У кірунку выспы: вершам, прозай, плытом і самалётам | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 25 чэрвеня 2026
У кірунку выспы: вершам, прозай, плытом і самалётам | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Ёсць у сусветнай культуры два ў нечым супрацьлеглыя вечныя сюжэты, увасобленыя ў двух літаратурных жанрах. Герой аднаго з іх, адольваючы шматлікія перашкоды, імкнецца даплысці да маленькага вострава, бо гэта яго радзіма. Герой другога, перамагаючы не меншую колькасць цяжкасцяў, усімі сіламі намагаецца вырвацца з такой выспы, бо гэтая «турма» замінае яго вяртанню дадому. Вядома ж, гаворка пра Адысея ды Рабінзона і, адпаведна, пра «адысею» з «рабінзанадай».

Гэтыя сюжэты і жанры ўдала «сустрэліся» на нашай Перакладчыцкай Майстэрні, бо яе тэмай былі пераклады «Адысеі» легендарнага Гамера – і рамана «Валадар над мухамі» нобелеўскага лаўрэата Ўільяма Голдынга, які напісаў сваю, антыўтапічную, версію рабінзанады. Перакладзеныя пачаткі твораў у сваіх беларускіх версіях паказалі ўдзельнікі майстэрні Настасся ды паэт і музыка Ілля Сініца. Запрошаным ментарам (у гамераўскім кантэксце гэты тэрмін пасуе асабліва) выступіў перакладчык-паліглот, педагог і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі, які не так даўно перастварыў па-беларуску «Іліяду», атрымаў за яе Прэмію імя Карласа Шэрмана і цяпер працуе над «Адысеяй».


Лявон Баршчэўскі – філолаг, перакладчык, рэдактар, педагог і грамадскі дзеяч. Кандыдат філалагічных навук. Паліглот, перакладае з англійскай, іспанскай, кітайскай, нарвежскай, нямецкай, польскай, румынскай, старажытнагрэцкай, лацінскай, французскай, чэшскай, шведскай… Сярод перакладзеных аўтараў – Гамер, Эсхіл, Петрарка, Гётэ, Кафка, Брэхт, Ленаў, Бёль і шмат іншых.

У 1985 годзе разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў «Бабілён». Заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча і прэміі імя Карласа Шэрмана.


*  *  *

На працягу апошняга года Лявон Баршчэўскі падрыхтаваў (дакладней, заканчвае рыхтаваць) адразу два мастацкія пераклады «Адысеі», якія істотна адрозніваюцца адзін ад другога сваімі канцэпцыямі. Вынік другой канцэпцыі мае неўзабаве з’явіцца ў адным з беларускіх замежных выдавецтваў і будзе даволі звыклым для ўсіх, хто ўжо азнаёміўся з «Іліядай» у перакладзе Баршчэўскага, бо ўвесь тэкст будзе пераствораны гекзаметрам. Значна больш сюрпрызаў для чытачоў будзе ў першым варыянце перакладу, які, спадзяёмся, таксама неўзабаве надрукуюць – і кожны зможа пабачыць розніцу! Бо частка «Адысеі» (не ўся, але пераважная большасць тэксту) будзе перакладзена прозай, а рэшта – вершамі. Вершамі будуць выслаўляцца багі і натхнёны імі паэт, а прозай загавораць героі-людзі. Пра гэтую розніцу ў двух перакладчыцкіх падыходах апавядаў прысутным на майстэрні сам запрошаны госць, ілюструючы гэта фрагментамі сваіх перакладаў.

Бюст Гамера ў Брытанскім музеі

Цытуем нашага эксперта паводле яшчэ не апублікаванай паслямовы да беларускай «Адысеі», якой перакладчык ласкава падзяліўся з намі:

“Чытач, які меў магчымасць і жаданне пазнаёміцца з маім, упершыню апублікаваным у 2024 г. у Мінску, перакладам «Іліяды», выкананым адаптаваным да магчымасцяў беларускай мовы класічным 17-стопным дактылічным гекзаметрам, можа, разгарнуўшы гэтую кнігу, здзівіцца: чаму перакладчык цяпер аддае перавагу празаічнаму мастацкаму пераўвасабленню большай часткі твора?

У гэтай сувязі я хацеў бы працытаваць фрагмент з «Адысеі» (кніга першая, радкі 10–15) у спрошчаным запісе беларускай кірыліцай (націскныя склады вылучаныя мной тлустым шрыфтам; зычныя, якія вымаўляюцца з прыдыханнем, падаюцца курсівам; літара ґ пазначае адпаведны выбухны гук [g]; галосныя з двукроп’ем пасля іх пазначаюць, што гэта доўгі гук):

энт алой мэн пантэс госой фюнон айпюн олетрон
ойкой эсан полемон тэ пефэфґотэс э:дэ таласан
тон дойон носту кекрэ:мэнон э:дэ ґюнайкос
нюмфэ: потні эрюкэ калюпсо: діа тэао:н
эн спэсі ґляфюройсі ліляйомэнэ: посін эйнай.

Вы тут бачыце штосьці падобнае да звычайнай прозы, чытанне можа быць успрынятае любым славянскім (і не толькі славянскім) вухам як чытанне прозы. Няпроста нават угледзець унутры адпаведных радкоў паўзы-цэзуры.

Як вам, напэўна, вядома, старажытныя грэкі будавалі свае гекзаметры не праз упарадкаваныя пэўным чынам націскныя і ненаціскныя склады, а праз чаргаванне ў вызначаным парадку доўгіх і кароткіх складоў, якіх у нашай і шматлікіх іншых мовах свету папросту не існуе. Першымі перакладчыкамі на іншую мову твораў, першапачаткова складзеных па-старагрэцку, былі рымляне, і яны дбайна перадавалі чаргаванне доўгіх і кароткіх складоў, але, паколькі ў лаціне доўгіх гукаў менш, яны мусілі, напрыклад, ужываць «падоўжаныя» склады (г. зн. тыя, якія складаюцца з кароткага галоснага і свісцячага зычнага або з кароткага і спалучэння пэўных зычных), а часам, скажам так, злоўжываць пірыхіямі (следаваннем двух кароткіх складоў аднаго за адным). У Новы час немцы, французы, англічане, у чыіх мовах доўгіх галосных яшчэ менш, адвольным чынам вырашылі будаваць свае гекзаметры на чаргаванні націскных і ненаціскных галосных. Потым гэта перанялі таксама перакладчыкі на рускую і шэраг іншых моў.

Але ж калі б сабе ўявіць, што мы цяпер бы нашымі вушамі слухалі «спевы» ўяўнага Гамера, Гесіёда або Апалонія з Радоса, мы б чулі хутчэй прозу, якая проста рэчытатывам дэкламуецца пад акампанемент музычнага інструмэнта – тое, што цяпер мы чуем, прыкладам, у т. зв. «літаратурна-музычных кампазіцыях» або ў саўндтрэках мастацкіх фільмаў! Вось чаму і традыцыя празаічнага перакладу гамераўскіх паэм на еўрапейскія мовы існуе ўжо нямала гадоў: ёсць дзясяткі англійскіх, французскіх перакладаў «Адысеі» ў прозе; палякам добра вядомыя празаічныя пераклады на польскую Клеменса Жукоўскага і Яна Парандоўскага… Апошні, вельмі вядомы польскі літаратар і знаўца старажытных моў і літаратур, даваў таrое тлумачэнне, чаму ён вырашыў перакладаць усю «Адысею» прозай (пераклад з польскай мовы наш):

«Адысея не толькі мае вялікую колькасць сваіх нашчадкаў – эпічных паэм, але і ўяўляе сабою прамаці рамана. Яна такой з’яўляецца ў агульнай канцэпцыі паказу героя і яго прыгод, у красамоўнасці і разнастайнасці эпізодаў, у незвычайным маштабе падачы асобных сцэн – ад самых кранальных, вытанчаных да жорсткіх і бязлітасных; ува ўменні аўтара рэгуляваць ступені драматычнай напружанасці і вяртання ў расповедзе назад, у размежаванні апісанняў і дыялогаў, у перадачы адценняў характараў усіх персанажаў, хоць бы з большай адлегласці; у свабодзе пераносу месца дзеяння з аднаго месца ў іншае ў адной і той самай песні-кнізе; урэшце, у сотнях дробных дэталяў, якія папросту не заўважаюцца, бо на працягу стагоддзяў гэта стала звыклым элементам літаратурнага вымыслу. Ніхто, відавочна, не спыніцца пры чытанні, сустрэўшы такія моўныя звароты, як “…ён прамовіў гэта і ўзняў дзіду…”, “не паспеў сказаць тое, як у дзвярах…” Гэтыя абсалютна звыклыя для нас сёння спосабы сінтаксічнай сувязі членаў сказа, якія перадаюць імклівае развіццё дзеяння, першы раз у літаратуры з’явіліся ў Гамера.

У вершаваных перакладах шмат што з гэтага гублялася – гэтаксама, як знікалі, сціраліся шмат якія мастацкія дэталі ў перадачы жэстаў, паводзінаў персанажаў, іх пачуццяў, думак і канкрэтных учынкаў – уся тая гушчыня чалавечых эмоцый і рэакцый, такіх нам блізкіх, парадзела і ператварылася ў агульнапрынятыя схемы. Мне здаецца, што якраз дзякуючы гэтай ўніверсальнасці і гушчыні, Гамер, хоць і не скандаваны і не абцяжараны звонкімі рыфмамі, будзе для нас больш даступным і зразумелым. Яго можна будзе чытаць як раман, якім, у сутнасці, гэты твор і ёсць» [1].

Вось жа, я ў гэтым выпадку хацеў бы даць сучаснаму беларускаму чытачу гамераўскую «Адысею», якая б успрымалася як чытэльны, даступны, у тым ліку менш падрыхтаванаму чытачу, прыгодніцкі раман, у якім вершамі прамаўляюць толькі багі, душы памерлых, незвычайныя сваім спевам сірэны ды сам аўтар, калі на яго находзіць сапраўды боскае натхненне”.

 *  *  *

Прывядзём тут пачатак абедзвюх беларускіх версіяў «Адысеі», каб чытачы маглі адначасова ацаніць як кантраст між «высокімі» і «нізкімі» часткамі першай версіі перакладу, так і розніцу ў перакладанні, здавалася б, тых самых «чалавечых» фрагментаў тэксту.

Арыгінал:

ἄνδρα μοι ἔννεπε, μοῦσα, πολύτροπον, ὃς μάλα πολλὰ
πλάγχθη, ἐπεὶ Τροίης ἱερὸν πτολίεθρον ἔπερσεν:
πολλῶν δ᾽ ἀνθρώπων ἴδεν ἄστεα καὶ νόον ἔγνω,
πολλὰ δ᾽ ὅ γ᾽ ἐν πόντῳ πάθεν ἄλγεα ὃν κατὰ θυμόν,
ἀρνύμενος ἥν τε ψυχὴν καὶ νόστον ἑταίρων.
ἀλλ᾽ οὐδ᾽ ὣς ἑτάρους ἐρρύσατο, ἱέμενός περ:
αὐτῶν γὰρ σφετέρῃσιν ἀτασθαλίῃσιν ὄλοντο,
νήπιοι, οἳ κατὰ βοῦς Ὑπερίονος Ἠελίοιο
ἤσθιον: αὐτὰρ ὁ τοῖσιν ἀφείλετο νόστιμον ἦμαρ.
τῶν ἁμόθεν γε, θεά, θύγατερ Διός, εἰπὲ καὶ ἡμῖν.
ἔνθ᾽ ἄλλοι μὲν πάντες, ὅσοι φύγον αἰπὺν ὄλεθρον,
οἴκοι ἔσαν, πόλεμόν τε πεφευγότες ἠδὲ θάλασσαν:
τὸν δ᾽ οἶον νόστου κεχρημένον ἠδὲ γυναικὸς
νύμφη πότνι᾽ ἔρυκε Καλυψὼ δῖα θεάων
ἐν σπέσσι γλαφυροῖσι, λιλαιομένη πόσιν εἶναι.
ἀλλ᾽ ὅτε δὴ ἔτος ἦλθε περιπλομένων ἐνιαυτῶν,
τῷ οἱ ἐπεκλώσαντο θεοὶ οἶκόνδε νέεσθαι
εἰς Ἰθάκην, οὐδ᾽ ἔνθα πεφυγμένος ἦεν ἀέθλων
καὶ μετὰ οἷσι φίλοισι. θεοὶ δ᾽ ἐλέαιρον ἅπαντες
νόσφι Ποσειδάωνος: ὁ δ᾽ ἀσπερχὲς μενέαινεν
ἀντιθέῳ Ὀδυσῆι πάρος ἣν γαῖαν ἱκέσθαι.

Вось паэтычны ўступ, агульны для абедзвюх версіяў перакладу:

Муза, мне распавядзі пра славутага, спраўнага мужа,
чый пасля Троі знішчэння быў шлях пакручасты, працяглы;
шмат бачыў ён гарадоў, людзей розных і звычаяў мноства;
безліч спазнаў ён нягод падчас цяжкіх вандровак па моры,
каб і сябе ўратаваць, і сябрам даць вярнуцца дадому.
Ды паратунку сябрам не знайшлося, хоць ён таго прагнуў:
марную гібель яны праз упартасць знайшлі ды праз пыху,
бо з’елі здуру яны валоў Гéлія-Гіперыёна,
й больш не дазволіў вярнуцца ім бог аніколі дадому.
Нам пра ўсё распавядзі, дачка Дзэўса, як след, падрабязна.
Іншыя, хто ўдачу меў і пазбегнуў тады чорнай смерці,
здолелі трапіць дадому, схавацца ад штормаў і войнаў.

Вось празаічны пераклад далейшага тэксту:

“Аднаго толькі Адысея, спакутаванага ад тугі па радзіме і па сваёй жонцы, царская німфа Каліпсо, гэтая яркая багіня, трымала ў няволі, у сваёй змрочнай пячоры, жадаючы, каб ён стаў яе мужам. Але калі, пасля некалькіх зменаў пор года, надышоў той год, у якім багі паказалі Адысею шлях вяртання дадому на Ітаку, дзе жылі яго блізкія, нават тады ён не быў вольны ад цяжкога клопату. Усе багі шкадавалі яго, акрамя Пасейдона, гнеў якога надалей няспынна гнаў і гнаў багароўнага Адысея, аж пакуль той нарэшце не дасягнуў сваёй зямлі”.

А вось вершаваны пераклад таго самага фрагмента:

Толькі яго, Адысея – з нудзьгой па радзіме і жонцы –
німфа тады Каліпсо, уладарка, трымала ў няволі,
ў змрочнай пячоры сваёй, бо жадала займець яго мужам.
Час прамінаў, і, нарэшце, ў іх коле прыйшоў адпаведны,
як атрымаў ён дазвол ад багоў на Ітаку вярнуцца,
дзе яго родны быў кут, а й тады меў ён мноства турботаў,
розных нягодаў, бяды. Хоць багі яго ўсе шкадавалі,
ды бог марскі Пасейдон быў бязлітасны: гнеў яго моцны
боскага гнаў Адысея няспынна і доўга, аж покуль
не дасягнуў ён радзімы.

*  *  *

Працытуем для параўнання яшчэ адзін фрагмент гамераўскага тэксту ў дзвюх беларускіх версіях Лявона Баршчэўскага. Той фрагмент, дзе Адысей майструе плыт, на якім урэшце пакіне выспу німфы Каліпсо і скіруецца дадому. І кожны чытач ці чытачка можа выбраць, які падыход яму (ці ёй) падабаецца болей.

Празаічная версія:

“Як толькі ружовапальцая Эас заззяла ў ранішняй імгле, Адысей накінуў на сябе плашч і хітон, а німфа надзела доўгую, серабрыстую сукню, далікатную і тонкую; абвязала сваю пышную талію залатым пасам, накрыла галаву празрыстым вэлюмам і хутка пачала рыхтаваць адважнага мужчыну да падарожжа.

Яна дала яму вялікую зручную медную сякеру, завостраную з абодвух бакоў, з трывалым прыгожым тапарышчам, зробленым з аліўкавага дрэва, яшчэ гладка адпаліраваную цяслярскую ручную сякерку, а потым правяла яго на другі бок вострава, дзе раслі вялікія дрэвы: алешыны, чорныя таполі ды хвоі, што цягнуцца высока да неба – сухія і асабліва прыдатныя, каб з іх майстраваць чаўны. Паказаўшы яму, дзе растуць тыя дрэвы, Каліпсо, багіня багіняў, вярнулася дадому. Адысей жа пачаў спрытна валіць дрэвы, і адразу ж праца закіпела; ён ссек дваццаць дрэў, ачысціў іх сякераю ад галін, гладка абчасаў, а атрыманыя бэлькі выраўнаваў пад шнур. Тым часам Каліпсо, багіня багіняў, прынесла свердзел; Адысей прасвідраваў ім усе тыя бэлькі, а потым іх шчыльна разам звязаў і ўмацаваў моцнымі штырамі. Памер плыта быў дакладна такі, як той, які дасведчаны цесля вызначае для асновы грузавога карабля; гэтак вось спраўны Адысей змайстраваў свой плыт”.

А вось той самы плыт, «звіты з песень і слоў», толькі семнаццаціскладовым гекзаметрам:

Ледзь разагнала імглу святлом ружовапальцая Эас,
плашч і хітон Адысей на сябе, ўстаўшы з ложка, накінуў.
Німфа ж надзела тады серабрыстую доўгую сукню,
пасам пасля залатым сваю талію аперазала,
голаў празрыстай накідкай накрыла й адважнага мужа
ўраз пачала рыхтаваць выпраўляцца ў марскую вандроўку.
Німфа спачатку яму з лязом медным двувострым сякеру
ў рукі дала, у якой тапарышча з аліўкі трывалай;
потым і цеслі сякерку малую прынесла; на іншы
вострава бок правяла яго, дзе расло дрэваў вялікіх
мноства – і чорных таполяў, і хвояў, што цягнуцца ў неба.
Гэтыя дрэвы сухія – прыдатныя, каб майстраваць з іх
рознага кшталту чаўны. У той бок паказаўшы дарогу,
німфа вярнулася зноў у пячору сваю. Адысей жа
дрэвы сячы ўраз пачаў. Як зваліў ён іх дваццаць раўнютка,
спрытна сякерай галіны абсек, абчасаў ствалы гладка.
Бэлькі пасля падраўняў ён дакладна пад шнур, а тым часам
зноўку багіня прыйшла, Каліпсо, й яму свердзел прынесла.
Прасвідраваў Адысей усе бэлькі ім дбайна, а потым
шчыльна звязаў іх, штырамі, як трэба, усе ўмацаваўшы.
Плыт ён памерам рабіў, як дасведчаны цесля…

*  *  *

Пасля міні-прэзентацыі ад запрошанага эксперта, пачалося абмеркаванне фрагментаў, прапанаваных удзельнікамі майстэрні. Інтрыгі дадавала тое, што Ілля Сініца прадставіў у сваім варыянце той самы ўступ да паэмы. Апавядаючы пра матывы свайго перакладання і выклікі, з якімі сутыкнуўся, малады перакладчык зрабіў гэта лаканічна і вельмі паэтычна:

Вырашыў перакладаць «Адысею», бо захацелася ў ёй пажыць, пачытаць яе сваім блізкім людзям. Складана – трымацца старажытнага рытму і перадаваць цяжкую эпітэтыку Гамэра. У астатнім – чым далей перакладаю, тым лягчэй выходзіць”.

Давайце прыгледземся да перакладу:

Мужа апей мне, багіня, увішнага спрыту, каторы
Многа паспеў наблукацца, святы горад Троі ўзяўшы.
Шмат гарадоў і плямёнаў ён бачыў і сэрцы іх зведаў.
Бедаў між хвалямі мора таксама сцярпеў ён нямала,
Рупіўся бо аб ўласным жыцці і вяртанні дружыны.
Хоць і стараўся, таварышаў уратаваць усё роўна не здолеў –
Тыя з уласнае дурасці згінулі ўсе і памерлі:
Дурні, таму што быкоў Геліёса Гіперыёна
З’елі, за што і забраны быў дзень іх вяртання дадому.
Скуль ты жадаеш, багіня, пачні свой аповед аб гэтым. 

Іншыя ўсе, хто ўнікнуў пад Трояй імклівае смерці,
Дома даўно ўжо былі, ад вайны ўратаваўшыся й мора.
Толькі яго аднаго, хоць і прагнуў дадому, да жонкі,
Німфа магутная не адпускала, Каліпса-багіня
З выспы сваёй і пячор, жадаючы мець у ім мужа.

Поры ляцелі сваёй чарадой, і нарэшце прыходзіць
Год, у які яму наканавалі багі ў Ітаку вярнуцца —
Нават і дома яму не ўцячы ад агорклых нягодаў,
З роднымі побач. Тым часам багі яго пашкадавалі,
Ўсе, апрача Пасейдона — злаваўся той на Адысея
Бесперастанку, пакуль не даплыў ён урэшце дадому.

Калегі па майстэрні высока ацанілі пераклад Іллі Сініцы, яго лёгкасць, натуральнасць і музычнасць. Асобныя заўвагі і прапановы нешта паправіць датычылі толькі драбніцаў – вылучаных тоўстым шрыфтам фрагментаў. У двух месцах – там, дзе вылучаны цэлыя радкі, – беларускі пераклад даў метрычны збой, парушыўшы рытміку арыгінала. Незаўважна для перакладчыка з’явілася сёмая стапа ў шасцістопным дактылі (дваццаціскладовы верш замест сямнаццаціскладовіка). Сам перакладчык паіранізаваў з гэтых непрадугледжаных грэцкай прасодыяй «мутантаў», абазваўшы іх «чарнобыльскімі гекзаметрамі». У астатніх выпадках заўвагі датычылі збольшага парадку словаў або парушэння правіла скарачэння «ў» нескладовага.

Было: “святы горад Троі ўзяўшы”. Гэтым «горад Троі» перакладчык хацеў падкрэсліць, што быў узяты «ўнутраны горад», сама «крэпасць», але атрымалася не зусім натуральна, таму прапанавана: “узяўшы святы горад Трою”.

Было: “Шмат гарадоў і плямёнаў ён бачыў і сэрцы іх зведаў. «Сэрца гораду» зведаць яшчэ сяк-так можна, з «сэрцам племені» трохі складаней, таму прапанавана: “Шмат гарадоў і плямёнаў ён бачыў і душы іх зведаў”.

Было: “Хоць і стараўся, таварышаў уратаваць усё роўна не здолеў”. Прапанавана больш адпаведнае рытміцы арыгінала: “Толькі таварышаў уратаваць усё роўна не здолеў”.

Было: “…і нарэшце прыходзіць / Год, у які яму наканавалі багі ў Ітаку вярнуцца”. Прапанавана метрычна слушнае: “…і нарэшце прыходзіць / Год, калі наканавана багамі ў Ітаку вярнуцца…”

Было: “…Тым часам багі яго пашкадавалі, / Ўсе, апрача Пасейдона злаваўся той на Адысея”. Прапанавана больш сінтаксічна зграбнае: “…Тым часам багі яго пашкадавалі, / Ўсе, апрача Пасейдона, што гневаўся на Адысея”.

*  *  *

Спадарыня Настасся, прадстаўляючы свой пераклад Голдынга, таксама пачала з матывацыі, назваўшы тры прычыны выбару такога твору. Па-першае, кніга, якая належыць пяру набеліста і ўжо зрабілася сусветнай класікай, проста «павінна быць перакладзена на беларускую». Па-другое, ніхто да Настассі гэтага яшчэ не зрабіў. Па-трэцяя, твор выявіўся блізкі перакладчыцы:

«збольшага я разумею гэту кнігу, яна чапляе сваімі тэмамі. Чалавечая прырода “вылазіць” досыць хутка, калі знікаюць абмежаванні цывілізацыі. Дадатковы плюс: твор невялікі і не самы складаны для пачаткоўца ў перакладзе».

Уільям Голдынг

Апошняе сцверджанне выявілася, дарэчы, далёка не бясспрэчным. І сярод неабходных умоваў паспяховага перакладу, адразу пасля даволі гарачага абмеркавання сваёй працы, Настасся назвала наступную: «не апісваць сітуацыю, не спяшацца перакладаць, спачатку не ўявіўшы, што адбываецца ў тэксце, хто “караскаецца паміж ліян” (ці ўсё-ткі праз іх “прадзіраецца”!) і “з якіх футаў спускаецца” (ці ўсё ж не “з футаў”, а з самой скалы!)”. Як адзначыла маладая перакладчыца, «аднаго толькі ведання тэорыі, як добра перакласці, недастаткова, бо патрэбна шмат практыкі. Так, не зусім правільныя сінтаксічныя канструкцыі чамусьці падаваліся натуральнымі да моманту разбору (магчыма, я была зачаравана іх гучаннем), а лагічныя памылкі заставаліся незаўважнымі, пакуль мне іх не паказалі».

*  *  *

Сапраўды, дыскусіяў вакол перакладу трохі было. Прысутныя адзначылі важнасьць выбаранага тэкста і адвагу перакладчыцы, якая за яго ўзялася. І зрабілі пару заўваг яшчэ да пачатку яе чытання ўголас. Адна датычыла назвы ўсяго твору: можа, не «Валадар мух», а «Валадар над мухамі»? Другая – назвы першага раздзелу: да словазлучэння «Гук ракавіны» параілі дадаць эпітэт – «Гук марской ракавіны». Так знікнуць не зусім дарэчныя асацыяцыі з гудзеннем няспраўнай сантэхнікі. Па-трэцяе, запрошаны эксперт параіў маладзейшым калегам не ўжываць царкоўнаславянізм «глава», бо нашмат больш дарэчна называць фрагменты вялікага твору «раздзеламі».

Калегі параілі перакладчыцы трохі смялей паставіцца да тэксту і не калькаваць даслоўна англійскі арыгінал, бо інакш сэнс выказвання можа памяняцца на супрацьлеглы.

Арыгінал:

“Aren’t there any grownups at all?”
“I don’t think so.”

Было:

– Няўжо тут наогул няма дарослых?
– Я так не думаю.

З перакладу вынікае, што дарослыя хутчэй ёсць, а ў арыгінале – зусім наадварот. Таму прапанавана:

– Няўжо тут зусім няма дарослых?
Відаць што. / Думаю, не.

Прысутныя выказалі перакладчыцы ўжо традыцыйную на майстэрні параду высцерагацца «фальшывых сяброў перакладчыка», бо падобнае ці, здавалася б, ідэнтычнае слова можа на іншай мове азначаць трохі іншае (або нават зусім іншае).

Арыгінал: “There was that pilot. But he wasn’t in the passenger cabin, he was up in front.”

У чарнавіку: “Быў яшчэ той пілот. Але яго не было ў пасажырскай кабіне, ён быў спераду”.

Спроба жыўцом перанесці ў пераклад англійскае cabin выклікала да жыцця кур’ёзнае словазлучэнне: «пасажырская кабіна». Было прапанавана: “Быў яшчэ той пілот. Але яго не было ў салоне, ён быў у кабіне”.

Яшчэ адзін «авіяцыйны» прыклад. Арыгінал: “We was attacked!” Было: – На нас напалі! Прапанавана: – Нас падбілі!

Як адзначыла вышэй сама Настасся, вельмі карысна, перакладаючы, дакладна ўявіць сітуацыю. Што адбываецца з персанажамі? Ці выпадае ім ужываць рефлексійныя дзеясловы ды паводзіцца па-англійску стрымана і ўраўнаважана, або ўжо можна трохі дабавіць эмоцыяў? Вось сітуацыя, калі аднаго з герояў, даруйце, моцна «прыпёрла», толькі вось з чарнавіка перакладу здагадацца пра гэта досыць складана.

“Them fruit,” he said, “I expect―”
He put on his glasses, waded away from Ralph, and crouched down among the tangled foliage.
“I’ll be out again in just a minute ―”

Было:

– Гэныя фрукты, – паўтарыў ён, – думаю
Надзеўшы акуляры, ён адышоў ад Ральфа і прысеў на кукішкі сярод змешанага лісця.
Я зараз вярнуся

Прапанавана:

– Гэныя фрукты, – паўтарыў ён, – я, мабыць
Надзеўшы акуляры, ён адскочыў ад Ральфа і прысеў на кукішкі сярод зблытанага лісця.
Я зараз

Відаць, найскаладанейшы для перакладу момант – калі адзін хлопчык прызнаецца, што пакутуе на астму (задышку? дыхавіцу?), а другі здзекліва і не зусім прыстойна перакручвае ягоныя словы:

“My auntie told me not to run,” he explained, “on account of my asthma.”
Ass-mar?”

Перакладчыца сумленна паспрабавала згуляць з часткай слова і нават удала знайшла такі самы элемент, вось толькі атрымалася трохі ненатуральна. Мабыць, таму, што наскія хлопчыкі (нават калі гэта англійскія хлопчыкі ў беларускім перакладзе) рэдка каламбураць праз злучок:

– Мая цётухна забараніла мне бегаць, – патлумачыў ён, – праз аддышку.
Зад-ышку?

Тэарэтычна можна паспрабаваць праз «дых…/здых…», менавіта так у адным з украінскіх перакладаў:

– Мая цётухна забараніла мне бегаць, – патлумачыў ён, – праз дыхавіцу.
Здыхавіцу?

Але дзіцячы досвед у нашых падворках чамусьці падказвае прымітыўнейшы (і, на жаль, эфектыўнейшы), з дазволу сказаць, каламбур:

– Мая цётухна забараніла мне бегаць, – патлумачыў ён, – праз астму.
Асму-срасму!

 Усё-ткі выйшла праз злучок… Спробы, вядома ж, можна працягваць. Галоўнае выжыць у жорсткіх умовах (не)дзіцячай рабінзанады, даплыўшы-даляцеўшы да лагічна несупярэчлівага і добра стылістычна збудаванага перакладу, які не заменіць чытачам ні туманнага Альбіёну, ні паводкі на Палессі, але дасць адчуванне цвёрдай глебы пад нагамі, па-беларуску надзейнай і па-нобелеўску ўніверсальнай.


[1] Цытуецца паводле: Homer. Odyseja. Przekład Jana Parandowskiego. Warszawa: Czytelnik, MCMLVI (1956), str. 19.