• Заявы
  • Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 палітычных зняволеных

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 21 красавіка 2023
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 палітычных зняволеных

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

21 красавіка 2023 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў:

Аляксандр Тарасенка змешчаны пад варту па артыкулу 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;

Аляксандр Дзюба асуджаны па арт. 369, 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Раман Арцёменка і Віктар Ламека змешчаныя пад варту па артыкулу 367 КК за паклёп на  А. Лукашэнку;

Аляксандр Тучкоў асуджаны па арт. 369, 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Вольга Алянюк асуджана за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ігар Свірыда асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэй Пуканаў асуджаны за паклёп на А.Лукашэнку па арт. 367 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Тамара Каравай асуджана за паклёп на А. Лукашэнку па арт. 367 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Дзмітрый Жыдко асуджаны за хуліганства па арт. 339 КК за дэманстрацыю надпісу на бюлетэні на адрас У. Пуціна і А. Лукашэнкі сябрам выбарчай камісіі падчас рэферэндуму да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Іван Мілюкоў асуджаны па арт. 369, 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Тарасенку, Віктара Ламеку, Аляксандра Дзюбу, Рамана Арцёменку, Аляксандра Тучкова, Вольгу Алянюк, Ігара Свірыду, Андрэя Пуканава, Тамару Каравай, Дзмітрыя Жыдко, Івана Мілюкова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

  1. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.