Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 15 жніўня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 22, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 126, забароненых кніг – 375.
Вынесены завочны прысуд паводле палітычна матываванай крымінальнай справы паэта, спевака і музыкі Сяргея Міхалка – 4 гады пазбаўлення волі.
У дачыненні да фатографа-палітвязня Вадзіма Здаравенава распачата новая крымінальная справа.
Суд пачаў завочны разгляд палітычна матываванай справы вакалісткі гурта «Dymna Lotva» Кацярыны Манкевіч.
Былы палітвязень, аўтар кнігі «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ» Мікола Статкевіч паведаміў, што інсульт у зняволенні ў яго справакавалі.
Забаронена яшчэ 9 кніг.
Instagram-старонка «ВОЛЬНЫ ХОР | VOLNY CHOR» абвешчана «экстрэмісцкай».
У Гродне адбыліся адмены інтэлектуальна-забаўляльных гульняў.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 жніўня стала вядома, што Мінскі гарадскі суд вынес завочны прысуд паводле палітычна матываванай крымінальнай справы паэта, спевака і музыкі Сяргея Міхалка – 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сяргея Міхалка асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу) і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). У 2025 годзе Сяргея Міхалка абвясцілі ў вышук у Беларусі. З 2015 года ён жыў ва Украіне, у 2022 годзе выехаў у Эстонію, гастралюе па Еўропе і выказваецца ў падтрымку Украіны. Частку хітоў сваіх гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і «Brutto» выконвае на ўкраінскай мове.
2. 6 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да фатографа-палітвязня Вадзіма Здаравенава распачата новая крымінальная справа. Вадзіму Здаравенаву інкрымінуюць некалькі крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), а таксама ч. 1 і ч. 2 арт. 363-1 Крымінальнага кодэкса РБ (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).
3. 14 жніўня Мінскі гарадскі суд пачаў завочна разглядаць палітычна матываваную справу вакалісткі гурта «Dymna Lotva» Кацярыны Манкевіч паводле ч. 1 арт. 289-1 Крымінальнага кодэкса (прапаганда тэрарызму), ч. 1 арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 366-1 Крымінальнага кодэкса (пагроза гвалту ў дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).
II. Забароненыя кнігі
1. 4 жніўня стала вядома, што суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тры кнігі: зборнікі «Безжалостный вальсок» і «Ночь. А ты…» Аляксандра Баля, кнігу «Добейте выживших. Истоки и смысл русского трампизма» Алега Кашына. Усе тры кнігі былі выдадзены ў 2026 годзе. Аляксандр Баль – беларускі аўтар і выканаўца. Забароненыя зборнікі змяшчаюць яго антываенныя песні і грамадзянскую лірыку. Кніга расійскага журналіста Алега Кашына прысвечана расійска-ўкраінскай вайне і сусветнай палітыцы. Гэтае рашэнне паказальнае з некалькіх прычын. Падрабязней чытайце на сайце bannedbooks.penbelarus.org.
2. 12 жніўня шэсць кнігі прызнаны «экстрэмісцкімі»: «Паўстаньне Беларусі» Пётры Рудкоўскага; «Пакаленьне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970 – 1985 гг.» Паўла Севярынца; «Палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь» Уладзіміра Роўды; «Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка» Сяргея Скрабца; «Быкаў на Свабодзе»; «Ненасілле і Беларусь». У экс-палітвязня Паўла Севярынца пад забарону трапіла ўжо чацвёртая кніга. Раней у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзены яго кнігі «Каменнае сэрца», «Люблю Беларусь: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі» і «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла». Рэдактар і ўкладальнік кнігі «Быкаў на Свабодзе» – Сяргей Навумчык, аўтар раней абвешчаных «экстрэмісцкімі» кніг «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці». Падрабязней чытайце на сайце bannedbooks.penbelarus.org.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Былы палітвязень, аўтар кнігі «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ» Мікола Статкевіч паведаміў, што інсульт у зняволенні ў яго справакавалі: «інсульт быў выкліканы штучна, мне адмовілі ў жыццёва неабходных леках».
2. У культуролага Вацлава Арэшкі, асуджанага на 8 гадоў калоніі паводле палітычна матываванай справы, настолькі сапсаваўся зрок у зняволенні, што ў атрадзе ён перасоўваецца навобмацак.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх праектаў
Instagram-старонка «ВОЛЬНЫ ХОР | VOLNY CHOR» абвешчана «экстрэмісцкай».
V. Адмена культурна-забаўляльных падзей
У Гродне адбыліся адмены інтэлектуальна-забаўляльных гульняў, запланаваных на жнівень. Пра тое, што квізаў не будзе, паведамілі «VSпомнить VSё», «Смузі», «Мазгабойня», «Туц-Туц», «Угадай мелодию» і «Матрошка». Інтэлектуальна-забаўляльныя гульні прыраўнялі да масавых мерапрыемстваў, на якія арганізатары мусяць загадзя атрымліваць дазволы ў выканкаме.