У студзені ў Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі мірных сходаў у абарону Незалежнасці, якія адбыліся ў снежні 2019 года. Актывістаў, літаратараў, блогераў і журналістаў судзяць па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Вынікі судоў – арышты і штрафы.
10 студзеня 2020 года сябра Рады Беларускага ПЭН-Цэнтра, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, пісьменнік Уладзімір Арлоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам у памеры 20 базавых адзінак (540 рублёў).
Адміністрацыйная справа Уладзіміра Арлова разглядалася судом Ленінскага раёна г. Мінска. Суд не задаволіў хадайніцтва Уладзіміра Арлова пра прыцягненне ў якасці сведкі навукоўца і вядомага перакладчыка Лявона Баршчэўскага, які таксама браў удзел у мірным сходзе і прыцягваўся да адказнасці.
8 снежня на Кастрычніцкай плошчы г. Мінска падчас мірнага сходу грамадзянаў у абарону суверэнітэту Беларусі пісьменнік Уладзімір Арлоў зачытаў свой літаратурны твор “Незалежнасць – гэта…”. Эсэ “Незалежнасць – гэта…” – знакавы твор для беларускай літаратуры. Тэкст напісаны ў 1990 годзе, і напрыканцы існавання СССР гучаў як голас імкнення да незалежнай дзяржавы.
Уладзімір Арлоў зачытаў у судзе тэкст эсэ і таксама падкрэсліў, што, акрамя чытання літаратурнага твора, не рабіў дзеянняў, адзначаных у пратаколе як падставы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Фактычна пісьменніка Уладзіміра Арлова прыцягнулі да адказнасці за публічнае чытанне мастацкага твора.
Беларускі ПЭН-Цэнтр выказвае рашучы пратэст у сувязі з парушэннем свабоды творчасці, выказвання і мірных сходаў.
Беларускі ПЭН-Цэнтр працягвае сачыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі акцый у абарону Незалежнасці і настойвае на скасаванні практыкі прысудаў, якія супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра
Мінск 13 студзеня 2020
Эсэ “Нежалежнасць – гэта…” на іншых мовах:
Незалежнасьць — гэта… (па-беларуску)
Independence means… (English)
Независимость — это… (по-русски)
Niepodległość to… (Polski)
Незалежність — це… (Українська)
Независимостта — това е… (Български)
Självständighet — det är… (Svenska)
Sendependeco estas… (Esperanto)
Independência é… (Português)
Unabhängigkeit ist… (Deutsch)
Az a Függetlenség, ha… (Magyar)