Рэгламент прэміі «Голас пакалення свабоды»

РЭГЛАМЕНТ ПРЭМІІ
«ГОЛАС ПАКАЛЕННЯ СВАБОДЫ»
БЕЛАРУСКАГА ПЭНА
Ў ПАРТНЁРСТВЕ З БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫЯЙ ЖУРНАЛІСТАЎ,
ПРАВААБАРОНЧЫМ ЦЭНТРАМ «ВЯСНА»,
ПРЭС-КЛУБАМ БЕЛАРУСЬ,
ФОНДАМ «СВАБОДНАЯ ПРЭСА ДЛЯ УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ»,
ФОНДАМ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА
на 2026 год

Зацверджана аргкамітэтам: 13.07.2026

§ 1. Мэта і характар Прэміі

1. Прэмія «Голас пакалення свабоды» (далей – Прэмія) заснавана з ініцыятывы Беларускага ПЭНа для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў/літаратарак, праваабаронцаў і журналістаў/журналістак, якія былі вымушаны эміграваць з-за пераследу і пражываюць у Польшчы, Чэхіі ці Літве. 

2. Прэмія прысуджаецца з уласнай ініцыятывы заснавальнікаў, каб выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама за іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій.

3. У Раду Прэміі ўваходзяць прадстаўнікі Беларускага ПЭНа, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтра «Вясна», Прэс-клуба Беларусь, фонду «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». 

§ 2. Крытэрыі прысуджэння Прэміі

Прэмія прысуджаецца асобам, якія адпавядаюць усім наступным крытэрыям:

а. Маюць значныя дасягненні ў літаратуры, журналістыцы і/або галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.

б. Актыўна ўдзельнічалі ў пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.

в. Ім споўнілася 65 гадоў у год уручэння Прэміі (у выключных выпадках узроставы цэнз можа быць зніжаны да 63 гадоў).

г. Былі вымушаны эміграваць з Беларусі з-за палітычнага або грамадскага пераследу пасля 2020 года і жывуць цяпер у Польшчы, Чэхіі або Літве.

д. У сваёй дзейнасці вылучаюцца грамадзянскай адвагай і непахіснасцю прынцыпаў, а таксама адназначна і відавочна не падтрымліваюць, не транслююць і не асацыююцца ўстойліва з ідэямі, дзеяннямі, пазіцыямі, што пярэчаць дэмакратычным каштоўнасцям, уключаючы правы чалавека. 

е. Дэкларуюць прыхільнасць прынцыпам правоў чалавека. 

ж. Працягваюць сваю дзейнасць пры складаных жыццёвых абставінах.

з. Абавязваюцца ў вызначаны тэрмін быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з інтэрв’ю і правядзеннем Прэміі. 

і. Не былі лаўрэатамі/лаўрэаткамі Прэміі ў папярэднім годзе.

§ 3. Камітэт узнагароджання

1. Асобы, якім прысуджаецца Прэмія, абіраюцца прызначаным для гэтай мэты камітэтам прысуджэння Прэміі (далей – Журы).

2. У склад Журы ўваходзяць прадстаўнікі/прадстаўніцы арганізацый-партнёраў, якія падтрымліваюць праект Прэміі, у тым ліку:

    • Аб’яднанне «Беларускі ПЭН»
    • Беларуская асацыяцыя журналістаў
    • Праваабарончы цэнтр «Вясна»
    • Прэс-клуб Беларусь
    • Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»
    • Фонд Алеся Бяляцкага 

3. Рашэнні Журы прымаюцца на пасяджэнні (анлайн або афлайн), якое склікае каардынатар/каардынатарка працы з партнёрамі. Са складу Журы абіраецца старшыня Журы, які/якая вядзе пасяджэнні. Напачатку працы Журы абвяшчаецца колькасць лаўрэатаў/лаўрэатак, якая можа быць выбрана ў залежнасці ад фінансавых магчымасцяў. Журы правярае ўсе пададзеныя заяўкі на адпаведнасць фармальным крытэрыям і зацвярджае поўны спіс кандыдатаў/кандыдатак. Кожны/кожная сябра Журы мае адзін голас і галасуе за такую колькасць кандыдатаў/кандыдатак, колькі ўзнагарод Прэміі можа быць прысуджана. Лаўрэатамі/лаўрэаткамі робяцца асобы, якія набралі найбольшую колькасць галасоў; астатнія ўключаюцца ў рэзервовы спіс. Пры іншых роўных умовах і аднолькавай колькасці балаў улічваецца чарговасць паступлення анкет кандыдатаў/кандыдатак. У спрэчных сітуацыях праводзіцца перагаласаванне, а калі яно не дае выніку, вырашальны голас мае старшыня Журы. Пры аднолькавай колькасці галасоў за розных кандыдатаў/кандыдатак рашэнне прымаецца кансэнсусам.

4. Рашэнні Журы з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць  абскарджанню. Журы не мусіць тлумачыць падставы прыняцця рашэнняў.

5. Ход працы Журы з’яўляецца канфідэнцыйным. 

§ 4. Памер і форма Прэміі

1. Прэмія мае фінансавы характар. Яе памер вызначаецца праўленнем Беларускага ПЭНа пасля кансультацый з арганізацыямі-партнёрамі і ў залежнасці ад наяўных сродкаў. Лаўрэатамі/лаўрэаткамі Прэміі ў 2026 годзе могуць стаць дзевяць асобаў.  Імёны часткі лаўрэатаў/лаўрэатак Прэміі могуць быць зашыфраваны і не абвяшчацца публічна з меркаванняў бяспекі, пры наяўнасці аргументаваных прычын. Непублічна Прэмію маюць права атрымаць не больш за тры лаўрэаты/лаўрэаткі.

2. Матэрыялы пра публічных лаўрэатаў/лаўрэатак Прэміі ўключаюцца ў зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам разам з партнёрамі ў электроннай форме. Непублічныя лаўрэаты/лаўрэаткі таксама абавязаны даць інтэрв’ю, якія могуць быць апублікаваны з іх згоды пазней.

§ 5. Працэс вылучэння кандыдатаў/кандыдатак

1. Кандыдаты/кандыдаткі на Прэмію могуць быць вылучаны праз зварот да арганізацый-партнёраў, пералічаных у раздзеле 2 § 3, у тым ліку з боку сябраў Журы. Заяўкі падаюцца праз анлайн-форму, спасылка на якую высылаецца пасля папярэдняй верыфікацыі асобы заяўніка/заяўніцы. Пасля атрымання заявак арганізацыя-партнёр вызначае, якія кандыдаты/кандыдаткі адпавядаюць крытэрыям Прэміі і будуць рэкамендаваны для разгляду Журы. Адказнасць за запаўненне формы і першапачатковую верыфікацыю звестак, прадстаўленых кандыдатам/кандыдаткай, нясе каардынатар ад арганізацыі-партнёра.

2. Інфармацыя пра спосаб вылучэння кандыдатаў/кандыдатак распаўсюджваецца на вэб-сайтах усіх арганізацый-партнёраў.

3. Намінацыя кандыдата/кандыдаткі на Прэмію мусіць утрымліваць наступныя звесткі: 

а. Імя і прозвішча кандыдата/кандыдаткі. 

б. Электроны адрас кандыдата/кандыдаткі.

в. Краіна  жыхарства кандыдата/кандыдаткі.

г. Імя і прозвішча або назва арганізацыі/установы і кантактныя звесткі асобы, якая падае намінацыю. 

д. Падрабязнае апісанне жыццёвых дасягненняў і цяперашняй дзейнасці  кандыдата/кандыдаткі з асаблівым акцэнтам на яго/яе творчасць і/або ўнёсак у правы чалавека ў Беларусі; дакументы, якія пацвярджаюць дасягненні і працяг дзейнасці кандыдата/кандыдаткі – напрыклад, публікацыі, рэцэнзіі, партфоліа, сертыфікаты і г. д.

е. Абгрунтаванне намінацыі, у тым ліку, калі даступна, меркаванні іншых арганізацый і асобаў пра дзейнасць кандыдата/кандыдаткі. 

ж.  Дэкларацыя працягу дзейнасці пры цяжкіх жыццёвых абставінах.

з. Згода на публічны або непублічны ўдзел у Прэміі (пры запыце на непублічны ўдзел – пазначэнне аргументаваных падстаў).

і. Пацвярджэнне гатоўнасці і даступнасці для стварэння матэрыялу пра кандыдата/кандыдатку ў зборнік «Голас пакалення свабоды» і дзеянняў, звязаных з правядзеннем Прэміі (для публічных кандыдатаў/кандыдатак) / пацвярджэнне гатоўнасці да інтэрв’ю і дзеянняў, звязаных з правядзеннем Прэміі (для непублічных кандыдатаў/кандыдатак). 

4. Няпоўныя заяўкі або заяўкі, што змяшчаюць непраўдзівую інфармацыю, будуць адхілены. Калі звесткі пра непраўдзівую інфармацыю паступілі пасля ўручэння Прэміі, яна можа быць адклікана. 

§ 6. Абвяшчэнне і ўручэнне Прэміі

1. Інфармацыя пра лаўрэатаў/лаўрэатак Прэміі абвяшчаецца ў СМІ і на сайтах Беларускага ПЭНа і арганізацый-партнёраў.

2. Публікацыя матэрыялаў пра публічных лаўрэатаў/лаўрэатак у зборніку з’яўляецца абавязковай і ў выпадку адмовы ад яе Прэмія перадаецца наступнаму публічнаму кандыдату/кандыдатцы з рэзервовага спісу. 

3. Узнагарода Прэміі ўручаецца ў парадку, узгодненым з лаўрэатамі/лаўрэаткамі.

§ 7. Заключныя палажэнні

1. Усе пытанні, не ўрэгуляваныя гэтым рэгламентам, вырашаюцца Радай Прэміі.

2. Рэгламент ўступае ў сілу з дня яго прыняцця афіцыйнымі і/або ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі/прадстаўніцамі ўсіх арганізатараў Прэміі.