Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Што рабіць з перакладам, калі ў арыгінальным празаічным творы раптам цытуюцца вершы? Або калі арыгінал толькі намякае на іншы паэтычны тэкст, не цытуючы яго даслоўна? Прычым чытачы арыгінала гэтую адсылку цудоўна разумеюць, а чытачам перакладу ўжо шмат чаго трэба тлумачыць. А ёсць жа і сітуацыі, калі мовы і культуры настолькі блізкія, што вершаваная цытата на іншай мове добра пазнаецца і без перакладу. Ці варта яе ўвогуле перакладаць, скажуць адны, і так жа ўсё зразумела? Але ж пераклад, не пагодзяцца іншыя, гэта не толькі камунікацыя між культурамі, гэта яшчэ і стварэнне новага тэксту на тваёй мове дзеля патрэбаў тваёй культуры. І будуць мець рацыю.
Пра ўсё гэтае, і яшчэ шмат пра што – як перакладаць класіку ХІХ стагоддзя, а як сучасны твор, як «скарачаць» культурную дыстанцыю між тэкстам і чытачамі, і ці не трэба часам, наадварот, гэтую дыстанцыю «павялічыць» – дыскутавалі ўдзельнікі Перакладчыцкай Майстэрні. Запрошанай госцяй-эксперткай была вядомая перакладчыца паэзіі і прозы Кацярына Маціеўская, якая прадставіла новую беларускую версію «Часу second-hand» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. (Новы «Час second-hand» толькі што з’явіўся ў выдавецтве «Пфляўмбаўм».) А ўдзельніца майстэрні Паліна Палубінская адважна прадставіла на абмеркаванне першы раздзел славутага рамана «Wuthering Heights» Эмілі Бронтэ ў сваім перакладзе.
Кацярына Маціеўская– беларуская перакладчыца. Перакладае з французскай, англійскай, польскай, партугальскай, нідэрландскай, афрыкаанс.
Адна з заснавальніц, рэдактарак і сталых аўтарак часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Перакладала на беларускую мову Гіёма Апалінэра, Джона Кітса, Фернанду Песоа, Анджэя Сапкоўскага, Артура Конана Дойла і іншых. Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэміі імя Карласа Шэрмана.
Новы пераклад «Часу second-hand» – ужо трэцяя спроба перастварыць кнігу па-беларуску. Раней гэты твор выходзіў у перакладзе Валера Стралко і Ціхана Чарнякевіча, а таксама ў версіі Сяргея Дубаўца. Усе тры варыянты моцна адрозніваюцца, асабліва на ўзроўні паэтычных цытат. Як адзначыла сама экспертка, усе перакладчыкі выбралі розны падыход да перакладу вершаваных уставак, якія можна падзяліць на дзве групы. Першая – гэта ідэалагічныя агіткі, песні і вершы, якія маюць сумнеўную мастацкую вартасць, але іх шырока цытуюць героі і гераіні кнігі, згадваючы сваё дзяцінства, маладосць і савецкія ідэалы. Другая група – цытаты з уласна паэтычных твораў (напрыклад, Марыны Цвятаевай, Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага або менскага паэта Ігара Паглазава).
«У перакладзе Валера Стралко і Ціхана Чарнякевіча, – адзначыла Кацярына Маціеўская, – гэтыя ўстаўкі пакінутыя без перакладу. Сяргей Дубавец падыходзіць да пытання з пэўнай непаслядоўнасцю: часам перакладае з захаваннем формы, часам не, але не пакідае ў арыгінале. Я старалася захаваць як форму і змест, так і ўзровень мастацкай вартасці, не спрабуючы зрабіць лепш, чым у арыгінале».

Экспертка паспрабавала адказаць на пытане, навошта ўвогуле перакладаць з рускай: «Што да рашэння ўсё ж перакладаць тэксты, многія з якіх ператварыліся ў штампы і ўеліся ў памяць менавіта па-руску, тым больш для чытачоў, 99,9% з якіх рускую мову ведаюць, то ў мяне было некалькі аргументаў на карысць гэтага. Па-першае, калі тэкст перакладаецца з адной мовы на іншую, мусіць быць перакладзены ўвесь тэкст. (Гэта ў арыгінале можна пакідаць устаўкі на іншай мове.) Па-другое, вырасла пакаленне (а хутчэй за ўсё, ужо і не адно), якое гэтых тэкстаў папросту не ведае і якія для яго нічога не значаць, і тут ужо няма вялікай розніцы, на якой мове чытаць гэтыя артэфакты эпохі. Па-трэцяе, магчыма, у наступных пакаленнях будзе больш людзей, для якіх беларуская мова будзе лягчэйшая ва ўспрыманні, чым руская. Гэта асноўныя прынцыпы, якімі я кіравалася, а наколькі ўдалося – вырашаць чытачам».
