Абвешчаны доўгі спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года

Апошняе абнаўленне: 21 красавіка 2026
Абвешчаны  доўгі спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года

Бачу нябёсныя сінія далі,
ўзоры, што зорныя ночы саткалі
з кроз, успамінаў, надзей…              

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць доўгі спіс кніг, намінаваных на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года.

Гэты сезон засведчыў не толькі разнастайнасць паэтычных галасоў, але і выразную тэндэнцыю да пошуку новых формаў, моўных рашэнняў і спосабаў асэнсавання рэчаіснасці. З поўнага спісу журы адабрала кнігі, што найбольш пераканаўча і выразна раскрываюць патэнцыял сучаснай беларускай паэзіі.

У доўгі спіс увайшлі 10 паэтычных кніг:

  1. «2/3» – Фелікс Аксёнцаў (Hochroth, 2025)
  2. «Анатомія» – Артур Камароўскі (Skaryna Press, 2025)
  3. «Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў (Янушкевіч, 2025)
  4. «Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)
  5. «Той, хто смяецца» – Ілона Мядунка (зашыфраваны ўдзел)
  6. «Праспект Нежалезнасці» – Мікіта Найдзёнаў (Янушкевіч, 2025)
  7. «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, 2025)
  8. «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)
  9. «Надзейны сродак ад прывідаў» – Ганна Янкута (Hochroth, 2025)
  10. «Śviata žyćcia» – Frydrych Samotny (Hochroth, 2025)

Абраныя кнігі дэманструюць багацце паэтычнай нівы, разнастайнасць стыляў, школ, кірункаў. Тут і ўвага да мовы як да матэрыялу і прасторы досведу, і спроба асэнсаваць сучаснасць ва ўсёй складанасці і шматпластовасці. Магчыма, сярод твораў ёсць тыя, што з часам стануць класікай і ўвойдуць у анталогіі найлепшых. Некалі нашыя нашчадкі вызначаць сваіх фаварытаў, а сёння шаноўнае журы адзначыла дзесяць выдатных паэтычных кніг 2025 года, вартых узнагароды імя Наталлі Арсенневай.

З кожным днём мы набліжаемся да даты ўзнагароджання. Запішыце ў календары: 27 траўня а 19:00 у гасціннай прасторы Новага Тэатра адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Наталлі Арсенневай. 

Чакаем разам!

Згодна са статутам прэміі, аўтары і аўтаркі могуць захоўваць ананімнасць з меркаванняў бяспекі. У такіх выпадках творы ўдзельнічаюць у конкурсе без раскрыцця імёнаў і назваў. Аўтарства будзе абвешчана толькі тады, калі гэта стане бяспечна.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёр цырымоніі: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава).
Пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» ды «Belarusian Charitable Trust».

Сачыце за навінамі на сайтах арганізатараў penbelarus.org і bellit.info, а таксама ў сацыяльных сетках!