• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • II сезон прэміі «Голас пакалення свабоды» для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+

II сезон прэміі «Голас пакалення свабоды» для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+

Апошняе абнаўленне: 17 ліпеня 2026
II сезон прэміі «Голас пакалення свабоды» для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+

Беларускі ПЭН у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага абвяшчае старт прэміі «Голас пакалення свабоды 2026». Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Мэта прэміі – выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 года мусілі з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу, цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве, але працягваюць сваю дзейнасць пры складаных жыццёвых абставінах.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Уладзімір Лабковіч («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»), Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага). 

Крытэрыі:

Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:

а. Маюць значныя дасягненні ў літаратуры, журналістыцы і/або галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.

б. Актыўна ўдзельнічалі ў пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.

в. Ім споўнілася 65 гадоў у год уручэння прэміі (у выключных выпадках узроставы цэнз можа быць зніжаны да 63 гадоў).

г. Былі вымушаны эміграваць з Беларусі з-за палітычнага або грамадскага пераследу пасля 2020 года і жывуць цяпер у Польшчы, Чэхіі або Літве.

д. У сваёй дзейнасці вылучаюцца грамадзянскай адвагай і непахіснасцю прынцыпаў, а таксама адназначна і відавочна не падтрымліваюць, не транслююць і не асацыююцца ўстойліва з ідэямі, дзеяннямі, пазіцыямі, што пярэчаць дэмакратычным каштоўнасцям, уключаючы правы чалавека. 

е. Дэкларуюць прыхільнасць прынцыпам правоў чалавека. 

ж. Працягваюць сваю дзейнасць пры складаных жыццёвых абставінах.

з. Абавязваюцца ў вызначаны тэрмін быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з запісам інтэрв’ю. 

і. Не былі лаўрэатамі/лаўрэаткамі прэміі ў папярэднім годзе.

Колькасць лаўрэатаў/лаўрэатак і непублічны ўдзел: 

У 2026 годзе прэмію атрымаюць дзевяць лаўрэатаў/лаўрэатак.

Імёны часткі лаўрэатаў/лаўрэатак прэміі могуць быць зашыфраваны і не абвяшчацца публічна з меркаванняў бяспекі, пры наяўнасці аргументаваных прычын. Непублічна прэмію маюць права атрымаць не больш за тры лаўрэаты/лаўрэаткі.

Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 7 лістапада 2026 года  быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з запісам інтэрв’ю. 

Працэс намінацыі:

Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Арганізацыі-партнёры адказваюць за верыфікацыю асобы і рашэнне аб вылучэнні яе на разгляд журы праз унутраную анлайн-форму. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Намінаваць можна да 31 ліпеня 2026 года ўключна. Абвяшчэнне лаўрэатаў/лаўрэатак адбудзецца восенню 2026 года.

Форма ўзнагароды:

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра).

Акрамя таго, матэрыялы пра публічных лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для публічных лаўрэатаў/лаўрэатак.

Арганізатары і партнёры прэміі, а таксама іх кантактныя адрасы: 

Рэгламент прэміі «Голас пакалення свабоды»

Часта задаваныя пытанні пра прэмію «Голас пакалення свабоды»

Чаму крытэрыем стаў менавіта 2020 год? Палітычная эміграцыя пачалася ж значна раней!

Мы ўсведамляем, што пераслед беларусаў і вымушаная эміграцыя маюць доўгую і складаную гісторыю, якая пачынаецца задоўга да 2020 года. У 2020-м, аднак, рэпрэсіі набылі беспрэцэдэнтна масавы характар – і вялікая колькасць людзей, у тым ліку творцаў і праваабаронцаў, апынулася ў выгнанні. Адна з галоўных мэтаў прэміі – падтрымаць тых, хто вымушана пакінуў краіну пасля 2020-га і сёння знаходзіцца ў асабліва ўразлівай сітуацыі, без стабільнага даходу і з рызыкай страціць сувязь са сваёй справай. Мы хочам дапамагчы ім застацца актыўнымі і пачутымі.

Чаму прэмія распаўсюджваецца толькі на Польшчу, Чэхію і Літву?

Геаграфічныя рамкі абумоўлены тым, што арганізацыі-сузаснавальніцы зарэгістраваныя менавіта ў гэтых краінах, і тым, што для атрымання цяперашняга фінансавання праект мусіць быць рэалізаваны пераважна ў Польшчы. Гэта не азначае, што іншыя краіны ды іншыя супольнасці застаюцца па-за нашаю ўвагаю. Мы вельмі спадзяёмся ў будучыні пашырыць як геаграфію, так і кола ўдзельнікаў пры ўдзеле іншых донараў і партнёраў.

Ці не выглядаюць такія ўмовы абмежавальнымі або нават дыскрымінацыйнымі?

Добра разумеем гэтыя сумневы. Умовы сапраўды не ахопліваюць усёй шырыні беларускай дыяспары, якая існавала і раней. Але мэта гэтага невялікага праекта – рабіць тое, што магчыма сёння, і паказаць патрэбу ў падтрымцы людзей, якія апынуліся ў выгнанні. Мы ўспрымаем прэмію як пачатак больш шырокага працэсу, які будзе развівацца далей.

Ці можна ўдзельнічаць непублічна?

Так, у гэтым годзе прэмію можна атрымаць непублічна. Мы разумеем, што для часткі намінантаў/намінантак і лаўрэатаў/лаўрэатак публічнасць можа ствараць дадатковыя рызыкі – для іх саміх, іхных сем’яў і калег, якія застаюцца ў Беларусі. Таму пры наяўнасці аргументаваных прычын імя лаўрэата/лаўрэаткі можа быць зашыфраванае і не агучвацца публічна.

Разам з тым прэмія застаецца публічнай ініцыятывай, скіраванай на бачнасць і падтрымку беларускіх творцаў, праваабаронцаў і актыўных асобаў у выгнанні. Таму непублічна прэмію змогуць атрымаць не больш як трое з дзевяці лаўрэатаў/лаўрэатак. Кожны такі выпадак будзе разглядацца індывідуальна. Непублічныя лаўрэаты/лаўрэаткі таксама абавязаны даць інтэрв’ю. Яно можа быць апублікавана пазней – з іх згоды.

Ці плануюцца новыя сезоны прэміі?

Мы бачым гэтую ініцыятыву як шлях. Ужо другі год запар нам удаецца працягваць падтрымку выбітных беларусаў і беларусак у выгнанні, і для нас гэта вельмі важнае дасягненне. У перспектыве мы хацелі б ахапіць шырэйшае кола беларусаў у іншых краінах. Спадзяёмся, што прэмія дапаможа прыцягнуць увагу і адкрые магчымасці для супрацы з іншымі донарамі і партнёрамі.

Ці ёсць фармальныя абавязкі для лаўрэатаў/лаўрэатак?

Так, кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту абвяшчэння вынікаў адбору і да 7 лістапада 2026 года быць даступнымі для ўдзелу ва ўсіх дзеяннях, звязаных з запісам інтэрв’ю.

Ці чакаеце вы ад лаўрэатаў/лаўрэатак далейшай дзейнасці?

Прэмія не ўскладае іншых фармальных патрабаванняў, апрача ўдзелу ў запісе інтэрв’ю. Аднак яе мэта – не толькі прызнаць ужо зроблены ўнёсак, але і даць магчымасць працягваць працу. Мы спадзяёмся, што такая падтрымка дапаможа лаўрэатам/лаўрэаткам працягнуць або пачаць новыя творчыя, журналісцкія ці праваабарончыя праекты.

«Голас пакалення свабоды 2026» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.