Дзвюма творчымі анлайн-сустрэчамі распачаўся супольны беларуска-дацка-шведскі літаратурны праект verse X change. Дзесяць нашых аўтарак і аўтараў паедуць у Данію і Швецыю, дзе сустрэнуцца з калегамі з гэтых краін і будуць працаваць з імі ў парах, робячы ўзаемныя пераклады. У выніку сучасная беларуская паэзія з’явіцца па-дацку і па-шведску, а дацкія і шведскія аўтары будуць апублікаваныя па-беларуску.
Сустрэчы, якія праводзіў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, мелі сваёй задачай у нейкай ступені падрыхтаваць беларускіх аўтарак і аўтараў да супрацы з замежнымі калегамі ў сітуацыі, калі ўдзельнікі творчых тандэмаў не ведаюць мовы адно аднаго і мусяць карыстацца мовай-пасярэдніцай і перакладаць не з арыгінала, а з падрыхтаваных загадзя падрадкоўнікаў (ці даслоўнікаў).

Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, бард. Выкладае ў Школе маладога пісьменніка і вядзе Перакладчыцкую майстэрню.
Аўтар амаль двух дзясяткаў паэтычных кніг. Ягоныя вершы і эсэ перакладзеныя на розныя мовы. Сам перакладае з ангельскай, французскай, польскай, расійскай ды ўкраінскай моваў. Лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку прэміі Арсенневай, прэміі Шэрмана і Кнігі году.
Першае спатканне адбывалася ў фармаце лекцыі, прысвечанай агульным выклікам, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі паэзіі. Андрэй Хадановіч дзяліўся ўласным досведам перакладання, а таксама цытаваў творчасць сваіх калег, ілюструючы тую ці іншую агульную праблему адпаведным прыкладам ці, наадварот, тэарэтызуючы на падставе таго ці іншага канкрэтнага фрагмента.
***
Вось жа, ці мелі рацыю італьянцы, калі сфармулявалі, што «перакладчык – здраднік»? Ці ёсць хоць каліва праўды ў старым сумнеўным жарце пра мастацкія пераклады, якія могуць быць «або прыгожымі, або вернымі»? Ці слушна праводзіць падзел між перакладамі паэзіі і прозы, маўляў, «перакладчык у прозе – раб, а ў вершах – супернік»?
Хадановіч паўжартам прапанаваў падзяліць гэтае слова злучком: «супер-нік», бо яно добра апісвае ўзаемаадносіны перакладчыка з арыгінальным тэкстам. Арыгінал – вобраз, у які трэба ўжыцца; роля, якую перакладчыку і перакладу трэба адпаведна зайграць, заўсёды пераўвасабляючыся ў іншага, але і застаючыся сабой. У найлепшых паэтычных перакладах без подпісу аўтарства мусіць пазнавацца арыгінал, але таксама і асоба перакладчыка. (Хто з дасведчаных чытачоў не пазнае стыль перакладаў Васіля Сёмухі або Алеся Разанава?)
Пераклад паэзіі – як, дарэчы, і прозы – гэта разнавіднасць літаратурнай творчасці. Але яна вельмі адрозніваецца ад стварэння ўласных тэкстаў. Класік некалі сфармуляваў, што паэзія – падарожжа ў невядомае. Ты ідзеш навобмацак, і калі пачынаеш, не ведаеш, куды цябе завядзе. А ў перакладзе ўсё наадварот: ты дакладна ведаеш, куды табе трэба трапіць, але не ведаеш туды дарогі. Таму пераклад – гэта найперш пошук маршруту. У такое сабе трыдзявятае мастацкае валадарства.
Пераклад – гэта форма суаўтарства, дзе ты не змагаешся з аўтарам, а намагаешся яго зразумець. І дапамагчы яму сфармуляваць сваё пасланне, з папраўкай на твой час і тваю мову, для сучасных табе чытачоў, якіх ты больш-менш уяўляеш. Ты бачыш цуды, якія ў свой час тварыў (або і сёння творыць) твой аўтар, ты нібы глядач, які трапіў да фокусніка экстра-класа. І хоча падгледзець і паўтарыць за ім не менш віртуозна. І калі ўсё атрымаецца, чытач забудзе, што гэта толькі фокус, і ўспрыме як цуд. Ты прыслухоўваешся да тэксту, спрабуеш зразумець, чым ён чароўны і што ў ім найкаштоўнейшае, як дзейнічае гэты механізм у арыгінале, а потым намагаешся – даступнымі табе сродкамі – стварыць штосьці супастаўнае.
Ёсць думка, што паэзія неперакладальная, і гэта ў пэўнай ступені слушна, бо яе пераклад – не копія арыгінала, а ў нечым ужо трохі іншы мастацкі твор. Арыгінал, як і добры пераклад, – складана арганізаваная сістэма з рознымі ўзроўнямі і элементамі. І часта здараецца, што нейкі ўзровень або элемент гэтай сістэмы – абсалютна неперакладальны. Але яго заўжды можна заступіць, кампенсаваць іншым элементам, адэкватна перадаўшы ўсю сістэму.
Бліскучы польскі паэт і перакладчык Станіслаў Бараньчак у сваім трактаце «Ocalone w tłumaczeniu» прапануе карыстацца тэрмінам «семантычная дамінанта». Гэта той узровень сістэмы, той элемент твора, які «працуе» перадусім. Груба кажучы, перакладчык шукае, у чым фішка верша. І знайшоўшы, спрабуе яе перадаць, не аслабіўшы. А «не аслабіць» у перакладзе можна хіба толькі адным спосабам – паспрабаваўшы трохі ўзмоцніць. Як пісаў яшчэ адзін класік перакладу, калі ў арыгінале тэмпература 38 градусаў – разагрэць яе да 40. Інакш чытачы перакладу проста нічога не заўважаць.
***
Вось, напрыклад, семантычная дамінанта на ўзроўні гукавой арганізацыі тэксту. Возьмем камічны, сатырычны прыклад. Верш Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага «Strasna zaba», які зрабіўся славутым у міжваеннай Польшчы, хоць сёння можа выклікаць складаныя эмоцыі, бо ў ім утрыруецца і гратэскава даводзіцца да камічнага эфекту такі дэфект маўлення, як шапялявасць:
Pewna pani na Marsałkowskiej
kupowała synkę z groskiem
w towazystwie swego męza, ponurego draba;
wychodzą ze sklepu, pani w sloch,
w ksyk i w lament: – Męzu, och, och!
popats, popats, jaka strasna zaba!
Беларуская перакладчыца Кацярына Маціеўская ўзмоцніла гэты эфект, пачаўшы ўжо з самой назвы, у ейным перакладзе верш называецца «Зудасная заба».
На Марсалкоўскай пані ў косык
складала мяса і гаросак,
побац муз яе стаяў і па карку скрабаў.
Выйслі з крамы – пані: «Вой,
музанёцак, Боза мой,
паглядзі, якая там зудасная заба!»
У скандальна знакамітым вершы французскага дэкадэнта і сімваліста Шарля Бадлера «Падліна» («Une Charogne») мы таксама можам вызначыць семантычную дамінанту. Гэта кантраставае сутыкненне несутыкальнага. З аднаго боку, узнёслая, сакральная лексіка. З другога – максімальны натуралізм. І гэтую лексіку аўтар спалучае на ўзроўні рыфмы, якая робіцца сэнсавай, калі, скажам, «тухляціна» рыфмуецца «з вялікай прыродай»:
…Le soleil rayonnait sur cette pourriture,
Comme afin de la cuire à point,
Et de rendre au centuple à la grande Nature
Tout ce qu’ensemble elle avait joint;
У беларускім перакладзе Хадановіча гэта перадаецца так:
…А сонца смажыла ўсё гэтае смуроддзе,
Бы прагнула спаліць на тло,
Па дробных частачках вяртаючы Прыродзе,
Што цэлым некалі было.
Альбо далей, напрыканцы верша:
…Et pourtant vous serez semblable à cette ordure,
A cette horrible infection,
Etoile de mes yeux, soleil de ma nature,
Vous, mon ange et ma passion!
