Мінск, 21 студзеня 2020 г.
16 студзеня 2020 г. Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер “Шэры кот”, у чарговы раз быў асуджаны судом г. Орша на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Таксама вядома, што на Дзмітрыя Казлова агулам склалі восем пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх) і яго чакае яшчэ адзін судовы працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну г. Мінска.
Нагадаем, што яшчэ 25 снежня 2019 г. Дзмітрый Казлоў трапіў у ІЧУ г. Оршы на 15 сутак арышту за ўдзел у мірных сходах, якія адбываліся ў г. Мінску ў перыяд правядзення парламенцкіх выбараў. 9 студзеня 2020 г. на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд г. Орша і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам, гэтым разам за ўдзел у мінскіх акцыях супраць “паглыбленай інтэграцыі” 21 снежня 2019 г. На наступны дзень, 10 студзеня 2020 г., яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня 2019 г. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак.
13 студзеня 2020 г. судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня 2019 г. 20 студзеня блогер быў часова вызвалены з ІЧУ г. Оршы на час правядзення “дэзынфекцыі”. Ён паведаміў журналістам, што агулам быў асуджаны да 90 сутак адміністрацыйнага арышту.
Тактыка асуджэння грамадскіх актывістаў адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матыванага ціску. Так, актывіст Іван Амельчанка ў 2012 г. адбываў 52 сутак адміністрацыйнага арышту ў ЦІП г. Мінска запар.
Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую дзейнасць блогера Дзмітрыя Казлова.
Акрамя таго мы адзначаем, што пазбаўленне волі Дзмітрыя Казлова, па сваёй працягласці, суадноснае з пакараннем у выглядзе арышту у межах Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Зняволенне Дзмітрыя Казлова выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй апошнім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.
Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неакладнага вызвалення. Гэтыя патрабаванні ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за удзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася.
У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера Дзмітрыя Казлова і патрабуем:
– адмены вынесеных у дачыненні да Дзмітрыя Казлова пастановаў суда Маскоўскага раёна г. Мінска ад 26 снежня 2019 г., а таксама суда г. Оршы і Аршанскага раёна ад 26 снежня 2019 г., 9, 10, 13, 15, 16 студзеня 2020 г. і іншых судовы пастановаў, вынесеных у дачыненні да яго па арт. 23.34 КаАП;
– спынення раней распачатых супраць Дзмітрыя Казлова адміністрацыйных працэсаў па арт. 23.34 КаАП.
Праваабрончы цэнтр “Вясна”
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
РГА “Прававая ініцыятыва”
Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”»
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Цэнтр прававой трансфармацыі “Lawtrend”
Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”
ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
Беларускі ПЭН-цэнтр