• Навiны
  • Алесь Лозка: Пакуль беларускае жыло само сабой, не думаў, што яго давядзецца абараняць. А давялося…

Алесь Лозка: Пакуль беларускае жыло само сабой, не думаў, што яго давядзецца абараняць. А давялося…

Апошняе абнаўленне: 9 кастрычніка 2026
Алесь Лозка: Пакуль беларускае жыло само сабой, не думаў, што яго давядзецца абараняць. А давялося…

Гэтае інтэрв’ю – частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага.

Зборнік будзе прэзентаваны 7 лістапада 2025 года ў 18:00 у Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1) у межах мерапрыемстваў вакол 15-ай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Алесь Лозка. Нарадзіўся ў 1953 годзе. Скончыў Гомельскі ўніверсітэт, кандыдат філалагічных навук. Фалькларыст, этнограф, педагог, пісьменнік і грамадскі дзеяч. Аўтар больш як 300 навуковых публікацый і шэрагу кніг па фальклоры і народнай культуры. Узначальваў Таварыства беларускай школы.

Коратка пра важнае

– Што ў маладосці для вас азначала «мы»?

– Гэта не проста першая асоба множнага ліку, а найперш я сам і мае сябры, што вылучаліся з рускамоўнага мноства і жадалі дэмакратычных пераменаў.

– Што ў савецкім ладзе вы лічылі натуральным?

– Напачатку амаль усё прымалася як належнае. А потым усё часцей лавіў сябе на думцы: не, так быць не павінна.

– Прынцыповы эпізод вашай нязгоды з меркаваннем большасці?

– Добраахвотна падаў заяву аб выхадзе з КПСС. Выступаў у акадэмічным інстытуце ў падтрымку першых нефармальных арганізацый, дзейнасць якіх рэкамендавалі асудзіць.

– Калі Беларусь стала для вас чымсьці асабістым?

– Яна ўваходзіла ў мяне яшчэ ў дзяцінстве – праз паляшуцкую гаворку, народныя паданні, песні, праз тое, што чуў ад старых людзей.

– Што цяжэй: перастаць верыць дзяржаве, баяцца яе ці навучыцца браць адказнасць на сябе?

– Браць адказнасць. Бо тады за кожным тваім рашэннем ужо стаяць наступствы, якія давядзецца несці самому.

– 2020 год – гэта вынік паступовых змен у грамадстве ці раптоўны выбух?

– Сапраўдная рэвалюцыя. Да руху за справядлівасць далучыліся ўжо не толькі нацыянальна свядомыя колы – выйшла значна шырэйшае грамадства, якое ўбачыла падман.

– Ці існуе сёння беларускае «мы»?

– Існуе. Мы – беларусы і працягваем навучаць сваіх дзяцей у беларускіх школках за мяжою. Мы любім сваю шматпакутную радзіму, адчуваем душэўную повязь з ёю. І дапамагаем адно аднаму.

Алесь Лозка вырас на Палессі сярод гаворкі, песень, замоў і паданняў, якія ніхто не называў «нацыянальнай культурай» – імі проста жылі. А побач быў іншы свет: руская мова з радыё і тэлевізара, замоўчаныя рэпрэсіі, маці, якая дзесяцігоддзямі хавала ад сям’і і людзей, што яе вывозілі на прымусовыя працы ў Германію. З гэтага несупадзення свайго і афіцыйнага паступова вырастала нязгода, імкненне да справядлівасці. Паляшуцкі хлопец прынцыпова здаваў экзамены па-беларуску, выйшаў з КПСС перад абаронай дысертацыі, удзельнічаў у дзейнасці ды стварэнні новых нефармальных арганізацый – «Тутэйшыя», ТБМ і ТБШ, падымаў бел-чырвона-белы сцяг над Акадэміяй навук. А потым разам з іншымі спрабаваў зрабіць тое, што аказалася яшчэ цяжэйшым, – вярнуць беларускасць у штодзённае жыццё: у школы, універсітэты, дзіцячыя летнікі і скаўцкі рух.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў шмат што з пабудаванага знішчана. Цяпер Лозка зноў пачынае амаль з таго самага – толькі беларускія дзеці раскіданыя ўжо па ўсім свеце, а школа змяшчаецца не толькі ў будынку, але і ў лічбавай прасторы.

Справядлівасць па-савецку: за «знішчаны» няісны мост – сібірскія лагеры, а за знішчанае возера нават пальцам не паківалі

– Палессе, Лельчыцкі раён, вёска Прыбалавічы – край беларускай зямлі… Нарадзіцца там – гэта пашчасціла ці?..

– Ну так: сапраўдны палескі куток, а ў ім мы – «пры балоце». Радзіму не выбіраюць, яе любяць. І зусім малалеткам, і пазней не губляў цікавасці да свайго краю. Памятаю, пытаюся то ў бацькоў, то ў нейкіх дзядуль-бабуль:

– А як стала, што сярод вады – гэты дзіўны пясчаны пагорак, Пуста Гора?

– Некалі ляцела адсюль на Тураў незлічоная процьма турак-чужынцаў, і ад конскіх капытаў во такі след і застаўся…

– А чаму ўрочышча пад Краснымі Лядамі назвалі Заберліннем?

– Бо даўней там стаяла струхнелая берліна, якая перавозіла грузы ў грэкі і назад па зніклым моры…

– Як гэта – цэлае мора?

– А так: дзед бажыўся, што недалёка, на Сянчоўскім балоце, яны малымі знайшлі былі карабельныя ланцугі і якар, а ў глыбіні ляжаў затанулы карабель…

– Ух і разганялі тыя расповеды дзіцячую фантазію!

– З таго і пачалася мая цікаўнасць да фальклору, паданняў, гісторыі краю. Радок за радком гадамі шукаў і знаходзіў факты сваёй радаслоўнай. І ўрэшце яна склалася.

