Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Цынамонавага сезона». Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговая сустрэча восеньскага сезона Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная перакладам з нямецкай мовы. Адна з удзельніцаў прадставіла па-беларуску фрагмент класічнай прозы ХХ ст., другая – сучасную дзіцячую паэзію, а запрошаная экспертка – паэтка, перакладчыца і дасведчаная рэдактарка Уліма Роўда – разбірала гэтыя спробы і давала калегам прафесійныя парады.
Першым разглядаўся фрагмент хрэстаматыйнага для немцаў твора Эдзёна фон Хорвата (ці, можа, фон Горвата? (Ödön von Horváth, 1901-1938)) “Моладзь без бога” (ці, можа быць, “Маладосць без бога”? (“Jugend ohne Gott”)). Перакладчыца Лізавета наступным чынам патлумачыла сваю матывацыю:

“Эдзён фон Хорват – або Горват – не вельмі вядомы ў Беларусі аўтар, хаця ў нямецкамоўнай прасторы ён мае статус класіка і ўваходзіць у школьную праграму. Пратаганіст яго рамана – настаўнік, які спрабуе ісці на кампрамісы з новым часам – часам нацыянал-сацыялізму, яго мовай і парадкамі, аднак непазбежна даходзіць да мяжы, дзе даводзіцца зрабіць выбар. Можна сказаць, што на пераклад матывавала, з аднаго боку, злабадзённасць тэкста, а з другога – яго своеасаблівая мова, якая складаецца з нацысцкага навамоўя, страшнага і часткова скажонага нямецкага канцылярыту, але і метафізічных разваг пра асновы свету – і ўсё гэта з добрым дамешкам іроніі.
Найцікавейшае, бадай, было спрабаваць пераносіць гэтыя слаі ў беларускую мову – гэта ж стварыла і найвялікшую складанасць. Яшчэ адзін арэшак у гэтым тэксце, які перакладчыцы было цяжка разгрызці, – сцэна з апісаннем футбольнага матчу. І з рознымі слаямі мовы, і з футболам Майстэрня вельмі дапамагла, за што ёй вялікі дзякуй!”
Госця-экспертка пачала разбор перакладу з вызначэння “аўтарскага голасу” пісьменніка, які, па магчымасці, трэба імкнуцца захаваць. Ён: “1) лаканічны, часта гэта рублены стыль, пратакольны і адстаронены, трэба захоўваць бюракратызмы і канцылярызмы; 2) лексіка “трэцяга райху” – не спрашчаць грувасткія словы, глядзець, што хаваецца за тым або іншым словам у нацысцкай ідэалогіі, не губляць гэта; 3) важныя паўзы, несказанае, маўчанне – таму нельга парушаць аўтарскі падзел на абзацы і прыбіраць шматкроп’і (я чую, што за гэтымі паўзамі хаваецца страх і пустэча, выкліканыя часам і яго ўмовамі); 4) не трэба занадта абеларушчваць, спрашчаць, згладжваць і дадаваць прасцецкай эмацыйнасці; 5) не выкідваць, не перамяшчаць, не заблытваць кавалкі”.
Абезаблічаны канцылярыт; максімальна сухія грувасткія канструкцыі; звышлогіка, даведзеная да кафкіянскага абсурду. Плюс нацысцкая новамова, мова самаўсхвалення і нянавісці да ўсяго іншага, якая спрабуе яго абясчалавечыць. І тое, і гэтае адлюстравана ў моўных штампах, якія так лёгка не заўважыць, калі не ведаеш культуру той эпохі. І нават заўважыўшы, трэба яшчэ пашукаць моўныя сродкі, каб увасобіць гэта па-беларуску. Так склалася, што мы таксама добра знаёмыя з мовай бюракртатыі, таталітарнай ідэалогіі і нянавісці, якая, на жаль, зноў вярнулася ў актыўны ўжытак. Так што перакладчыку ці перакладчыцы застаецца толькі знайсці адпаведны матэрыял. Адсюль вынікаюць і канкрэтныя прапановы зменаў у прадстаўленым перакладзе, у бок яго бюракратызацыі і наштампаванасці лозунгамі. Вось толькі некалькі прыкладаў.

“Du hast doch eine sichere Stellung mit Pensionsberechtigung”. Было: “У цябе ўсё-ткі ёсць добрае месца з пенсіяй…” Прапанавана: “У цябе ўсё-ткі ёсць надзейная пасада з правам на пенсію”. Або так: “Ты ўсё-ткі маеш стабільную пасаду з гарантаванай пенсіяй”.
