Прыём заявак завяршаецца 28 лютага. Каб падаць вокладку на конкурс, трэба запоўніць форму на сайце ПЭН-цэнтра.
Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай кнігі, што выйшла ў 2018 годзе і адпавядае хаця б адному з наступных крытэраў:
– выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
– напісаная беларускім аўтарам;
– напісаная на беларускай мове;
– распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
У журы ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 4 – 7 красавіка ў менскай прасторы ОК16.
Прэмія заснаваная сёлета ў памяць пра чалавека шматлікіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця год таму.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Да праекту таксама далучыўся незалежны тэлеканал “Белсат”.