[Прочитать колонку по-русски можно тут]
Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.
Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
АСУДЖАНЫЯ КЛЕТКІ
Серыял «Трыгер» я пачаў глядзець на Валадарцы, у камеры № 17. Ён ішоў увечары, таму ў разгар відовішча нам даводзілася выключаць тэлевізар у чаканні вечаровай праверкі. Праверка заканчвалася – і нашая камера зноў глядзела серыю, дакладней, даглядала.
Увогуле, думаў я, тэлесерыялы яны здымаць навучыліся. То-бок не мыльныя оперы – тое, калі можна так сказаць, «мастацтва» з паўторнымі сюжэтамі, аднолькавымі дзяўчатамі, што пакутуюць ад няшчаснага кахання, і яшчэ больш аднолькавымі бандытамі, што відавочна не дацягваюць да нізкагалівудскага ўзроўню, я не стану глядзець нават пад страхам пажыццёвага зняволення ў камеру, дзе тэлевізары будуць замест сцен. Але серыялы, у якіх ёсць месца добрым акторам, таксама навучыліся здымаць. На жаль, не беларусы. У нас такіх грошай, каб заплаціць Максіму Матвееву і Ігару Касталеўскаму, проста няма. Хаця ёсць сцэнарысты, былі рэжысёры і, можа быць, засталіся акцёры.
У «Трыгеры» мяне прывабіла ўсё. Акцёрскія працы. Іх шмат. Усе граюць добра. Аператарская праца – жорсткая, хоць часам і збіваецца на здымкі ў серыяле «Пёс» (ну тым, дзе сабачка і капітан Гваздзілаў, патэнтаваны ідыёт, на якім кляйма няма дзе ставіць). Сцэнарый. Кожная серыя мае дзве сюжэтныя лініі. Адна – скразная, што вандруе з серыі ў серыю і звязаная з галоўным героем, якога якраз і грае Максім Матвееў. Там глядач можа ўволю напакутавацца, сочачы за перыпетыямі любоўнай гісторыі галоўнага героя, а заадно і паспрабаваць здагадацца, ці ўдасца псіхолагу Арцёму, што адбыў тэрмін за забойства пацыента, якога ён не ўчыняў, дамагчыся справядлівасці. І другая – дыскрэтная. У кожнай серыі – аповед пра невялікую псіхалагічную траўму, якую адзін з персанажаў перанёс у дзяцінстве, а цяпер Арцём спрабуе дапамагчы гэтаму персанажу (зразумела, за грошы, нічога асабістага, толькі бізнес) гэтай траўмы пазбыцца.
Цяпер я пераглядаю «Трыгер» нанова. Па-першае, тады мяне проста вывезлі з Валадаркі ў калонію, а там было проста не да тэлевізара: беларускае тэлебачанне ў вялікіх аб’ёмах – гэта катаванне, якога лепш пазбягаць. А па-другое, аказваецца, былі яшчэ два сезоны, якіх я не бачыў. Цяпер вось гляджу ўсё з самага пачатку.
І гляджу не толькі для таго, каб даведацца, чым там у Арцёма Стралецкага ўсё скончылася. Ёсць яшчэ адна прычына.
Адзін з вельмі блізкіх мне людзей – псіхолаг, мае практыку. Увосень 2020 года мы з ім разгаварыліся. Гэты чалавек, з якім я сябрую апошнія паўстагоддзя свайго жыцця, распавядаў мне пра сваю працу – у 2020 годзе, падкрэсліваю.
– Працую ў тры змены, – сказаў ён мне за кубкам кавы. – Першая змена – прыводзяць моладзь, якую збілі, расхвасталі напярэдадні. Гэта з самай раніцы. Потым – другая змена – прыходзяць бацькі збітай моладзі, у стане поўнай істэрыкі, і мне трэба іх неяк супакоіць. А трэцяя змена – прыходзяць тыя, хто біў. Сілавікі прыходзяць. Яны ж разумеюць, што робяць. Ведаюць, што рана ці позна, магчыма, давядзецца адказаць. Баяцца. Ім трэба выгаварыцца, бо заўтра яны зноў пойдуць біць гэтую дзятву, спасылаючыся на загад, і страх будзе толькі расці.
– Цяжка? – спытаў я, чакаючы, пакуль мая кава астыне.
– Ну, праца… заробак, разумееш…
Разумею. Насамрэч, ёсць яшчэ і чацвёртая катэгорыя, якую, аднак, да псіхолага не загоніш. Гэта асобы, што аддаюць загады. Іхны страх яшчэ большы, яшчэ мацнейшы.
І ёсць пятая. Тыя, што робяць выгляд, што яны тут ні пры чым.
Гэтым вычэрпваецца сёння структураванне нашага грамадства. Тыя, каго я калісьці з радасцю называў «нясечаным» пакаленнем, сталі пакаленнем «нясечаным, але бітым», а за аднаго бітага, як вядома, двух нябітых даюць. Бітыя, арыштаваныя, узаконена падвергнутыя фізічнаму і маральнаму гвалту, гэтыя «людзі 2020» робяцца толькі мацнейшымі, дзе б яны ні былі – на радзіме ці ў выгнанні. І тыя, хто яшчэ ўчора лічыў гэтае пакаленне хлопчыкамі і дзяўчаткамі, але спрабаваў абараніць іх, бо гэта былі іхныя хлопчыкі і дзяўчаткі, іхныя дзеці, пляменнікі, часта ўнукі, спрабаваў, паўтару я, абараніць іх і таму сам пацярпеў, – яны таксама робяцца мацнейшымі. Бо не задаюць пытання: «Ці варта было?» Не стаіць так пытанне, яны гэта разумеюць.
Пра другі кіеўскі Майдан я даведаўся, калі быў у Вільні на саміце Еўрасаюза. Галоўны рэдактар «Газеты Выборчай» Адам Міхнік, крыху заікаючыся, спытаў:
– С-саша, ты ж ц-цяпер з Кіева? Што там такое?
А я не ведаў, што такое. Інтэрнэтам у тэлефоне я не карыстаўся, ды і ўвогуле мяне больш цікавіла, падпіша Януковіч нарэшце дамову аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам ці не. І прайшоў у іншы пакой, дзе стаяў тэлевізар…
Я патэлефанаваў у Кіеў аднакурсніцы, якая загадвала кафедрай у адным з кіеўскіх універсітэтаў.
– Ірка, ты дзе?!
– Як дзе? На Майдане! Мы ўсе на Майдане!
– Ты што, не разумееш? Яны потым пасадзяць усіх дэканаў праглядаць плёнкі. Вас вылічаць – і цябе звольняць!
– Гэта ты не разумееш! Дзяцей дубінкамі білі! Тут цяпер увесь Кіеў!
Сваіх дзяцей кіяўляне тады адстаялі. Цяпер адстойваюць сваю свабоду і сваю краіну. Яны едныя ў гэтым. Хто не з імі, той ужо даўно супраць іх. Так адпадаюць адмерлыя клеткі скуры. Украінскае грамадства здаровае – зразумела, пераважна здаровае.
З беларусамі горш.
Серыял «Трыгер» – не пра лёс аднаго прафесійнага псіхолага, які і сам мае, відаць, пэўныя формы псіхічнага разладу. Ён пра хворае грамадства. Пра тое, як людзі не чуюць або не хочуць чуць адно аднаго. Пра спробы спагнаць уласныя псіхічныя праблемы на іншых людзях. Пра спробы загнаць хваробу глыбока ў сябе, нават не задумваючыся пра наступствы. І «Трыгер» – не пра расійскае, дакладней, не толькі пра расійскае грамадства. Ён пра кожнага з нас, хто самаўпэўнена лічыць сябе абсалютна здаровым.
Але мы не можам быць абсалютна здаровымі. Бо мы – часціца гэтага грамадства. Мы – частка хворага арганізма, які называецца народам Беларусі. І мы не ведаем, у які момант гэтая хвароба выявіцца ў кожным з нас, як клетка не ведае, у які менавіта момант яна стане ракавай. Але калі ёсць хворыя клеткі, хворы ўвесь арганізм. Кожны з нас.
Арцём Стралецкі ў «Трыгеры» прымушае сваіх пацыентаў прагаварыць услых свае праблемы, усвядоміць іх карані. Толькі тады можна вылечыцца.
Нашае грамадства баіцца прызнацца самому сабе, наколькі яно хворае. Кожная клетка лічыць, што яна зможа проста аддзяліцца ад усёй сукупнасці хворых клетак і жыць далей уласным жыццём. Але так не бывае.
Так – не бывае.
Ці значыць гэта, што мы – асуджаныя?
Я спытаў бы пра гэта свайго сябра-псіхолага. Але мяне выразалі з адзінага арганізма і выкінулі, мяркуючы, што такім чынам ім будзе лягчэй пераносіць хваробу. Смешныя людзі.
Аляксандр Фядута
Чытаць папярэднія тэксты:
Нам казалі, што нас не чакаюць. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты
Пляменнікі Панікоўскага. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты
Асабістае і крымінальнае. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты