12 кастрычніка ў гатэлі Renaissance ўручылі прэмію Гедройца за найлепшую кнігу 2015 года. Лаўрэатам зрабіўся Макс Шчур з кнігай “Завяршыць гештальт” (Тэрнопаль, “Крок”). Узнагарода за першае месца – чэк ад IdeaBank на суму, эквівалентную 5000 еўра.
Другое месца – Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Белая муха, забойца мужчын” (Мінск, “Галіяфы”). Узнагарода – стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя).
Трэцяе месца атрымаў Андрэй Адамовіч за кнігу “Таўсьціла і лешч” (Вільня, “Логвінаў”). Прыз – двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
Папярэднія пераможцы прэміі:
2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”;
2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”;
2014 — Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі”;
2015 — Віктар Казько “Час збіраць косці”.