Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў і лаўрэатак у зборніку, які будзе прэзентаваны ў лістападзе 2026 года. Асобаў для намінацыі можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі, якія і намінавалі кандыдатаў і кандыдатак.
Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.
Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі.
Публічныя лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
- Наталля Бордак (Наталка Хвоя)
- Алесь Лозка
- Аляксандр Манцэвіч
- Соф’я Савелава
- Аляксандр Смалянчук
- Тамара Шчапёткіна
Каментары журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага): «Рады за нашых суайчыннікаў, якія так шмат зрабілі для Беларусі, каб голас беларусаў быў чутны ў свеце. Рады, што іхняя няўтомная, ахвярная праца на карысць Бацькаўшчыны працягваецца. Удзячны, што ёсць магчымасць ушанаваць іх. Рады пажадаць здароўя і творчых поспехаў! Усе мы разам ідзём да Беларусі!»
Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў): «Выказваю глыбокую павагу да лаўрэатаў і намінантаў прэміі за тое, што яны рабілі і робяць, як і наогул да ўсіх, чые галасы працягваюць гучаць у гэтыя несвабодныя часы».
Марыя Садоўская-Комлач (Фонд «Свабода прэсы для Усходняй Еўропы»): «Узнагароды ў 2026 годзе – гэта найменшае, што мы можам зрабіць для нагадвання пра адданую працу лаўрэатаў на карысць свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека. Нам асабліва прыемна бачыць, што сярод тых, хто атрымае прэмію, прадстаўленыя журналісты. Беларуская незалежная журналістыка ператрывала дзесяцігоддзі ліхалецця і не здалася, нягледзячы на цэнзуру, арышты і рэпрэсіі».
Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь): «Голас кожнага лаўрэата нашай прэміі ўнікальны. За кожным – гады, аддадзеныя Бацькаўшчыне. І ўсё гэта ва ўмовах, калі амаль кожны твой крок, тваё слова, твая ідэя можа выклікаць пераслед, рэпрэсіі, знішчэнне ўсяго, што будавалася ўсё жыццё. Таму для мяне гэтыя людзі – прадстаўнікі Пакалення барацьбы за свабоду. Яны – нашыя маральныя арыенціры.
Я шчаслівая, што ўжо другі год мы можам падтрымаць тых, хто не скарыўся, не апусціў рук, а апынуўшыся ў вельмі няпростых жыццёвых умовах, працягвае справу – у журналістыцы, праваабароне, літаратуры – з верай у тое, што Беларусь і беларусы павінны быць СВАБОДНЫМІ».
Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН): «У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь – а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому».
Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна»): «Для мяне асабісты гонар вызначаць з такіх паважных асобаў лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі. Кожны жыццёвы шлях лаўрэата і лаўрэаткі сведчыць пра годнасць і адданасць грамадству, творчасці, агулам чалавечнасці. Прыклад кожнага і кожнай вельмі важныя для ўсіх пакаленняў. Гэтай прэміяй мы ўзнагароджваем вельмі гучныя галасы свабоды!»
Анонс: прэм’ера зборніка і публічная дыскусія
Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» – жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.
7 лістапада 2026 года (субота) у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
- Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026
- Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне
Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Запрашаем усіх ахвочых далучыцца!
Занатуйце дату ў календары і сачыце за нашымі навінамі, неўзабаве будзе апублікаваная поўная праграма мерапрыемстваў.
Даведка пра прэмію
Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная ў 2025 годзе Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».
Яна прызначаная для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаны з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу ў Польшчы, Чэхіі ці Літве. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку.
Журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
- Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН)
- Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў)
- Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь)
- Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага)
- Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
- Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»)
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.