[Прочитать колонку по-русски можно тут]
Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.
Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
ЗВЫЧКА ДА СЯКЕРЫ
Маму ў 1941 годзе пагналі на працы ў Трэці рэйх упершыню. Яна пра гэта не распавядала. Як і пра другую сваю адпраўку на работы ў тым жа кірунку – у 1943 годзе. Потым, з абрыўкаў нейкіх, з аскепкаў ейных выказванняў я нешта даведваўся, нешта дадумваў. Як і пра ваенную гісторыю ўсёй маёй сям’і, якая да вызвалення Гродна пражывала, як кажуць, на акупаванай тэрыторыі.
Ужо падлеткам я спытаў яе аднойчы:
– А ты памятаеш, як пачалася вайна?
– Якая вайна? – перапытала яна мяне.
– Ну як – «якая»? Як у песні: «Двадцать второго июня, ровно в четыре часа…» Сорак першы год.
Мама крыху памаўчала, а потым адказала:
– Ты не разумееш. Вайна пачалася ў трыццаць дзявятым. А потым проста прыйшлі немцы.
…Магчыма, я сапраўды не разумеў, пра што яна гаворыць. Не разумеў: а што, у вайны могуць быць два пачаткі? А як гэта?
Цяпер, праз столькі гадоў, я ведаю, што і заканчэнняў адной і той жа, здавалася б, вайны можа быць некалькі. Толькі тая вайна, што пачалася на маіх вачах, цягнецца даўжэй за тую, пра якую мне расказвалі ў школе. А потым я сам расказваў пра яе ў школе – ужо сваім вучням.
Сённяшняя вайна пачалася для мяне прыкладна за два тыдні да таго, як выбухнула інфармацыйная бомба на НТВ.
«Чыкаціла» – мой малады сукамернік на Валадарцы, кучаравы акулярык, арыштаваны таксама паводле нейкіх палітычных артыкулаў, – спытаў мяне:
– А вайна паміж Расіяй і Украінай будзе?
Спытаў ён будзённа, нават не ўсведамляючы таго жаху, што абуджае ўва мне сваім пытаннем. Чыкацілам яго празвалі за знешняе падабенства з вядомым маньякам савецкай эпохі, а так хлопец ён быў цалкам міралюбівы, чытаў Кафку і Караткевіча.
– Вы з глузду з’ехалі! Ім жа гэта зусім нявыгадна!
«Ім» – гэта Байдэну і Пуціну. І я з запалам пачаў тлумачыць, чаму гэтая вайна не можа скончыцца нічыёй перамогай, але напэўна прывядзе да яшчэ больш страшнай і крывавай бойні…
Кучаравы Чыкаціла з палёгкай уздыхнуў і палез да сябе на трэцюю паліцу нараў, каб ізноў паглыбіцца ў чытанне «Працэсу» Кафкі.
Ён заспеў мяне знянацку сваім пытаннем. Я сядзеў на шконцы, задыхаючыся ад хвалявання, і спрабаваў давесці сам сабе, што гэтай вайны не будзе. Не можа яе быць!
А праз два тыдні з выпуску навін на НТВ я даведаўся, што – вось яно пачалося. Выбухнула. Стрэліла.
Была ж ужо вайна, якую мая краіна прайграла. Афганістан быў. Генерал Барыс Громаў, з якім мне давялося некалькі разоў гутарыць напярэдадні выбараў губернатара Маскоўскай вобласці, выводзіў потым з тэрыторыі постфеадальнай цэнтральнаазіяцкай дзяржавы нашую гераічную армію, якая ганебна прайграла тую вайну. Ядзерная звышдзяржава прайграла народу, якога яна не ведала і якім глыбока пагарджала. Адтуль, з той вайны, вярнулася пакаленне «цынкавых хлопчыкаў», кажучы словамі Святланы Алексіевіч, якія наўрад ці разумелі, за што менавіта іх баявыя таварышы аддавалі свае жыцці. «Страчанае пакаленне», пра якое пісаў у сваіх раманах Эрых Марыя Рэмарк.
І ў Алексіевіч, і ў Рэмарка яны вярнуліся з вайны пакалечанымі не толькі фізічна, але і духоўна. Бо так і не змаглі атрымаць выразнага адказу на галоўнае пытанне – «За што?!»
Цяпер пачалася вайна, у якую было гэтак жа цяжка паверыць, як і ў паўторнае абранне Дональда Трампа. Але яна пачалася. І незразумела, калі і як скончыцца гэтая вайна, у якой не будзе пераможцы, што б ні казалі нам потым падручнікі гісторыі.
Яна, напэўна, ператварылася б у нешта будзённае, да чаго мы ўсе прывыклі. Памятаеце, у не надта папулярнага цяпер на волі Дастаеўскага ў «Братах Карамазавых» чорт пытаецца ў брата Івана: маўляў, што будзе, калі надаць сякеры пэўную хуткасць, каб тая адарвалася ад зямлі і ўзляцела? І сам жа адказвае: а нічога не будзе. Людзі прызвычаяцца да сякеры і занясуць час яе ўзыходу і час захаду ў каляндар.
Не час узыходу і захаду сонца – час узыходу і захаду сякеры.
Дастаеўскі быў прарокам. Калі не прызвычаіліся, дык яшчэ прызвычаімся. Вось жа, генерал ядзернай дзяржавы паведамляе сваёй жонцы пра сабраную ім калекцыю вушэй салдат краіны, на якую напала ягоная армія, і тая – жанчына, маці, верагодна, – не жахаецца. Прызвычаілася? Не ўпершыню? Напэўна, у Чачні падчас вайны трэніраваўся. Калекцыянер.
І нават калі заўтра немагчымая, непрымальная для абодвух бакоў мірная дамова будзе падпісана, вайна не скончыцца. Адрэзанае вуха не прыставіш на ранейшае месца. Жыцці забітым людзям не вернеш. І да сякеры, што ўзыходзіць над чалавецтвам, не надта хочацца прызвычайвацца. Сонца хочацца – не сякеры.
Аляксандр Фядута
Чытаць папярэднія тэксты:
Той, якая чакае… Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты
Літаратура і жыццё. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты
Першая сустрэча, апошняя сустрэча… Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты