Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2026 года

Апошняе абнаўленне: 16 ліпеня 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 15 ліпеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 23, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 123, забароненых кніг – 366.

Супраць былога палітвязня, выдаўца і культурніцкага менеджара Паўла Мажэйкі распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу.

Палітычна матываваны прысуд вынесены салістцы кавер-гурта «3-й регион» Таццяне Шарак.

У Мінску затрымалі актывістку і папулярызатарку беларускай культуры Ніну Багінскую.

Крамы «Honar», «LSTR Adzieńnie» і «Ragna» абвясцілі, што спыняюць працу. 

Улады прадалі кватэру літаратара і журналіста Уладзіміра Хільмановіча.

Пісьменніка Сашу Філіпенку пераследуюць паводле справы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). 

Супрацоўнікі спецслужб ціснуць на знаёмых менеджаркі, прамоўтаркі беларускай культуры Юліі Катаржынскай

Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў «экстрэмісцкімі» кнігі Святланы Алексіевіч і Ларысы Геніюш.

Адменены міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд 2026».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 7 ліпеня стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе вынесены палітычна матываваны прысуд Таццяне Шарак. Яе асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Меркаваны прысуд – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Таццяна Шарак працавала ў адным з падраздзяленняў аб’яднання «Беларусьнафта» ў Рэчыцы і была салісткаю кавер-гурта «3-й регион». 

2. 13 ліпеня стала вядома, што ў дачыненні да былога палітвязня, выдаўца і культурніцкага менеджара Паўла Мажэйкі распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу. Справу завялі яшчэ 11 траўня 2026 года, верагодна, паводле аднаго з палітычных артыкулаў – 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). «Я не ведаю, чаго дакладна тычыцца заведзеная справа. Ведаю пра дзясяткі так званых працэсуальных дзеянняў у дачыненні да маіх родных, сваякоў і знаёмых: ператрусы, допыты, у тым ліку нефармальныя размовы», – кажа Павел Мажэйка.

II. Пераслед і адміністрацыйныя арышты дзеячаў культуры і ўдзельнікаў культурніцкіх імпрэз

14 ліпеня стала вядома, што на вуліцы ў Мінску затрымалі актывістку і папулярызатарку беларускай культуры Ніну Багінскую. Супрацоўнікі міліцыі без тлумачэнняў правялі агляд яе асабістых рэчаў і забралі кнігу. 

III. Спыненне працы крам нацыянальна арыентаваных брэндаў адзення і этна-тавараў

1. 10 ліпеня 2026 года крама сучаснага беларускага адзення «Honar» напісала ў сваіх сацыяльных сетках, што з 19 ліпеня спыняе працу.

2. 11 ліпеня ў Мінску зачынілася крама «Ragna», якая 13 гадоў працавала як этна-пляцоўка і крама сувеніраў, гуртавала вакол сябе майстроў і аматараў традыцыйнай беларускай культуры. 

3. 12 ліпеня з’явілася інфармацыя пра закрыццё крамы «LSTR Adzieńnie». Пра гэта яе стваральнікі абвясцілі ў сацыяльнай сетцы. 

IV. Пераслед дзеячаў культуры, якія выехалі з Беларусі

1. 1 ліпеня стала вядома, што 30 чэрвеня з аўкцыёну была прададзена кватэра літаратара і журналіста Уладзіміра Хільмановіча. Яго маёмасць распрадаюць у выніку палітычнага пераследу. 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Уладзіміру Хільмановічу, які вымушана знаходзіцца за межамі Беларусі, 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 40 000 рублёў штрафу (13 370 долараў). Маёмасць прадаюць, каб кампенсаваць штраф. 23 чэрвеня з аўкцыёну прадалі лецішча Уладзіміра Хільмановіча ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна.

2. 13 ліпеня стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі і КДБ прыходзілі да родных пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Беларусі ў сувязі са справай ЕГУ. «Апошні раз да мяне чамусьці прыходзілі ў сувязі з тым, што я таксама навучаўся ў ЕГУ. Напэўна, яны хацелі высветліць, што менавіта я рабіў у ЕГУ, хаця я адвучыўся ў ЕГУ толькі першы курс (калі ЕГУ быў у Мінску), і пасля яго закрылі», – паведаміў пісьменнік.

3. 14 ліпеня ў кватэры былой жонкі даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча адбыўся ператрус, які праводзілі 5 чалавек, сярод якіх – супрацоўнікі КДБ. Спецслужбоўцаў цікавіла дзейнасць ініцыятывы «Нацыя лідараў», якая ладзіць анлайн-курсы на розныя тэмы, ад грамадскага актывізму да складання ўласнага радаводу. Ігар Станкевіч мусіў выехаць з Беларусі ў Польшчу пад пагрозай палітычнага пераследу, сацыяльныя сеткі ягонай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» абвешчаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», імя і прозвішча даследчыка ўнесена ў агульную базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

4. 15 ліпеня стала вядома, што ў Гродне супрацоўнікі спецслужбаў ціснуць на знаёмых менеджаркі, прамоўтаркі беларускай культуры Юліі Катаржынскай, якой давялося пакінуць Беларусі. «Выклікалі на допыт маіх аднакласнікаў, аднагрупнікаў, выкладчыкаў (людзей, з якімі мы год 15 не камунікавалі)», – паведаміла Юлія Катаржынская.

V. Забароненыя кнігі

2 ліпеня суд Заводскага раёна Мінска абвясціў «экстрэмісцкімі» шэраг друкаваных кніг: «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе», «Белым белы прастор замарожаны. Зборнік песняў на вершы Ларысы Геніюш і Пётры Русава», «Менская вясна. – Наша Ніва, 1996», «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» Вінцука Вячоркі, «Народная праграма “Вольная Беларусь”. Варшава – Нью-Ёрк – Менск», «Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы» Станіслава Шушкевіча, «Беларуская палітычная сістэма і прэзідэнцкія выбары 2001 году. – Менск. Аналітычная група. Варшава. Цэнтар дэмакратыі ўва Усходняй Эўропе», «Лёс ліцэя. Аўтабіяграфічныя запісы» Уладзіміра Коласа, «Праграма канстытуцыйных пераўтварэнняў» Міхаіла Пастухова.

VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх праектаў

1. 7 ліпеня 2026 года рашэннем суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці «экстрэмісцкім» прызнаны акаўнт з назвай «instbelknihi» Інстытута беларускай кнігі.

2. 14 ліпеня 2026 года рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна «экстрэмісцкімі» прызнаныя сайт і старонкі ў сацыяльных сетках арганізацыі «Fundacja OKNO NA WSCHÓD»

VII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры

8 ліпеня 2026 года рашэннем суда Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці «экстрэмісцкім» прызнаны Instagram-акаўнт з назвай «fraudrobysh» Крысціны Дробыш

VIII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкім фармаваннем» культурніцкіх праектаў

14 ліпеня МУС і КДБ прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» міжнародны маркетплэйс «Kamaroŭka», на якім прадаюцца кнігі, адзенне, дэкор, касметыка і іншае ў адным месцы для беларусаў па ўсім свеце. 

IX. Адмена культурніцкіх падзей

1. У вёсцы Лятохі пад Віцебскам вывесілі абвестку пра забарону традыцыйнага народнага свята Купалля. У выпадку святкавання людзям пагражалі адміністрацыйным пакараннем – штрафамі і суткамі. 

2. 10 ліпеня стала вядома, што адменены XVII міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд 2026», які меўся прайсці ў канцы ліпеня. Адпаведную заяву апублікавалі арганізатары фэсту ў сацыяльных сетках: «Гэта паведамленне даецца нам вельмі няпроста. З вялікім шкадаваннем паведамляем: нягледзячы на каласальную падрыхтоўку, шматмесячную працу і ўсе нашы намаганні, XVII фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Наш Грунвальд 2026” не адбудзецца ў канцы ліпеня ў Дудутках, як гэта было 16 гадоў запар. Абставіны склаліся так, што правесці фестываль у запланаваныя даты мы не зможам». Прычыны адмены фэсту ў публічнай заяве не называюцца.