Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 чэрвеня 2026 года

Апошняе абнаўленне: 1 ліпеня 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 чэрвеня 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 30 чэрвеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 25, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 123, забароненых кніг – 357.

Над палітзняволеным музыкам Ягорам Цюшкевічам адбыўся новы суд. 

Затрымалі ўдзельнікаў музычнага рэйву пад Стоўбцамі. 

З аўкцыёну прадалі лецішча журналіста і літаратара Уладзіміра Хільмановіча. 

У вёсцы Каптаруны Пастаўскага раёна апячаталі дом выдаўца Ігара Логвінава. 

Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-акаўнт выдавецтва «Полацкiя Лабiрынты». 

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Facebook-старонку пісьменніцы Югасі Каляды

Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» сатырычны праект «ЧинЧинЧенэл». 


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

26 чэрвеня над палітвязнем Ягорам Цюшкевічам, музыкам, які працаваў у лялечным тэатры ў Брэсце, адбыўся яшчэ адзін суд. Падрабязнасці невядомыя. 19 снежня 2024 года Ягор Цюшкевіч быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму ў Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці). 

II. Пераслед і адміністрацыйныя арышты дзеячаў культуры і ўдзельнікаў культурніцкіх імпрэз

У ноч з 21 на 22 чэрвеня затрымалі ўдзельнікаў музычнага рэйву пад Стоўбцамі. Удзельнікі кажуць, што сустрэча мела выключна забаўляльна-культурніцкі характар і не мела сувязі з палітыкай. Аднак туды прыехалі супрацоўнікі сілавых структур разам са службовымі сабакамі. Пачалі затрымліваць людзей на тэрыторыі фестывалю, патрабавалі спыніць музыку і выступленні. Пасля допыту на ўсіх затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы. Сярод затрыманых былі музыкі, выканаўцы аўтарскіх песень. Усіх затрыманых даставілі на допыт, пасля чаго склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Некаторых затрыманых асудзілі на 10 і 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля сілавікі апублікавалі відэа з двума затрыманымі мужчынамі, якіх назвалі арганізатарамі мерапрыемства. Іх прымусілі пакаяцца ў тым, што, маўляў, арганізавалі сустрэчу без узгаднення з мясцовымі ўладамі.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Былыя палітвязні паведамілі, што з моманту затрымання 21 кастрычніка 2020 года мастак Іван Вярбіцкі знаходзіўся ў штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу больш за 1065 дзён. У красавіку 2026 года яго этапавалі ў калонію № 9 і змясцілі ў штрафны ізалятар. Іван Вярбіцкі быў асуджаны 15 сакавіка 2021 года паводле палітычна матываванай справы на 8 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму.

IV. Пераслед культурніцкіх дзеячаў, якія выехалі з Беларусі 

1. 23 чэрвеня з аўкцыёну прадалі лецішча журналіста і літаратара Уладзіміра Хільмановіча ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна. 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Уладзіміру Хільмановічу 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 40 000 рублёў штрафу (13 370 долараў). Маёмасць прадаюць, каб кампенсаваць штраф.

2. 24 чэрвеня стала вядома, што ў вёсцы Каптаруны Пастаўскага раёна апячаталі дом выдаўца Ігара Логвінава – уладальніка і дырэктара прыватнага выдавецтва «Логвінаў». 

V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» твораў кінадакументалістыкі 

17 чэрвеня стала вядома, што рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна. «экстрэмісцкімі» прызнаны дакументальныя фільмы і відэаматэрыялы на гістарычныя тэмы: «Кроў i попел Дражна», «Амаль забыты лес», «Курапаты», «Гісторыя Беларусі! С. Булак-Балаховіч!», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Расціслаў Лапіцкі! Герой нацыянальнага супраціву!», «Войска Польска на тэрыторыі Беларусі», «Браты па крыві! НКВД=ГЕСТАПО», «Праклятыя ды забытыя! Ч. 1», «Праклятыя ды забытыя! Ч. 2».

VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх праектаў 

1. 29 чэрвеня Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-акаўнт «polackija_labirynty» выдавецтва «Полацкія Лабірынты».

2. 29 чэрвеня Міністэрства інфармацыі папоўніла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у яго трапіў Тelegram-канал «”Volny chor” Хор вольных беларусаў», Instagram-акаўнт фестывалю беларускага кіно «bulbamovie». У спіс трапілі таксама стыкеры «Malawanycz», «Беларускiя сымбалi», «Сцяг Беларусi», «Кнiжны Воз», «Жыве Беларусь!», «Погоня», «Беларусь БЧБ», «Belarus Symbols»

VII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры

1. 16 чэрвеня ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Facebook-старонку пісьменніцы Югасі Каляды

2. 16 чэрвеня ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-акаўнты прадзюсара Януша Гаўрылюка і актора Міхася Зуя

VIII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкім фармаваннем» культурніцкіх праектаў

16 чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» сатырычны праект «ЧинЧинЧенэл».  

IX. Адмена культурніцкіх падзей 

У музейным комплексе «Дукорскі маёнтак» адмянілі святкаванне Купалля, запланаванае на 28 чэрвеня.