Беларускі ПЭН адкрывае новы сезон прэміі імя Алеся Адамовіча і абвяшчае старт прыёму заявак

Апошняе абнаўленне: 6 красавіка 2026
Беларускі ПЭН адкрывае новы сезон прэміі імя Алеся Адамовіча і абвяшчае старт прыёму заявак

Тэксты і праекты, якія не маўчаць, якія ўмеюць называць рэчы сваімі імёнамі і закранаць балючыя тэмы часу, ізноў у цэнтры ўвагі. Мы распачынаем прыём намінацый на прэмію імя Алеся Адамовіча за творы, апублікаваныя ў 2025 годзе. Прэмія ўганароўвае чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў самых складаных умовах. Калі вы ведаеце творы, якія дакументуюць рэчаіснасць, збіраюць праўдзівыя сведчанні пра сацыяльна-палітычнае жыццё і асвятляюць актуальныя для чалавечай супольнасці праблемы, – калі ласка, намінуйце іх!

Хто можа ўдзельнічаць?

Сёння важныя гісторыі гучаць у розных формах – і мы хочам іх пачуць. Таму да ўдзелу прымаюцца ў тым ліку:

  • кнігі
  • артыкулы ў медыя
  • падкасты
  • кіна- і відэапраекты

Галоўнае – каб твор быў апублікаваны ў 2025 годзе і працаваў з актуальнымі тэмамі сучаснасці, адкрываў прастору для асэнсавання і дыскусіі.

Хто можа намінаваць твор?
  • сябры Беларускага ПЭНа
  • выдавецтвы 
  • сябры Журы
  • творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ 
  • аўтары твораў

Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць падаваць прапановы для заявак арганізатарам.

Для аўтараў і аўтарак няма абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства або публікацыі. Падрабязнасці – у Статуце і Рэгламенце прэміі.

Як падаць заяўку?

Заяўкі прымаюцца да 20 красавіка 2026 года (23:59 беларускага часу).

Каб падаць заяўку, запоўніце гугл-форму.

У выпадку тэхнічных праблем матэрыялы можна дасылаць на электронны адрас [email protected] з пазнакай «Прэмія Адамовіча 2026 / імя і прозвішча аўтара/аўтаркі/аўтараў, назва твора».

Чаму гэта важна?

Прэмія носіць імя Алеся Адамовіча – пісьменніка, які ўмеў гаварыць пра складанае і балючае так, што гэта немагчыма было ігнараваць. Сёння гэтая традыцыя працягваецца.

Мы шукаем творы, якія не толькі адлюстроўваюць рэчаіснасць, але і ўплываюць на яе. Тыя, што дапамагаюць змяняць сучаснасць дзеля будучыні.