Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 15 сакавіка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 148, забароненых кніг – 330.
Музыка і даследчык Алег Хаменка асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі.
Нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская і яе дачка Марго Рабіновіч асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі.
Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі гістарычных строяў Кацярыны Ваданосавай.
КДБ абвясціў Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фарміраваннем».
КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» няісную «кааліцыю друкаваных выдавецтваў», у якую ўключылі не звязаныя паміж сабой выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг.
Былая палітзняволеная, рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова паведаміла, што ў яе канфіскавалі тэксты, напісаныя за кратамі.
Былая палітзняволеная, галоўная рэдактарка партала TUT.BY Марына Золатава паведаміла, што ў яе канфіскавалі тэксты, напісаныя за кратамі.
Літаратар, грамадскі дзеяч Павел Севярынец распавёў пра катаванні ў зняволенні з выкарыстаннем музыкі.
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 сакавіка года Мінскі гарадскі суд асудзіў музыку і даследчыка Алега Хаменку паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф больш чым 20 000 рублёў (6870 долараў). У віну Алегу Хаменку паставілі сталую супрацу з рэдакцыяй «Беларускага Радыё Рацыя». Алег Хаменка – лідар фольк-мадэрнавага гурта «Палац» (створаны ў 1992 годзе), выкладчык, даследчык беларускага фальклору, кампазітар, аўтар тэкстаў па культуралогіі, радыёвядоўца. Быў затрыманы ў Мінску 25 чэрвеня 2025 года.
2. 6 сакавіка з’явілася інфармацыя пра вынік суда паводле палітычна матываванай справы нон-фікшн аўтаркі Ціны Палынскай і яе дачкі Марго Рабіновіч – студэнткі гістарычнага факультэта. Суд пачаўся 6 студзеня 2026 года, прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 361-1 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці). Ціну Палынскую і Марго Рабіновіч асудзілі за ўдзел у дзейнасці Беларускай аналітычнай майстэрні, якую КДБ 16 траўня 2025 года абвясціў «экстрэмісцкай арганізацыяй».
3. 11 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі гістарычных строяў Кацярыны Ваданосавай – за «аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей часоў Другой сусветнай вайны на YouTube». За адукацыйныя гістарычныя відэалекцыі на YouTube-канале «Будзьма беларусамі!» на Кацярыну Ваданосаву завялі справу паводле ч. 3 арт. 130-1 Крымінальнага Кодэкса (рэабілітацыю нацызму). Нагодай для крымінальнага пераследу стала відэалекцыя «Галоўны міф Другой сусветнай – забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?». Справа накіраваная для расследавання ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі. Кацярына Ваданосава знаходзіцца за межамі Беларусі, яна не згодная з абвінавачаннямі пракуратуры: «Ніякай рэабілітацыі нацызму не было. Ёсць курс адукацыйных лекцый. Мы на “Будзьме” спрабуем падысці да любой гістарычнай тэмы ўсебакова і як мага больш аб’ектыўна. І гераізацыі Вільгельма Кубэ я не праводзіла».
ІІ. Канфіскацыі рукапісаў у месцах няволі
1. 3 сакавіка папулярызатарка беларускай мовы і гісторыі, рэжысёрка-дакументалістка, былая палізтняволеная Ларыса Шчыракова паведаміла, што ў яе канфіскавалі тэксты, напісаныя за кратамі: «Мой рукапіс з СІЗА № 3 не выйшаў».
2. 5 сакавіка былая палітзняволеная, галоўная рэдактарка партала TUT.BY Марына Золатава паведаміла, што ў яе канфіскавалі тэксты, напісаныя за кратамі: «Перад вызваленнем мае рэчы былі перамяшаныя з чужымі, у мяне не засталося ніводнай пісьмовай прылады. То-бок ні лістоў, ні сшыткаў, ні нейкіх цыдулак, ні дакументаў накшталт прысуду. Самае крыўднае з усяго тое, што з усіх гэтых папер зніклі нататкі з залы суда».
III. Катаванні ў месцах пазбаўлення волі
Літаратар, грамадскі дзеяч Павел Севярынец распавёў пра катаванні ў зняволенні з выкарыстаннем музыкі: «Адна з самых запамінальных рэчаў у Шклоўскім ШІЗА – “дыскатэка”. Пакуль на калідоры ізалятара грае музыка – ты абавязаны стаяць на “расцяжцы” ля прымкнутай да сцяны нары. Звычайна музыку ўключаюць, калі пачынаецца праверка – а гэта значыць, стаіш з выкручанымі рукамі і расстаўленымі нагамі, пакуль дзяжурны памочнік начальніка калоніі не абыдзе ўсе 23 камеры ШІЗА і не выслухае “даклады” вязняў. Бывае, паўгадзіны, бывае, і гадзіну».
IV. Абвяшчэнне выдавецтваў «экстрэмісцкімі»
3 сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» няісную «кааліцыю друкаваных выдавецтваў», у якую супрацоўнікі КДБ уключылі не звязаныя паміж сабой выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Гэта выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску: «Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». У сувязі з гэтым «фарміраваннем» у пераліку згадваюцца затрыманыя 17 лютага ў Беларусі выдаўцы Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха; а таксама Яраслаў Іванюк, Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч, якія знаходзяцца за мяжой. 17 лютага паводле справы кнігавыдаўцоў у Мінску, са звестак праваабаронцаў, былі затрыманы як мінімум 10 чалавек.
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і выканаўцаў
6 сакавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Facebook-старонку грамадскага дзеяча, літаратара, былога палітвязня Паўла Севярынца.
VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх арганізацый
4 сакавіка стала вядома, што 27 лютага КДБ прызнаў Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фарміраваннем». Беларускі ПЭН быў заснаваны ў 1989 годзе, абараняе культурныя правы і з’яўляецца адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый.
VII. Забароненыя кнігі
6 сакавіка 2026 года рашэннем суда Партызанскага раёна Мінска ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» была дададзена новая кніга: «Дневники сотрудника НКВД: документальное разоблачение сталинизма». Кніга заснавана на рукапісах былога супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні. У іх ён апісвае сваё жыццё, піша пра тое, як стаў чэкістам, а пасля трапіў у лік «ворагаў народа», падрабязна апавядае пра метады супрацоўнікаў НКУС, катаванні, якія ўжываліся ў «амерыканцы». У кнізе змешчаны матэрыялы крымінальнай справы самога Іосіфа Ятчэні з Цэнтральнага архіва КДБ Беларусі.
VIII. Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх літаратараў, якія жывуць за мяжой
6 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі прадаюць канфіскаванае лецішча літаратара, журналіста, праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, якога пераследуюць за публіцыстычную і праваабарончую дзейнасць. З 2021 года Уладзімір Хільмановіч не жыве ў Беларусі.