Мая прабабуля Аўдотка была незвычайнай прыгажуняй, магчыма, яе называлі «кветкай Убарці». Звонкім голасам гукала вясну ля рэчкі… Думаю, нарадзілася таксама на Аўдотку Вясноўку, 14 сакавіка. Пачуў і ўбачыў яе мясцовы ўладар Мікалай Флёраў-Булгак з маёнтка Мілашэвічы. Так закахаўся, што выправіў жонку з дзецьмі ў Кіеў і прапанаваў бацькам дзяўчыны розныя выгоды, каб аддалі яе ў маёнтак. Адмовіліся, пачалі хаваць дачку. Тады бацьку і сына імгненна ў рэкруты. Было там шмат хітрасці, крыўды і гора… На цэлы раман!

Каб прыкрыць свае грахі перад людзьмі, пан урэшце павянчаў Аўдотку з пажылым хлопцам Ільёю Лозкам, старэйшым за яе на трынаццаць гадоў. На вяселлі жанчыны спявалі:

Кляновая да лісціначка,

Куды цябе да вецер вее?

Ці ў бор, ці ў даліну,

Ці назад на каліну?

Маладзенька Аўдотка,

Куды цябе татка аддае?

Ці ў людзі, ці ў татары,

Ці ў шляхецкую сем’ю?..

– Відаць, шлюб быў не самы шчаслівы?

– Адразу пасля вяселля маладога мужа адправілі абслугоўваць далёкі млын на Убарці, а Аўдотка стала паненкай. Так праз фактычна прыгонны драматызм і паядналіся шляхецкія Булгакі ды нашыя Лозкі. Даўнія і вядомыя роды, некалі прыбліжаныя да ўладнага двара, адкуль былі ваяводы, маршалкі, гараднічыя, паслы, філаматы, паўстанцы, фалькларысты…

Усе гэтыя паступовыя адкрыцці сталі для мяне вялікай нечаканасцю: у лёсе сышліся палеская сялянская стыхія і шляхецкая культура мінулага.

– Карані глыбокія… Відаць, яны нараджалі пытанні не толькі пра «адкуль», але і «чаму»?

– Мы ў сябе размаўлялі на паляшуцкай гаворцы, чытаць я вучыўся па-беларуску, а па радыё, тэлевізары – толькі руская мова. Як гэта? У кіно – выключна рускія перамогі, а тут нашы з татарамі вунь як біліся! Дзе пра гэта пабачыць? Пачуць? Пачытаць?

Самаўсведамленне прыходзіла паступова, нібы само сабой. Чамусьці на душу клаліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна, Сяргея Грахоўскага… І самога цягнула пісаць. Да слова прыбівала і таму, што яно моцна ядналася з паданнямі і легендамі, вуснымі сказамі, народнымі песнямі, недалёкімі гісторыямі, якія пакідалі глыбокі след у маёй маладой душы.

– Падзеліцеся?

– Каля трох дзесяткаў аднавяскоўцаў асудзілі на гулагаўскія пакуты, у тым ліку нашых родзічаў. Напрыклад, калгаснага каваля Тараса – выдатнага майстра, вельмі добрага чалавека. Арыштавалі па абсалютна абсурдным абвінавачанні: спаліў, такі-сякі польскі шпіён, стратэгічны мост на шырокім возеры за вёскай. Хоць усе ведалі: ды ніколі там аніякага моста не было і быць не магло – гэта ж балотнае месца! І вось за такую байку чалавек прасядзеў у лагерах доўгія гады. На шчасце, вярнуўся жывым – і зноў да горна…

Людзі ў вёсцы пра такое горкае шмат чаго ведалі, але гаварыць адкрыта баяліся – толькі словам ціхім, прыглушаным. Каб пачуць, трэба было ўмець слухаць.

І побач – зусім іншая гісторыя: экалагічная катастрофа, на якую ўлада проста заплюшчыла вочы. У Прыбалавічах жыў вялікі аматар-паляўнічы, рыбалоў, пчалавод па прозвішчы Губас. Напрыклад, прыносіў з лесу ваўчанят, а ваўчыха потым ішла ў вёску іх шукаць, пужала нашых. У час вайны частаваў людзей дзікім пчаліным мёдам. Дык вось, каб разбагацець на рыбу, ён недзе ў шасцідзясятых выкапаў ад возера да суседняй меліярацыйнай канавы роў пад сто-дзвесце метраў і паставіў там лазовыя кашы для лоўлі. Не разлічыў перапад вышыні – і лінула такім магутным патокам, што за пару дзён усю ваду як карова языком злізала. Рыбу людзі збіралі рукамі, адзін дык нават зняў штаны, завязаў калашыны і набіў туды ці не пуд, хоць і свяціўся голым азадкам. Напачатку была дрыгва, па якой прыбалоўцы на лыжах касілі траву. А затым апошнюю лужыцу нечыя карова выпіла ў спякоту…

Прыгожае возера памерла. Там, дарэчы, вадзіўся вельмі смачны вадзяны грэцкі арэх, а ўладам – фіялетава. Вось яна, савецкая справядлівасць: за няісны мост – сібірскія лагеры, а на сапраўднае злачынства нават пальцам не паківалі.

Які экалагічны грэх

У нашу вёску засяліўся!

Забылі вадзяны арэх,

Ў Чырвонай кнізе пасяліўся.

Каб не папасці й нам туды,

Трывалую мець будзем памяць.

Хай не турбуюць нас гады

І зім ліхіх, суровых замець…

– У сям’і вашай таксама былі гісторыі, пра якія змушана доўга маўчалі?

– Сапраўдным шокам, напрыклад, стала гісторыя маёй маці. Яна паходзіла з Віцебшчыны, з Шумілінскага раёна. У вайну зусім яшчэ маладзенькую схапілі нацысты і вывезлі на прымусовыя працы ва Усходнюю Прусію, пад Кёнігсберг.

У той жа час яе бацька, мой дзед Макар, ваяваў у шэрагах Чырвонай Арміі. Ён ішоў у наступ акурат на тым самым кірунку, не ведаючы, што дзесьці зусім побач, рукой падаць, у няволі пакутуе дачка. І загінуў усяго за некалькі кіламетраў ад месца, дзе яе трымалі…

Пасля вайны маці вывучылася на агранома, паехала працаваць у Лельчыцкі раён. Калі настала пара ўступаць у партыю, адзін разумны і добры чалавек у райкаме ціха папярэдзіў яе: «Валянціна, ніколі і нідзе ў афіцыйных біяграфіях і анкетах не згадвай, што цябе вывозілі ў Германію. Бо не толькі ў партыю не прымем, але можаш наўпрост загрымець у турму за тое, што была на тэрыторыі ворага».

І яна намёртва зачыніла таямніцу ў сваёй душы. Нават мой бацька і мы, дзеці, пра гэта нічога не ведалі. Уяўляеце?!

А праз шмат гадоў я, ужо малады аспірант-фалькларыст Акадэміі навук, паехаў у навуковую экспедыцыю ў Шумілінскі раён запісваць народныя песні. Разгаварыліся з адной пявунняй пра ўсё на свеце. Яна слухала-слухала і раптам кажа:

– Ой, сыночак, дык ты ж Валін сын! Вельмі добра ведаю яе, разам у Германіі на працах былі!

Я ашаломлены:

– Бабуля, нейкая блытаніна, маці ніколі не была там!

– Была, ды яшчэ як!

І пачала падрабязна распавядаць усё – такія дэталі, якіх чужы чалавек ведаць не мог.

Прыязджаю дадому:

– Мама, гэта праўда?

Яна расплакалася і раскрыла сваю ваенную таямніцу-драму:

Вось у якім страшным маўчанні і страху даводзілася жыць нашым бацькам, каб проста захаваць сваё жыццё.

– Ці не з такіх гісторый вырастала ўласная нязгода з тым, што расказвала пра сябе савецкая дзяржава? Вы ж яшчэ некалі напісалі пародыю на знакамітую песню «Широка страна моя родная»?

– У мяне фармавалася вельмі крытычнае, пратэснае стаўленне да ладу. Хацелася садраць гэтую фальшывую патрыятычную пазалоту. Вось пачатак з верша «Колькі ў Беларусі палітвязняў»:

Найшырэйшая мая краіна,

Многа ў ёй астрогаў і Гулаг!

Больш такой знайсці ўжо немагчыма,

Колькі ж у няволі бедалаг!

Ад Масквы да вёсак занядбалых,

З гор паўднёвых, з поўначы снягоў

Беламорканал, лесапавалы,

Варанкі, калгасы для яго…

Гэта мой унутраны маніфест. Вельмі хацелася разабрацца, што насамрэч адбывалася ў нашай гісторыі, пазбавіцца ад савецкіх анкет і пачаць змагацца за вольнае слова і сапраўдную культуру.

Я вельмі хацеў пісаць кандыдацкую дысертацыю пра народныя замовы, але – СССР…

– Сярод усяго, што вы тады збіралі, быў унікальны свет паляшуцкіх замоў і шаптуноў. Ён зачароўваў?

– Больш дакладна – прыварожваў. Пагадзіцеся: гэта ж недапушчальна для маладога камуніста! Спачатку ўціхую, а потым і адкрыта збіраў вельмі рэдкі, магічны матэрыял. Больш ста замоў (па-мясцоваму – шэптаў) запісаў у сваёй і навакольных вёсках. Шэпчуцца яны звычайна тры разы: «Першым разочкам, лепшым часочкам, скарэйшым-памачнейшым. Другім разочкам…»

Такое багацце! Палессе заўсёды лічылася сакральным краем. Яшчэ даўнія расійскія вандроўнікі пісалі ў сваіх кнігах, што тут вельмі шмат шаптуноў – яны ўмеюць лячыць розныя хваробы замоўным словам. Я заспеў гэты час і шмат чаго паспеў занатаваць.

– Ад чаго найчасцей замаўлялі? А якія замовы былі самымі незвычайнымі?

– Сярод дзіцячых вельмі часта сустракаліся ад начніц і крыксаў – калі дзіця блага спіць і плача ноччу, ад зносак – калі хварэе, сурочанае аднагодкамі, ад ляку – сполаху, перапуду, ад залатніка, пудвея, ятры – розных хвароб.

Шмат замоў для жывёлы, асабліва для кароў. Напрыклад, ад уздуцця, ад звіху і ўдару, як бяльмо, каб карова не брыкалася, калі суха кроў, на Юр’я…

Трэба разумець, што для палешука малако – абсалютны сімвал выратавання. Падчас вайны, калі нацысты спалілі ўсе хаты ў нашым раёне і людзі вымушана гадамі жылі ў лясных зямлянках, менавіта карова ратавала дзяцей ад галоднай смерці. Таму рагуль бераглі больш за ўсё, замовіць іх ад хваробы было жыццёва важна.

Шэпчацца шмат чаго і для чалавека. Ад нядугаў да інтымнага. Напрыклад, закрутка – шкодная штуковіна: каб мужчына не мог жыць са сваёй жонкай, трэба «закруціць» ягоны палавы орган. Для гэтага трэба было таемна ўкрасці штаны пэўнага чалавека і шаптаць на іх.

– Гатовы спрачацца, што было і супрацьяддзе?

– А як жа! Ёсць і адкрутка – каб усё вярнуць назад, вылечыць.

Быў яшчэ залом: злосны знахар спецыяльна закручваў і завязваў сцябліны жыта – так наводзілі гаспадарцы шкоду, хваробу ці галечу ў хату. Калі знаходзілі – хутка шукалі іншага знахара, які мог усё адрабіць. Прычым часта той самы, хто залом учыніў, яго ж потым за ўзнагароду і адрабляў.

– А самі можаце зараз па памяці нашаптаць нешта светлае, прыгожае?

– Давайце пра каханне – што вышэйшае за яго?

Я светою водою ўмываюса,

золотом уціраюса,

а сонейком адзяюса,

а месяцом падперажуса,

а зоркамі засцегнуса:

я нікого не баюса.

Ек сонцэ і месец

на ўвесь свет свецяць,

так коб і я була

на ўвесь свет міла і люба.

Вось як паэтычна! Пасля называлася імя каханага – і ўсё: прываражыла!

– А самае-самае незвычайнае, што вам трапілася?

– На суд: «хай суддзі замыкне шэлепы». Яе шапталі перад судовым разборам, каб чалавеку ў мантыі літаральна заняло мову і ён не мог сказаць ніводнага слова супраць цябе.

Але, бадай, найнечаканую замову я, тады малады намеснік дырэктара сярэдняй школы, пазнаў ад… сакратара Лельчыцкага райкама КПБ, спадарыні Котавай! Пра яе ішла добрая слава, але, відаць, некага ўсё ж пакрыўдзіла… Упершыню адкрываю таямніцу – думаю, цяпер можна. Карацей, усхваляваная, яна даверліва паказала мне страшнае магічнае закляцце з трох частак. Першае заканчвалася злосна-трывіяльным праклёнам: «Каб табе век гарэць у смале, падкалодная змяя!» – але асобна ў скрутку дадаваўся натуральны высушаны змяіны хвост… Гэта ўжо не для слабанервовых – я нічога не выдумляю. Да дзвюх астатніх замоваў дадаваліся яшчэ больш гідасныя атрыбуты…

– І на што вы разлічвалі, калі такое збіралі? Спадзяваліся калі-небудзь выдаць?

– Я куды большы аптыміст, чым падаюся: вельмі хацеў пісаць у аспірантуры кандыдацкую дысертацыю менавіта на гэтую тэму. Але мой навуковы кіраўнік, прафесар Анатоль Фядосік, па-бацькоўску папярэдзіў: «Алесь, цяпер савецкі час. Калі ты абярэш замовы, атрымаеш велізарныя цяжкасці з абаронай і друкаваннем. Камуністычная партыя лічыць усё гэта шарлатанствам і забабонамі, твае артыкулы проста не прымуць у навуковыя часопісы».

Давялося прызнаць паразу. Але матэрыялы я захаваў, і пазней яны выйшлі ў акадэмічнай серыі «Беларуская народная творчасць». Мой том называўся «Замовы». А першы, хоць і незаслужана, але дыпламатычна прысвячаўся «савецкаму фальклору». Мо з-за яго і далі ўсім нам Дзяржаўную прэмію.

– А пра што ўрэшце пісалі дысертацыю?

– Пра каляндарна-абрадавую паэзію Усходняга Палесся. А вось доктарскую ўжо даўно падрыхтаваў пра народны каляндар і выпусціў тры манаграфіі, шэраг кніжак і публікацый не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Расіі, Украіне, Славакіі.

– Што вам самому найбольш дарагое з самім зробленага ў фалькларыстыцы,?

– Напрыклад, «Беларускі народны каляндар» вытрымаў два выданні. Для серыі «Беларуская народная творчасць» падрыхтаваў зборнік «Гульні, забавы, ігрышчы» – гэта выдавалі тройчы. Пра батлейку выйшла аж пяць кніжак. Даражу таксама шэрагам дапаможнікаў, якія ствараліся для розных адукацыйных устаноў – ад садка і школы да ўніверсітэта, што выкарыстоўваюцца дагэтуль.

Рэканструяваны і сістэматызаваны мною традыцыйны народны каляндар здаўна штогод друкуецца ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі ў Беларусі, а цяпер яшчэ і ў Польшчы.

Падаю заяву аб выхадзе з КПСС. Мой навуковы кіраўнік у жаху пакруціў пальцам каля скроні

– Мы абмінулі студэнцтва ў Гомельскім універсітэце. Пачатак 1980-х, час глыбокай русіфікацыі. А вы экзамены прынцыпова здавалі па-беларуску. Як рэагавалі выкладчыкі?

– Для мяне гэта не было нейкім штучным палітычным жэстам. Тут унутраная патрэба, грамадзянская пазіцыя: мова мусіць жыць і гучаць, тым больш ва ўніверсітэце.

Памятаю ўступны экзамен па гісторыі. Толькі пачаў адказваць, як выкладчык-капээсэснік перапыняе. Выбег у суседні пакой да яшчэ аднаго экзаменатара: «Ідзі сюды, паслухай, як хлопец прыгожа па-беларуску расказвае!»

Нелюбімыя прадметы: асновы навуковага камунізму, тэорыю літаратуры з асновамі марксісцкай-ленінскай тэорыі – адказваў таксама на роднай мове. І атрымаў пяцёркі, хоць далёка не выдатнік. Бачыце: нават у тыя задушлівыя часы сапраўднае беларускае слова магло абудзіць у людзях павагу.

Дарэчы, мы з маім сябрам Косцем Усовічам былі адзінымі студэнтамі, якіх на той час узялі на паўстаўкі ва ўніверсітэцкую шматтыражку. Там таксама стараліся пашыраць беларускае слова.

– Тады ж нарадзілася і незалежнае літаб’яднанне «Росквіт». Навошта спатрэбілася сваё, калі пры ўніверсітэце ўжо існавала?

– Пры кафедры беларускай літаратуры працавала «Крынічка», якой кіраваў паэт-выкладчык Віктар Ярац і студэнт Міхась Башлакоў (цяпер лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі). Віктар – выбітны чалавек, дысідэнт, выключаны з БДУ за калектыўны ліст студэнтаў з патрабаваннем выкладаць па-беларуску. З цяжкасцю, пры заступніцтве Максіма Танка, яму далі месца толькі ў Гомелі – саслалі ў далёкі горад. Але то было афіцыйнае згуртаванне. А мы, студэнты з розных факультэтаў, хацелі большай свабоды і самастойнасці. Вось і з’явіўся «Росквіт» – цалкам самастойна, без выкладчыкаў і партыйных падказак. На агульным галасаванні мяне абралі старшынёй.

Выступалі ў школах, на абласным тэлебачанні, друкаваліся ў газетах. З аб’яднання выйшла шмат выдатных літаратараў: Алесь Дуброўскі, Святаслаў Крупенька, Ірына Багдановіч, Анатоль Зэкаў, які, дарэчы, сёлета атрымаў Дзяржаўную літаратурную прэмію. З намі пачыналі і пасля працягвалі адраджэнскую традыцыю Анатоль Сыс, Алесь Бяляцкі, Андрусь Акулін ды іншыя.

Аднойчы запрасілі ў абласны камітэт партыі, у ідэалагічны аддзел. Частавалі кавай з цукеркамі і цэлую гадзіну сур’ёзна распавядалі пра… кітайскую рэвалюцыю! Такая хітрая партыйная прамыўка мазгоў, каб адцягнуць моладзь ад уласных нацыянальных праблем. Але старэйшы з нас рускі паэт Юрый Фатнеў ужо тады асмеліўся выступіць з крытыкай.

– Пасля ўніверсітэта ваш шлях ізноў перакрыжаваўся з Алесем Бяляцкім. Аб’ядноўвала любоў да літаратуры?

– Працавалі настаўнікамі ў лельчыцкіх школах. Я вярнуўся на сваю радзіму, а Бяляцкі спецыяльна папрасіўся размеркаваць яго ў гэты самы далёкі палескі раён, каб быць бліжэй да жывога народнага слова.

Калі мы вырашылі паступаць у аспірантуру Акадэміі навук – я ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, а ён у Інстытут літаратуры, – трэба было звальняцца. Памятаю, прыйшлі разам у РАНА забіраць дакументы. Размаўляем паміж сабой па-беларуску, а мясцовыя настаўнікі і чыноўнікі стаяць, глядзяць з адкрытымі ратамі і шэпчуцца: «О, па-беларуску гавораць… Беларусы!»

Для іх гэта было сапраўдным дзівам. І няўцям, да якога сораму давялі нават глыбінку, калі родная мова стала чымсьці выключным…

– А ў мінскай аспірантуры тады адчувалася нацыянальнае абуджэнне?

– У 1986 годзе мы ўжо ў Мінску пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага стварылі легендарнае моладзевае згуртаванне літаратараў «Тутэйшыя». У першым сумесным зборніку я надрукаваў працу пра беларускую міфалогію.

– Неўзабаве Нілу Гілевічу давялося ратаваць вас падчас абароны дысертацыі?

– Аспірантура знаходзілася пад жорсткім ідэалагічным кантролем. Нават каб паступіць, патрэбна была афіцыйная рэкамендацыя ад партарганізацыі. І вось у перадабаронны час я падаю заяву аб выхадзе з КПСС. Гэта сустрэлі вельмі неадназначна. Мой навуковы кіраўнік у жаху пакруціў пальцам каля скроні: «Алесь, ты зрабіў страшнае глупства! Цябе ж пракінуць на навуковым савеце!»

Ён меў рацыю, сапраўды маглі адпомсціць за такі крок. А народны паэт уваходзіў у навуковы савет па абароне. Набраўся смеласці, патэлефанаваў яму: «Калі ласка, прыйдзіце на абарону: сітуацыя вельмі цяжкая: можа не сабрацца кворум».

А тады якраз у прамым жывым эфіры трансляваліся ўсе пасяджэнні Вярхоўнага Савета 12-га склікання, дзе мой галоўны абаронца быў сярод лідараў дэмакратычнай фракцыі БНФ. Слухаю радыё і раптам чую, як старшыня пытаецца:

– Чаму няма на пасяджэнні Гілевіча?

Яму адказваюць:

– Тэрмінова выклікалі ў Акадэмію навук, там нешта вельмі важнае.

Насамрэч кінуў усе дзяржаўныя справы і прыехаў на вучоны савет. Даў рады. Добра абаранялі мае пазіцыі таксама калегі-фалькларысты Арсень Ліс, Генадзь Каханоўскі… Вельмі ім удзячны. Справядлівасць перамагла – абараніўся аднагалосна. Гэта была нашая супольная перамога.

– І далёка не адзіная ў тым часе?

– Згадаю хоць бы «спецаперацыю» з удзелам прыбіральшчыц, палкоўніка КДБ і кіраўніка справамі Акадэміі па легалізацыі нацыянальнага сцяга. Я тады працаваў у Скарынаўскім навукова-асветным цэнтры, якім кіраваў прафесар Адам Мальдзіс – чалавек выключнай душы, які збіраў вакол сябе найлепшую творчую моладзь. У нашым працоўным кабінеце бел-чырвона-белы сцяг вісеў ужо даўно, яшчэ да яго афіцыйнага зацвярджэння.

Прэзідэнт Акадэміі навук, вядомы матэматык Уладзімір Платонаў выступіў на сесіі Вярхоўнага Савета, горача падтрымаў ідэю новай сімволікі. Я паслухаў, здымаю той самы кабінетны БЧБ і кажу калегам:

– Хлопцы, усё! Сцяг будзе прыняты ў якасці дзяржаўнага, іду вешаць над акадэміяй! Калегі засмяяліся:

– Ну топай, топай, паглядзім, што з таго будзе.

Спусціўся на першы паверх да вартаўніка-міліцыянера.

– Чуў выступ Платонава? Давай павесім над уваходам!

Той збялеў:

– Звар’яцеў? Не дазволю – не паложана!

Тады іду да кіраўніка справамі Акадэміі. Ён падумаў і кажа:

– А што? Я згодны!

Кліча сваіх супрацоўніц:

– Дзяўчаты, вазьміце ў Лозкі сцяг, адпрасуйце і павесьце разам над ганкам.

Але міліцыянер пачынае тэрмінова назвоньваць свайму начальству ў КДБ:

– Таварыш палкоўнік, тут Лозка прынёс нейкі сцяг і хоча замяніць наш, ад БССР!

Кадэбэшнік зароў так, што мы пачулі:

– Ні ў якім разе! Ніякіх сцягоў!

Але я прынцыпова не адступіў ад свайго намеру.

Праз некалькі дзён праводзілі вялікі агульны справаздачна-выбарны сход Таварыства беларускай мовы Акадэміі навук. Ад віцэ-прэзідэнта Акадэміі Івана Навуменкі, народнага пісьменніка Беларусі, атрымаў згоду на правядзенне ўрачыстасці ў галоўнай зале. Пахваліўся, што з цікаўнасцю чытаю яго творы і наогул зямляк. Ён у адказ паўшчуваў на Алеся Бяляцкага – не абараняе кандыдацкую, бо займаецца не тым, чым трэба, а яму, навуковаму кіраўніку, ад таго сорамна:

– Ох ужо гэтыя гомельскія! Ад вашага сябра толькі непрыемнасці…

У актавай зале сабраліся акадэмікі, дырэктары інстытутаў, тэбээмаўцы. Мая дыпламатычная прапанова ўключыць у прэзідыум ганаровых людзей адхіляецца дэмакратычнай большасцю: праходзяць прафесар Юрась Хадыка, намеснік старшыні БНФ, я, як вядоўца, і сакратар.

Далей гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і мая прапанова:

– Шаноўнае спадарства! Наш сцяг ужо прыняты дзяржаўным, але над Акадэміяй навук дагэтуль лунае стары савецкі.

І што рабіць збянтэжаным акадэмікам, калі ўсе дружна падаліся ўніз? Далучыліся… Знаёмы міліцыянер ужо стаяў смірна.

Спадар Хадыка падняўся па лесвіцы, я падаў той самы бел-чырвона-белы сцяг… Тады рэпартаж са з’езда рабілі тэлевізійшчыкі, дык гэтую падзею ўбачыла ўся Беларусь.

Вось незабыўны дзень сапраўднага трыумфу. Дарэчы, падобную акцыю правёў таксама ў будынку Мінскага гарадскога савета яго дэпутат Алесь Бяляцкі.

«Ну падумаеш, ліст ад міністра, а спаднічка дык вышэй кален! Не прымаем вашую Лісіцыну…»

– Савецкая традыцыя выхавання: дзіця цалкам належыць школе і дзяржаве. Вы ж фактычна замахнуліся на манаполію адукацыі. Як гэта пачыналася?

– Ідэя нарадзілася ў 1988 годзе: тады стварылі Бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў. Кіраваў ім археолаг Ігар Чарняўскі, намеснікі – я і Алесь Шамак.

Справа цяжкая, таму, каб яна рухалася, самі падавалі прыклад. Мая дачка Алеся на той момант ужо скончыла першы клас у звычайнай рускай школе. Але ўсёй сям’ёй вырашылі махнуць рукой на страчаны год: адправілі яе зноў у стартавы клас, толькі ўжо беларускамоўны.

У камітэце сабралася нямала нацыянальна свядомых людзей: інжынеры Уладзімір Новік і Людміла Семіжон, мастакі Алесь Цыркуноў і Сяргей Шаўцоў, педагогі Яўген Цумараў і Ларыса Іўліева, журналістка Галіна Суша, навуковец Пётра Садоўскі, пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, спявак Пятро Тарасевіч, рабочы Уладзімір Васьковіч, эканаміст Мікола Кійка… Гэта ад іх пачыналіся беларускія класы і школы ў сталіцы.

– Але большасць бацькоў усё ж даводзілася пераконваць асабіста?

– Так. Хадзілі па хатах, прасілі аддаваць дзяцей у беларускія класы.

Памятаю, гутарым ва Уруччы са знакамітым спартыўным журналістам, які вельмі прыгожа каментаваў футбольныя матчы роднай мовай. Ён нібыта і за, але жонка катэгарычна супраць: «Нават не думайце! Куды маё дзіця потым будзе паступаць? Вышэйшай адукацыі на роднай мове няма і не будзе!»

Так і не змаглі ўгаварыць. Але сын урэшце, хоць займаў немалую пасаду ў адным з міністэрстваў, не цураўся беларускай.

Разам з мастаком Міколам Купавам арганізавалі збор подпісаў за роднае слова і накіравалі вялікі калектыўны ліст на імя Міхаіла Гарбачова ў Маскву. Як толькі адправілі, усіх падпісантаў тэрмінова выклікалі да сакратара ЦК на адпаведнае ўшчуванне. Спрабавалі запалохаць, але час ужо мяняўся…

– Палітычнае надвор’е быццам павярнула на вясну, а халадок усё роўна трымаўся?

– Вельмі паказальная і сумная гісторыя Насты Лісіцынай – адзінай дзяўчынкі ў Мінску, якая яшчэ да нашай ініцыятывы вучыла ўсе прадметы па-беларуску. Яе бацькі былі вельмі прынцыповымі людзьмі: дабіліся ў выканкамах і школах выключэння для дачкі. У мільённым Мінску толькі яна цалкам займалася на беларускай мове некалькі гадоў!

Калі Наста паспяхова скончыла школу, пахавалі яе маці – з БЧБ. І праходзіў чарговы з’езд ТБМ. У сваім выступе я прапанаваў:

– Спадарства! Давайце звернемся ў Мінадукацыі з просьбай прыняць дзяўчыну ў БДУ без экзаменаў – як сімвал нашага адраджэння!

З’езд падтрымаў. У зале прысутнічалі прадстаўнікі міністэрства і ўрэшце сапраўды напісалі афіцыйны ліст рэктару БДУ з просьбай залічыць Насту без экзаменаў. Праз некалькі дзён знайшоў рэктар-акадэмік Фёдар Капуцкі мой тэлефон у Скарынаўскім цэнтры і мо паўгадзіны апраўдваўся, чаму не прынялі без экзаменаў. Замест слушных аргументаў такое:

– Карацей, Алесь, не прынялі Лісіцыну!.. Ну падумаеш, ліст ад міністра, а спаднічка дык вышэй за калені!

І дзяўчына, і бацька, думаю, вельмі пакрыўдзіліся: сабралі рэчы і з’ехалі ў Літву, дзе Наста спакойна паступіла ў Віленскі ўніверсітэт.

Так наша сістэма выштурхоўвала з краіны тых, хто найбольш паслядоўна хацеў жыць па-беларуску.

– Сабраць дзяцей у першыя беларускамоўныя класы – палова справы. А што рабіць далей: дзе браць праграмы, падручнікі, настаўнікаў?

– Мы разумелі: без трывалага метадычнага падмурка ўсё разваліцца.

Паглядзелі, як развіваецца ўкраіназнаўства, і вырашылі ствараць аналагічную сістэму. З 1992-га па 1994 год выдалі чатыры зборнікі-дапаможнікі – па фальклоры, этнаграфіі, народным мастацтве для школьнікаў усіх класаў, крыху пазней – для ўніверсітэтаў пад кіраўніцтвам будучага міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна. Увялі курс беларусазнаўства і навуковай тэрміналогіі ў ВНУ. Мне, напрыклад, давялося выкладаць яго ў БДУ на эканамічным, механіка-матэматычным, радыёфізічным і культуралагічным факультэтах. Студэнты засвойвалі беларускую тэрміналогію для сваіх спецыяльнасцяў і на практыцы абвяргалі пазнейшы міф, нібыта на роднай мове немагчыма развіваць дакладныя навукі.

– Але ж адукацыя – гэта не толькі аўдыторыя і падручнік. Ці шукалі іншыя формы?

– Дамовіліся з прафсаюзамі і атрымалі ў сваё распараджэнне звычайны піянерскі лагер каля станцыі Энергетык, назвалі яго – «Грунвальд». Наш выдатны сябар з Масквы, рэдактар часопіса «Усходнеславянскае славяназнаўства» Аляксей Каўка прапанаваў:

– «Лагер» гучыць цяжка, аж да «лагернага». Давайце назавем прыгожым словам, летнікам.

Вось так і пакаціўся па Беларусі неалагізм.

Запрасілі да сябе і дзяцей беларусаў замежжа – з Вільні, Польшчы, Санкт-Пецярбурга, Масквы. Сэнс быў у тым, каб паяднаць сваіх з розных куткоў свету. Ладзілі народныя святы, гістарычныя гульні, рэканструявалі Грунвальдскую бітву, дзеці самі рабілі драўляныя шчыты і мячы. Праўда, была адна праблема – ніхто не хацеў гуляць за крыжакоў, усе імкнуліся ў шэрагі нашых ваяроў.

З дзецьмі ў летніку сустракаліся дэпутаты Вярхоўнага Савета Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, іншыя.

– І адсюль ужо рукой падаць да сваёй дзіцячай арганізацыі?

– Выветрыць чаднае паветра з галоў праз яе сапраўды было лягчэй…

Я прыдумаў назву – «Скарынічы», нават распрацаваў статут. Але потым айцец Аляксандр Надсан з Лондана падказаў: трэба звярнуцца менавіта да скаўцкай традыцыі. І даслаў унікальныя кнігі, часопісы «На пагатове», «Зважай». Аказваецца, яшчэ да кастрычніцкага перавароту ў некаторых гарадах Беларусі існаваў добры скаўцкі рух. Замест піянерскіх гальштукаў нашыя выхаванцы пачалі насіць прыгожыя бел-чырвона-белыя хусцінкі. Іх можна было завязаць на галаве ад сонца або з форсам на руцэ – ставіліся найперш як да жывога сімвала свабоды, а не да святога атрыбута камуністычнага рытуалу.

Самая вялікая складанасць – знайсці і падрыхтаваць скаўтмайстроў, людзей, гатовых працаваць на голым энтузіязме.

Сёння на сваёй мове вучыцца ўсяго каля 8 % школьнікаў, а ў 1993-м у першыя класы пайшлі 76 % ад усіх новенькіх

– Чаму збудаванае з такім імпэтам пачало імкліва разбурацца? Быў жа час, калі да дзевяноста працэнтаў першакласнікаў Мінскай вобласці вучыліся па-беларуску, а далей проста завал…

– Пасля ініцыяванага ўладамі рэферэндуму 1995 года пачаўся планамерны наступ на ўсё нацыянальнае. З аднаго боку – жорсткі дзяржаўны ціск. З другога – прагматычны выбар бацькоў, якія аддавалі дзяцей ва ўстановы, што падтрымлівала ўлада. Магчыма, інтэлектуалы і грамадскія дзеячы не здолелі дастаткова трывала абараніць створаныя інстытуты, а само грамадства не мела рэсурсу для працяглага супраціву дзяржаўнай машыне.

Бюракратыя дзейнічала вельмі хітра. Напрыклад, настаўнікам рускай мовы і літаратуры яшчэ раней уводзілі 15-працэнтную надбаўку да заробку – нібыта за працу ў «нацыянальнай рэспубліцы». Хітры і здзеклівы ўдар! Пачалі чысціць праграмы: выкідалі творы Багушэвіча, Крапівы, іншых нацыянальных класікаў.

– Мне расказвалі, што неўзабаве рэзка змянілі і суадносіны гадзін беларускай і рускай моў. Наколькі істотнай была розніца?

– Асабліва ў пачатковых класах. Калі навучанне ішло па-беларуску, на родную мову адводзілася тры гадзіны на тыдзень, на рускую – адна. Пры рускай мове навучання – наадварот. А паколькі чыноўнікі і ідэолагі загналі большасць дзяцей менавіта ў рускамоўныя школы, беларуская для іх засталася той самай адной гадзінай на тыдзень.

Больш за тое, спачатку дазвалялі хаця б гісторыю і геаграфію выкладаць родным словам. Але неўзабаве і гэта адмянілі.

– А што паказвае сённяшняя статыстыка? Наколькі глыбокім аказаўся спад?

– Карціна проста вусцішная! Па ўсёй краіне на сваёй мове вучыцца ўсяго каля 8 % школьнікаў. Яшчэ ў 2017 годзе было 13 %.

Беларускае школьніцтва паспяхова развівалася пасля прыняцця роднай мовы ў якасці дзяржаўнай. У 1993–1994 гадах у першыя беларускія класы прымалася ўжо 76 % працэнтаў ад усіх першакласнікаў, а ў Мінскай вобласці – нават больш за 92, у сталіцы – 58 %. Упершыню ў Мінску з’явіліся першыя адукацыйныя ўстановы па-беларуску. Няшчасце здарылася пасля так званага рэферэндуму 1995 года: адразу колькасць першакласнікаў абрынулася ўдвая.

– У такіх умовах, відаць, асабліва важна было падтрымліваць настаўнікаў, якія працягвалі працаваць па-беларуску?

– Менавіта таму Таварыства беларускай школы ладзіла конкурсы і прэміі для педагогаў дзіцячых садкоў, школ, універсітэтаў. Напрыклад, у межах прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага адзначалі выкладчыкаў самых розных спецыяльнасцяў. Такія ўзнагароды атрымалі дацэнт БНТУ Тамара Сухая, прафесар Аляксандр Арцішэўскі з БДМКУ, дацэнт кафедры землязнаўства Павел Каўрыга і кандыдат эканамічных навук Максім Беліцкі з БДУ, трэнер-харэограф Вольга Корсак і выкладчык эканамічнай геаграфіі Мікалай Страха з БДПУ…

Для нас важна было паказаць: беларуская мова можа нармальна жыць не толькі на ўроку літаратуры, але і ў любой прафесійнай сферы.

У ТБШ праводзілася разнастайная дзейнасць з педагогамі ўсіх тыпаў адукацыйных устаноў: канферэнцыі, семінары і курсы, у тым ліку з запрашэннем замежных спецыялістаў. Праводзіліся краязнаўчыя семінары і выпускаліся праграмы па раённым краязнаўстве. Конкурсы на найлепшую беларускую вясковую школу, студэнцкіх і школьных газет. Папулярнымі сталі творчыя вучнёўскія працы «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…», конкурсы «Адукацыя для свабоды: Ноўтбук актыўнаму настаўніку»…

Аддзелы ТБШ існавалі ва ўсіх абласных цэнтрах. Першай афіцыйна зарэгістравалася найбольш актыўнае гродзенскае аддзяленне пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча. Калі ў 1996 годзе ён стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта Беларусі, у Таварыства паступіла прэтэнзія ад Міністэрства юстыцыі: сябра непалітычнай арганізацыі займаецца палітыкай. І каб не падстаўляць нас, Мілінкевіч падаў заяву на выхад. Але і далей не парываў сувязі, працягваў падтрымліваць адукацыйныя ініцыятывы і пазней – Беларускую школу ў Варшаве.

– У гэтым кантэксце нельга не згадаць і вашу барацьбу за Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа?

– У 2003 годзе яркі сімвал пачатку беларускай вясны закрылі. У яго прыгожым будынку на вуліцы Ульянаўскай стаў працаваць… дзяржаўны суд. Страшны сарказм: у тых самых пакоях, дзе дзеці вывучалі вольную беларускую гісторыю, пазней судзілі ліцэістаў і актывістаў за пратэсты.

У тыя дні я прыняў усіх настаўнікаў пад крыло ТБШ. У сваім кабінеце захоўваў працоўныя кніжкі выкладчыкаў. Мы сталі гэткім парасонам для падпольнага навучання. Напачатку на кватэрныя заняткі прыходзіла міліцыя, пужала, але вучоба не спынялася.

Ліцэй выхаваў цэлую плеяду людзей, якія сёння працуюць па ўсім свеце: гэта Франак Вячорка, Алесь Міхалевіч, Павел Баркоўскі, Глеб Лабадзенка, Воля Стужынская, Максім Чарняўскі… Праяўляюць сябе ў навуцы, грамадскім жыцці, бізнесе, замежных арганізацыях. Іх практыка найлепш абвяргае стары міф: нібыта, калі вучышся па-беларуску, потым нікуды не паступіш і нічога не дасягнеш. Выйшла наадварот – такая адукацыя дала ім моцны старт і здольнасць канкураваць далёка за межамі Беларусі.

– З 2022 года вы самі ў эміграцыі, але распачатую дома працу не перапыняеце?

– Дзякуючы Міністэрству адукацыі Польшчы мы атрымалі бясплатныя класы ў варшаўскай школе імя Адама Міцкевіча, сёлета дадаліся сорак новых вучняў. Дзеці не толькі вучацца, але і танчаць беларускае, ладзяць батлейку, адзначаюць свае святы.

Акрамя заняткаў афлайн, маем вялікую анлайн-школу. Ранейшыя філіялы ў Гданьску, Беластоку, Кракаве сталі самастойнымі школкамі. Праз інтэрнет-навучанне прайшлі дзеці больш як з трыццаці краін свету – ад Польшчы і Германіі да ЗША, Канады, Арабскіх Эміратаў, Інданезіі і Японіі. Мы аб’ядналі іх у такую «касмічную Беларусь». Калі абвясцілі набор настаўнікаў, прыйшло больш за сто заявак – ад педагогаў вышэйшай катэгорыі, кандыдатаў і дактароў навук, многія з якіх таксама вымушаныя былі з’ехаць.

І вось у гэтым для мяне сёння адзін з галоўных сэнсаў: дзе б ні апынуліся нашыя дзеці, яны мусяць ведаць сваю культуру, мову, гісторыю і ганарыцца: мы – беларусы.

Арганізатары Прэміі “Голас Пакалення Свабоды”  | Беларускі ПЭН у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага. 

Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.