Далей удзельнікі паседжання маглі ацаніць розныя падыходы да перакладу такіх цытатаў. Пакажам некалькі, не каментуючы кожную асобна. Але ўвогуле заўважна, што менавіта Кацярына Маціеўская – незалежна ад мастацкай каштоўнасці таго ці іншага фрагменту – дакладнейшая ў захаванні іх зместу і перадусім паэтычнай формы. Вось некалькі савецкіх агітак з першай групы.
Арыгінал:
Дан приказ ему на запад,
Ей в другую сторону.
Уходили комсомольцы
На гражданскую войну.
Версія С. Дубаўца:
Ёсць загад яму на захад,
Ёй ва ўсходню старану.
Ад’язджалі камсамольцы
На цывільную вайну.
Варыянт К. Маціеўскай:
У яго — загад на захад,
Едзе ў іншы край яна.
Кліча, кліча камсамольцаў
Грамадзянская вайна.
Арыгінал:
Но от тайги до британских морей
Красная армия всех сильней.
С. Дубавец:
Ад тайгі да турэцкай бахчы
Чырвоную армію не перамагчы…
К. Маціеўская:
Ад мораў брытанскіх да стэпаў глухіх
Чырвоная армія зможа ўсіх.
Варыянт пра «турэцкую бахчу» добра павесяліў прысутных. Зрэшты, ці не было гэта запланаванай стратэгіяй перакладчыка (які зусім не наіўны неафіт у літаратуры), калі беларуская версія праз пэўную нязграбнасць толькі падкрэслівае і ўзмацняе ўбогасць арыгіналу і адчуванне яго непатрэбнасці тут і цяпер?
А вось некалькі больш «мастацкіх» прыкладаў з іншай групы. Булат Акуджава:
Один солдат на свете жил,
красивый и отважный,
но он игрушкой детской был:
ведь был солдат бумажный.
С. Дубавец:
Адзін салдат на свеце жыў,
прыгожы і харобры,
але ж дзіцячай цацкай быў:
бо быў ён папяровы.
К. Маціеўская:
Адзін салдат на свеце жыў,
да подзвігаў гатовы,
але дзіцячай цацкай быў
салдацік папяровы.
Ігар Паглазаў:
Лишь на веточке обшарпанной
Капли звездные накапаны.
С. Дубавец:
Толькі на галінцы абшарпанай
Кроплі зорныя накапаныя…
К. Маціеўская:
Вось растрэсканымі іскрамі
На галінку зоркі пырснулі.
Або яшчэ фрагмент з Ігара Паглазава. Арыгінал:
Ходят в гости друг к другу люди,
Ходят в гости друг к другу звери…
С. Дубавец:
Ходзяць у госці адны да адных людзі,
Ходзяць у госці адны да адных звяры…
К. Маціеўская:
У людзей гасцявалі людзі,
У звяроў гасцявалі звяры…
Мадэратар – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч – прыгадаў, што таксама перакладаў на беларускую прозу Святланы Алексіевіч, яе «Цынкавых хлопчыкаў», і кіраваўся тымі ж прынцыпамі, што і запрошаная экспертка, у падыходзе да вершаваных цытат. Толькі з самімі цытатамі яму пашанцавала трохі больш, бо, акрамя так званых афганскіх песень і ўзораў рускай бардаўскай песні, яму траплялася і класіка сусветнай літаратуры. Напрыклад, калі адзін з герояў кнігі стаў цытаваць нобелеўскага лаўрэата Джозефа Рэдзьярда Кіплінга, славутую «Баладу пра Захад і Усход».
Запад есть Запад, Восток есть Восток, и друг друга им не понять.
Лишь у Престола Божьего они сойдутся опять.
Но нет Востока и Запада нет, если двое сильных мужчин,
Рожденных в разных концах земли, сойдутся один на один!
Менавіта так, у рускім перакладзе Ады Анашковіч-Яцыны, цытуе баладу адзін з апавядальнікаў. Вядома ж, перакладчыку не выпадала ані пакідаць яе па-руску, ані перакладаць з рускага перакладу. А толькі ўзброіцца ангельскім арыгіналам, пагатоў ён лёгка даступны:
Oh, East is East, and West is West, and never the twain shall meet,
Till Earth and Sky stand presently at God’s great Judgment Seat;
But there is neither East nor West, Border, nor Breed, nor Birth,
When two strong men stand face to face, though they come from the ends of the earth!
Пераклад:
Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход, і разам ім быць не лёс,
Покуль на Божы, Апошні суд іх не паклічуць з нябёс.
Ды што ёсць Захад і што ёсць Усход, імёны й плямёны, калі
Ў мужным двубоі сыдуцца двое з розных краёў зямлі!
***
Далей прысутныя абмяркоўвалі фрагмент рамана Эмілі Бронтэ, які прадставіла па-беларуску Паліна Палубінская. Перакладчыца так патлумачыла, што матывавала яе пачаць працаваць з кнігай:
«Перадусім здзівіў сам факт, што я не знайшла беларускага перакладу такога культавага твору. Раман, дарма што быў напісаны амаль 200 гадоў таму, можа зацікавіць і сучасную аўдыторыю – колькасць экранізацый гэта пацвярджае. Безумоўна, перакладаць класічны твор, прасякнуты архаізмамі, адсылкамі і аўтарскай іроніяй – выклік не з лёгкіх, але і спадарыня Бронтэ не баялася кідаць выклікі сабе і чытачам».

Перакладчыца адзначыла, што цяжкасці ў працы з творам пачаліся ўжо з перакладу самой назвы «Wuthering Heights», бо ж гэта назва маёнтку галоўных герояў, так што трэба знайсці словазлучэнне, якое чыталася б як тапонім. Варыянт калькаваць рускую назву і ўжываць нешта накшталт «Навальнічнага перавалу» адпаў адразу. Але ж ці нашмат у лепшы бок адрозніваюцца «Віхравыя / Віхурныя Узгор’і», падазрона блізкія да польскай назвы. (Наўздагон паседжанню Майстэрні перакладчыца з мадэратарам абмяркоўвалі версію «Ветравыя Узвышшы», але, магчыма, пошук назвы на гэтым не завершыцца.)
«Шматлікія архаізмы, – прызналася Паліна, – таксама прымусілі задумацца: як дасягнуць кампрамісу паміж максімальным захаваннем гістарычнасці і стварэннем зразумелага для сучаснага чытача перакладу? Ці варта рабіць ангельскіх містараў панамі або спадарамі, а п’ютаравы посуд – алавяным? Спадзяюся, што дам рады знайсці гэты баланс».
Некалькі заўваг і назіранняў выказала экспертка. Кацярына Маціеўская падзялілася слушнай думкай, што перакладаць класічны твор, тым больш аддалены ў часе ад нашай эпохі, – задача нялёгкая і патрабуе нашмат большай пільнасці, чым у выпадку перакладаў твораў сучасных, дзе многае для нас настолькі натуральнае і знаёмае, што мы перакладаем яго «на аўтамаце», не задумваючыся. У выпадку ж са старэйшымі творамі недахоп уважлівасці можа прывесці да з’яўлення ў тэксце анахранізмаў рознага ўзроўню: ад тых, што перадаюць матэрыяльныя рэаліі, да тых, што змушаюць задавацца пытаннямі, ці мог герой такое сказаць, падумаць або зрабіць, ці было гэта ў тагачаснай карціне свету.
Напрыклад: «…even the gate over which he leant manifested no sympathising movement to the words; and I think that circumstance determined me to accept the invitation: I felt interested in a man who seemed more exaggeratedly reserved than myself».
Было ў перакладзе: «…зрэшты, гаспадар так абапёрся на браму, што мова ягонага цела супярэчыла сказанаму. Менавіта таму я і прыняў гэтае запрашэнне: мяне зацікавіў чалавек, які здаваўся нават больш падкрэслена дзіклівым, чым я сам».
«Мова цела», відавочна, трапіла ў тэкст з іншага, пазнейшага стагоддзя. А «нават больш падкрэслена дзіклівым» сведчыць пра пэўную неахайнасць, пра якую будзе ў наступнай заўвазе эксперткі. Таму прапанавна: «…і нават брамка, на якую ён абапіраўся, ані рухам не паказала згоды з гэтымі словамі. І я вырашыў, што абставіны аж змушаюць мяне прыняць прапанову: чалавек, які палаў да людзей яшчэ меншай сімпатыяй, чым я, мяне зацікавіў».
У некаторых выпадках, на думку запрошанай госці, «пераклад грашыць “прыблізнасцю”. Перакладчыца занадта далёка адыходзіць ад сэнсу арыгіналу, што прыводзіць да непаразуменняў, непаслядоўнасці і проста неахайнасці стылю. У іншых жа, наадварот, перакладае занадта “даслоўна”, што таксама не ідзе на карысць стылю і мастацкасці».
«He is a dark-skinned gipsy in aspect, in dress and manners a gentleman…»
Было: «Ён – смуглявы цыган з манерамі і строем джэнтльмена».
Прапусціўшы словы «з выгляду», перакладчыца мяняе герою кнігі этнічнае паходжанне.
Прапанавана: «З выгляду – смуглявы цыган, але джэнтльмен у адзенні і манерах…»)
Часам пераклад няслушна перадае рэаліі (напрыклад, «сенцаў» у вялікім доме быць не можа, гэта хутчэй вестыбюль). А часам асобныя словы перакладаюцца іх няпоўнымі сінонімамі (або нават зусім іншымі словамі), што скажае сэнс і стварае пэўны дысананс, як у наступным прыкладзе з «людскім вэрхалам»:
«In all England, I do not believe that I could have fixed on a situation so completely removed from the stir of society».
Было: «Ва ўсёй Англіі я бы, пэўна, не знайшоў бы месца гэтулькі ж далёкага ад людскога вэрхалу».
Прапанавана: «Не думаю, што ва ўсёй Англіі я знайшоў бы месца, гэтак жа далёкае ад чалавечай мітусні».
У некаторых месцах у перакладзе «пераціскаецца» эмацыйнасць, у іншых – «недакручваецца» аўтарскі сарказм, якім тэкст літаральна прасякнуты. Часам выпускаецца з-пад увагі тое, што было сказана ў тэксце раней, што прыводзіць да непаслядоўнасці і фактычных памылак.
«…and then sullenly preceded me up the causeway, calling, as we entered the court,—«Joseph, take Mr. Lockwood’s horse; and bring up some wine».
«Here we have the whole establishment of domestics, I suppose», was the reflection suggested by this compound order. «No wonder the grass grows up between the flags, and cattle are the only hedge-cutters».
Было: «Пасярод гаці ён трохі апярэдзіў мяне, першым уехаў на двор і крыкнуў: «Джозэф, займіся канём пана Локвуда і прынясі нам віна».
«Відаць, гэта і ёсць уся прыслуга маёнтку», – такую думку навеяла мне фармулёўка гэтага загаду, — «дзіва што сцежкі зараслі травой, а жывую загарадзь стрыжэ толькі скаціна».
Удзельнікі дыскусіі звярнулі ўвагу прынамсі на тры месцы, вартыя правак. У двары маёнтка не можа быць гаці, гэта хутчэй забрукаваная камянямі дарога. Па-другое, ужыты дзеслоў «уехаў», тады як трохі вышэй герой стаяў ля брамы і ніякага каня ў яго не было. Па-трэцяе, «такую думку навеяла мне фармулёўка гэтага загаду» – тут і прыблізнасць, і стылістычная неахайнасць. Таму прапанавана: «Відаць, гэта і ёсць уся прыслуга маёнтка, – падумаў я, пачуўшы гэты падвойны загад…»
«Пункт, які датычыць усяго тэксту агулам, – заўважыла Кацярына Маціеўская, – гэта недашліфаваны стыль. “Wuthering Heights” – класіка брытанскай літаратуры, і ў перакладзе гэта мусіць быць бачна. Тут няма месца неахайным фармулёўкам, дадумкам або скажонай факталогіі. З іншага боку, тэкст мусіць чытацца, як напісаны па-беларуску, а перакладчыцу пакуль яшчэ вельмі трымае арыгінал і яго сінтаксіс. Не варта баяцца перабудоўваць структуру сказаў, якія мусяць гучаць натуральна – не больш легкаважна, проста ці нават нязмушана, чым у арыгінале, а так, каб нельга было сказаць “так нельга сказаць па-беларуску».
Найбольш увагі падчас абмеркавання выклікаў такі фрагмент: «…a real goddess in my eyes, as long as she took no notice of me. I ‘never told my love’ vocally». Перакладчыца перадала гэта так: «…яна была сапраўднай багіняй у маіх вачах, пакуль не звяртала на мяне ўвагу. Я ніколі не прызнаўся ў каханні». Але ў арыгінале never told my love узята раманісткай у двукоссе, а ў перакладзе нічога такога няма. (Дарэчы, у наяўным польскім перакладзе таксама нічога ў двукоссі няма. А ў рускім ёсць: «Любовь моя была нема», і гэта наводзіць на пэўныя думкі.)
Мадэратар вырашыў параіцца з адной інстанцыяй, даслаўшы запыт: «Каго тут цытуе Эмілі Бронтэ ў сваёй кнізе: “I ‘never told my love’ vocally; still, if looks have language, the merest idiot might have guessed I was over head and ears». І згаданая інстанцыя (вы ўжо здагадаліся, што гаворка пра штучны інтэлект) зрэагавала імгненна і на даволі прыстойнай беларускай мове, калі не лічыць арыгінальных імёнаў і назваў:
«Так, гэтая фраза з пачатку рамана Wuthering Heights належыць апавядальніку Локвуду. Выраз “I ‘never told my love’ vocally” амаль напэўна з’яўляецца алюзіяй на William Shakespeare, а менавіта на маналог Віёлы ў Twelfth Night:
“She never told her love,
But let concealment, like a worm i’ the bud,
Feed on her damask cheek…”
У п‘есе Віёла гаворыць пра жанчыну (фактычна пра сябе), якая хавае свае пачуцці і не прызнаецца ў каханні. Emily Brontë перайначвае гэты радок у форме «I never told my love», каб паказаць характар Локвуда: ён таксама не выказвае сваіх пачуццяў адкрыта, хоць лічыць, што яны былі відавочныя па яго поглядах».
Расчулены гэтым сціплым «амаль напэўна», мадэратар палез у Шэкспіра. Камедыя «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», дарэчы, перакладалася на беларускую Язэпам Семяжонам і ёсць у кніжным выданні: Уільям Шэкспір «Тры камедыі» («Мастацкая літаратура», 1989). Больш за тое, выданне гэтае ёсць у сеціве на старонцы knihi.com.
Працытуем адпаведны фрагмент:
Герцаг:
Цікавая гісторыя, расказвай!
Віёла:
Цікавая, ды сумная: пачуцці
Яна таіла моўчкі. Так да часу
Бутоны тояць вусень. Жар кахання
Паліў яе знутры, і паступова
Згасаў румянец шчок…
Вось жа, калі рабіць больш-менш акадэмічны пераклад, варта было б, таксама памяняўшы пол гераіні на мужчынскі, даць цытату: «пачуцці таіў я моўчкі». Цалкам прымальны, але не адзіны магчымы падыход. Бо пазнавальнасць арыгінала яго чытачамі і пазнавальнасць перакладу – рэчы несупастаўныя, да таго ж за два стагоддзі ступень знаёмства чытачоў з Шэкспірам трохі змянілася, і не ў лепшы бок. Так што іншым падыходам – больш гульнёвым і хуліганскім, але і больш эфектным – была б замена цытаты на нешта, што чытач ці чытачка атрыбутуе як класіку і з вялікай імавернасцю пазнае. Адзін з удзельнікаў Майстэрні прапанаваў даволі ўдалае: «У сэрцы любоў затаіў я сваю», трошкі змяніўшы Максіма Багдановіча.
Гэтая стратэгія таксама не без заганаў. Чытачы лёгка заўважаць перакладчыцкую хітрасць і не павераць на ўзроўні рэалістычнай логікі. Але некаторыя з іх усё шчыра выбачаць дзеля прыемнай гульні з тэкстам. Так што выбар за перакладчыцай, а мы пакуль яшчэ раз паслухаем ChatGPT, які на развітанне параіў такое:
«Дарэчы, у Wuthering Heights такіх літаратурных алюзій нямала. Эмілі Бронтэ часта разлічвала на тое, што адукаваная віктарыянская аўдыторыя пазнае цытаты і намёкі на Шэкспіра, Біблію і паэзію. Таму калі падчас чытання сустрэнеце яшчэ якія-небудзь дзіўныя выразы ў двукоссях або курсівам, ёсць вялікая верагоднасць, што гэта адсылка да іншага твора».
Дзякуй за параду, дарагі таварыш па розуме, яна з пэўнасцю спатрэбіцца перакладчыкам і перакладчыцам яшчэ не раз, і не толькі ў працы з Эмілі Бронтэ.