“Wie gering ist doch der Prozentsatz der Lehramtskandidaten, die wirklich Lehrer werden können!” Было: “Ці многа хто з кандыдатаў у рэшце рэшт атрымлівае пасаду?!” Прапанавана: “Ці вялікі працэнт кандыдатаў на настаўніцкую пасаду атрымлівае ўрэшце гэтае месца!”
“Danke Gott, daß du zum Lehrkörper eines Städtischen Gymnasiums gehörst und daß du also ohne große wirtschaftliche Sorgen alt und blöd werden darfst!” Было: “Дзякуй богу, што адносішся да калектыву гарадской гімназіі і можаш без аніякіх эканамічных клопатаў састарыцца і здурнець!”
Слова “адносішся” ў такім значэнні выглядае русізмам, а да “клопатаў/турботаў” больш пасуе эпітэт “матэрыяльных”, таму прапанавана: “Дзякуй богу, што належыш да калектыву гарадской гімназіі і можаш састарыцца і здурнець без ніякіх матэрыяльных турботаў!”
“Bedenk und versündig dich nicht!” Было: “Адумайся і не грашы богу!” Прапанавана: “Адумайся і не гняві бога!”
Або цэлы адзац: „Wir brauchen die Kolonien«, schreibt er, »weil wir zahlreiche Rohstoffe benötigen, denn ohne Rohstoffe könnten wir unsere hochstehende Industrie nicht ihrem innersten Wesen und Werte nach beschäftigen, was zur unleidlichen Folge hätte, daß der heimische Arbeitsmann wieder arbeitslos werden würde“.
Было: «Нам патрэбны калоніі, – піша ён, – бо там ёсць сыравіна, а без сыравіны мы не можам утрымліваць нашу выбітную прамысловасць на адпаведным яе сутнасці і вартасці ўзроўні, што прывяло б да невыноснага наступства: тутэйшы рабочы зноў стаў бы беспрацоўным».
Нацысцкі канцылярыт патрабуе не вобразна-размытых эпітэтаў, а канкрэтных штампаў на ўзроўні прыметнікаў, таму прапанавана: “Нам неабходныя калоніі, – піша ён, – бо мы маем патрэбу ў шматлікай сыравіне, таму што без сыравіны мы не змаглі б забяспечыць працай нашу высокаразвітую прамысловасць на адпаведным яе найглыбейшай сутнасці і вартасці ўзроўні, што прывяло б да непрымальных наступстваў: наш айчынны рабочы зноў стаў бы беспрацоўным”.
“Ich weiß es nur zu gut, auf welch heimlichen Wegen und mit welch perfiden Schlichen das Gift ihrer Humanitätsduselei unschuldige Kinderseelen zu unterhöhlen trachtet!“ Было: “Я занадта добра разумею, якімі дарожкамі, якімі падступнымі хітрыкамі атрута вашых гуманісцкіх сантыменцікаў імкнецца падтачыць нявінныя дзіцячыя душы!” Сыходзячы з захавання нацысцкіх штампаў, “вашых гуманісцкіх сантыменцікаў” прапанавана памяняць на “вашага гнілога гуманізму”.
А вось нарэшце і згаданы перакладчыцай “футбольны” ўрывак, што прынёс ёй найбольш клопату: “Wenn der Rechtsaußen den linken Half überspielt und zentert, wenn der Mittelstürmer den Ball in den leeren Raum vorlegt und der Tormann sich wirft, wenn der Halblinke seine Verteidigung entlastet und ein Flügelspiel forciert, wenn der Verteidiger auf der Torlinie rettet, wenn einer unfair rempelt oder eine ritterliche Geste macht, wenn der Schiedsrichter gut ist oder schwach, parteiisch oder parteilos, dann existiert für den Zuschauer nichts auf der Welt außer dem Fußball, ob die Sonne scheint, obs regnet oder schneit. Dann hat er alles vergessen.”
