Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Легенды халоднай зямлі
«Халодныя землі» – Аляксандр Карнаўх
(Gutenberg Publisher, 2025)
«Халодныя землі» – дэбютны раман Аляксандра Карнаўха, беларускага аўтара з Нясвіжа. Жанрава кнігу вызначаюць як містычны трылер, хорар ці дэтэктыў – і сапраўды, яна трымае ў напружанні ад першай да апошняй старонкі. Аднак уважлівага чытача не так проста збіць з панталыку: інтэлектуальныя амбіцыі аўтара, які не хавае свайго захаплення творамі Жазэ Сарамагу, Умбэрта Эка, Гюнтэра Граса і пакідае ў тэксце мноства іншых літаратурных алюзій, безумоўна, выходзяць далёка за межы жанравай прозы.
Фармулёўка «беларускі аўтар» у дадзеным выпадку патрабуе асобнага тлумачэння. Карнаўх нарадзіўся ў сям’і вайскоўца і значную частку дзяцінства правёў у ГДР – як можна здагадацца, на адной з савецкіх вайсковых баз, у адным з тых экстэрытарыяльных анклаваў, дзе месціліся казармы, жылыя дамы, школы і шпіталі – іх руіны дагэтуль адначасова палохаюць і захапляюць аматараў урбаністычнага турызму на постсавецкіх абшарах.
Зразумела, што ў такім гарнізонным мястэчку дзеці з самых розных куткоў СССР не вывучалі нацыянальных моў. У адным з інтэрв’ю Карнаўх згадвае: «Не вучыў беларускую мову ў школе, у адрозненне ад равеснікаў». Першыя накіды «Халодных земляў» былі зробленыя па-руску, пасля чаго аўтар перапісаў увесь тэкст і пераклаў яго на беларускую мову. Гэта дадатковая праца, амаль невядомая большасці еўрапейскіх пісьменнікаў, але вельмі характэрная для сучаснай беларускай літаратуры, асабліва пасля 2020 і 2022 гадоў. Варта ацаніць гэты высілак яшчэ і таму, што перад намі дэбютная кніга: аўтар мусіў не толькі ўтрымаць пад кантролем шматлінейны сюжэт, які разгортваецца адразу ў некалькіх часавых вымярэннях, але і правесці сур’ёзную, старанную працу з мовай, бо «Халодныя землі» – раман, глыбока ўкаранёны ў сімвалічнай прасторы.
Добрым прыкладам таго, наколькі ўважліва аўтар працаваў з мовай, можа служыць створаны ім неалагізм Пельх, якім абазначаецца міфічная Прорва – багністая бездань, надзеленая магічнай сілай, і адначасова ўнікальнае асяроддзе існавання загадкавага рэліктавага племені тахтараў, або пастухоў. Гэтае племя жыве ў самай недаступнай частцы балот і размаўляе на праіндаеўрапейскай мове. Хоць паводле адукацыі аўтар – фізік, дзеля гэтай кнігі ён звярнуўся да гістарычнай граматыкі. На сваёй старонцы ў Facebook ён расказвае пра пошукі патрэбнага слова – працэс, які ў філолагаў асацыюецца з маруднай рэканструкцыяй лексемы ў яе праславянскай форме:
«Падчас працы над першай часткай мне трэба было знайсці слова, якое можна было б ужываць у кантэксце старога рукапісу, дзе згадвалася балота. Зразумела, яно павінна было адрознівацца ад звыклых для нас словаў кшталту балота, прорва, багна і іншых…» Далей аўтар звяртаецца да нідэрландскага veld ‘поле’, англійскага field, каб дабрацца да праіндаеўрапейскага кораня pelh₂ ‘плоскі’(пар. з руск. плоский, ст.-слав. плоскъ), а пасля – да Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы, пашыраючы семантычнае поле праз лексему пе́лек ‘плёскат, пляск’. Такі спосаб працы з мовай робіць усю сімвалічную «балотную» тканіну рамана пазбаўленай любой фальшывай ноты і ператварае яе ў штосьці большае за ўдалы літаратурны прыём. Праз працу з архаічнымі пластамі мовы аўтар непасрэдна звяртаецца да падсвядомасці чытача і выходзіць далёка за межы звычайнай стылізацыі.
Міфалагічныя вобразы, створаныя аўтарам, адсылаюць таксама і да архаічных каранёў словаў: гэта і містычная сіла (Эрр, або Гэрра), якая ахоўвае балотныя землі, і вобраз жорава, і Жураўлінага шляху. Увесь містычны пласт рамана, у якім разгортваецца барацьба дабра са злом, заснаваны на сімволіцы смяротнага супрацьстаяння жорава і ваўка: «барацьба сіл святла (тут яны асацыююцца з небам, стыхіяй паветра, птушкамі, у прыватнасці, з жоравамі) супраць цемры (на яе баку параджэнні ночы – ваўкі, пярэваратні, ці ваўкалакі, як іх тут называюць)».
Ваўкалакі прыходзяць раз на сто гадоў, каб адабраць у чалавека зямлю: «На чорных спінах прынеслі халодную ноч». Менавіта вобразам ваўчынай зграі і той змрочнай сілы, якую яна ўвасабляе, кніга ў значнай абавязаная сваёй рэпутацыяй хорару. Дзеці ваўкоў, ваўкалакі, жорсткія і магутныя, нясуць з сабой праклён і чыстае зло. Сілы ж святла ўвасабляюць жоравы: яны паказваюць дарогу і прыносяць святло дня. У гэтым вобразе аўтар звяртаецца да славянскай міфалогіі, дзе жораў быў правадніком, што паказваў шлях вандроўнікам, сімвалам добрай бяспечнай дарогі і шчаслівага вяртання дадому. На вобразе жорава трымаецца і ўвесь космас «Халодных земляў»: Млечны Шлях – гэта Жураўліны шлях, якім птушкі адлятаюць у вырай, то-бок у рай, а Палярная зорка – Вока Жорава. Звяртаючыся да найстаражытнейшых міфалагічных уяўленняў, аўтар апелюе да самых архаічных пластоў падсвядомасці (ці, прасцей кажучы, інтуіцыі) чытача і адначасова паказвае жывучасць міфа, які сёння вяртаецца ў новым, цалкам актуальным абліччы.
Аўтару ўдалося пабудаваць з розных беларускіх сімвалаў і матываў – балота, народных легенд, азёрных краявідаў – цэльны мастацкі космас, які лёгка захоплівае чытацкае ўяўленне. На жаль, па дарозе ён згубіў сваіх герояў – перадусім іх узаемаадносіны, якія часам існуюць толькі дзеля таго, каб падтрымліваць развіццё сюжэту. Асабліва гэта датычыць Каці і Антона. Іх знаёмства выглядае як звычайны пачатак рамантычнай гісторыі, але вельмі хутка высвятляецца, што Каця патрэбная перадусім дзеля таго, каб рухаць наперад дзеянне, звязанае з разгадкай таямніцы сшыткаў, запісаных незразумелым шыфрам. Значную частку рамана дзяўчына з’яўляецца толькі тады, калі гэтага патрабуе чарговы паварот сюжэту: узнікае нібыта зніадкуль, амаль пазбаўленая характару і індывідуальнасці. Толькі ў другой палове кнігі паміж героямі нараджаюцца сапраўдныя пачуцці – і яны самі пачынаюць успрымацца як жывыя людзі. Цяжка сказаць, стала гэта наступствам шматразовага перапісвання тэксту ці празмернай канцэнтрацыі аўтара на сюжэце і містычнай лініі, але адносіны галоўных герояў большую частку рамана застаюцца нібы замарожанымі, не развіваюцца і таму выглядаюць бясколернымі і схематызаванымі. Хочацца спадзявацца, што ў наступных кнігах аўтар пазбегне такіх пастак і недапрацовак, а інтэлектуальная канцэпцыя рамана будзе больш арганічна спалучацца з псіхалогіяй герояў. У дэбютным творы гэтага балансу дасягнуць не ўдалося.
Вобраз кнігі быў бы няпоўным без мовы, створанай аўтарам на патрэбы твора – зютэрліна, названай паводле пісьма, распрацаванага Людвігам Зютэрлінам. Само пісьмо – толькі шыфр, за якім хаваецца невядомая мова, і героі спрабуюць расшыфраваць гэты загадкавы свет знакаў. Мноства старых сшыткаў, спісаных невядомай мовай, нагадвае героя шостай часткі Бахарэвічавых «Сабак Еўропы», які на гарышчы апантана спісваў сшытак за сшыткам: «Стрыечная сястра… знайшла там кучу пісаніны. І ўсё ад рукі. Ды на замежных мовах… старыя сшыткі і шызоідныя тэксты, прачытаць якія нармальнаму чалавеку было не пад сілу». Успамінаюцца і іншыя сшыткі – бабулі Рыны з рамана Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», запоўненыя замовамі, рэцэптамі зелляў і мясцовымі гісторыямі. Гераіні ўдаецца выратаваць іх ад агню. Усе гэтыя вобразы забытага тэксту, выратаванага ад знішчэння, а таксама мовы як незразумелага кода, які неабходна расшыфраваць, упісваюць Карнаўха ў шырэйшы кантэкст беларускай літаратурнай традыцыі апошніх дзесяцігоддзяў.
Прорва – багністая бездань, зямля, якая не з’яўляецца цвёрдай сушай, апошні прытулак народа, што вымірае, – у Карнаўха не проста эфектнае месца дзеяння для хорару. Аўтару ўдалося стварыць магутны сімвал сучаснай Беларусі, пазбягаючы пры гэтым любой просталінейнасці, банальнасці ці стэрэатыпнасці. Можна сказаць, што ягоная Прорва – гэта чыстая энергія, і менавіта ў гэтым палягае сіла вобраза. Яму ўдалося перадаць той космас, пра які ён казаў у адным з інтэрв’ю: «Калі падыходзіш да ўскрайку дрыгвы, разумееш: перад табой іншы свет. Космас. І на беразе гэтага Космасу стагоддзямі жывуць людзі…»
Яанна Бэрнатовіч
Сёлета прэмія Гедройця адзначае сваё 15-годдзе. Юбілейная цырымонія адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будуць абвешчаныя пераможцы прэміі, пройдуць аўтарскія сустрэчы, дыскусіі, выстава, кірмаш беларускай кнігі і іншыя падзеі. Далучайцеся да свята беларускай літаратуры, уваход вольны!
Калі: 7 лістапада 2026 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання | Беларускі ПЭН, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Польскі ПЭН-клуб
Партнёры прэміі | выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Еўрарадыё, Belsat TV, Reform.news, «Будзьма беларусамі!»
Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.