«І злосці самой на злосць»: што (і навошта) перакладаць з рускай? | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 1 жніўня 2026
«І злосці самой на злосць»: што (і навошта) перакладаць з рускай? | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Чарговая сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная перакладам з рускай мовы, але ўсе яны моцна адрозніваліся ад стэрэатыпнага разумення таго, што такое руская/расійская літаратура. Ладная частка разгледжаных тэкстаў зусім ніякага дачынення да Расіі не мелі, а рэшта мела дачыненне вельмі апасродкаванае. Мадэратар Андрэй Хадановіч, які мае пэўны досвед перакладання або рэдагавання напісаных па-руску твораў, паразважаў пра выпадкі, калі такія тэксты могуць быць асабліва цікавыя беларускім перакладчыкам і перакладчыцам, а таксама прывёў некаторыя прыклады з уласнай практыкі.

Гэта, па-першае, нашыя класікі, вядомыя перадусім сваёй творчасцю па-беларуску, нейкая частка твораў якіх напісаная па-руску. Пераклады на беларускую мову пакліканыя прадставіць іх творчасць больш поўна, глыбока і рознабакова.

Так, Юлі Таўбін пісаў па-руску ў час вялікіх рэпрэсіяў – у цюменскай высылцы і пасля, у апошнія гады свайго жыцця, і нават пераклаў на рускую для анталогіі падборку ангельскай і ірландскай паэзіі, што выйшла неўзабаве пасля таго, як творцу расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937. Потым даследчык рэпрэсіяў Леанід Маракоў назаве гэтую публікацыю ў анталогіі “голасам з таго свету”. А вось, магчыма, апошняя прыжыццёвая публікацыя Таўбіна, рускамоўны верш “Сябрам” у часопісе “Знамя”, дзе ёсць і такія радкі:

Я многіх сустракаў людзей, і кожны меў даволі спраў,
Ды мне ўсміхаліся, і я іх цеплыні часцінку браў. 

Кладуся спаць – а сну няма. І я на досвітку пішу,
Каб песня новая мая сагрэла хоць адну душу.

Бо што такое ў свеце я – і ты, мой сябра па пяры, –
Без файных песень, па якіх сумуюць нашыя сябры? 

Бо разарвуся, ды знайду (а не знайду – зусім бяда!)
Вясёлых песень для сяброў, якім і сэрца не шкада!

Пісаў па-руску і Максім Багдановіч, які “далёка не заўжды, – адзначае Хадановіч у прадмове да публікацыі сваіх перакладаў, – перабываў у беларускім асяроддзі і не ўсе важныя для яго чытачы – і, вядома ж, чытачкі! – разумелі беларускую. Таму не дзіва, што значная частка яго спадчыны, у тым ліку і вершаваная, пісалася і па-руску. Некаторыя з такіх вершаў – цалкам самастойныя рускамоўныя творы, некаторыя існуюць у дзвюх моўных версіях, бо аўтар перакладаў сябе з беларускай на рускую. А магчыма, часам і наадварот. Для мяне бясспрэчна, што ўсе гэтыя тэксты таксама належаць беларускай культуры. І цалкам зразумелая спакуса сучаснага паэта – паспрабаваць перакласці беларускага класіка… на беларускую мову”.

Забудзецца многае, Клава,
Ды памяць забыцца не дасць,
Што ў сэрцы кіпелі, як лава,
Сумота, і сорам, і страсць. 

Як ты ў цёмна-сіняй хусціне
Спявала… І доўжыцца спеў:
Пакінула ўсё, не пакіне
Мой сон, што дасніць не паспеў.

Арыгінал верша можна прачытаць тут. Больш перакладаў Багдановіча на сайце “Новага часу”.

І, вядома ж, Уладзімір Караткевіч, які ў ранні перыяд сваёй творчасці эксперыментаваў з рознымі мовамі, не толькі па-руску, але таксама па-ўкраінску і па-польску, а пазней пісаў аказіянальныя рускамоўныя экспромты. Часам гэта хутчэй вершаваныя накіды, у іх можа бракаваць некалькіх словаў. Паэтычны пераклад, які па азначэнні не бывае даслоўным, на думку перакладчыка, можа запаўняць такія прагалы, робячы з няскончанай страфы скончаную.

Абрыдла ныць у цямрэчы,
Цямрэча шчасьця не дасць.
Спявайма светлыя рэчы —
Розум, радасць і жарсць. 

Люблю святло й хараство я,
Не веру ў пануры верш,
Бо слаўлю ўсё, што жывое,
Чым у жыцці жывеш.

Сярод задухі і бруду
І злосці самой на злосць
Буду верыць, як цуду,
Сонцу, якое ёсць.

Ёсць – і цемры ўсё меней,
Ёсць і ўсё больш вясны,
І сонечнае праменне
Разгоніць кашмар начны.

19/3 – 54 г.

(Прачытаць болей перакладаў Караткевіча і параўнаць іх з арыгіналамі можна на сайце “Будзьма”.)

Па-другое, вартыя беларускага перакладу рускамоўныя літаратары і літаратаркі Беларусі, якія адчуваюць сябе часткай беларускай літаратуры, што адбіваецца ў іх актуальнай творчасці, цікавай і патрэбнай беларускім чытачам і чытачкам. На адной з папярэдніх сустрэч Майстэрні мы размаўлялі пра Святлану Алексіевіч і пераклады вершаваных цытат з яе кніг. Сёння – непасрэдна пра паэзію.

Так, адным з найцікавейшых паэтычных (і грамадзянскіх таксама) водгукаў на беларускія падзеі 2020 года стала кніга паэтычных рэпартажаў Дзмітрыя Строцава “Беларусь перакуленая”. Вершы ствараліся сведкам маршаў, дваровага руху пратэстаў і рэпрэсіяў па гарачых слядах, амаль у рэжыме рэальнага часу – і настолькі ж хутка паўставалі іх пераклады на розныя мовы, у тым ліку пераклады Андрэя Хадановіча на беларускую. У выніку кніга была апублікаваная адразу ў фармаце “білінгва плюс”, усе арыгіналы з паралельнымі беларускімі перакладамі, а таксама некаторыя пераклады на польскую, украінскую і літоўскую.

мы з жонкай
не рэвалюцыян
еры
беспартыйныя і бяззбройныя

у нашым доме пасяліўся цмок
закуты ў браню і драпежны

найбольш яму да спадобы нашыя дзеці
яны ўжо збітыя як кітайскі сабака
ужо з іх скура злуплена

мы дзіка стаміліся іх хаваць
у нас больш няма патаемных кутоў

што нам рабіць
міралюбцы
драконафілы

13.08.2020

Задоўга да маршаў 2020 года Дзіма сваёй рэпартажнай паэзіяй пратэставаў супраць смяротнага пакарання, і ўвесь час – як у 2014, так і пасля 24 лютага 2022 – паслядоўна пратэстуе супраць расійскай агрэсіі і падтрымлівае Украіну.

беларускія ўцекачы
прымаюць украінскіх уцекачоў
на польскіх вакзалах

эстафета гвалту
эстафета пакуты
эстафета любові

06.05.2022

На думку мадэратара, важна перакладаць (у тым ліку – рускамоўную) творчасць нашых найбліжэйшых суседзяў – літаратараў Украіны, краінаў Балтыі і г.д., чыя творы блізкія, зразумелыя і патрэбныя нам. Тым больш, калі гэтыя творы пішуцца ў падтрымку беларусак і беларусаў. Як гэта ў 20-м годзе рабілі па-ўкраінску паэтка Ія Ківа і паэт Астап Слівінскі. Як гэта рабіў па-руску эстонскі паэт Ігар Коцюх. Як гэта рабіў па-руску паэт з Адэсы Барыс Херсонскі, абураны гвалтам рэжымных сілавікоў, скіраваным супраць мірных грамадзянаў:

школа амону – адвечная звераферма
дзе гадуюць пачвараў на смерць хрысціянам у Калізеі
у спецыяльным схове замарожаная іх сперма
іх скамянелыя зубы пад шклом у кожным музеі

імі пралітая кроў проста формула ў сшытку
розныя ўзоры габрэі рымляне інкі
орган любові даўно ў іх засох без ужытку
то зачынаюць дзяцей з дапамогай гумовай дубінкі

А вось ягоны верш пра марнасць наіўных надзеяў на “сілу красы” мірных пратэстаў, пра кароткія аптымістычныя ілюзіі – і балючае расчараванне.

Дзяўчаты выходзяць з кветачкамі для амону.
Абдымаюць, цалуюць чорных плячыстых байцоў.
Сэрцу дзевы – сказана паэтам – няма закону.
Цалаваць трэба так, каб дзейнічала на хлапцоў.

Ды не тая эпоха, каб кветкам працівіцца ліху.
Пацалункам быка не ўтаймуеш, не тыя часы.
Але будзе верыць дзяўчо да апошняга ўздыху
ва ўсемагутнасць кветак і сілу сваёй красы.

Хай машына гвалту адпусціць вас нечапаных.
Хай анёл-абаронца ўратуе вас ад бяды.
Абдымайце маці. Цалуйце сваіх каханых.
А букеты нясіце ворагам на клады.

Для параўнання – верш з той самай нагоды ўжо згаданага Строцава:

пачакай абдымаць амапаўца
беларуская дзева

ці так

габрэйская хава
абдымала боты эсэсаўца

14.08.2020

І, безумоўна, перакладчыкам не варта губляць з поля зроку пісьменнікаў і пісьменніц Расіі, у чыіх творах гучыць голас іншых народаў, паняволеных імперыяй, а таксама антыімперская ідэалогія і паэтыка. Менавіта фрагменты з такіх твораў прадставілі дзве ўдзельніцы Майстэрні.

***

Для свайго перакладу, – кажа Ганна Кульчанка, – я абрала кнігу Алы Дудаевай Мільён першы (Миллион первый). Гэта глыбокія і кранальныя аўтабіяграфічныя мемуары мастачкі, паэткі і ўдавы першага прэзідэнта Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі Джахара Дудаева. Праз прызму асабістай гісторыі кахання маладой жанчыны рускага паходжання і чачэнскага лётчыка кніга апавядае пра трагічны лёс цэлага народа. Для беларусаў гэтая кніга сёння набывае асаблівае гучанне, бо шлях чачэнскага народа, яго змаганне за свабоду і гісторыя супраціву моцна перагукаюцца з нашым досведам”.

Ала Дудаева

Назвай кнігі стала выказванне самога Джахара Дудаева. Калі журналісты спыталі яго, колькі ў Чачні генералаў, ён з усмешкай адказаў: “Кожны чачэнец – генерал. А я проста мільён першы”. І гэтая фраза, як адзначае перакладчыца, задае галоўны метафарычны тон усяму твору – непрыманне культу асобы і роўнасць перад абліччам гісторыі.

Ганна трохі расказала пра сваю працу над перакладам і цяжкасцямі, з якімі яна непазбежна сутыкнулася: “Працаваць над тэкстам было вялікім задавальненнем і натхненнем. Хацелася дакладна перадаць той самы лірызм, паэтычнасць і мастацкую атмасферу арыгінала. Аднак не абышлося без выклікаў. Галоўнай складанасцю і адначасова цікавай задачай для мяне было захаваць жывы рытм аўтарскага маўлення, перадаць асаблівы каларыт і эмоцыі, каб па-беларуску тэкст гучаў максімальна арганічна, глыбока і ўпэўнена. Для мяне гэты пераклад стаў спробай наблізіць да беларускіх чытачоў гісторыю народа, чый боль і памяць шмат у чым пераклікаюцца з нашымі”.

Падчас абмеркавання гэтага вельмі цікавага тэксту калегі заўважылі адну праблему, якая можа ўзнікнуць у перакладзе з рускай мовы: часам перакладчык або перакладчыца так панічна баіцца русізмаў, што ўжывае любую форму, абы не так, як па-руску.

Арыгінал: “И только оказавшись в этом бескрайнем царстве и окунувшись в ослепительно сверкающий голубой простор на огромной высоте между бесконечными цепями вершин, вдруг чувствуешь: здесь все история…”

Было: “І толькі апынуўшыся ў гэтым бяскрайнім абшары і нібы ўвайшоўшы ў асляпляльна зіхатлівы блакіт на вялізнай вышыні між бясконцымі радамі гарыстых вяршынь, раптам адчуваеш: тут усё гісторыя…”

Здаецца, не варта высцерагацца слова “царства”, якое ў гэтым кантэксце толькі падкрэсліць усходні каларыт. А яшчэ трэба разрозніваць паронімы “горны” і “гарысты”. “Гарыстай” можа быць мясцовасць, а вось вяршыні – толькі “горнымі”.

Прапанова: “І толькі апынуўшыся ў гэтым бяскрайнім царстве і занурыўшыся ў асляпляльна зіхатлівы блакіт на вялізнай вышыні між бясконцымі ланцугамі горных вяршынь, раптам адчуваеш: тут усё гісторыя…”

Раз-пораз у перакладзе з’яўляюцца прыблізнасці там, дзе ў арыгінале ўсё больш дакладна – і варта гэтую дакладнасць захоўваць. “Таких разрушенных башен-крепостейсотни в Ичкерии”. У чарнавіку перакладу было: “Такіх зруйнаваных вежаў – безліч у Ічкерыі”. Па-першае, “вежы-крэпасці” зусім не тое самае, што проста “вежы”. Па-другое, слова “безліч” – надта ж размытае і можа азначаць любы парадак лічбаў, тады як арыгінальныя “сотні” – нашмат больш канкрэтныя. Пасля абмеркавання прапанавана:  “Такіх зруйнаваных вежаў-крэпасцяў у Ічкерыі сотні”.

Зрэдку стылістычныя хібы з’яўляюцца ўжо ў арыгінале – здаецца, сям-там рускаму выданню бракавала рэдактара. Таму гэтую ролю асцярожна можа ўзяць на сябе перакладчыца. “Родовая башня на склоне горы… еще сохранила фундамент и начало стен”. Чарнавік перакладу: “Родавая вежа на схіле гары… яшчэ захавала падмурак і пачатак сцен”. Дзе ў сценаў або муроў пачатак, а дзе канец – пытанне хутчэй філасофскае, чым архітэктурнае. Да таго ж зноў пачынаецца стылістычная блытаніна з паронімамі. “Родавымі” бываюць схваткі, а сядзібы – усё-ткі “радавыя”. Прапанавана: “Радавая вежа на схіле гары… яшчэ захавала падмурак і аснову муроў”.

***

Егана Джабарава

Анэля Рэдзька паказала калегам свой пераклад Еганы Джабаравай – пісьменніцы і паэткі азербайджанскага паходжання, якая нарадзілася ў Екацярынбургу, а цяпер перабывае ў эміграцыі, у Гамбургу. Егана – аўтарка трох зборнікаў паэзіі. Некалькі яе вершаў былі перакладзеныя на беларускую мову паэтам Артурам Камароўскім і апублікаваныя ў інтэрнэт-часопісе “Таўбін”.

Прадстаўлены на Майстэрні твор “Рукі жанчын маёй сям’і былі не для пісьма” – першая празаічная кніга аўтаркі, што пачынае яе трылогію.

Гэтую кнігу, – кажа пра сваю аўтарку перакладчыца, – акрэсліваюць як аўтафікшн і аўтаэтнаграфію. У тэксце пераплятаюцца матывы дэкаланіяльнасці, пошуку ідэнтычнасці і цялеснасці. Егана факусуецца на пытаннях: што мы атрымліваем ў спадчыну і чаму? Тры наратывы: сямейны радавы досвед, гісторыя дзяцінства і сучаснай хваробы адбіваюцца ў ейным целе, якое становіцца месцам назапашанай памяці й рэфлексіі. Кожны раздзел прадстаўляе частку цела і складаецца з тэмаў, якія ўзнімаюцца вакол яе.

Агулам ад тэксту ёсць нейкае адчуванне шурпатасці, аўтарка карыстаецца даўгімі разгалінаванымі сказамі, даволі шмат нейкіх паўтораў альбо адлюстраванняў. Бывае, што хочацца штосьці перафармуляваць альбо больш патлумачыць, і тут важнае пытанне балансу: наколькі вернай быць аўтарцы, а наколькі клапаціцца пра ўспрыманне твору чытачом? Цікава будзе параўнаць розныя выданні і рэдакцыі, што той ці іншы выбар кажа пра тэкст? Бо ў гэтай кнігі ёсць перавыданне, я збіраюся заглянуць туды, але яшчэ не мела такой магчымасці”.

Перакладчыца слушна адчула праблему “шурпатасці” арыгінала, які часам здаецца стылістычна неахайным. Трохі прыгладжваць яго ці не – справа густу. Горш, калі на гэтую шурпатасць наслойваецца яшчэ і шурпатасць перакладу.

Тело матраса также оказывалось пронизано большими стежками посередине, для этого брали самую крупную и толстую иглу, шить которой было тяжело и опасно: руки то и дело оказывались в кровяных созвездиях”.

Было ў перакладзе: “Цела матраца таксама выяўлялася працятае вялікімі швамі пасярэдзіне, для гэтага бралі самую буйную й тоўстую голку, шыць якой было цяжка й небяспечна: рукі раз-пораз выяўляліся ў кравяных сузор’ях”.

Паўбяды, што ў арыгінале двойчы ў адным сказе паўтараецца “аказывалось”. Бяда, што перакладчыца ў дадатак хібна яго перадае па-беларуску.

Прапанавана: “Цела матраца таксама было працятае вялікімі швамі пасярэдзіне, для гэтага бралі самую буйную й тоўстую голку, шыць якой было цяжка й небяспечна: рукі раз-пораз пакрываліся крывавымі сузор’ямі”.

Часам рэалія, якая ўжываецца ў арыгінале, добра знаёмая тамтэйшым чытачам, тады як нашыя чытачы патрабуюць лёгкага тлумачэння, пра што гаворка.

Напрыклад, у арыгінале: “…в обычной русской школе большинство девочек, любуясь на себя в маленькое круглое зеркальце из роспечати, совершенно спокойно выдирали непослушные жесткие волоски…”

У перакладзе было: “…у звычайнай рускай школе большасьць дзяўчат, любуючыся на сябе ў маленькае круглае люстэрка з росдруку, абсалютна спакойна выдзіралі непаслухмяныя жорсткія валаскі…”

Прапанова: “…у звычайнай рускай школе большасьць дзяўчат, любуючыся на сябе ў маленькае круглае люстэрка з шапіка/кіёска росдруку, абсалютна спакойна выдзіралі непаслухмяныя жорсткія валаскі…”

Калі ў папярэднім тэксце перакладчыца, баючыся русізмаў, пазбягала любых канструкцыяў, падобных да рускай мовы, то ў гэтым – асабліва напрыканцы, відаць, на фоне стомы – здарылася штосьці адваротнае. Файна, што сама Анэля гэта адчула: “З блізкімі мовамі асабліва трэба сцерагчыся, бо праз недахоп увагі лёгка можна штосьці прапусціць, пакінуць. Тут вельмі дарэчна скарыстацца свежым позіркам калегаў. Мне гэта вельмі дапамагло. Зноў жа, добрая магчымасць абмеркаваць, якое слова больш трапнае і чаму”.

Не будзем пералічваць гэтыя незаўважаныя і механічна пакінутыя ў тэксце русізмы. Лепш выразім надзею, што абмеркаванне і “чыстка” тэксту адбыліся недарэмна – і далей, як і ў выпадку з першым перакладам, усё пойдзе яшчэ лепей.

Напрыканцы прапануем вам не прачытаць, але паслухаць яшчэ адзін паэтычны пераклад. Ён добра адлюстроўвае жаданне беларусаў падтрымліваць адно аднаго ў часы кавіду і сацыяльнай дыстанцыі, а таксама нарастанне настрояў, якія напоўніцу праявіліся ў жніўні 2020-га. Гэта знакамітая песня Віктара Цоя “Перамен”,  якую шмат хто ў тыя дні пераклаў, у тым ліку і Андрэй Хадановіч. Істотна, што вядомую песню менавіта ў беларускай версіі захацелі заспяваць разам шмат спевакоў і спявачак, як прафесійных, так і зусім не. Як сказаў бы наш класік: “Сярод задухі і бруду / і злосці самой на злосць”.