[Прочитать колонку по-русски можно тут]
Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.
Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
ЛІТАРАТУРА І ЖЫЦЦЁ
Калі мяне пытаюцца, навошта патрэбныя гуманітарныя прадметы, я кажу шчыра, што іх усяго два – літаратура і гісторыя. Гісторыя гаворыць пра тое, што адбывалася з чалавецтвам, а таму дазваляе прадказваць (ці, прынамсі, часам прадбачваць), чым можа скончыцца тая ці іншая сітуацыя.
А літаратура дапамагае разбірацца ў людзях. Вось сустрэў ты, скажам, чалавека, у якім шмат нагадвае табе Абломава. То бок ён і не дурны, і прыстойны, але не здольны да якой-небудзь справы. Так, яму прасцей на канапе бакі адляжаць, чым подласць учыніць, але жыццё цячэ дзесьці побач з ім, не закранаючы яго, не чапляючы. І разам з гэтай плыннай ракой-жыццём мінае час, дзень за днём, год за годам, зносячы з сабой спачатку часцінку яго самога, а потым і памяць пра чалавека, які нібыта і быў, але нібыта яго і не было…
Або сустрэнеш на сваім шляху фанатыка ідэі, з бляскам у вачах, з катэгарычнасцю прарока, які адстойвае сваю праўду – і не здольны пачуць іншага пункта гледжання, а значыць, і не спрабуе зразумець цябе… Чым не Раскольнікаў?
І вось так, вызначыўшы для сябе, з кім з літаратурных герояў ты цяпер размаўляеш, ты і ўласныя паводзіны з сітуацыяй суадносіш. Можна колькі заўгодна падручнікаў псіхалогіі прачытаць, але класічная літаратура заўсёды дакладнейшая і канкрэтнейшая. І значыць, з агульных разваг робіцца яна цалкам прыкладной дысцыплінай.
Я да чаго гэта?
Ёсць у нядрэннага мастака-перасоўніка (так бы мовіць, другога шэрагу) Мікалая Ярашэнкі, карціна пад назвай «Усюды жыццё». Жанчына, мужчына і хлопчык праз акно, зацягнутае кратамі, кормяць галубоў. Можна толькі здагадвацца, дзе яны знаходзяцца (у турме? у так званым перасыльным доме?), як яны туды трапілі і чаму раптам вырашылі галубоў пакарміць. Але і там – сапраўды, жыццё. Рэальнасць.
Мастацтва тады цябе кранае, калі так ці інакш супадае з тваім бачаннем жыцця. Вось і ў калоніі я адчуваў сябе чалавекам, які не тое каб галубоў прыкормлівае, не, але сваёй гатоўнасцю слухаць і чуць чалавека, ягоны боль, да таго часу затоены ў ім, мімаволі правакаваў само жаданне падысці і паплакаць мне ва ўяўную камізэльку.
У атрад, скажам, прыходзіць малады зусім хлапчына. Яму васямнаццаць, яго толькі што перавялі да нас з малалеткі, дзе ён адседзеў паўгода, чакаючы свайго паўналецця.
Разгаварыліся.
Пасадзілі яго за каханне. Яму было сямнаццаць з паловай гадоў, каханай – крыху больш за чатырнаццаць. Узрост ні пра што не кажа? Правільна вы ўсё зразумелі. Рамэа і Джульета.
Маці Джульеты вярнулася дадому, жахнулася, памчалася ў міліцыю і напісала заяву. Разбірацца стала ўжо пасля міліцыі.
І хлопец кажа, што кахае сваю Джульету ды гатовы ажаніцца з ёй хоць цяпер. І дзяўчынка кажа, што гвалту не было, а было толькі каханне – першае каханне. І наваяўленая лэдзі Капулеці праслязілася і пайшла ў міліцыю забіраць заяву.
Але не выйшла. Заява ўжо падшытая да справы, выкінуць яе нельга. Гэта пакуль паперка без уваходнага нумара – яна паперка, а калі з нумарам – матэрыял крымінальнай справы. Або супраць Рамэа наваяўленага, або супраць ягонай патэнцыйнай цешчы. А што вы думалі, мамуся? А раптам вы хлопца проста шантажаваць вырашылі?!
І выбару ў патэнцыйнай цешчы няма. Прасцей неадбытага зяця пасадзіць у турму, чым самой туды адправіцца. І вось Рамэа апынуўся ў калоніі на тэрмін у свой чырвончык (а сказалі б, што быў гвалт, дык і больш атрымаў бы), а Джульета папрасіла ў яго прабачэння за неразважлівую мамухну і сказала шчыра, што чакаць дзесяць гадоў яна не будзе.
А вось іншая гісторыя.
Дзяцюк ужо старэйшы: калі пасадзілі – яму пад трыццатку было. Дзве вышэйшыя адукацыі. З Масквы. Прыехаў у Гомель у госці да кагосьці з былых аднакурснікаў. Закруціўся ў яго раман з тамтэйшай паненкай. Пачалі перапісвацца. Ён прыязджаў да яе. Збіраўся прапанову рабіць.
І тут хтосьці з «добразычліўцаў» вазьмі дый дашлі яму мэйл: маўляў, ёсць у яе іншы, а цябе яна за нос водзіць.
Справа была летам.
Наш герой кладзе нож (!) у торбу, садзіцца на ровар (!!) і пілуе да Гомеля (!!!) роварам. І там учыняе крывавую разборку з «праклятай здрадніцай».
Адвакат на судзе кажа: маўляў, гэта ён у стане афекту! Нават суддзя не паверыў: як гэта ён даехаў на ровары з Масквы да Гомеля – і гэты самы афект у яго не выветрыўся? Ды настолькі не выветрыўся, што ў целе загінулай ахвяры зафіксавана каля сарака нажавых ран!
Ну і выкаціў на поўную катушку гэтаму самаму наваяўленаму Атэла паўтара дзясятка гадоў. Выйдзе хлопец – а яму ўжо за сорак стукне.
Не апраўдваю я іх, не. Але яны паплачуцца немаладому, не надта здароваму і крыху ўжо знюханаму з жыццём дзядзьку – і ім лягчэй.
А між тым у атрадзе са мной і Гумберт набокаўскі сядзеў. І Федзя Пратасаў з талстоўскага «Жывога трупа». І шмат хто яшчэ з літаратурных персанажаў.
Падчас першага кароткатэрміновага спаткання, якое адміністрацыя пятнашкі прымеркавала якраз да дня святога Валянціна 2023 года, жонка ў мяне праз шкло пытаецца:
– Ну, хто з табой у адной камеры сядзіць?
– У нас не камеры, а спальныя памяшканні.
– Не чапляйся да словаў. Ну, хто з табой у адным спальным памяшканні… жыве?
– Прыстойныя людзі. У асноўным, з 139-м артыкулам.
– Ну? А што за артыкул?
– Забойства.
Паўза.
Потым ужо, калі доўгатэрміновае спатканне далі, растлумачыў ёй усё. Яна зразумела. Як не зразумець, калі я ў яе праходзіў як змоўшчык Сідні Рэйлі з «Мёртвага зыбу» Льва Нікуліна? Хоць і ўляпаўся ў гісторыю, але таксама – цалкам літаратурны персанаж.
Аляксандр Фядута
Чытаць папярэднія тэксты:
Першая сустрэча, апошняя сустрэча… Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты