Не марнуй лета! Перакладчыцкая майстэрня вяртаецца!

Апошняе абнаўленне: 22 красавіка 2026
Не марнуй лета! Перакладчыцкая майстэрня вяртаецца!

Беларускі ПЭН абвяшчае набор на новы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Майстэрня застаецца прасторай для прафесійнага росту. Мы запрашаем як новых удзельнікаў, так і выпускнікоў мінулых сезонаў – каб паглыбіць досвед і рухацца далей.

Што чакае перакладчыкаў у гэтым сезоне?

У новы сезон традыцыйна ўвойдуць 11 сустрэч з разборам перакладаў, зробленых удзельнікамі. Апрача гэтага, праграма будзе істотна пашырана: 

  • дадаюцца дзве сустрэчы, прысвечаныя карэктуры і рэдактуры тэксту, каб удзельнікі маглі глыбей разумець працэс давядзення перакладу да публікацыі;
  • адбудзецца дадатковая сустрэча пра культурныя правы і аўтарскае права, прысвечаная базаваму разуменню культурных правоў і юрыдычным аспектам працы перакладчыка;
  • 5 найбольш матываваных удзельнікаў групы атрымаюць магчымасць працягнуць працу над сваімі перакладам  індывідуальна з ментарамі – гэта будзе ўнікальны фармат падтрымкі, дзе кожны/кожная зможа правесці дзве дадатковыя сустрэчы менавіта з тымі спецыялістамі, кансультацыі якіх найбольш патрэбныя для працягу працы над перакладам.

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні – паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар  беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай  моў.

Графік і фармат
  • Збор заявак: з 22 красавіка да 10 траўня ўключна.
  • Старт заняткаў: 21 траўня.
  • Фармат: анлайн-сустрэчы (Zoom).
  • Расклад: кожны чацвер з 18:00 да 20:00 беларускага часу (або да сканчэння працы над апошнім перакладам 🙂
  • Колькасць заняткаў: 11 сустрэч з вядоўцам Перакладчыцкай майстэрні, 3 дадатковыя сустрэчы, прысвечаныя карэктуры, рэдактуры, культурных правам і аўтарскаму праву.
Што вас чакае ў праграме?

Асноўны фокус – на практыцы: пераклад, рэдагаванне і дапрацоўка тэкстаў да прафесійнага ўзроўню пад кіраўніцтвам вопытных знаўцаў.

Як падаць заяўку?
  • запоўніце форму заяўкі;
  • далучыце да заяўкі перакладзены вамі фрагмент або некалькі фрагментаў перакладу разам з арыгіналам (у выглядзе табліцы);
  • апішыце падрабязна вашую матывацыю ў заяўцы;
  • дэдлайн падачы заявак – 10 траўня ўключна;
  • колькасць месцаў абмежаваная, вынікі адбору будуць паведамлены асобна пасля 15 траўня.

Звяртаем увагу, што Беларускі ПЭН прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем,  сацсеткі Андрэя Хадановіча прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.
Вашая бяспека з’яўляецца нашым прыярытэтам, удзел у Перакладчыцкай майстэрні магчымы ў зашыфраваным выглядзе: вы можаце карыстацца псеўданімамі, а таксама працаваць без уключанай камеры.

Мінулыя сезоны Перакладчыцкай майстэрні

На сайце Беларускага ПЭНа можна больш даведацца пра мінулыя сезоны, у якіх узялі ўдзел дзясяткі перакладчыкаў і перакладчыц з усяго свету. 

Сярод гасцей і экспертаў майстэрні былі Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч, Ганна Янкута, Томас Вайлер, Анхела Эспіноса Руіс, Кацярына Маціеўская, Юлія Цімафеева, Сяргей Сматрычэнка, Наста Кудасава ды іншыя вядомыя творцы.

Што кажуць выпускнікі і выпускніцы Майстэрні:

«Перакладчыцкая майстэрня – гэта сапраўдная з’ява ў беларускай прасторы, бо насамрэч дапамагае перакладчыкам расправіцца крылы, паверыць у сябе, увогуле зразумець, куды рухацца. Трэба вучыцца ў найлепшых, і перакладчыцкая майстэрня дае такую магчымасць».

«Было замала. Бо цікава. Я б цэлы акадэмічны год з вамі вучылася :). А паўгода то пэўна!»

«Адназначна рэкамендую ўсім, хто хоча заняцца або ўжо займаецца перакладам. І сама прыму ўдзел яшчэ раз, калі возьмуць :)»

«Перакладчыцкая майстэрня – гэта ўнікальная магчымасць для перакладчыкаў-пачаткоўцаў сабрацца разам у адной прасторы, наведаць майстар-класы таленавітых і заслужаных калег, паказаць свае тэксты, задаць пытанні, папрацаваць над праблемнымі момантамі, зладзіць мазгавыя штурмы, атрымаць ацэнку сваёй творчасці ад прафесіяналаў. Для мяне быў вельмі каштоўны досвед працы і над маім тэкстам, і над тэкстамі астатніх удзельнікаў. Рэдактура ў рэжыме анлайн дазволіла разгледзець і абмеркаваць многія пытанні мастацкага перакладу, узбагаціць досвед».

Калі вы даўно хацелі паспрабаваць сябе ў мастацкім перакладзе, але не ведалі, з чаго пачаць, або ўжо перакладаеце і шукаеце прафесійную супольнасць, падтрымку і развіццё, Перакладчыцкая майстэрня чакае менавіта вас.

Не марнуй лета – удасканальвайся нават на пляжы!