Аргкамітэт Прэміі імя Ежы Гедройца абвяшчае склад журы, якое будзе працаваць у 2018 годзе.
Адпаведна Палажэнню быў скліканы Камітэт па журы, у які ўвайшлі старшыня СБП Барыс Пятровіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, а таксама асоба, якая выбіраецца з сябраў журы Прэміі мінулых гадоў, – сёлета гэта Андрэй Хадановіч.
Такім чынам, сябрамі журы Прэміі Гедройца 2018 сталі: Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.
“Сёлета мы паспрабавалі зрабіць эксперымент і сфармаваць журы пераважна з крытыкаў і літаратуразнаўцаў: мяркуем, што прафесійны падыход да ацэнкі намінантаў дазволіць спадзявацца на большую аб’ектыўнасць. Мы, вядома, не можам гарантаваць, што гэта рэцэпт, які спрацуе, але мы спрабуем намацаць нейкія новыя падыходы,” – кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Нагадваем, што прыём заявак доўжыцца да 31 траўня. Прэтэндаваць на ўдзел могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года.
Узнагароджанне пераможцы Прэміі Гедройца 2018 ўступна плануецца ў верасні. Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Кантакты:
email: [email protected]