Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.
Склад журы:
Лявон Баршчэўскі – перакладчык, кандыдат філалагічных навук;
Ганна Бутырчык – выкладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры замежнай літаратуры;
Вольга Марозава – перакладчыца, выкладчыца пісьмовага перакладу;
Сяргей Сматрычэнка – філолаг, перакладчык, рэдактар;
Сяргей Шупа – перакладчык, журналіст, лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана (намінацыя “Пераклад прозы”, 2019).
Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае грашовы прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.
Каб падаць заяўку, запоўніце форму, электронную версію і вокладку (jpeg) выдання дашліце на [email protected] з пазнакай у тэме “Імя і прозвішча перакладчыка, назва кнігі”. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5 кніг) трэба перадаць у Беларускі ПЭН-цэнтр (адрас: вул. Залатая горка, 2, 101, кожную сераду з 10.00 да 19.00, дамовіцца на сустрэчу і атрымаць код ад дамафона можна па тэлефоне +37544 7994047).
Калі падача электроннага варыянта перакладзенай кнігі немагчымая, намінатар павінен прадаставіць не менш за 4 папяровыя асобнікі кнігі.
Падрабязней з умовамі прэміі можна пазнаёміцца, прачытаўшы яе статут і рэгламент /sherman.html.
Заяўкі прымаюцца да 20 траўня (уключна).
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Дабрачынны фонд “Вяртанне”.
У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад кнігі “Панядзелак” Мойшэ Кульбака, Антон Францішак Брыль за пераклад вершаў Марка Валерыя Марцыяла і Надзея Кандрусевіч за пераклад кнігі “Ёрдзіс” Юі Вісландэр.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў; задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас: [email protected] .