праз вельмі рознае…
Што да Грэты Тунберг, то яна мне ўжо не падабаецца. Лічу кан’юнктуршчыцай і хлускай. Знікла шчырасць, аўтэнтычнасць.
А вы самі схільныя па вокладцы меркаваць пра ментальнасць аўтара ці краіны? Чым немцы адрозніваюцца, напрыклад, ад харватаў? Якія ў іх адметнасці?

Я больш не баўлюся ў такія гульні, хоць раней вельмі любіла. Але за два-тры апошнія гады лепш пазнала людзей ды свет… І пераканалася: як смажаны певень дзяўбне, тады і пачынаюць вось гэтыя нацыянальныя характары брадзіць, прачынаюцца страшныя духі сусветных войнаў – усе супраць усіх.
Таму цяпер мне цікавыя проста канкрэтныя людзі. Хачу ведаць, што ў кожнага народа ёсць тыя, з кім падзяляю этычныя і эстэтычныя крытэрыі. І разам з імі можна пераадольваць бар’еры.
Але думка таго чытача ўсё ж дакладная: па вокладцы часта можна адчуць, адкуль яна. Іспанская – чырвоная, жарсная, чарнавокая. Адразу Гарсія Лорка ў галаве.
А літоўская? Зусім іншая, але хто б падумаў, што яны зробяць менавіта так? І гэта было цудоўна.
Чакаць ад іх выразна тэмпераментнага рашэння не выпадае, але адначасова няма сумнення: гэта будзе дужа крэатыўная рэч!
Яны маюць вялікую школу мастацкага афармлення хіба ўсяго, што акаляе ў жыцці. Мяне заўсёды ўражвала, напрыклад, навагодняе афармленне літоўскай сталіцы… Кожны раз – непаўторнае, нібы апынаешся ў вельмі густоўнай казцы.
Калі кніга выходзіць у іншай краіне, ці можна лічыць вокладку культурным перакладам? Яна перакладае вас, Беларусь, нашу эпоху? Тая самая з «ніхарошым» дзяўчом – пра што яна, сярод іншага?
Людзі маюць права на сваё меркаванне – што хочуць, хай тое і бачаць. Мне цікава, калі ёсць розныя прачытанні. Напрыклад, казалі: і вокладка, і кніга расчаравалі, бо маралі няма, адсутнічае такое, праз што можна падняцца над сабою, зрабіцца лепшым чалавекам… Нібыта ў мяне ніхто ніякіх высноваў не робіць. Усе паламаныя, жывуць як набягуць, і ніводнага героя з высокай місіяй, ніякай самаахвярнасці ці выбару ідэалу… Таму не-ці-ка-ва: героі – «ніхарошыя» малакультурныя, з іх цяжка браць прыклад…
Гэта прысуд ад землякоў?
Розныя людзі так выказваюцца. А я ім праўду: ніводнага святога ў жыцці не бачыла, таму і не магла яго апісаць.
Часам і ў тым папракаюць, што ў маіх кнігах вельмі мала дабраты. Хоць беларусаў прынята лічыць добрымі.
Дык вось яшчэ адно маё меркаванне з нагоды вокладачнай «ніхарошай дзяўчонкі»: беларусы насамрэч цалкам нармальныя. Яны адэкватна рэагуюць на ўсё, што з імі адбываецца. Калі абставіны страшныя – і рэакцыя будзе жорсткая. Гэта натуральна.
На крытычнае прачытанне вокладак і кніг я не крыўдую. Нават калі кажуць, што ўсё гэта мае выдумкі, бяздарная лухта. Думаеце так? Маеце права. Карона з галавы не ўпадзе і зямля не наткнецца на вось нябесную.
Не ведаю, як дзяліць беларускае і ўніверсальнае. Магчыма, і не трэба. Асабліва цяпер, калі мы сталі народам міжнародным – нармальным еўрапейскім народам, а не сядзім у расійскай кішэні.
Талент Анемпадыстава – балтыйска-скандынаўскі-беларускі. І гэта ў ім было вельмі цікавым і важным. Яго на поўнач цягнула
Вы сябравалі з іконай беларускага кнігавыдання – з Міхалам Анемпадыставым. Здаралася пад каву ці віно ў кампаніі гаварыць пра мастацтва кнігі?
Мы хутчэй не сябравалі, а належалі да аднаго літаратурна-мастацка-музычнага кола. Але вокладку дакладна абмяркоўвалі якраз перад ягонай смерцю, у нашае апошняе спатканне. Памятаеце альбом «Колеры Беларусі»?
Так: фантастычны.
Гаварылі пра тое, якія важныя на нашай зямлі залацісты, нябёсна-сіні і асабліва – шэры колер, нібы ў растрэсканага дрэва. Разглядалі ягоную кнігу і шчыра, з натхненнем дзяліліся думкамі. Гэтая размова моцна сядзіць у памяці і сёння.
Дарэчы, Міхал ствараў абсалютна казачны і ўпарадкаваны свой свет яшчэ і праз паштоўкі. І гэта таксама было цудоўна. Я найбольш люблю якраз ягоныя мініяцюры з маленькімі, напрыклад, пацукамі ці з пераапранутымі ў звярушак калядоўшчыкамі.
Да чаго б ён ні дакранаўся, усё ажывала, жыло. У яго быў талент Ханса Крысціяна Андэрсена: папрасі хто зрабіць нешта пра згарэлую запалку – ён бы і з гэтага зрабіў чароўную забаву, казку. Такая скандынаўская, можа, балтыйска-скандынаўска-беларуская прырода таленту. Яго сапраўды цягнула на поўнач.
Вокладку першай вашай кнігі «Шлях дробнай сволачы» афармляў менавіта Міхал. Можаце пра яе трошкі расказаць?
На сядзібе маіх бацькоў заўсёды да пуні былі прыхіленыя драбіны. Я часамі лазіла па іх на гарышча, а потым драбіны ўпалі і пакрыліся снегам. Як і дровы каля дрывотні. Гэтая карцінка назаўсёды адбілася ў памяці, нібыта нехта ўзяў ды сфатаграфаваў яе.

А потым для мяне стала вялікім мастацкім і чалавечым супадзеннем, чарамі і казкай тое, што Міхал зрабіў вокладку менавіта з ляжачай на снезе драбінай.
Вось такі незвычайны вобраз «шляху дробнай сволачы»: драбіна – зусім не на неба, можа, максімум на гарышча… Проста зямная драбіна.
Я гэта натуральна ўспрыняла як нешта прыўкраснае, блізкае і зразумелае. Проста шалёна спадабалася.
Калі гляджу вокладкі вашых кніжак, вось пра што думаецца. «Шлях дробнай сволачы», «Па што ідзеш, воўча?» – кінеш вока і адразу прадчуваеш загадку, містыку, рух… Мо дызайнеру лягчэй працаваць з творамі, у якіх гэтая экспрэсія, таямніца сфармулявана ўжо ў назвах? Я вось памятаю сваю першую прачытаную кніжку – «Ручаінкі». Таксама вобраз, але «воўчае», відаць, дае куды больш цёмнай глыбіні…
«Ручаінкі» – светлая карцінка: у галаву прыходзіць доўгачаканая вясна, павеў цёплага ветрык, незразумелая радасць… А калі выдумляеш сволач ці воўчу, то ўсё робіцца зусім не самым сонечным… І міжвольна з’яўляецца глыбіня – як у цёмным калодзежы.
Памятаеце, у дзяцінстве мы любілі зазірнуць у яго? Там і сонца адбіваецца, і месяц, і нашыя галовы… І адначасова пачынае пульсаваць страх: бо як туды правалішся, дык ужо не вылезці. Вось гэта ўсё разам і стварае інтрыгу. Ну і людзі любяць загадкі, прыгоду. Так што я з вамі згодная. Хоць сама ніводнай вокладкі не аформіла.
Доля большасці аўтараў. Аднак ёсць і тыя, хто самі займаюцца дызайнам… Міхал, напрыклад.
О, чаго ён толькі не ўмеў! Гэта чалавек Адраджэння. Такіх мала.
Вы цікава разважаеце пра бездань нашых высокіх мрояў і страхаў, аднак ці дазволіце сапраўды правакацыйную вокладку? Пры ўмове, што яна дакладна трапляе ў нерв аўтарскай задумы? Або ўсё ж ёсць унутраная мяжа: правакацыя прыцягвае чытацкую ўвагу, але…?
Калі правакацыйна, але ў добрым гусце, я рызыкну. А як у кепскім, то не. Можа калі-небудзь любоўны раман напішу, і тады абавязкова дазволю нешта дуравасценькае: мускулісты герой з ільвінай грывай і расхіленай кашуляй трымае гарачую адаліску, якая ненатуральна выгнулася. Ну, бачылі гэткія вокладкі…
Любоўнаму раману такі дрэнны густ часам нават пасуе. Падаецца, арлекіны проста вымагаюць падобных вопраў.
Але ў астатнім мне хочацца недаказанасці, недамоўленасці, схаванасці і хутчэй эканоміі сродкаў, чым занадта вялікага буйства.
А сустракаліся вам у падарожжах, кнігарнях ці бібліятэках вокладкі, якія мацнейшыя за сам тэкст? Калі мастак фактычна прадае ўласны вобраз – і кніга пачынае жыць ім?
Ну і што? Я такія дагэтуль дома трымаю. Яны якраз дзеля вокладкі ў мяне і жывуць! Напрыклад, зробленыя ўкраінскім дызайнерам Уладзімірам Еркам. Ён ілюстратар казак і легенд. Даўно прачытала, а вокладкі служаць як карціны на сцяне. Многа чаго падобнага можна згадаць. Добрай работай нічога не сапсуеш і нікога не расчаруеш.
Тады ў фінале хочацца задаць простае пытанне: чым для вас ёсць добрая вокладка?
«Просценькія» пытанні маюць у сабе пастку. Часта на іх цяжка адказаць, бо адказ выходзіць складаным.
Таму разважаю як тое дзіця: вокладка павінна інтрыгаваць, моцна прыцягваць або раскрываць змест. Адно з двух. У любым выпадку, яна не мусіць быць халоднай і нуднай. Нават калі візуал складаецца толькі са шрыфту і маленькай графікі. Але тады гэты шрыфт абавязаны прыцягваць. Як, напрыклад, мой любімы – Tahoma. Магніт проста!
Карацей, павінна быць тое, што трымае вока і чаго ты не забудзеш.
А зрэшты, калі вокладка няўдалая, а кніжка файная, заўсёды можна зрабіць сваю. Згадайце: школьныя падручнікі ў дзяцінстве мы абгортвалі газетамі ці паперай і малявалі на іх тое, што насамрэч падабалася.
Бо ўжо тады многія ўмелі бачыць цэлыя сусветы ў звычайных трэшчынах на сцяне. І, напэўна, нічога з таго ўмення не страцілі. Я, напрыклад, і сёння разумею іх мову…