UPR-2025: даклад беларускіх НДА аб правах чалавека ў Беларусі

Апошняе абнаўленне: 16 красавіка 2025
UPR-2025: даклад беларускіх НДА аб правах чалавека ў Беларусі

Кааліцыя беларускіх недзяржаўных арганізацый накіравала даклад аб выкананні Беларуссю сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека ў межах чацвёртага цыклу Універсальнага перыядычнага агляду (UPR).

Даклад падрыхтавалі: 

Агульную каардынацыю падрыхтоўкі дакладу ажыццяўляў Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Што такое UPR і навошта ён патрэбны

Раз на 4,5 года кожная краіна — сябра ААН — праходзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду (UPR). Гэта свайго роду «экзамен», падчас якога краіна прадстаўляе справаздачу аб выкананні правоў чалавека. Іншыя краіны даюць рэкамендацыі, што трэба палепшыць.

Пасля гэтага краіна, якая прайшла працэдуру агляду, добраахвотна вызначае, якія з атрыманых рэкамендацый яна прыме. Мяркуецца, што краіна прымае і выконвае рэкамендацыі добраахвотна, таму што гэта павінна палепшыць жыццё людзей. І паколькі агляд з’яўляецца перыядычным (раз на 4,5 года), ёсць магчымасць убачыць, як краіна выканала атрыманыя рэкамендацыі.

Беларусь удзельнічала ў працэдуры UPR у 2010, 2015 і 2020 гадах.

Больш падрабязна пра працэдуру UPR і ролю недзяржаўных арганізацый у гэтым працэсе, чытайце па спасылцы.

Даклад кааліцыі беларускіх недзяржаўных арганізацый

У сваім дакладзе кааліцыя беларускіх НДА распавяла пра сітуацыю з усім спектрам правоў чалавека ў краіне і прапанавала, якія рэкамендацыі варта адрасаваць уладам Беларусі ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду (UPR).

Вось толькі некаторыя прыклады рэкамендацый:

  • Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць: безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць практыку адвольных затрыманняў, спыніць практыку incommunicado і гарантаваць своечасовы доступ да юрыдычнай і медыцынскай дапамогі, а таксама да сустрэч з роднымі; устанавіць мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнай адмены.
  • Правы жанчын: прыняць комплекснае заканадаўства па барацьбе з гвалтам на гендэрнай глебе, у тым ліку асобны закон аб хатнім гвалце, які адпавядае Стамбульскай канвенцыі.
  • Права на працу: аднавіць дзейнасць незалежных прафсаюзаў і аднавіць на працы звольненых у межах рэпрэсій пасля 2020 года за выкарыстанне правоў і свабод; адмяніць «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства і акты аб «дармаедах». Змяніць кантрактную сістэму найму, забяспечыўшы гарантыі ўстойлівай занятасці.
  • Роўнасць і недыскрымінацыя: прыняць комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства.
Беларускі ПЭН выступіў з рэкамендацыямі:
  • неадкладнага спынення катаванняў і палітычнага пераследу дзеячаў культуры, 
  • вызвалення ўсіх палітычных вязняў, 
  • забеспячэння бяспечных ўмоваў для творчай дзейнасці
  • ліквідацыі дыскрымінацыйнай практыцы ў дачыненні да дзеячаў культуры па палітычных падставах.
Ацэнка прагрэсу Беларусі 

Акрамя таго, праваабаронцы ацанілі выкананне Беларуссю рэкамендацый трэцяга цыклу Універсальнага перыядычнага агляду (UPR).

Калі коратка: сітуацыя дрэнная.

З 266 рэкамендацый, атрыманых Беларуссю ў ходзе трэцяга цыклу, 155 былі прыняты дзяржавай у той ці іншай форме. З іх 2 (1,3 %) былі цалкам выкананыя, а 24 (15,5 %) — часткова. Пры гэтым праваабаронцы не змаглі ацаніць выкананне 14 рэкамендацый з-за недастатковай колькасці інфармацыі.

Падрабязная ацэнка выканання Беларуссю рэкамендацый трэцяга цыклу, а таксама каментары да іх даступныя ў табліцы па спасылцы.

Дадаткова ў гэтым цыкле UPR Беларускі ПЭН у супрацы з PEN International і PEN America прадставілі спецыялізаваную справаздачу па культурных правах і свабодзе выказвання.  Падрабязней распавядзем вам пра гэтую працу ўжо хутка.