Рэгламент Прэміі імя Міхала Анемпадыстава на 2025 год

ДАДАТАК № 1

да Статута Прэміі
імя Міхала Анемпадыстава

1. Прэмія прысуджаецца аўтару або камандзе аўтараў за найлепшую вокладку беларускай кнігі, выдадзенай у 2024 годзе.

2. Мэты Прэміі: 

  • вызначэнне найлепшых вокладак беларускіх кніг; 
  • падтрымка дызайнераў беларускай кнігі; 
  • ушанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964–2018). 

3. Да ўдзелу можна заяўляць вокладкі беларускіх кніг. Беларускай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум 2 (двум) з пералічаных ніжэй крытэрыяў:

  • выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  • напісана беларускім аўтарам;
  • напісана па-беларуску;
  • змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

У спрэчных сітуацыях адпаведнасць намінаванай кнігі панятку «беларуская кніга» для кожнага канкрэтнага выпадку вызначаецца сябрамі Журы большасцю галасоў.

4. Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым выглядзе ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга была выдадзена ў годзе, што папярэднічаў году, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі, але з абгрунтаваных прычын не мела магчымасці ўдзельнічаць у папярэднім конкурсе Прэміі, яна можа быць прынята са згоды Аргкамітэта для ўдзелу ў бягучым годзе.

5. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў вокладак паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў вокладак.

6. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў: 

I этап: прыём заявак Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;

II этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спіса вокладак кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе Прэміі;

III этап (апцыянальна): публічнае абвяшчэнне Доўгага спіса вокладак-намінантак конкурсу Прэміі;

IV этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спіса вокладак-фіналістак конкурсу Прэміі;

V этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата/лаўрэатаў Прэміі. 

7. Галоўнай узнагародай у конкурсе Прэміі з’яўляецца артэфакт. 

У выпадку вылучэння дадатковых намінацый згодна з п. 2.8 Статута пераможца дадатковай намінацыі атрымлівае дыплом або іншы прыз, вызначаны Аргкамітэтам.

8. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі і вокладкі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Журы, Каардынатар Прэміі і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.

9. Лаўрэаты Прэміі могуць удзельнічаць у якасці намінантаў у наступных сезонах Прэміі.

10. Вокладка, заяўленая да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, выключаецца  з удзелу, калі адсутнічае згода аўтара вокладкі на ўдзел у Прэміі. Калі вокладка мае некалькі аўтараў і іх жаданні адносна ўдзелу/няўдзелу ў конкурсе Прэміі разыходзяцца, вокладка выключаецца з удзелу.

11. У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць вокладак аднаго аўтара.

12. Рашэннем Аргкамітэта дзеля бяспекі назва кнігі і імя аўтара могуць быць зашыфраваны.

13. Заяўка на Прэмію мусіць утрымліваць наступныя звесткі і матэрыялы: 

  • Назва кнігі;
  • Аўтар/аўтары кнігі;
  • Аўтар/аўтары вокладкі;
  • Кантактныя дадзеныя ўсіх аўтараў вокладкі, кароткая інфармацыя пра аўтара (аўтараў, у такім выпадку – пра ступень іх удзелу ў стварэнні вокладкі);
  • Год выдання;
  • Месца выдання;
  • Выдавецтва;
  • ISBN; 
  • Мова кнігі, якая намінуецца;
  • Выява вокладкі кнігі ў электронным фармаце (jpeg, png ці pdf) – пярэдні бок і разварот цалкам, а таксама іншыя элементы афармлення кнігі, якія намінатар лічыць важнымі для разгляду Журы (напр., форзацы);
  • Згода на перадачу папяровай версіі кнігі ў выпадку абрання ў кароткі спіс;
  • Дадзеныя заяўніка;
  • Згода з палажэннямі Рэгламенту;
  • Інфармацыя пра згоду аўтара на ўдзел у Прэміі і на публічнасць, згода на апрацоўку персанальных дадзеных. 

14. Заяўкі на конкурс Прэміі неабходна дасылаць: 

а) праз гугл-форму,  спасылка на якую будзе змешчана ў інфармацыі пра абвяшчэнне Прэміі; 

б) электронныя выявы вокладак мусяць быць дасланы на e-mail [email protected] з пазнакай у тэме ліста назвы кнігі, імя і прозвішча аўтара вокладкі; 

в) папяровы асобнік перадаецца ў індывідуальным парадку, пра што намінатару будзе паведамлена асобна.

15. Усе этапы Прэміі, у тым ліку абвяшчэнне Поўнага, Доўгага (апцыянальна), Кароткага спісаў і лаўрэатаў, будуць асвятляцца ў сацыяльных сетках Беларускага ПЭНа @pen_belarus і на сайце /.

16. Падаючы заяўку на конкурс Прэміі, удзельнікі прызнаюць, што Аргкамітэт Прэміі Анемпадыстава пакідае за сабой права выкарыстоўваць прынятыя на конкурс творы:

  • для іх дэманстрацыі ў публікацыях, звязаных з конкурсам, на афіцыйным сайце і сацсетках Прэміі, у сродках масавай інфармацыі; 
  • на сайтах і ў сацсетках партнёраў, у любых рэдакцыйных артыкулах; 
  • у рэкламных мэтах для прасоўвання конкурсу Прэміі і падзей, звязаных з Прэміяй, без якіх-кольвек абмежаванняў.

17. Падаючы заяўку, удзельнікі гарантуюць, што яны з’яўляюцца ўладальнікамі ўсіх правоў на свае працы і/або маюць неабходныя правы для дазволу на іх выкарыстанне, публікацыю і паказ, а таксама для перадачы правоў, апісаных вышэй. Удзельнікі пацвярджаюць, што пададзеныя імі працы не парушаюць аўтарскіх правоў або правоў на таварныя знакі іншых асоб ці арганізацый.

Статут Прэміі імя Міхала Анемпадыстава