Oui! telle vous serez, ô la reine des grâces,
Apres les derniers sacrements,
Quand vous irez, sous l’herbe et les floraisons grasses,
Moisir parmi les ossements.
У беларускім перакладзе:
…Але і вам ісці туды, дзе ўсё сканае,
У брыдкі, у мярзотны дол, –
Святло маіх вачэй, раскоша незямная,
Ласкавы й велічны анёл!
Так, вечна юная, вы будзеце ў магіле!
Вам, неўміручая любоў,
Пасля таемстваў быць развалінаю ў цвілі
І парахнець між чарапоў!
***
Яшчэ адна з агучаных падчас сустрэчы тэзаў – перакладчык не павінен хлусіць, нават калі нязгодны з чымсьці ў арыгінале. Бо часам узнікае спакуса «паправіць» аўтара, які чагосьці не разумеў і не казаў так, як нам бы хацелася ад яго пачуць. Прыкладам можа быць ужо згаданы Галчыньскі і яго беларускі пераклад Алега Лойкі. Галчыньскі ў 1930-х пражыў некалькі гадоў у Вільні і пакінуў шэраг вельмі каларытных вершаў, перадаючы міжваенны «дух горада». Што праўда – і далёка не ён адзін такі – ва ўпор не бачыў беларускай Вільні.
Noc w Wilnie
W sercu miłość, a w powietrzu żałość.
Wiatr w drzewach trwożliwych trzeszczy.
A ten deszcz – to jakby wiatr miał tyfus
i wymajaczyło mu się takie Wilno z deszczem;
i z takimi na Wilence mostkami,
gdzie samobójstwo to tylko romantyczność,
z dorożkami, płynącymi w mglistość,
z piwiarniami, gdzie piją żandarmi.
Na plakacie rząd do pożyczki wzywa.
Dorożkarze tłuką się po pysku.
Tuż Wilenka, rzeczka mała, swarliwa,
łkająca czarno, ciemno, po rosyjsku.
Вось што робіць з фіналам верша Алег Антонавіч Лойка. Здаецца, каментар непатрэбны.
Ноч у Вільні
У сэрцы – любоў, а ў паветры жальба.
Вецер трашчыць у стрывожаных дрэвах.
А гэтая ўлева – то як бы тыфозны вар’ят,
якому маячыцца вось гэтая Вільня з улевай
ды з такімі на Віленцы масткамі,
дзе самагубства – гэта толькі рамантычнасць, –
з дрожкамі, што плывуць у імглістасць,
з піўнымі, дзе п’юць жандары.
З плакатаў урад да пазыкі заклікае.
У балаголаў мардабой на закуску.
Тут жа Віленка – рэчка сварлівая, малая –
захліпаецца чорна, цёмна, па-беларуску.
***
Вельмі някепска, збіраючыся перакладаць, нешта дазнацца пра асобу аўтара/аўтаркі – і шырэй: ведаць кантэкст твора. Працытую пачатак геніяльнага – і як жа актуальнага для нас сёння! – «Блюзу ўцекачоў» Уістана Х’ю Одэна:
Say this city has ten million souls,
Some are living in mansions, some are living in holes:
Yet there’s no place for us, my dear, yet there’s no place for us.
Once we had a country and we thought it fair,
Look in the atlas and you’ll find it there:
We cannot go there now, my dear, we cannot go there now.
Гэты верш пераклаў класны беларускі паэт Вiталь Рыжкоў. І пераклад выйшаў збольшага класны, але звярніце ўвагу на вылучаны элемент тэксту:
Кажуць, гэта буйны дзесяцімільённы горад,
нехта жыве ў палацах, нехта жыве ў норах:
але нам пакуль тут не месца, мая дарагая, але нам тут не месца.
Калісьці мы мелі свой край і думалі, што гасцінны,
ты адшукаеш на мапе нашы мясціны,
мы не можам туды вярнуцца, мая дарагая, не можам туды вярнуцца.
Не сумняюся, што беларускі паэт ведаў пра гомасексуальнасць класіка, але не зрабіў на гэта папраўкі – і ў беларускім тэксе чытаем «мая дарагая». Цікава, што на дзесяцігоддзі раней, у глыбока савецкі час, гэты ж верш перакладаў Максім Танк.
