• Навiны
  • Галасы
  • Група захопу. Аўтарская калонка Лявона Вольскага

Група захопу. Аўтарская калонка Лявона Вольскага

Апошняе абнаўленне: 2 кастрычніка 2026
Група захопу. Аўтарская калонка Лявона Вольскага
Фота: Дар’я Каляда

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Лявона Вольскага!

Лявон Вольскі – музыка, літаратар, мастак, вядоўца. Публікуецца як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» і «Фотаальбом», празаічнага зборніка «Міларусь», суаўтар п’есы «Народны альбом», ілюстратар кнігі «Ашуканкі» Яны Вольскай і рамана Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

Група захопу

Напрыканцы васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя ў Савецкім Саюзе распачалася кампанія па барацьбе зь п’янствам і алькагалізмам. У тым Саюзе ўвесь час распачыналіся і затухалі розныя кампаніі: то «эканоміка мусіць быць эканомнай», то «дысцыпліна і парадак», то «пяцігодку – за тры гады». А тут пачалася, як я ўжо казаў, барацьба зь зялёным зьмеем. Рэзка. Віна-гарэлачныя аддзелы пераўтварыліся ў непрыступныя фартэцыі – ты падыходзіш да вакенца, мусіш даць талён на бутэльку (тады былі распаўсюджаныя талёны-купоны, па іх набывалі розныя прадукты, такім чынам дзяржава спрабавала кантраляваць спажываньне ўсяго, каб людзі, крый Божа, не набылі чаго лішняга), потым плаціш і атрымліваеш свой алькаголь. Але да гэтага вакенца трэба было яшчэ дастаяць. Чэргі былі даўжэзныя. І вось ты стаіш, мінула дзьве гадзіны, быццам бы ўжо адстаяў палову, і тут па натоўпе пракатваецца вусьцішнае: «група захопу, група захопу!» – і ты бачыш (гэта досыць далёка, але зрок у цябе добры), як гурт мажных, бы мядзьведзі, мужыкоў адціскае пачатак чаргі ад вакна, прабіваецца да яго і пачынае выграбаць віна-гарэлачную прадукцыю. Міліцыянт, якога прыставілі сюды назіраць за парадкам, адно махае рукою да адыходзіць на бясьпечную адлегласьць. Група захопу атрымлівае свае сьпірытусовыя напоі і зьнікае. 

– Цяпер нам можа не хапіць, – скрушна гаворыць твой сусед па чарзе. – Група захопу выграбла палову дзённае нормы алькаголю.

+++

Надоечы мне давялося суправаджаць жонку ў офіс, які займаецца справамі іншаземцаў у польскай сталіцы. Гэтае аддзяленьне працуе штодня ад восьмай раніцы.

– Але вы лепей прыедзьце а шостай, – параілі нам знаўцы. – Бо а восьмай будзе стаяць велізарная чарга, і для вас можа не хапіць талёнчыкаў. 

Ну, так, у Польшчы так прынята: ты заходзіш у дзяржаўную ўстанову, сьпярша накіроўваесься да апарата, бярэш там талён з нумарам, чакаеш, пакуль на табло загарыцца гэты твой нумар, а тады шыбуеш да патрэбных табе дзьвярэй ці вакенца.

Але, каб атрымаць талён, трэба напачатку зайсьці ва ўстанову. І вось тут загваздка – нецярплівыя іншаземцы прыяжджаюць за пару гадзінаў да адкрыцьця, каб быць першымі ў чарзе. Таму нам і параілі зьявіцца там а шостай.

– Не, мы ня будзем прыпадабняцца гэтым мітусьлівым людзям, – зь ледзьве заўважнай фанабэрыяй сказаў я. – Прыедзем акурат да адкрыцьця, а восьмай.

І вось – зь лёгкім спазьненьнем – а 8:15 мы зьяўляемся пад дзьвярыма ўстановы па справах іншаземцаў. Дзіўна, але перад намі толькі чалавек дзесяць. І мы неўзабаве разумеем, чаму: сёньня панядзелак, а па панядзелках офіс адчыняецца а дзясятай. Выходзіць, мы, самі не жадаючы, прыехалі сюды за дзьве гадзіны да адкрыцьця. 

Першай у чарзе была спрактыкаваная жанчына, якая сядзела ў раскладным рыбалоўным фатэлі, шчыльна прысунуўшы яго да дзьвярэй. За ёй пашыхтаваліся кабеты, для якіх, з усяго відаць, паход у гэтую ўстанову быў штодзённай працай – яны бесьперапынна размаўлялі па тэлефонах, трымалі ў руках тэчкі з дакумэнтамі, перамаўляліся між сабою на прафэсійныя тэмы…

Праз гадзіну за намі пашыхтавалася стракатая чарга розных іншаземцаў – з былога Саюзу, з Афрыкі, з Азіі, з Лацінскае Амэрыкі. Але бліжэй да часу адкрыцьця, дзясятае гадзіны,  і перад намі, і каля нас утварыўся шматлюдны натоўп. Было відавочна, што ўсе гэтыя людзі таксама хочуць трапіць ва ўстанову, але стаяць у чарзе не зьбіраюцца.

Вось тут і прыгадаліся васьмідзясятыя-дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя са сваёй групай захопу. 

– Калі пачнецца цісканіна, лепей сысьці, – неспакойна сказала жонка. 

Зьнянацку каля нас зьявіліся людзі, якія і блізка тут не стаялі: дзяўчына ў акулярах, за якімі хаваўся драпежны позірк, і дзяцюк айцішнага выгляду, які паздымаў на тэлефон натоўп вакол дзьвярэй і сябе на тле гэтага натоўпу, а потым, чамусьці, апынуўся перад намі.

– Хай толькі хто паспрабуе ўлезьці перада мною, – прамовіла па-ўкраінску мажная кабета. – Капец яму будзе!

Побач у сьметніцы калупаўся калярытны валацуга. Ён стомленымі вачыма са спачуваньнем акінуў наш стракаты натоўп: вось, маўляў, бедалагі, вымушаныя тут таўчыся з самага ранку! І пайшоў сваёй дарогаю.

Перад самым адкрыцьцём дзьвярэй, калі наведнікі былі асабліва напружаныя, праз натоўп пайшлі грузчыкі, якія несьлі старасьвецкія люстры ў залатых рамах і іншыя прадметы «раскошнага» інтэр’еру – відаць, у нейкую кавярню. Выглядала гэта як у абсурдова-камэдыйным фільме.

І вось дзьверы адчыніліся, і наведнікі кінуліся да запаветнага апарата з талёнчыкамі! Група захопу –  народ, які прыехаў да адкрыцьця, бліжэй да дзясятае, і, здаецца, хаатычна кучкаваўся сьпераду і збоку, хуценька акуратна ўсмактаўся ў дзьверы. Хутчэй, чымсьці зайшлі іншаземцы, якія стаялі ў канцы чаргі. 

Перад намі апынулася і акулярніца-дзяўчына з драпежным позіркам, і дзяцюк айцішнага выгляду.

Я хацеў быў голасна абурыцца, але потым падумаў: там, дзе ёсьць чарга, заўжды будзе група захопу. Альбо «мне толькі спытацца». Альбо «я тут стаяла, але на сэкунду адышла на каву, а чарга прайшла». Альбо «мне тут занялі мейсца, вунь тая жанчына ў леапардавых нагавіцах». Альбо проста «пусьціце, мне трэба». І пакуль тут, у гэтым мейсцы, такі парадак, дык проста назірай, разьняволься і паспрабуй атрымаць задавальненьне…

На шчасьце, гэтым разам група захопу ня выграбла палову дзённае нормы талёнаў.


Чытаць папярэднія тэксты:

Амаль дэтэктыўная гісторыя пра шопінг. Аўтарская калонка Лявона Вольскага

Каралева раёну. Аўтарская калонка Лявона Вольскага

«Да»! Аўтарская калонка Лявона Вольскага