Беларускі ПЭН абвяшчае доўгі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча. Узнагарода адзначае творы і праекты, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра ключавыя падзеі нашага часу і ўзнімаюць важныя грамадскія пытанні. Прэмія таксама ўшаноўвае спадчыну пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.
Сёлета ў конкурсе прэміі ўдзельнічалі 23 творы розных жанраў і фарматаў – мастацкая і дакументальная проза, паэзія, журналістыка, мультымедыйныя праекты і ініцыятывы вуснай гісторыі. Паводле вынікаў галасавання журы сфармавала доўгі спіс, у які ўвайшлі 13 намінантаў.
Доўгі спіс:
- Зборнік «Беларускія галасы з Познані» – Павел Залескі (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Кніга «Гайд палітзняволення» – ананімная каманда (праект 361.1, 2025)
- Зборнік «Голас пакалення свабоды» – Сяргей Сашук (выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2025)
- Кніга апавяданняў «Дубовые яблочкі» – Вольга Касцюк (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Зборнік «Іду да вас, людзі» – укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
- Відэа «Как беларусы живут после тюрьмы: иллюзия свободы» – Аляксандр Івулін (YouTube-канал «ЧестнОК», 2025)
- Зборнік «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га» – укладальнікі Алена Карасцялёва, Віктар Шадурскі (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Рэпартаж «Падляшскі трыпціх паўстання» – Вольга Сямашка (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)
- Рэпартаж «Памяць у Свіслачы» – Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)
- Раман «Пентаквантар» – Арцём Шуканаў (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)
- Раман «Слон» – Саша Філіпенка (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)
- YouTube-канал інтэрв’ю «ТОК | TALK» – Наста Роўда (@TOK_talk, 2025)
- Раман «Эйфарыя» – Марыя Пархімчык (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
Паводле правіл статута і рэгламенту, на прэмію намінаваліся не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы. Мэты прэміі застаюцца нязменнымі – ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і ўганараванне твораў, што адгукаюцца на самыя актуальныя і балючыя пытанні сучаснасці.
Лаўрэаты мінулага сезона:
- За гуманістычнае асэнсаванне беларускага турэмнага досведу з перспектывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў прэмію імя Алеся Адамовіча атрымала Вольга Вялічка і кніга «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).
- За смеласць і суперажыванне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту ўганаравана частка кнігі «Цела таксама архіў» аўтарства Насты Манцэвіч (выдавецтва «Пфляўмбаўм»).
- Апроч дзвюх прэмій, Рада Беларускага ПЭНа ўганаравала спецыяльнай адзнакай сайт www.spring96.org праваабарончага цэнтра «Вясна» за 25-гадовае паслядоўнае ўсебаковае асвятленне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Арганізатар прэміі – Беларускі ПЭН. Сачыце за навінамі: penbelarus.org