Адкрываецца новы сезон “Кнігі году” — прэміі, якую ўручаюць самі пісьменнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.
Прэмія будзе прысуджацца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2016 годзе. На выбар кнігі-пераможцы можа паўплываць кожны сябар журы, а па сутнасці – любы беларускі літаратар.
У гэтым годзе прэмія будзе ўручацца адной кнізе незалежна ад жанру — намінацыі не прадугледжаныя. Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў эквіваленце па курсе Нацбанка.
Сёлета ў журы прэміі “Кніга году” можа ўвайсці любы пісьменнік альбо перакладчык, які цягам апошніх сямі гадоў выдаў хаця б адну мастацкую або нон-фікшн кнігу. Для таго, каб прагаласаваць, трэба да 20 лютага запоўніць форму на сайце прэміі.
Уручэнне прэміі адбудзецца ў сакавіку. Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”), Андрэй Хадановіч з кнігай “Нататкі таткі” (2016).