Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 лютага 2026 года

Апошняе абнаўленне: 17 лютага 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 лютага 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 15 лютага 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 30, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 147.

У дачыненні да пісьменніка Сашы Філіпенкі распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу. 

Фатографку Паліну Верамяйчук асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.

У Мінску ў творчай прасторы «Парасон» адбыліся ператрусы і допыты. Тры чалавекі затрыманы.

У Гомелі адмянілі імпрэзу «Дзень закаханых з Вудзі Аленам» у карціннай галерэі імя Гаўрылы Вашчанкі. 

Пракуратура знайшла «экстрэмісцкія кнігі» на маркетплэйсах і сайтах кнігарняў.


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 лютага стала вядома, што ў дачыненні да пісьменніка Сашы Філіпенкі распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 361 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за гутарку на YouTube-канале «Обычное утро», у Беларусі ў яго дома адбыўся ператрус.  Сашы Філіпенка паведаміў на сваёй Facebook-старонцы: «Сёння дома прайшоў новы ператрус. На гэты раз справа заведзена паводле арт. 361 ч. 2. “Падазраваны Філіпенка Аляксандр Аляксандравіч, паўторна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрв’ю пад назвай «Забароненыя кнігі ў Беларусі: чаму нельга чытаць раманы Сашы Філіпенкі ці як усё ж прачытаць?» на канале «Звычайная раніца»”… Вы нічога не пераблыталі – паводле новага артыкула мне свеціць яшчэ 5-7 гадоў за тое, што я распавёў пра свае кнігі». 30 верасня 2025 года Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс выданняў, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» раман Сашы Філіпенкі «Слон». Пісьменнік падтрымаў пратэсты 2020 года, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь. 14 лютага 2024 года стала вядома, што супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці і разладу).

2. 10 лютага стала вядома, што ў Брэсцкім абласным судзе фатографку Паліну Верамяйчук асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), меркавана ў межах справы «Беларускага Гаюна» за паведамленні ў маніторынгавы чат пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Паліна Верамяйчук пачынала працу ў галіне вясельнай фатаграфіі, у 2023 годзе пісала ў сваім Instagram, што пазіцыянуе сябе як «жаночую фатографку», здымае жаночыя партрэты, займалася фэшн-фота, у тым ліку ў Vogue.

ІІ. Затрыманні дзеячаў культуры

10 лютага стала вядома, што ў Мінску ў творчай прасторы «Парасон» адбыліся ператрусы і допыты. Тры чалавекі затрыманы. У «Парасоне» адбываліся майстар-класы і культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры.

III. Сімволіка ў месцах пазбаўлення волі

13 лютага былы палітзняволены, праваабаронца Уладзімір Лабковіч паведаміў на сваёй Facebook-старонцы, што ў жніўні 2023 года адміністрацыя калоніі № 17 у Шклове вывесіла расійскі сцягі: «У Шклоўскай калоніі паўсюль вывесілі расійскія сцягі. Так калонія рыхтавалася да хуткага ўз’яднання з РФ. Гэтага так чакалі мясцовыя сілавікі, што не маглі ўстрымацца. Праз пару тыдняў прыехала камісія з ДВН [Дэпартамент выканання пакаранняў]. Сцягі РФ знялі. Павесілі ДВНаўскі». 

IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры

1. 3 лютага 2026 года судом Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны Instagram-акаўнт caesarissimus былога палітвязня, журналіста і папулярызатара гісторыі Яўгена Меркіса, які быў асуджаны на 4 гады зняволення за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Яўген Меркіс быў вызвалены 11 верасня 2025 года і прымусова вывезены ў Літву.

2. 5 лютага 2026 года суд Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці надаў «экстрэмісцкі» статус Instagram-профілю Паўла Хадзінскага, які вядомы тым, што ствараў фоталетапіс Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Акрамя асабістых фотаздымкаў, ягоны профіль змяшчае і шмат здымкаў з рознымі біскупамі. Цяпер Павел знаходзіцца ў эміграцыі.

V. Цэнзура

У Гомелі адмянілі імпрэзу «Дзень закаханых з Вудзі Аленам» у карціннай галерэі імя Гаўрылы Вашчанкі, падчас якой планавалі паглядзець і абмеркаваць камедыйную меладраму «Эні Хол», пагуляць у гульні, наведаць выставы.

VI. Забароненыя кнігі

6 лютага пракуратура знайшла «экстрэмісцкія кнігі» на маркетплэйсах і сайтах кнігарняў. Сярод кніг – пераклады на рускую мову нямецкіх мемуараў пра Другую сусветную вайну: «Успаміны нямецкага генерала. Танкавыя войскі Германіі ў Другой сусветнай вайне 1939–1945» Гайнца Гудэрыяна, «Цэнтр» Федара фон Бока,  «Я стаяў каля брамы Масквы» Вільгельма фон Лееба, «Ленінградскі “Бліцкрыг”» Франца Гальдэра. Уладальнікам маркетплэйса і кнігарняў вынесены прадпісанні з патрабаваннем прыбраць кнігі з продажу.