Было: “Калі правы крайні нападаючы абыходзіць левага паўабаронцу і перадае мяч у цэнтр, калі цэнтральны нападаючы пасылае мяч наперад, наўпрост у прагал, а брамнік ляціць, калі левы паўабаронца пакідае пазіцыю і вядзе гульню на флангу, калі абаронца ратуе справу на лініі брамы, калі нехта груба штурхаецца або робіць рыцарскі жэст, калі суддзя добры або слабы, партыйны або беспартыйны, тады для гледачоў няма нічога на свеце, апроч футболу – і няхай там свеціць сонца, ідзе дождж ці снег. Тады ён забываўся пра ўсё”.
Сцэна выклікала сапраўдны “мазгавы штурм”. На шчасце, сярод удзельнікаў знайшліся знаўцы футболу, здольныя каментаваць яго па-беларуску, ужываючы адпаведную тэрміналогію. Некаторыя нават пісалі заўвагагі перакладчыцы наўздагон дыскусіі. Вось некаторыя з прапановаў:
- “калі правы крайні абыгрывае левага абаронцу і навешвае ў цэнтр…” – з пары “крайні” і “нападнік” хопіць аднаго слова: і “правы крайні” і “правы нападнік” працуе. Левага half’а можна назваць і “абаронцам” і “паўабаронцам”, залежыць ад часу. Пазіцыя “пераязджала” недзе якраз у 30-я, слова ў англійскай заставалася тое ж. Сучаснаму чытачу абаронца ўяляецца лепей;
- “калі цэнтрфорвард пракідвае мяч у свабодную зону, а брамнік ляціць на перахват” – “форвард” (асабліва калі ён цэнтральны) звычайны для беларускай сінонім “нападніка”;
- “калі абаронца выносіць мяч з лініі брамы” –“брама” нават неабавязковая, “вынесці з лініі” ўжо цалкам апісвае гэтую карцінку;
- “калі нехта груба штурхае ці робіць джэнтльменскі жэст, калі суддзя моцны або слабы, перадузяты або нейтральны” – звычайна ўчынкі, пра якія гаворка, у нас называлі джэнтльменскімі, але не ўпэўнены, што слова пасуе. “Рыцарскі” хоць і не чуў у такім кантэксце, але будзе зразумела пра што.
З улікам усяго згаданага прапанавана: “Калі правы крайні абыходзіць левага абаронцу і навешвае ў цэнтр, калі цэнтрфорвард пракідвае мяч у свабодную зону, а брамнік ляціць наперахват, калі левы паўсярэдні разгружае абарону і пераводзіць гульню на фланг, калі абаронца выносіць мяч з лініі, калі нехта гуляе брудна ці па-джэнтльменску, калі суддзя добры ці слабы, перадузяты ці аб’ектыўны, – тады для гледача няма нічога ў свеце, апроч футболу, і няхай там свеціць сонца, ідзе дождж ці снег. Ён ужо забыўся пра ўсё”.
***
Другім прадметам абмеркавання на сустрэчы былі вершаваныя пераклады дзіцячых вершаў, перастварэнне якіх часам бывае яшчэ складанейшай задачай, чым пераклад вершаў для дарослых. Дзіцячая паэзія зазвычай добра рытмічна арганізаваная, мае выразную структурна-кампазіцыйную будову, ужывае дакладныя, багатыя рыфмы і яскравыя дэталі, якія “працуюць” у тэксце, робяць адпаведнае ўражанне на малых і дарослых чытачоў і чытачак. Усё гэта, безумоўна, варта захаваць, адтварыць (а страціўшы – кампенсаваць) у перакладзе.

Удзельніца майстэрні Надзея паказала калегам свайго роду калыханку “Дабранач, савяня!” („Gute Nacht, kleine Eule“) Сузанны Вебер (Susanne Weber), а таксама вершаваны ўступ да кнігі Марка-Увэ Клінга (Marc-Uwe Kling) “Das NEINhorn”. (Пра складанасці з гэтай назвай пагаворым ніжэй.) Вось як перакладчыца патлумачыла свой выбар:
“На пераклад дзіцячых кніг мяне матывавала жаданне пазнаёміць беларускамоўных дзяцей з кнігамі па-нямецку, якія мне падаліся добрымі і асаблівымі. Да таго ж, калі справа пра вельмі вядомыя кнігі, якія дзеці, жывучы ў нямецкім моўным асяроддзі, ведаюць з садка, ад сяброў і г.д., то хочацца сказаць: “Нам не трэба адмаўляцца ад беларускай мовы, каб прачытаць гэта”. І ў прынцыпе, я лічу, што стварэнне беларумкамоўнага кантэнту пад дзіцячыя трэнды – надзвычай важная справа з пункту гледжання моўнага развіцця і прыярызацыі беларускай мовы ў новага пакалення.