Дзесяць мільёнаў людзей, як гавораць,
Жыве ў гэтым месцы.
Частка – ў палацах,
А частка – гібее ў развалінах дзесьці,
Але там няма для нас месца, мой мілы,
Няма для нас месца.
І мы сваю мелі айчыну,
Здавалася, добрую нават,
На карце любой, пашукаўшы,
Знайсці яе лёгкая справа,
Але туды нельга вярнуцца, мой мілы,
Нам нельга вярнуцца.
Твор перажыў дзіўныя трансфармацыі. Кожны радок ператварыўся ў два (дарэчы, плацілі паэтам і перакладчыкам паэзіі тады за радкі). Крамольны на той час загаловак стары падпольшчык памяняў, назваўшы верш паводле першых словаў – «Дзесяць мільёнаў». (Хто ведае, што адчыталі ў назве цэнзары, пусціўшы твор у друк.) Але вось адрасат у Танка – мужчынскага полу.
У прынцыпе, абодва паэты-перакладчыкі інтэрпрэтуюць, дагаворваюць за аўтара арыгінала тое, чаго ён не ўдакладніў. Трэці пераклад, які рабіў Алесь Емяльянаў-Шыловіч, з улікам досведу папярэднікаў, мае зварот «мая радасць», і такім чынам усе праблемы вырашаюцца. Гэткі падыход бачыцца найкарэктнейшым, бо не звужае сэнсавага поля арыгінала і пакідае большую прастору для ўяўлення чытача.
***
Вядома ж, вельмі сур’ёзнай праблемай у перакладзе з блізкіх моваў былі, ёсць і будуць так званыя фальшывыя сябры перакладчыка.
Хто не смяяўся з анекдота – дарэчы, святая праўда, – калі расійцы пераклалі нашае «ў канюшыне сакаталі конікі» як «в конюшне ржали лошадки»? Або Карней Чукоўскі ў сваёй кнізе пра мастацкі пераклад дасціпна высмеяў Міхаіла Святлова, які наступным чынам пераклаў украінскага класіка Валадыміра Сасюру. Арыгінал: «На розi дзвенiв трамвай». (То бок на рагу звінеў трамвай.) Пераклад: «По розам звенел трамвай».
Часта ў справу фальшывых сяброў ублытваецца руская мова, якая, здавалася б, мусіла быць ні пры чым. «Сяброўка прырода» – так доўгі час (у двух першых кніжных выданнях) называўся верш Чэслава Мілаша ў перакладзе Алега Мінкіна. Арыгінальная назва «Przyrodzie – pogróżka», то бок «прыродзе – прыстрашка», штось такое. Ці трэба тлумачыць, як «pogróżka» ператварылася ў «сяброўку»? Яна самая, фальшывая «падружка» перакладчыка!
Выкрываючы хібы калег, Хадановіч пакаяўся і ў сваёй прыкрай памылцы, якую заўважыў зусім нядаўна, рыхтуючы да друку новы том Галчыньскага. І памылка была той самай прыроды, што і ў Мінкіна. У вершы «Як я быў папулярны» перакладчык дазволіў сабе радкі:
…А ў парках звіняць капяжы.
Прыемна, і не кажы!
А ў польскім арыгінале было: «…W parkach grały kapele». Пераблытаць «капэлы» (аркестры) з «капяжамі» – трэба злаўчыцца, але нічога дзіўнага, калі згадаць пра падступную мову-суседку.
***
Разбіраліся таксама стратэгіі перакладу цытат і алюзій. Абмяжуемся тут адным прыкладам – заканчэннем верша Сяргія Жадана «Перавагі акупацыйнага рэжыму» 2001 года.
І лиш зоря над містом пролягла,
юнак змахне краплини із чола
і молодечо усмішкою блисне.
Бо попри те, дала чи не дала,
у щастя людського два рівних є крила:
троянди й виноград – красиве і корисне.
Параўнайма з вершам украінскага класіка Максіма Рыльскага «Троянди й виноград», якога іранічна цытуе ранні, «постмадэрнісцкі» Жадан.
…Ми працю любимо, що в творчість перейшла,
І музику палку, що ніжно серце тисне.
У щастя людського два рівних є крила:
Троянди й виноград, красиве і корисне.
На беларускую верш паспяхова пераклала Марыя Мартысевіч, якая мусіла абысціся ў перакладзе без Рыльскага, але кампенсаваць адсутнасць хрэстаматыйнай і пазнавальнай чытачамі цытаты – чымсьці іншым, у той жа ступені хрэстаматыйным і пазнавальным:
…І толькі золак прыйдзе ў гарады,
юначы твар заззяе потам ды
агеньчыкам зухвалага пагляду.
Дала ці не дала – тае бяды:
людское шчасце простае заўжды –
калоссе пад сярпом і рута ля прысаду.
Паэтка-перакладчыца сабрала сваю вершаваную пуэнту з двух вобразаў – назвы славутага рамана Караткевіча і не менш славутай фальклорнай песні «Вяне рута ля прысаду…». Тое, ці звязана гэтае перакладчыцкае рашэнне з ужо арыгінальным вершаваным цыклам Марыі Мартысевіч пра Барбару Радзівіл, дзе ёсць радкі: «Мне роспачна, нібыта на зямлі / ля кожнае прысады вяне рута», – хай застанецца тэмай асобнага даследавання.
***
Кульмінацыяй размовы сталі развагі пра пераклад з падрадкоўніка/даслоўніка. Аўтар «Лістоў з-пад коўдры» не без іроніі назваў падрадкоўнікі – «падкоўдранікамі», маючы на ўвазе іх чыста службовую ролю і далёкасць як ад вершаў, так і ад мастацкіх перакладаў.
Галоўныя небяспекі перакладу з даслоўнікаў:
- Ты можаш стаць ахвярай дрэннага падрадкоўніка – і памылкі адтуль пяройдуць у твой пераклад. Асабліва калі «твой» аўтар (або пасярэднік) не да канца валодае мовай-пасярэдніцай.
- Падрадкоўнік не дае ўяўлення пра фармальныя асаблівасці арыгінала. Таму варта прасіць (і рабіць самому для іншых) разам з падрадкоўнікам схему рытму, рыфмаў, падрабязнага тлумачэння ўсіх фішак і падводных камянёў арыгінала. Сёння вельмі прыдатным можа быць гукавы файл, начытаны аўтарам/аўтаркай. А яшчэ лепшае – відэа з выступам. Бо часам экспрэсія (нават на візуальным узроўні) дапамагае і падказвае.
Андрэй Хадановіч апавядаў пра некалькі выпадкаў, калі праца з падрадкоўнікамі была абсалютна неабходнай, – пра міжнародныя паэтычна-перакладчыцкія пленэры, што праходзілі ў Грузіі, Літве і Украіне з удзелам паэтаў і паэтак з трох-чатырох краінаў, якія найчасцей не ведалі мовы адно аднаго (беларуска-ўкраінскі выпадак не лічыцца, тут разуменне амаль стопрацэнтнае). Найцяжэй было паразумецца з пакаленнем аўтараў, якія ўжо не да канца валодалі рускай мовай, але яшчэ не дасканала засвоілі англійскую. І рабілі адно аднаму падрадкоўнікі ў меру свайго разумення, – выражаючы ў іх што маглі, а не што хацелі. Так, яшчэ да сустрэчы паэтаў і паэтак паўстала першая версія перакладу на аснове такога даслоўніка:
Давід Рабакідзэ. Каханне, свабоднае ад падаткаў
Калі мы з ёй пазнаёміліся, яна
заўсёды насіла з сабою:
дзіця ад першага шлюбу, пад майткамі шнар,
туш з фірмовымі макам і лісцікам, рамантычную
атруту ў моднай бутэльцы ды горыч, якую
высмактала ў кавярні, куды любіла
хадзіць са сваім былым, і безліч гатэляў,
дзе яна начавала ўночы і ўдзень.
Я натаваў гісторыі, шакаваны,
пасля перачытваў іншыя – і выкідаў.
Вось жа, дзіця падрасло: цяпер ён мужчына.
Ніколі нікога не слухае – мае CD.
Ведае добра пра косці, што могуць дыхаць.
Смяяцца насустрач гадам, што яго вітаюць.
Пасля працы адпачывае ў летнім доме і на таксоўцы
возіць бацьку свайго – аднаго са шматлікіх мужоў сваёй маці –
да ягоных бацькоў, якіх завуць спадар Гіха
і спадарыня Рыя – вось яны разам на здымку.
Ён таксама моцна, як любіць маці, кахае
жонку сваю, хоць яна і танцорка, хоць часам
скупая на словы – тады, у порце, прайшоўшы кантроль,
яна сказала, што паважае цесця, і менавіта
таму заўсёды імкнецца накрыць на стол
і запаліць камін, калі ён прыходзіць.
Я часам выходжу ў сад падыхаць свежым паветрам,
шпацырую з унукамі, часам кладу іх спаць,
забываю пра горыч і даглядаю свой сад.
Яна больш не мае згрызотаў і галаўнога болю.
Рамантычную тую атруту я выкінуў разам з бутэлькай.
Цяпер чакаю, калі прыйдуць госці – спадар Світанак
і спадарыня Ноч, а яны спазняюцца – як звычайна.
Добра, што асабістая сустрэча паэтаў і паэтак ды супольная праца над тэкстам дазваляе шмат чаго зверыфікаваць. Так, пасля спаткання з прыўкрасным грузінскім паэтам Давідам Рабакідзэ выявілася, што ўяўны верлібр быў строга – і нават віртуозна! – рыфмаваным рэгулярным вершам. Што імёны Гіха і Рыя насамрэч вымоўныя, бо складаюцца ў слова Гіхарыя, што для паэта азначае шчасце (параўнайце з шчаслівай краінай Ікарыяй). І што, вядома ж, давядзецца зрабіць новую версію перакладу. Напрыклад, такую:
Да сустрэчы са мною
яна ўжо мела дзіця
ад першага, параною –
ад другога жыцця;
шнар (хтось бачыў малюнак,
татуяваны мак)
і ядавіты трунак,
рамантычны на смак;
смутак начэй без дому,
што і ўдзень не знікаў
(бар, гатэль… па-любому) –
ад палюбоўнікаў.
Я натаваў і адразу
запісы рваў свае,
быццам яе расказы –
супакаяльнае…
Сын падрос з таго часу –
стаў мужчынам, глядзі.
Дома трымае масу
непатрэбных CD.
Ведае стопудова,
як дыхаюць кроў і косць,
і кожны дзень – шматгадова –
дорыць яму весялосць.
Бывае і ў іншай хаце,
у бацькі, і ў трэці дом –
ягоных бацькі і маці –
возіць яго часцяком.
З імі не дзеліць даху,
але фота іх мае:
іх завуць спадар Каха
і спадарыня Ная.
Любіць жонку, як маму,
да шпілек яе прывык,
з ёю ходзіць у краму,
церпячы востры язык,
які фільтруе не дужа,
што казаць і аб чым:
раз як ляпне, што ў мужа
сімпатычны айчым.
А ў айчыма ўжо ўнукі.
Перад сном пагуляць
водзяць мяне за рукі,
вучаць, як аддзяляць
кроў і флегму ад лішняй
чорнай жоўці сваёй,
як ад костачак вішні
ёй для сочыва. Ёй.
Часам працую ў садзе.
Часам яна сама.
Болю няма ў паглядзе.
Яду ў слязах няма.
Часам выйдзем на ганак,
каб не прайшлі наўзбоч
госці – спадар Світанак
і спадарыня Ноч.
Перакладчык любіць згадваць пра адну змену, на якую свядома – і з дазволу шаноўнага аўтара – пайшоў у перакладзе. У арыгінале герой дапамагае гераіні перабіраць персікі. У Грузіі яны растуць пад рукой, часам, пераспелыя, падаюць з дрэва, і ўсё гэта варта перабраць. У Беларусі персікі не збіраюцца, а купляюцца (часам задорага) і неабходнасць перабіраць была б, даруйце, пераборам. Таму ў перакладзе, калі яна варыць сочыва, ён, дапамагаючы, аддзяляе вішні ад костачак.
***
Часткова з даслоўнікаў рабілася па-беларуску кніга выбраных вершаў шведскага нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера («Пад вольным небам», выдавец Зміцер Колас, 2017). Бо двое перакладчыкаў – Лявон Баршчэўскі і Алеся Башарымава, якія шведскую мову ведаюць, – не толькі перакладалі з арыгіналаў сваю частку вершаў, але і дапамагалі сваім калегам Уладзіміру Арлову і Андрэю Хадановічу, якія шведскай, на жаль, не ведаюць. Вось як трансфармаваўся адзін з найвядомейшых вершаў набеліста на дарозе арыгінал – падрадкоўнік – паэтычны пераклад:
Шубертыяна (I частка). Арыгінал Schubertiana (паслухаць у выкананні аўтара):
I kvällsmörkret på en plats utanför New York, en utsikts punkt där man med en enda blick kan omfatta åtta miljoner människors hem.
Jättestaden där borta är en lång flimrande driva, en spiralgalax från sidan.
Inne i galaxen skjuts kaffekoppar över disken, skyltfönstren tigger av förbipasserande, ett vimmel av skor som inte sätter några spår.
De klättrande brandstegarna, hissdörrarna som glider ihop, bakom dörrar med polislås ett ständigt svall av röster.
Hopsjunkna kroppar halvsover i tunnelbanevagnarna, de framrusande katakomberna.
Jag vet också – utan all statistik – att just nu spelas Schubert i något rum där borta och för att någon är de tonerna verkligare än allt det andra.
Даслоўнік:
У вечаровай цемры на месцы пад Нью-Ёркам, пункце назірання/агляднай пляцоўцы/кропцы агляду, дзе ўсяго адным позіркам можна ахапіць дамы васьмі мільёнаў людзей.
Горад-волат там удалечы – доўгая зыркая гурба, спіральная галактыка збоку.
Унутры галактыкі соваюцца па прылаўку кубкі з кавай, вітрыны выжаброўваюць у мінакоў, натоўп чаравікоў/абутку, якія не пакідаюць аніякіх слядоў.
Узлазячыя пажарныя лесвіцы, дзверы ліфтаў, што з’язджаюцца/саслізгваюцца разам, за дзвярыма з замкамі [літаральна – «паліцэйскімі замкамі», так у іх абзываюцца звычайныя замкі як у кватэрах з адтулінай для ключа] – пастаяннае хваляванне [як на моры] галасоў.
Скурчаныя/Згорбленыя целы напаўспяць у вагонах метро – катакомбах, што мкнуць наперад.
Я ведаю таксама – без усялякай статыстыкі – што якраз цяпер граюць Шуберта ў нейкім пакоі недзе там, і што для кагосьці гэтыя гукі сапраўднейшыя, чым усё астатняе.
Пераклад Андрэя Хадановіча:
Наўпоблізь Нью-Ёрка ёсць месца, з якога ў прыцемках можна разгледзець вокны адразу васьмі мільёнаў людзей.
Горад-гігант выглядае здалёку доўгім зіхоткім сумётам, спіралепадобнай галактыкай.
І пасярэдзіне гэтай галактыкі кубачкі з кавай гарцуюць на барных стойках, вітрыны выпрошваюць міласціну ў мінакоў, і натоўп чаравікаў праходзіць бясследна.
Лазяць па сценах пажарныя лесвіцы, лязгаюць пашчы ліфтаў, а дзверы замкнёных кватэраў хаваюць прыбой галасоў.
Сонныя постаці, скурчаныя ў вагонах, дрэмлюць на трасах хуткасных катакомбаў.
А яшчэ, без усякай статыстыкі, ведаю: недзе там, у адным пакоі, менавіта цяпер граюць Шуберта, і для кагосьці гэтыя гукі сапраўднейшыя за ўсё іншае.
