• Навiны
  • Беларускі ПЭН. Меркаванне Сяргея Дубаўца

Беларускі ПЭН. Меркаванне Сяргея Дубаўца

Апошняе абнаўленне: 7 жніўня 2019
Беларускі ПЭН. Меркаванне Сяргея Дубаўца
Сёння пад хэштэгам #pen30 мы пачынаем публікацыю выказванняў нашых сябраў пра тое, што ПЭН значыць для іх.

«7 жніўня (1989 году). У касцёле Быкаў аб’яўляе Беларускі цэнтр ПЭН-клуба… Ініцыятыўная група 20 чалавек. Старшыня (прэзідэнт) – Р. Барадулін, віцэ-прэзідэнты А. Разанаў, У. Арлоў, сакратар – К. Шэрман».

Пяты том «Дзёньнікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна, ст. 63.

Роўна трыццаць год таму адбылася знакавая сустрэча беларускіх пісьменнікаў, на якой было аб’яўлена пра стварэнне Беларускага ПЭН-цэнтра. Сёння пад хэштэгам #pen30 мы пачынаем публікацыю выказванняў нашых сябраў пра тое, што ПЭН значыць для іх.

Сяргей Дубавец, пісьменнік, эсэіст, журналіст, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра:

МАРАЛЬНАЯ ЎЛАДА

«ПЭН у Беларусі — маральная ўлада, якая стварае супрацьвагу ўладзе чынавенства і бюракратыі. У адрозьненьне ад іх, першая і галоўная каштоўнасьць для ПЭНа — чалавек. Менавіта ў сілу сваёй абсалютнай гуманістычнай скіраванасьці, а таксама міжнароднага статусу, ПЭН ня можа ні зрасьціся зь імі, ні вырадзіцца. Разам зь іншымі стаўпамі грамадзянскай супольнасьці ПЭН стварае ў краіне засьцярогу ад маральнага выраджэньня і тыраніі. Гэта клясычная роля эліты грамадзтва, якой чым больш, тым больш гуманныя парадкі, у якіх мы жывем. Таму, што б ні рабіў ПЭН, яго галоўная задача ў Беларусі — асьветніцкая. Гэта ў любых формах прамоўленае даходлівае  вытлумачэньне каштоўнасьці чалавека і яго правоў, свабоды, катэгарычнага імпэратыву Канта, непрыняцьця гвалту над асобай, багацьця ў разнастайнасьці. Апошняе тычыцца як чалавека, так і народа, культуры, мовы. «Яны ня ўцямілі, што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці» — гэтыя словы Ігната Абдзіраловіча маглі б стаць дэвізам усёй дзейнасьці ПЭНа».