Абвешчаны кароткі спіс прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2025 год

Апошняе абнаўленне: 9 чэрвеня 2026
Абвешчаны кароткі спіс прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2025 год

Арганізатары прэміі імя Францішка Багушэвіча абвясцілі кароткі спіс за 2025 год. У фінальны адбор увайшлі сем твораў – кнігі, падкасты і аўтарскія медыяпраекты, што даследуюць беларускую памяць, мову, гісторыю і сучасны досвед праз літаратуру, рэпартаж, фальклор і візуальнае апавяданне.

Сёлета кароткі спіс аб’яднаў вельмі розныя інтанацыі і формы: ад палявога даследавання музычнага фальклору да рэпарцёрскай прозы, ад літаратурнага падкаста да паэтычнай кнігі. Праз асабістыя гісторыі, архівы, мову і памяць гэтыя працы прапануюць уласны спосаб гаварыць пра Беларусь – краіну страчаных слядоў і ўпарта захаваных словаў.

У кароткі спіс увайшлі:

Кнігі:

  1. «І даўней так пелі: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025);

  2. «Кола дня» – Аляксандра Турава  (2025, зашыфраваны ўдзел);
  3. «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025);

  4. «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025);

  5. «Цені падмуркаў» – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел);

Артыкулы, падкасты, відэаблогі і іншае:

  1.  Падкаст «Літаратурныя зацемкі» – аўтар і вядоўца Сяргей Дубавец (2025);

  2. Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» – аўтары і вядоўцы Цімафей Акудовіч і Віктар Шукеловіч.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1996 годзе. Традыцыйна яна ўручаецца за найлепшыя творы, якія служаць аднаўленню гістарычнай памяці і спрыяюць фармаванню і ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці.

Імя лаўрэата або лаўрэаткі 2025 года будзе абвешчана асобна.

Сачыце за абнаўленнямі на сайце і ў сацыяльных сетках!