Сёння дзень памяці Алеся Адамовіча. Выбітны пісьменнік, адзін з заснавальнікаў ПЭН-цэнтра пайшоў з жыцця 25 гадоў таму.
Пачынальнік беларускай дакументальнай прозы, Алесь Адамовіч найперш цаніў жывыя сведчанні, непрыдуманыя чалавечыя трагедыі, якія часам страшнейшыя за любыя літаратурныя сюжэты.
«Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека», – напісана ў прадмове да легендарнай кнігі «Я з вогненнай вёскі». Дзеля яе Алесь Адамовіч разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам аб’ездзілі 147 беларускіх вёсак, што падчас вайны былі спаленыя разам з людзьмі, і запісалі аповеды сведак, якім удалося выжыць.
Алесь Адамовіч – сапраўды асоба еўрапейскага маштабу, ён быў грамадскім дзеячам, выступаў супраць ядзернай зброі і адным з першых падняў пытанне Чарнобыльскай катастрофы, быў бліскучым літаратуразнаўцам, а стужка «Ідзі і глядзі» паводле сцэнара Алеся Адамовіча лічыцца адным з найвялікшых фільмаў пра вайну.
Сваім духоўным настаўнікам Алеся Адамовіча называе Святлана Алексіевіч. У інтэрв’ю нобелеўская лаўрэатка не раз адзначала, што ён навучыў яе мысліць, дапамог адчуць свой жанр у літаратуры.