Гедройць-2026: імёны пад маскамі, кнігі без межаў

Апошняе абнаўленне: 10 лістапада 2026
Гедройць-2026: імёны пад маскамі, кнігі без межаў

7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску былі абвешчаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Свята беларускай літаратуры аб’яднала пісьменнікаў, перакладчыкаў, выдаўцоў, крытыкаў і чытачоў з беларускай і польскай літаратурных супольнасцяў.

Частка І. Афіцыйная

Імпрэза, якую вяла Крысціна Дробыш, пачалася з ушанавання памяці літаратараў і людзей слова, якія пайшлі з жыцця: сярод іх – адна з лаўрэатак прэміі Святлана Курс, Раман Цымбераў, Раіса Баравікова, Аляксандр Мілінкевіч, Наталля Адамовіч…

Дарэчы, 2026 год у Польшчы абвешчаны Годам Ежы Гедройця – з нагоды 120-годдзя з дня яго нараджэння і 80-годдзя заснавання Літаратурнага інстытута. Славуты ўраджэнец Менска не проста верыў у сілу незалежнай думкі і культуры: як выдавец і рэдактар ён ствараў умовы, каб галасы народаў Усходняй Еўропы былі пачутыя, а іх літаратуры маглі развівацца і ўзаемадзейнічаць. Сёння прэмія ягонага імя па-свойму працягвае гэтую справу: падтрымлівае беларускую літаратуру, адкрывае новыя імёны і дапамагае беларускім кнігам знаходзіць сваіх чытачоў. Гэткім чынам постаць Гедройця застаецца часткай не толькі гісторыі, але і жывога літаратурнага працэсу.

У Беларускага ПЭНа ёсць традыцыя пустога крэсла – сімвала пісьменніц і пісьменнікаў, якія не могуць быць сёння не толькі на свяце літаратуры, але і проста на волі, бо знаходзяцца за кратамі. Сімвалічна яны ўсё ж прысутнічалі ў Гданьску – праз свае партрэты. Гэтым разам – Паліна Піткевіч, Вацлаў Арэшка, Ігар Ільяш. Іх галасы спрабуюць заглушыць прымусам, але яны працягваюць гучаць – у згадках сяброў, калег і шматлікіх гасцей свята беларускай літаратуры, якія сабраліся ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.

Мінутай памяці ўшанавалі прысутныя і ахвяр трагедыі ў Кракаве – яшчэ адно пацвярджэнне жорсткасці часу, у якім мы жывём.

Удзельнікаў імпрэзы віталі намесніца дырэктара Еўрапейскага цэнтра салідарнасці Патрыцыя Мэдоўска, паэтка і праваабаронца Таццяна Нядбай, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Ціхан Чарнякевіч, прадстаўніца Фонду міжнароднай салідарнасці Катажына Дэмэль.

Асобна на цырымоніі прадставілі журы прэміі. Сёлета ў складзе судзейскай калегіі – сем чалавек, пяцёра з якіх працавалі публічна. Гэта драматург, паэт і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, пісьменніца і даследчыца літаратуры Ганна Янкута, перакладчыца Яанна Бэрнатовіч, пісьменнік і культуролаг Сяргей Календа, а таксама журналіст і літаратар Сяргей Дубавец – леташні лаўрэат прэміі Гедройця. Імёны яшчэ дваіх сябраў журы з ясных на сёння прычын не раскрываліся.

Частка ІІ. Інтрыгоўная

Літаратурная частка цырымоніі пачалася з прадстаўлення шасці кніг кароткага спіса. Замест звыклых анатацый гледачам прапанавалі буктрэйлеры, створаныя творчай камандай CULT Production Gdańsk і агучаныя прафесійнай камандай выдавецтва Audiobooks.by. Так кожная кніга атрымала свой візуальны і гукавы вобраз.

Сярод фіналістаў – «Цесля жыцця» Сяргея Дубаўцэвіча і «Лірнік» Аляксандра Касцюковіча. Абодва аўтары ўдзельнічалі ў прэміі зашыфравана – з меркаванняў бяспекі. Цікава, што нават стваральнікі буктрэйлераў не ведалі, хто стаіць за гэтымі творамі. 

Астатнія чатыры кнігі таксама вельмі розныя. «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха спалучаюць беларускі фальклор, містыку, забытыя мовы і таямніцы, схаваныя за бачнай рэальнасцю. 

«Радзіна» Збыха Слупоўскага праз гісторыю некалькіх пакаленняў адной сям’і расказвае пра драматычныя пераломы беларускай гісторыі – ад рэвалюцыі і калектывізацыі да вайны, Халакосту і перабудовы. 

«Боў і мерць у Хротне» Дзяніса Трусава – постмадэрнісцкі раман-пазл, у якім пераплятаюцца мовы, эпохі, містыка і навуковая фантастыка. 

А «Пентаквантар» Арцёма Шуканава пераносіць чытача ў XXII стагоддзе, дзе касмічныя прыгоды і сустрэчы з іншымі формамі розуму робяцца нагодай паразважаць пра чалавечнасць, адказнасць і межы тэхналагічнага прагрэсу.

Усе шасцёра фіналістаў атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад Фундацыі парыжскай «Культуры».

Частка ІІІ. Кульмінацыйная

Галоўная інтрыга цырымоніі была звязаная не толькі з тым, хто ж пераможа, але і з тым, што імёны пераможцаў маглі застацца невядомымі. Так яно і адбылося: першае і другое месцы журы прысудзіла творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. Для гэтага былі прыдуманыя псеўданімы, назвы-маскі. І ў гэтым – адно з прынцыповых адрозненняў ад леташняй прэміі.

Рашэнне журы са сцэны абвясцілі Яанна Бэрнатовіч і Ганна Янкута.

Першую прэмію атрымала кніга пад назвай-маскай «Лірнік», прадстаўленая пад псеўданімам Аляксандра Касцюковіча. Журы адзначыла яе «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю». 

Другое месца заняла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой схаваўся пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч. Судзейская калегія адзначыла «сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы». Дзякуючы падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў лаўрэат атрымае магчымасць месяц працаваць у Доме пісьменніка на шведскім востраве Готланд.

Трэцяя прэмія дасталася Арцёму Шуканаву за дзве першыя кнігі рамана «Пентаквантар» – «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры». Узнагарода, забяспечаная Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў, прадугледжвае выданне наступнай кнігі аўтара. 

Быў і яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. Кіраўнік выдавецтва Audiobooks.by Мікіта Белаглазаў абвясціў пра спецыяльны падарунак усім шасцярым фіналістам: кожная кніга кароткага спіса будзе прафесійна агучаная і атрымае аўдыяверсію.

Такім чынам, сёлета найвышэйшае прызнанне атрымалі творы, аўтары якіх пакуль не могуць адкрыта назваць сябе. У гэтым ёсць пэўны парадокс: імёны даводзіцца хаваць, а кнігі, наадварот, выводзіць да чытача. І тут міжволі прыгадваецца пустое крэсла, з якога пачыналася цырымонія: нават калі пісьменнікі не могуць прысутнічаць асабіста або выступаць пад уласным імем – іх словы працягваюць гучаць.

Што да зашыфраванага пераможцы, дык у зале прагучаў дасланы ім ліст:

«За колькі дзён да сённяшняй падзеі арганізатары цырымоніі папрасілі мяне сказаць колькі слоў. Я абяцаў падумаць. Думаў, калі хадзіў па восеньскім лесе. Думаў, калі спрабаваў злавіць рыбу, калі спаў і прачынаўся. Нічога разумнага ў галаву не прыходзіла. 

Мяне вучылі, што за кожную добрую справу: за кавалак хлеба, за цукерку, за глыток вады, за добрае і патрэбнае слова, за пражыты дзень-год трэба быць удзячным – зямлі, небу, возеру, людзям. І хачу выказаць сваю ўдзячнасць тым, хто дапамог выдаць гэтую кніжку, хто прачытаў яе ад першага да апошняга слова, рэдактару і карэктару, мастаку і дызайнеру, тым, без каго кніжка не магла б адбыцца.

Я, калі быць шчырым, даўно не веру ў конкурсы і спаборніцтвы твораў мастацтва, бо не разумею, як можна вызначыць пераможцу, па якіх крытэрыях, якой лінейкай ці прыборам трэба карыстацца, каб тую перамогу ўбачыць і ўзважыць. Мастацтва ж не спорт…

У жыцці шмат выпадковасцяў, якія амаль немагчыма вытлумачыць. І мая кніжка, і яе ўдзел у цырымоніі – выпадковасць, якой магло б і не быць, каб не людзі, якія яе прачыталі і адчулі тое, пра што думаў я, калі складаў непаслухмяныя словы ў сказы, а сказы ў абзацы.

Прабачце хваляванне і блытанасць! Яшчэ раз усім – дзякуй!»

Частка IV. Фінальная

І падчас урачыстасці, і ў перапынках нямала гаварылі пра адну цікавую асаблівасць сёлетняга кароткага спіса: у чатырох з шасці кніг у той ці іншай ступені прысутнічае фантастычная ўмоўнасць – містыка, іншыя светы, гульні з часам, пераўтварэнні рэальнасці. Магчыма, гэта прыкмета пошуку новых спосабаў мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Бо фантастыка не абавязкова азначае ўцёкі ад рэальнасці. Часам яна, наадварот, дазваляе наблізіцца да яе з іншага боку, убачыць і выказаць тое, што не паддаецца прамому апісанню.

Адзін з ананімных сябраў журы бачыць у гэтым найперш узбагачэнне жанравай палітры беларускай літаратуры:

– Для мяне з’яўленне містыкі і фэнтэзі ў доўгім спісе прэміі – прыкмета ўзбагачэння жанравай разнастайнасці. Заўважу галоўнае: усе творы, якія трапілі сёлета ў спіс, – гэта не містыка дзеля містыкі. Аўтары скарыстоўваюць жанр у многім як дадатковую магчымасць раскрыцця тэмы і трансляцыі сваіх ідэй.

А ці не стала беларуская літаратура пасля 2020 года больш смелай у выбары мастацкіх светаў, але адначасова больш асцярожнай у непасрэднай размове пра сучаснасць? Суразмоўца адказвае з іроніяй:

– А што, як беларус, дык каб былі бульба, калёсы з гноем, Ганна ля печы і секс у пуні? Беларус – еўрапеец. І таму мае права быць дзе заўгодна: хоць у кнізе навел, хоць у абсурдным ці фантастычным свеце.

А вось у ацэнцы літаратуры пра падзеі 2020 года зашыфраваны журыст яшчэ больш катэгарычны:

– Літаратура – гэта не пра падзеі. Гэта пра іншае. Кнігі, якія за мяжой Беларусі бы тыя піражкі пякуцца пра падзеі 2020 года, прабачце, у большасці маюць якасць тых самых піражкоў прывакзальных. Асабіста для мяне такое – кан’юнктура. І яна нічым добрым не заканчваецца. Маё меркаванне: кніга пра падзеі 2020-га і пасля гэтага года павінна выйсці як зборнік дакументаў. Як сведчанні. Каб былі лічбы. Факты. Прысуды. Прыклад – «Архіпелаг ГУЛАГ».

А чаго ж тады бракуе сучаснай беларускай літаратуры?

– Ды быццам усяго хапае, акрамя чытачоў, вядома. Жанраў вунь – няма абмежаванняў, тэматыка самая розная. Няма… героя. Якога сучаснага героя якой кнігі вы запомнілі? Які такі вобраз стварыў нейкі аўтар, што стаў шырока вядомым і ўвабраў у сябе беларуса хоць з якога пункту гледжання? Раней – былі героі. Дзятлік і Сотнікаў, Ганна і Гандлярка… А можа, гэта адлюстраванне нейкага эвалюцыйнага працэсу ў літаратуры.

Пытанні пра героя, жанравыя межы і здольнасць літаратуры асэнсоўваць сучаснасць, вядома, не маюць простых адказаў. Але сама гэтая дыскусія паказвае, што беларуская літаратура працягвае шукаць новыя формы і мовы, не замыкаючыся ў адной тэме ці жанры.

Гедройць-2026 стаў яшчэ адным сведчаннем гэтага пошуку – і адначасова нагадаў пра ўмовы, у якіх сёння ствараюцца і выдаюцца беларускія кнігі. Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай адзначыла:

– Беларуская кніга сёння – больш чым кніга. У звычайных умовах напісаць яе, выдаць і знайсці свайго чытача – часткі аднаго літаратурнага працэсу. У Беларусі кожны з гэтых крокаў патрабуе вялікіх высілкаў. Таму кожная кніга, якая ўсё ж даходзіць да чытача, – своеасаблівы подзвіг. А чытач, які яе шукае і знаходзіць, дапамагае беларускай мове заставацца жывой і нам – гаварыць адно з адным.

Завяршыўся вечар выступам Лявона Вольскага і Паўла Трыпуця.


Фота: Беларускі ПЭН

Арганізатары прэміі Гедройця 2026: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя выдаўцоў.

Праект суфінансуецца ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Арганізатары выказваюць падзяку Фонду міжнароднай салідарнасці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej).