Максім Знак – адвакат, бард, пісьменнік, сябра Беларускага ПЭНа – вядомы сваімі трапнымі і дасціпнымі кароткімі апавяданнямі. З прыемнасцю публікуем серыю яго тэкстаў з будучай кнігі беларускіх юрыстаў, якія ён сам апісвае так:
«Беларускіх адвакатаў маглі пазбавіць беларускай ліцэнзіі, але не маглі пазбавіць пачуцця гумару ды тых гісторый, якія здараюцца штодня і надаюць беларускаму прававому асяроддзю ўпэўнены кафкіянскі вайб. Калегі падрыхтавалі кнігу з адвакацкімі байкамі – пра абсурд, смешнае і горкае ў прафесіі, і пра ўсё астатняе, набалелае, і я з задавальненнем далучыўся да праекту, узгадаўшы некалькі баек са свайго праўніцкага досведу. Актуальнасці яны не страцілі. Хутчэй наадварот».
Навошта?
Калі кліентам даводзілася судзіцца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, падчас абмеркавання кейса цяжка было засяродзіцца выключна на прававым аспекце. Аднак і казаць: «Ну, вы ж ведаеце…» – падавалася непрафесійным. Таму я звычайна адзначаў, што аналізую толькі юрыдычны складнік. Пачуўшы гэта, кліенты не прасілі дадатковых тлумачэнняў і толькі сумна ківалі: яны ж рабілі бізнес у Беларусі.
Каб хутка перадаць матэматычна дакладнае ўражанне ад спецыфікі такіх працэсаў, згадаю спагнанне запазычанасці з нібыта недзяржаўнага калгаса. Я быў за крэдытора, але адказчыку – без ягонага запыту – суд у 20 разоў зменшыў няўстойку 0,15 % (атрымалася 0,000075 ад сумы запазычанасці за кожны дзень пратэрміноўкі). У той час я акурат высвятляў, які ж памер няўстойкі суды лічаць справядлівым, таму давёў справу да вышэйшых інстанцый – і паўсюдна пачуў тлумачэнне, што суд усё зрабіў слушна. Гэта было цікава і сімптаматычна, бо «справядлівы» памер па іншых сотнях судовых рашэнняў схіляўся да саламонавага «падзяліць папалам» (які б памер няўстойкі бакі ні ўзгаднілі).
Адзін з найбольш юрыдычна складаных маіх працэсаў – і да таго ж працэс з вялікай зацікаўленасцю дзяржавы – трапіў на разгляд да суддзі, з якой заўсёды было прыемна працаваць. Яна паважала мяне, я паважаў яе. Пытанні адносна справы былі слушныя, а безадносна справы каментарыяў не было. Мне падавалася, я бачыў у вачах паўнюткае разуменне сітуацыі, і таму спадзяваўся на лепшае. Што да таго, што дзяржава зацікаўленая? Тут жа пытанне права, а дзяржава ж – нібыта прававая. Усё ж мусіць атрымацца, бо суддзя не з такіх, хто цяп-ляп. Ніхто на свеце не можа быць упэўнены ў сабе так, як адвакат у той момант, калі суддзя адыходзіць у дарадчы пакой.
Калі суддзя выйшла зачытваць рашэнне, у вочы прысутным яна не глядзела. З такіх прыкмет яшчэ да абвяшчэння можна ўсё зразумець. Так і было: дзяржава выйграла. Нават не дзяржава, а драбнюткі дзяржаўны інтарэс. Заяўлены вялікі інтарэс прававой дзяржавы мусіў чарговы раз крыху пачакаць.
Пасля абвяшчэння суддзя сказала:
– Прадстаўнік пазоўніка, затрымайцеся, ёсць пытанне паводле іншай справы.
Ніякай іншай справы не было, але я, вядома, затрымаўся. Паглядзеўшы гэтым разам проста ў вочы, суддзя сказала мне з пакутаю ў голасе:
– Ну вы ж усё разумееце, так?
І зноў схіліла галаву.
Я нічога не адказаў. Развітаўся і выйшаў з кабінета, акуратна прыкрыўшы дзверы. А ў галаве ўсё білася: «Ну навошта, навошта, навошта гэтае спачуванне? Навошта яна казала? Лепей бы я думаў, што гэта яе рашэнне. Што напісанае ў матывацыйнай частцы і ёсць яе ўласным перакананнем. Лепей глупства, лепей непісьменнасць, лепей быць недарэкай і памыліцца ў сваім разуменні права… Чым гэты… сорам».
Фота: Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы.
Чытайце таксама: