Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 31 ліпеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 22, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 122, забароненых кніг – 366.
Выкладчыцу гісторыі Кацярыну Жогаль асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
У Слоніме арыштаваны папулярызатары беларускай культуры і лакальнай гісторыі Алесь Масюк, Павел Севасцян і Віктар Марчык.
Суд вынес завочны прысуд у палітычна матываванай справе заснавальніка фонду «Okno na Wschód» Паўла Міцкевіча.
Суд пачаў завочны разгляд палітычна матываванай крымінальнай справы паэта, спевака і музыкі Сяргея Міхалка.
Кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка ў выніку палітычнага пераследу быў вымушаны выехаць з Беларусі.
У палітзняволенага журналіста і нон-фікшн літаратара Ігара Ільяша за кратамі пагоршылася здароўе.
YouTube-канал беларускага рок-гурта «Dzieciuki» прызнаны «экстрэмісцкім».
Instagram-старонка «Пошукі старога Гомеля» прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».
Instagram-старонка «ales_minau» літаратара Алеся Мінава прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».
Старонка ў «Одноклассниках» «Павел Севярынец» прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 19 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе выкладчыцу гісторыі Кацярыну Жогаль асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы. Прысуд вынесены на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
2. 23 стала вядома, што ў Слоніме арыштаваны папулярызатары беларускай культуры і лакальнай гісторыі Алесь Масюк, Павел Севасцян і Віктар Марчык. Яны ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца пад арыштам. Арышт адбылося ў межах крымінальнай справы, датычнай дзейнасці Беларускай рады культуры.
3. 27 ліпеня Гродзенскі абласны суд вынес завочны прысуд паводле палітычна матываванай справы заснавальніка фонду «Okno na Wschód» Паўла Міцкевіча, які займаўся праектамі, звязанымі з адукацыяй і культурай. Яго асудзілі завочна паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) на 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 22 500 рублёў (500 базавых велічынь ~ 7720 долараў).
4. 28 ліпеня Мінскі гарадскі суд пачаў завочны разгляд палітычна матываванай крымінальнай справы паэта, спевака і музыкі Сяргея Міхалка паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу) і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). У 2025 годзе Сяргея Міхалка абвясцілі ў вышук у Беларусі. З 2015 года ён жыў ва Украіне, у 2022 годзе выехаў у Эстонію, гастралюе па Еўропе і выказваецца ў падтрымку Украіны. Частку хітоў сваіх гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і «Brutto» выконвае на ўкраінскай мове.
ІІ. Пераслед і вымушаны выезд за мяжу дзеячаў культуры
22 ліпеня ў Мінску адбыліся ператрусы з удзелам супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі ў кватэры і офісе рэжысёра і дырэктара школы «КінаКалайдар» Андрэя Кудзіненкі. У выніку палітычнага пераследу ён быў вымушаны выехаць з Беларусі.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
У палітзняволенага журналіста і нон-фікшн літаратара Ігара Ільяша за кратамі пагоршылася здароўе – пра гэта паведаміла яго жонка, былая палітзняволеная Кацярына Андрэева: «Па выхадзе з ШІЗА Ігар адразу пачаў скардзіцца на ацёкі: у яго была ацёчнасць ног і рук. А пасля ШІЗА яго адправілі на працу, на перапрацоўку гумы, прыкладам, шынаў. І гэта таксама вельмі кепска адбілася на здароўі – пачаў адчуваць недахоп каардынацыі руху, асабліва правай рукі. А калі ён апошні раз выйшаў з ШІЗА, то бачылі, што ён кульгае. Ну і дадайце сюды тое, што праз ШІЗА рэзка пагоршыўся зрок».
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх праектаў
1. 28 ліпеня 2026 года рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна «экстрэмісцкім» прызнаны YouTube-канал беларускага рок-гурта «Dzieciuki». У ліпені 2025 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала гурт «экстрэмісцкім фарміраваннем». У 2025 годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаны старонкі гурта ў сацыяльных сетках (Facebook, Instagram, «ВКонтакте»), а таксама сам лагатып і тэкст «Dzieciuki».
2. 28 ліпеня 2026 года рашэннем суда Цэнтральнага раёна Гомеля «экстрэмісцкім матэрыялам» прызнана Instagram-старонка «Пошукі старога Гомеля».
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
1. 22 ліпеня 2026 года рашэннем суда Баранавіцкага раёна і Баранавічаў Instagram-старонка «ales_minau» літаратара Алеся Мінава прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».
2. Старонка ў «Одноклассниках» «Павел Севярынец» прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».