У канкрэтных выпадках мне было найцікавей перакладаць жартаўлівыя моманты, гульню словаў. Найцяжэй знаходзіць час і сілы на перакладанне, бо ёсць асноўная праца, сям’я ды іншыя справы. Тое, што ў нейкай ступені цяжка, гэта адсутнасць у мяне спецыялізацыі перакладчыцы, і ў тым ліку таму мала напрыктыкаваныя пэўныя прыёмы, метады і г.д.”.
Арыгінал:
Gute Nacht, kleine Eule
„Gute Nacht, kleine Eule, es ist Schlafenszeit.“
„Warte noch, Mama, ich bin gleich so weit.“
Sie nimmt ein wunderbar wohliges Bad,
Doch statt zu schlafen, spiel sie Pirat.
Sie baut sich ein Bett aus ganz weichem Moos,
Doch statt zu schlafen, hüpft sie drauflos.
Sie lauscht den Vögeln, die singen so fein,
Doch statt zu schlafen, stimmt sie mit ein.
Sie trinkt einen Tee aus Blättern und Stroh,
Doch statt zu schlafen, muss sie aufs Klo.
Da sagt mama: „Jatzt ist aber Schluss!“
Doch nun will die Eule noch einen Kuss.
Ach, das hat gefehlt! Jetzt kommt sie zur Ruh,
schon fallen der Eule die Äugelein zu.
Пераклад. Было:
Маё савяня, час ужо спаць.
Глядзі, як зоркі на небе блішчаць!
У ванне вячэрняй не садзіцца мне.
Лепей буду піратам на адной назе.
Каб было спаць мягчэй, у ложку – мох.
А на моху добра рабіць скок-скок!
Прыляцелі птушкі спяваць калыханку.
Выдатна – будзем спяваць да ранку.
Трэба гарбаты на сон папіць,
Але тады і пасікаць прыйдзецца хадзіць.
Пацалунак матулі – вось што было трэба!
І спускаецца сон з вячэрняга неба.
Спіць маленькае дзіцятка-савяня,
Сніць цудоўны сон. Там і ты, і я.
Экспертка так пракаментавала арыгінал: “Адметнасці аўтарскага голасу: музычнасць тэксту, звонкая прстая рыфма, няма складанай для дзяцей лексікі, тэкст пабудаваны на паўторах, якія можна ўспрыняць як унутраны рэфрэн. Усё гэта неабходна захваць у перакладзе”. Сыходзячы з гэтага, запрошаная госця прапанавала сваё рашэнне перакладчыцкай задачы. Звярніце ўвагу, як “выправіліся” рытм і рыфмы – і як з’явіліся патрэбныя паўторы:
“Дабранач, маё савяня, баю-бай”.
“Матулечка, зараз, крыху пачакай”.
Яно лезе ў ванну з духмянай вадой,
Ды спаць не ідзе, бо ў яго марскі бой.
Яно робіць ложак з пяшчотнага мху,
Ды спаць не ідзе, скача з крыкам “Уху!”
Яно чуе птушак, іх песні пра сны,
Ды спаць не ідзе, а пяе, як яны.
Яно п’е гарбату, какаву і сок,
Ды спаць не ідзе, а бяжыць на гаршчок.
Тут маці: “Ўсё, годзе! У ложак хутчэй!”
Ды просіць малое даць буську яшчэ.
Ах вось што патрэбна! І сціхла гульня.
Заплюшчыла вочкі ды спіць савяня.
***

Іншага нямецкага паэта, Марка-Увэ Клінга, і ягоную паэтыку экспертка ахарактарызавала так. “Аўтарскі голас: слэмер і кабарэтыст, тэксты будуе на каламбурах і гульні з мовай. Разбурае любыя варыянты “прылізанага”, ідэальнага свету. Канкрэтна гэты кавалак – ірваны рытм, але звонкая дакладная рыфма. Тэкст разлічаны на чытанне ўголас. Паказвае яркія карцінкі. Падвойны адрасат гумару: дзеці і дарослыя”.
Das NEINhorn
Im Schatten einer risiegen Lilie
Wohnt im Herzwald ´ne Einhornfamilie.
Der Herzwald liegt im Land der Träume.
Dort sind die Blumen so groß wie Bäume!
Alle Steine sind aus Plüsch und rosarot!
Zum Essen gibts immer nur Kekse statt Brot.
Und seit eine kleine Fee mal Hunger hatte,
Sind die tief fliegenden Wolken aus Zuckerwatte.
Immer scheint dort die Sonne, alles ist mega,
Es gibt keine Sorgen und auch keine Jäger.
Eines Tages brach da aus einem Ei ein Einhorn heraus.
Quatsch, nicht aus einem Ei! Es war ja keine Maus.
Beziehungsweise kein Huhn.
Äh, ja, äh, nun…
Es heißt ja auch nicht Eihorn! Oder wie, oder was?
Ein Ei aus Horn – na, das wäre ein Spaß!
Das weiß doch jeder, wie ein Einhorn schlüpft!
Es kommt Horn voran aus seiner Mama gehüpft.
Für die Mamis ist das schon schön, aber auch schwierig, weil…
Na ja, am besten, wir gehen nicht zu sehr ins Detail.
Jedenfalls hatte das kleine Einhorn eine hübsche Gestalt
und alle fanden, es passe sehr gut in den Wald.
Seine Mähne war Bauschig,
Sein Fell superflauschig.
Sein Kopf, sein Schwanz, sein Horn, seine Füß…
Alles an ihm war schnickeldischnuckelig süß!
Trotzdem hatte es oft das Gefühl, am falschen Ort zu sein.
Drum sagte es meinst nichts, und wenn doch, dann sagte es: „NEIN.“
Ein sehr gutes Wort, wie es fand. Das einzig wichtige Wort.
„NEIN“, sagte es zum Waschen,
„NEIN“, zum Essen,
„NEIN“, zur Schule,
„NEIN“, zum Sport.
Es sagte so oft „Nein!“, dass man es, auf Vorschlag seiner Tante,
Nicht mehr Ein-, sondern NEINhorn nannte.
Галоўная складанасць вынікае ўжо з каламбурнай назвы твора. “NEINhorn” – зусім як у Льюіса Кэрала з яго “словамі-валізкамі” – узаемнае накладанне “аднарога” (Einhorn) і “не” (nein), якое гаворыць галоўны герой у адказ на ўсе прапановы. Надзея сумленна паспрабавала гэты каламбур у назве захаваць:
НЕдзінарог
Пад лілеяй вялікай, высокай, як сасна,
Жыла ў Лесе Сэрцаў адзінарогаў сям’я.
У Краіне Мараў раскінуўся Лес Сэрцаў,
Там памераў дрэваў дасягаюць кветкі.
Ружовае з плюшу ляжыць там каменне.
Ядуць там не хлеб, а адное пячэнне.
І каб маленькія феі больш не галаладі,
Аблокі там з цукравай ваты лунаюць.
Заўсёды там сонца, усё проста клас.
Паляўнічых і іншых турботаў няма.
Аднойчы знянацку з яйка, як мыш,
Вылупіўся адзінарога малыш.
Не, усё ж не як мыш, а, можа, як кураня,
А можа, і не з яйка, а хутчэй, як жарабя
Выскачыў з мамы адразу галопам
Наперад сваім малечым рогам.
Цудоўны досвед для мамы, хаця і цяжка, таму
Што… але не будзем пра гэта. Дык я працягну.
Прынамсі звонку так міла выглядала дзіцятка,
Казалі ўсе, што да лесу пасуе выдатна.
Пышная грыўка, пухнатае футрачка.
Ад рогу да капытоў жарабя мілюсенькае.
І ўсё ж дзіця адчувала неяк няёмка сябе,
Не казала нічога, а калі казала, то «НЕ».
Гэтае слова яму падабалася
І найважнейным яму здавалася.
Настолькі трапным было тое слова,
Што падыходзіла да ўсіх прапановаў.
Памыцца, паесці, у школу, для спорту час?
«НE – адзіны на ўсё быў адказ.
Ад гэтага «Не!» і прыйшла мянушка
НЕдзінарог – падыходзіла слушна.
Што праўда, каламбур выйшаў хутчэй міжмоўны, чым беларускі (нашае “не” з не зусім нашай назвай аднарога). Другі страчаны ў перакладзе момант – дынамічны “выбух” шматлікіх “nein!” у нямецкім тэксце, які фактычна і рыхтуе з’яўленне фінальнага каламбура. І зусім прапала гульня ў сярэдзіне верша, вылучаная ў арыгінале курсівам. Гэта яшчэ адзін аўтарскі каламбур: гэтым разам паэт не дадае літару N да “аднарога”, а прыбірае яе – і выходзіць “Eihorn” (даслоўна “Яйкарог”). У перакладзе гэтая тонкая гульня знікае, і тэкст перастае быць забаўным. Шаноўная экспертка, разбіраючы гэты фрагмент, прапанавала сваё перакладчыцкае рашэнне: яно зусім не даслоўнае, затое захоўвае гульнёвы элемент.
…Аднойчы ў тым лесе вылепіўся аднарог.
Лухта, як ён вылепіўся! Ён жа вам не тварог.
Вой, не пірог. То-бок,
Не калабок…
Ну так, там рог у канцы, але іншы рог.
Пірог з рагамі зляпіць – абы-што ж, далібог!
Кожнаму ясна, як нараджаюцца аднарогі!
Спачатку з мамы вылазіць рог, а толькі потым і ногі.
Для мамы гэта, вядома, прыемна, але і нялёгка, калі…
Ну добра, не трэба, каб тут такія дэталі былі…
Цікавы шэраг рыфмаў і сугуччаў “аднарог – тварог – калабок” і г.д. – а таксама прамоўленае “вылепіўся” замест чаканага “вылупіўся” – захоўвае абсурдысцкую “логіку” арыгінала.
Мадэратар Андрэй Хадановіч таксама ўцягнуўся ў паэтычную гульню і прапанаваў сваю версію “перакладу неперакладальнага”, перастварыўшы ўвесь вершаваны тэкст (таксама вылучаем курсівам фрагмент навокал каламбура з “Eihorn”).
За павароткай чароўнай дарогі
ў лесе лілейным жывуць аднарогі.
Лес той лілейны расце ў Краі Мараў.
Кветкі, як дрэвы, сягаюць да хмараў.
Там камяні мяккім плюшам спавіты,
там каласіцца не жыта – бісквіты.
Толькі захоча салодкага фея,
з ваты цукровай хмарка паспее.
Цёплае сонца праменнем казыча.
Бедаў няма. І няма паляўнічых…
Неяк – маленечкі, як мышаня, –
вылупіўся Аднарожык… Хлусня!
Мышы – не з яек. Хутчэй тады качка!
Як гэта… эээ… во задачка!..
Яйка і рог – нешта ў гэтым не так.
Як тады зваць? Яйкарог? Яйкалак?
Выйшаў у свет, карацей, Аднарожык,
рогам наперад да маміных ножак.
Гэтулькі шчасця матулі і болю…
Лепш не ўдавацца ў дэталі. Даволі,
што Аднарожык малы – проста ваў! –
да чарадзейных лілей пасаваў.
Грыва пухнатая,
хвост гэткі файны,
поўсць надзвычайная,
рог надзвычайны.
Ды Аднарожык дзіўны ўсё роўна.
Слова не скажа. Ці скажа – адмоўна
“НЕ!” – супер-слова! адмоўнае слова!
“НЕ!” – ежы адмова!
“НЕ!” – ванне адмова!
“НЕ!” – школе адмова!
“НЕ!” – спорту адмова!
І адмаўляку сталі патрошку
не Аднарожкам зваць – Адмаўлёжкам.
Сам па сабе “Яйкарог” не дацягваў бы да каламбурнага “Eihorn” – і перакладчык скарыстаўся заканамернай у такіх выпадках кампенсацыяй, стварыўшы побач з ім сапраўды каламбурную форму “Яйкалак”. Пераклад назвы верша (і, адпаведна, мянушкі героя) атрымаўся досыць вольным, але таксама каламбурным. Што праўда, гуляць са словам “адмова” – не зусім тое самае, што каламбурыць з канкрэтна-дзіцячым “не”. Так што фінал верша пакуль што працоўны і не выключае далейшых пошукаў прасцейшага і бліжэйшага да дзіцячай мовы каламбура.
Але сам падыход (у абедзвюх версіях, прапанаваных экспертамі) здаецца слушным. Тэксты з гульнёй словаў не могуць перакладацца даслоўна: трэба адысці “на крок” ад арыгінала і паспрабаваць стварыць аналагічную гульню сродкамі тваёй мовы – так, каб чытачы перакладу ўсміхнуліся гэтаксама, як чытачы арыгінальнага твора.