***
І на заканчэнне. З падрадкоўнікамі/даслоўнікамі нельга блытаць мастацкі пераклад паэзіі, які свядома адмаўляецца ад захавання строгага рытму і рыфмаў, каб не прыносіць у ахвяру ім арыгінальнага сэнсу, які часта скажаецца, і вобразаў, якія часта размываюцца ў эквірытмічных рыфмаваных перакладах вершаў. Такі падыход да перакладу паэзіі ўсё часцей сустракаецца на захадзе, прычым самі перакладчыкі сумленна канстатуюць яго недастатковасць, выдаючы кнігі як білінгвы і запрашаючы чытачоў «дэгуставаць» паэтычную форму ў арыгінале.
Да згаданай традыцыі належаць грунтоўна падрыхтаваныя і выдадзеныя Сяргеем Шупам «Усе вершы і паэмы» нашага яўрэйскага класіка Мойшэ Кульбака. У адным томе – творы паэта на ідышы. У другім, білінгвальным томе – злева вершы на ідышы ў лацінскай транслітарацыі, справа – Сяргеевы пераклады. Можна параўнаць розныя падыходы да мастацкага перакладу, супаставіўшы арыгінал, версію Сяргея Шупы, нашмат бліжэйшую да аўтэнтыка, і Андрэеву версію, дзе захоўваюцца асаблівасці формы, але непазбежна губляюцца нейкія «зместавыя» дэталі. Апошні пераклад быў бы немагчымы без даслоўніка і каментароў Сяргеева аўтарства. Шчыры дзякуй!
Šterndl
Šterndl, šterndl, blojer štafetele
zaj mir a šlixl, fal in majn štetele
Zen vest a gesele, nox dem a gribele
dortn bafint zix majn xoreve štibele.
Elnt alejn, baj der fincterer šajbele,
zict dort fartrojert un dajget majn vajbele
trejst ir, du šterndl, lajxt ir in štub arajn,
zog ir: der Ojberšter vet zix meraxem zajn
Freg vos maxt Jankele, lahce un rivele?
Zog zej ix lejen un kuš zejer brivele
zog zej, az Janklen zol men nit žaleven
gebn in xejder, genug im cu baleven
zol er zix ojslernen kadeš vi s’darf cu zajn
efšer… men vist nit… nor Got vet meraxem zajn
1916
Паслухаць верш «Šterndl» у выкананні Сяргея Шупы:
Зорачка (пераклад Сяргея Шупы)
Зорачка, зорачка, сіняя вястуннейка…
Стань мне пасланцом, упадзі ў маім мястэчку.
Ты ўбачыш вулачку, за ёй канаўку,
там стаіць мая кволая хатачка.
Самотна, адна пры цьмяным акенцы,
сядзіць там маркотна і сумуе мая жоначка.
Суцеш яе, зорачка, рассвяці ёй у хатцы.
Скажы ёй: Усявышні злітуецца.
Спытайся, што робіць Янкеле, Лэечка, Рывачка?
Скажы ім: я плачу і цалую іх пісемка…
А яшчэ папрасі, каб Янкеля не шкадавалі,
аддаць яго ў хедар, до ўжо распешчваць!
Каб вывучыў кадыш як належыць.
Можа… хто ведае… Але Бог злітуецца.
Зорачка (пераклад Андрэя Хадановіча)
Зорачка, зорачка, добры мой веснічак,
Ты прыляці да старых нашых веснічак.
Там, у мястэчку, ёсць вузкая вуліца,
Ўбогая хата на вуліцы туліцца.
Там ля акна мая жоначка бедная
Плача… Суцеш яе, зорка ўсёведная.
Ты ёй шапні, што наладзяцца справы,
Ўсё будзе добра, бо Госпад ласкавы.
Слоўца – пра Янкеле, Лэечку, Рывачку.
Хай мне напішуць яшчэ, хоць па ўрывачку,
Ліст пацалую, а ты мне – яшчэ дары!
Янкеле хай не лянуецца ў хедары,
Вывучыць кадыш, бо лёс – не забавы.
Можа… хто ведае… Госпад ласкавы.
verse X change – ініцыятыва Беларускага, Шведскага і Дацкага ПЭНаў, якая спалучае літаратуру, пераклад і свабоду выказвання нават у несвабодным свеце. verse X change – магчымасць выбудаваць міжкультурныя сувязі і аб’яднаць творчыя супольнасці.