Выдавецтва “Галіяфы” распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне кнігі “Дом цікаўных казак” Надзеі Ясмінскай. За 2 тыдні праект сабраў 102% ад неабходнай сумы.
Кніга складаецца з 10 гісторый, дзеі ў якіх адбываюцца ў сучасным свеце і таму дзеці могуць пазнаць у маленькіх героях сябе. Усе казкі даволі ёмістыя і кароткія ― тое, што трэба для чытання нанач і ўтульных вячорак з кнігай.
“Да кожнай казкі прыкладаецца так званая “думачка” ― гэта мудрая думка, што прыйшла герою пасля сустрэчы з дзівам. У кніжцы няма павучання, але ёсць таблічка з такой “думачкай”, якая вісіць на кожных дзвярах. Пры жаданні бацькі могуць абмеркаваць з дзецьмі гэтую думку, правесці паралелі з рэальным жыццём. І тады кожная казка стане для дзяцей не проста маленькай прыгодай ― яна пакіне глыбейшы след”, ― кажа Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі.
Для таго каб праілюстраваць гэтую кнігу, мастачка Алена Сацута выразала і склеіла 1600 папяровых дэталей!
“Усе ілюстрацыі скрупулёзна зроблены з паперы ўручную ― у маёй аўтарскай тэхніцы папяровага калажу. Такая тэхніка ілюстрацый вельмі дакладна перадае “дзіцячасць”, цяпло і дабрыню казак. Працэс стварэння ілюстрацый працаёмкі, і таму для мяне вельмі значна ілюстраваць тое, што мне да душы і мае важны глыбокі сэнс. Надзеіны казкі з мудрымі думкамі для дзяцей прасякнуты любоўю і добрым стаўленнем да наваколля ― ідэальны матэрыял для мяне як для творцы”, ― распавядае Алена.
Калі распачалася кампанія, шмат хто звярнуў увагу на незвычайную назву кнігі. Вось як тлумачыць яе аўтарка Надзея: “Так, назва не зусім звычайная. Але справа ў тым, што ў гэтай кніжцы казкі ― нібы жывыя істоты. І менавіта з-за іх цікаўнасці і адбыліся ўсе гісторыі. У чароўных казак няма каранёў ― у іх ёсць крылы. Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае…”
Падтрымаць праект і набыць кнігу са зніжкай у 30% можна тут.
Пра аўтарку
Надзея Ясмiнска ― беларуская пісьменніца, лаўрэатка Прэміі Цёткі 2016 года за кнігу “Сем ружаў”, лепшая дзіцячая аўтарка ― 2017 па выбары мінскіх бібліятэк.
Пра мастачку
Алена Сацута ― мастачка і дызайнерка, працуе ў аўтарскай тэхніцы папяровага калажу з 2013 года. Сайт: elena-satsuta.com.
Пра выдавецтва
“Галіяфы” – незалежнае выдавецтва, якое спецыялізуецца на выданні:
– мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў,
– дзіцячых кніг на беларускай мове,
– кніг па мастацтве,
– кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.