Богдан Задура (Bohdan Zadura) – польскі паэт, празаік і перакладчык з беларускай, украінскай, англійскай і іншых моў. Аўтар больш як дваццаці пяці зборнікаў паэзіі, трох раманаў, шэрагу зборнікаў апавяданняў і крытычных кніг. Ганаровы сябра Беларускага ПЭНа. Верш «Беларускі паэт» выйшаў у зборніку «Змена часу» (Zmiana czasu) у 2024 годзе.
Беларускі паэт
Адзін беларускі паэт
напісаў верш прысвечаны
аднаму вожыку з парку Браніцкіх
у Беластоку
у вершы ён піша пра сяброўства
пра тое што ў жыцці можа
здарыцца адно сапраўднае сяброўства
максімум два
і згадвае Геніка
свайго сябра
са студэнцкіх часоў
піша пра Геніка-першага
і пра вожыка Геніка-другога
перакладаючы гэты верш
я адчуў спакусу
выкарыстаць імя Генрых
Генрых Першы і Генрых Другі
гэта гучала б па-каралеўску
ці прынамсі па-шэкспіраўску
але перадусім я думаў пра таго вожыка
і пра тое, што ў нейкай іншай рэальнасці
Генрыхам Трэцім мог бы быць я
я і беларуская літаратура?
трыццаць з чымсьці гадоў таму
Эўгеніюш Кабац
якога ў часопісе Literatura na Świecie называлі
«хітрым беларусам»
падгаварыў мяне перакласці
фрагмент з аповесці Дублёр альбо
Сны с открытыми глазами
у якім Алесь Адамовіч
апісаў не прыхарошваючы апошнія дні
Іосіфа Сталіна
першым беларускім пісьменнікам
з якім я пазнаёміўся асабіста быў
малады Альгерд Бахарэвіч
(я таксама быў малады але не настолькі)
на фестывалі Віленіца ў верасні 2006-га
мы з ім абмяняліся кнігамі
ён даў мне зборнік сваіх апавяданняў
Ніякай літасці Валянціне Г.
на мове якой я не ведаў
бо Дублёра перакладаў з рускай
а я яму Éles határok
свае вершы ў перакладзе на венгерскую
якой не ведаў ён
праз месяц на фестывалі Ars Poetica
у Братыславе
я пазнаёміўся з Андрэем Хадановічам
і Марыйкай
Марыйка была такой высокай і моцна складзенай
дзяўчынай што ў размове
з Даркам Фоксам (бо з кім яшчэ?)
я пажартаваў што трэба як мага хутчэй
арганізаваць ёй польскае грамадзянства
тады б мы нарэшце займелі спартсменку
сусветнага ўзроўню
у штурханні ядра
а пазней я перакладаў (разам са сваім сынам)
Таўсцілу і ляшча і (сам) Дзень паэзіі, смерці дзень
таксама Адамовіча але Андрэя
і іншых
і нечакана зрабіўся
ганаровым чальцом Беларускага ПЭНа
і гэтак жа нечакана праз пару гадоў
сузаснавальнікам Беларускага ПЭНа
у выгнанні
яшчэ да таго як колькі дзён таму
беларускі паэт
даслаў мне верш пра вожыка
я часам думаў пра яго
(хай даруе мне пара іншых асоб)
як пра найбліжэйшага сябра
хоць мяркую
гэта каханне можа выжыць без сувязі
як кактус без вады
сяброўства ж не надта
хоць
мы бачыліся толькі раз (у Мінску)
зрэдчас абменьваемся мэйламі
застаёмся на «Вы»
хоць у мяне няма любімага возера
я не мару скокнуць у Віслу
мне сняцца не толькі каляровыя сны
а пераважна чорна-белыя
аднак ён быў рэдактарам зборніка маіх вершаў
па-беларуску
я пераклаў тры ягоныя кнігі
і парадаваўся калі ў ягонай прозе
знайшоў свой верш
пра зорнае неба
але мы з ім амаль равеснікі
і назва ягонага роднага горада
пачынаецца на «П» як і майго
але я думаю
мы маем падобнае ўяўленне пра тое
што такое паэзія і якой яна мусіць быць
ён перанёс аперацыю па замене суставу
я тры іншыя
калі супраць АМАПу ў чорнай форме
паўсталі ўбраныя ў белае беларускі
пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў
я думаў пра ўбраных у чорнае полек
якія пратэставалі супраць рашэння Канстытуцыйнага Суда ў справе
абортаў
і якіх брутальна (хоць крыху менш чым тых)
разганяла паліцыя
польскія ўлады крытыкавалі жорсткасць беларускіх рэпрэсій
але я быў упэўнены што насамрэч
яны зайздросцяць рэжыму Лукашэнкі
што ў яго такі спраўны АМАП такія спраўныя суды
такія перапоўненыя турмы і папраўчыя калоніі
Мінскі дзённік які я атрымаў ад Юлі Цімафеевай
і пакуль толькі прагледзеў разгарнуўся
на старонцы з адрасамі дваццаці сталічных аптэк
якія працуюць кругласутачна і на старонцы дзе Юля
стрыжэцца пад нуль на знак салідарнасці са зняволенымі
Юля з Альгердам, Уладзімір, Уладзімер, Андрэй, другі Андрэй
Таццяна, Ганна
Грац, Вена, Гамбург, Варшава, Кракаў, Беласток
маленькая Беларусь
Вялікая Эміграцыя
тэлепатычна кажу беларускаму паэту
пераклала Ганна Янкута