• Навiны
  • Галасы
  • Дождж Вівальдзі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Дождж Вівальдзі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Апошняе абнаўленне: 29 чэрвеня 2026
Дождж Вівальдзі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

[Прочитать колонку по-русски можно тут]

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

ДОЖДЖ ВІВАЛЬДЗІ

Пяць гадоў таму таксама было страшнае лета. Але лета 2021 года для мяне было страшнейшым за цяперашняе. Я знаходзіўся ў Амерыканцы.

Памятаеце «Звычайны цуд» Яўгена Шварца? Кароль – цалкам такі сімпатычны хатні тыран, бацька для сваіх вернападданых, расказвае Гаспадару гасцініцы пра вежу на рынкавай плошчы, куды ён гатовы пасадзіць любога – проста каб забраць яго нерухомасць ці якую іншую маёмасць:

«Чэснае слова, мне тут вельмі падабаецца. Увесь дом уладкаваны так файна, з такой любоўю, што ўзяў бы ды адабраў! Добра ўсё ж, што я не ў сябе! Дома я не стрымаўся б і замкнуў бы вас у свінцовай вежы на рынкавай плошчы. Жахлівае месца! Удзень спёка, уначы холад. Вязні так пакутуюць, што нават турэмшчыкі часам плачуць ад жалю…»

Сцены Амерыканкі тоўстыя, і калі будынак нарэшце праграецца, у ім гарачэй, чым на вуліцы. Нават уначы ён не астывае.

Пяцёра мужыкоў у камеры, разлічанай на траіх. Тэмпература не апускалася тады ніжэй за 28 градусаў. Гэта ў цяні. Мы былі на сонцы. У дворыках для прагулкі – бетонных загонах, старанна заасфальтаваных, каб ні травінкі не прабілася – тэмпература не ніжэй за 32 градусы.

У нашых камерах – столькі ж.

Нам было горача. Мы пацелі. Мужчынскае цела, пазбаўленае магчымасці зведаць абмыванне хаця б раз на дзень, выдзяляе проста Ніягару поту, прычым кроплі  ў такую спёку лёгка ператвараюцца ў крышталікі смуроднай солі. Магчымасці схадзіць у душ часцей як раз на тыдзень у нас не было. Следчыя, акуратна распаўсюджваючы пах дарагіх дэзадарантаў, маўкліва дэманстравалі незадаволенасць.

Кран у камеры быў, але вада з яго цякла цёплая ды нясмачная.

Некалькі разоў на тыдзень дазваляліся перадачы. У адзін з дзён, не змаўляючыся, нашы родныя прынеслі нам па некалькі ўпаковак пітной вады.

У дзверы камеры, як заўсёды, пагрукаў Санта – гэтак, у гонар Санта Клаўса, называлі мы рудаватага коратка стрыжанага афіцэра, які адказваў за прыём перадач ад радні і набыццё кніг. Мы з ім былі знаёмыя яшчэ з маёй першай адседкі, 2010 года, таму, пабачыўшы мяне праз адзінаццаць гадоў, крыху пастарэлы, але ўсё яшчэ не пазбаўлены людскіх пачуццяў Санта зрабіў міну, у якой была ладная доза крытыкі на мой адрас: маўляў, а вас які чорт другі раз панёс на нашыя галеры!

Дзверы адчыніліся. За імі стаялі Санта і Кабан – здаравенны начальнік змены кантралёраў з татуяваным локцем. На парозе стаялі ўпакоўкі з пластыкавымі двух- і паўлітровымі бутэлькамі. Названы па прозвішчы вязень мусіў выйсці і забраць свае.

Так і адбывалася. У нейкі момант Кабан спытаў Санту:

– А навошта ім столькі вады? Душ будуць прымаць, ці што?

Мы б прынялі душ, але тады б усе па чарзе пайшлі ў карцар, бо гэта было б найгрубейшым парушэннем дысцыпліны. Ваду не дазвалялі нават выносіць з сабой на прагулку. З цяжкасцю мне ўдалося дамагчыся ад амерыканскага доктара дазволу: ён даў, бо баяўся цеплавога ўдару ў сардэчніка Фядуты. Маленькую, паўлітровую бутэльку. І піць толькі самому (дзяжурныя кантралёры былі праінструктаваныя і пільнавалі).

Але ў спёку ісці на прагулку не хацелася. Ветру не было. Цела працягвала награвацца. Кроплі поту ператвараліся ў крышталікі солі. Якая розніца, у камеры-душагубцы  – ці ў дворыку-душагубцы?

І раптам у ліпеньскі дзень пайшоў дождж.

Не дождж – лівень.

А быў час прагулкі.

Адкрылася кармушка, і дзяжурны спытаў:

– Гуляць пойдзеце?

– Тааааааак! – закрычалі пяць глотак, знямоглых без дажджу.

Галава за дзвярыма буркнула нешта няўцямнае.

Гэта было зразумела. Над шасцю бетоннымі «душагубкамі» быў памост, па якім мусіў хадзіць дзяжурны. Ён сачыў, каб яшчэ не асуджаныя, але ўжо прызнаныя дзяржавай злачынцамі асобы нічога не парушалі. І ў дождж яму трэба было або нацягнуць на сябе цяжкі брызентавы плашч, або мокнуць разам з намі.

Гэта для нас надыходзілі паўтары гадзіны шчасця пад дажджом. А для яго гэта была праца.

Нас выпусцілі з камеры.

Вінтавой лесвіцай мы збеглі ўніз. Нам пашанцавала. Нашай камеры ў той дзень дастаўся самы прасторны дворык. Мы маглі хадзіць, займацца фізкультурай – проста цешыцца, як дваровыя хлапчукі, цёплым ліпеньскім ліўнем.

Адзенне прамокла за некалькі хвілін. Мы сцягнулі майкі і пачалі хадзіць – амаль бегаць па перыметры дворыка. Мае цяжкія льняныя шорты можна было выціскаць – але гэта я зраблю ўжо пасля вяртання ў камеру.

У той дзень дзяжурыў Шапэн.

Як яго звалі, мы не ведаем. Але мы ўсіх іх называлі мянушкамі. Гэтага звалі Шапэнам. Калі ён дзяжурыў на крацістым памосце над дворыкамі, уключаў радыё «Культура». Можна было слухаць то джазавы канцэрт, то «Шахеразаду» Рымскага-Корсакава, то падборку песень Маі Крысталінскай.

Мы ўсе гадалі: ён што – ва Універсітэце культуры вучыцца?

Потым нейкі стары-новы амерыканец растлумачыць мне: не, ён проста нас так ненавідзіць, што спрабуе гэткім чынам сапсаваць нам настрой. Яму ўсё адно, чым заглушаць нашыя галасы, каб дворыкі не чулі адзін аднаго. Вось ён мяркуе, што класіка мусіць дастаўляць нам невымоўныя пакуты, і такім чынам спрабуе пагоршыць нашае становішча.

У той дзень па радыё «Культура» круцілі – не паверыце! – «Поры года» Антоніа Вівальдзі.

На нашую прагулку выпаў… «Ліпень».

Я стаяў пад дажджом, падняўшы галаву да неба, і казаў – не сабе і не Богу – Шапэну:

– Дзякуй…

І ноты вялікага венецыянца дажджавымі кроплямі асядалі на маім целе…

***

ТАРКОВСКИЙ. «НОСТАЛЬГИЯ»

Навевает тоску желтый сумрак осенний
Пистолетом к виску – час подкравшихся теней.
Солнце спряталось в муть, что сгустилась на небе,
И никак не пойму, был я или же не был.

Скоро будет зима, и в декабрьской пороше
Мир, сошедший с ума, детством нас огорошит.
Вновь придет Рождество звонким празднеством сини.
В ожиданьи волхвов на стекле звездный иней.

А ведь был и апрель! Он играл на свирели,
И стучала капель, и скворцы славно пели,
До сих пор в голове этой песни куплеты.
И в листве и в траве – ожидание лета.

Одари меня, жизнь, вновь июльским угаром!
Все, что нажил, гроши, — чтоб не быть больше старым.
Чтобы заново страсть – поцелуем ужальте!
И в безумие впасть под концерты Вивальди.

Аляксандр Фядута


Чытаць папярэднія тэксты:

Трохі палітычнай астраноміі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Асуджаныя клеткі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Нам казалі, што нас не чакаюць. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты