«Чацвярговы клуб забойстваў»: як не знішчыць бестселер у перакладзе? | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 16 ліпеня 2026
«Чацвярговы клуб забойстваў»: як не знішчыць бестселер у перакладзе? | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Сёмая ў гэтым летнім сезоне сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная перакладам з ангельскай мовы, прычым перакладам сусветных бестселераў, як класічных, так і сучасных. Удзельнікі вынеслі на абмеркаванне фрагменты ўжо хрэстаматыйнага шэдэўра Агаты Крысці “І не стала нікога”, а таксама вельмі папулярнага сёння дэтэктыва Рычарда Озмэна “Чацвярговы клуб забойстваў”. Госцем-экспертам выступіў вядомы паэт і перакладчык паэзіі ды прозы Ігар Кулікоў, які прадставіў прысутным у сваёй беларускай версіі культавую “Дзюну” Фрэнка Герберта, апублікаваную ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча.


Ігар Кулікоў – паэт і перакладчык. Перакладае пераважна з санскрыту і ангельскай. Аўтар некалькіх паэтычных кніг і шэрагу перакладаў (у тым ліку трылогіі «Валадар Пярсцёнкаў», «Дзюны» Фрэнка Герберта, «Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар» невядомага аўтара XIV стагоддзя, урыўкаў з Магабгараты, выбраных твораў Калідасы, Бгартрыгары, Роберта Фроста і інш.).

Лаўрэат прэмій імя Карласа Шэрмана, Наталлі Арсенневай і прэміі «Дэбют».


На пачатку запрошаны перакладчык апавёў пра сваю працу над “Дзюнай”, пра выклікі арыгінальнага тэксту і ўвасобленага ў ім Гербертавага свету, пра магчымыя памылкі, якіх варта пазбягаць і якіх, на жаль, не пазбеглі аўтары даступных нам версіяў кнігі на блізкіх мовах. Вось прадстаўленыя Ігарам Куліковам тэзы, разам з прыкладамі з арыгінала і адпаведнымі перакладамі.

1. Гербертаў стыль у цэлым можна назваць навукападобным, асабліва калі гаворка пра рэчы, звязаныя з разумовай дзейнасцю. Не трэба такое стылістычна інакшыць, зыходзячы з уласных уяўленняў пра “літаратурнае” і “мастацкае”.

Напрыклад: Starlight displaced just enough of the night to charge each shadow with menace. => Святло зорак выцесніла роўна столькі ночы, каб наэлектрызаваць кожны цень пагрозаю.

Герберт, хутчэй за ўсё, параўноўвае тут ноч і зорнае святло з вадой, у якую апускаецца прадмет, выцясняючы яе частку.

2. Герберт любіў метанімічныя пераносы (якасці прадмета – на яго дзеянне або на тое, што ён змяшчае). Варта захоўваць такі аўтарскі троп і ў перакладзе. Напрыклад:

a. A bit of black movement there and Yueh walked through. => Трохі чорнага мільгацення — і ўвайшоў Юе. Для параўнання, у рускім перакладзе метанімія знікла: «Там задвигались темныесилуэты. Вошел Юйэ».

b. The tan flow of dust… => Рудаватая плынь пылу…

c. He felt the grating, injured flight through his hands on the controls. => Праз рукі на штурвале ён адчуваў, як рыпіць іх паранены палёт. Ізноў, для параўнання, з рускага перакладу, дзе метанімія знікае, затое з’яўляецца яўны кіч: «Через рукоятки управления он ощущал, как скрежещут истерзанные крылья».

Фрэнк Герберт

3. Не варта дапісваць за аўтара. Гэтым часта грашаць розныя расейскія перакладчыкі. У адным з такіх перакладаў “Дзюны” бачым:

a. Noise of small animals. Birds. => РУС: Топоток и писк каких-то мелких зверушек. Хлопанье крыльев, крик. БЕЛ: Шолахі маленькіх звяркоў. Птушкі.

b. “Many times many,” Paul said. He looked at Chani. => РУС: — Много, и еще столько, да полстолька, да четверть столька… — ответил Пауль рассеянно и обернулся к Чани. БЕЛ: — Шмат, і яшчэ столькі ж, — адказаў Пол і паглядзеў на Чані.

c. “We will woo the formidable Thufir Hawat”. => РУС: «Вот мы и совратим нашего славного, грозного, неподкупногоСуфира Хавата». БЕЛ: «Мы перавабім грознага Туфіра Хавата».

Аналагічная хіба часам сустракаецца і ва ўкраінскім перакладзе. Observe the plans within plans within plans”. => УКР: «Стеж за планами, що ховаються всерединi задумiв, якi причаiлися в глибинах iнших планiв». БЕЛ: «Сачы за планамі ўнутры планаў унутры планаў».

4. Заўсёды трэба ўважліва чытаць напісанае ў арыгінале, чаго яўна не рабіў украінскі перакладчык “Дзюны”:

A scraping metal racket vibrated through the tower, shook the parapet beneath his arms. => УКР: Скрипуча металева ракета вiбрувала всерединi вежi, розхитуючи парапет пiд його руками. БЕЛ: Вежу скалануў скрыгатлівы металічны шум, парапет пад рукамі герцага задрыжаў.

5. Варта перачытваць перакладзенае ўголас: ці ўсё гучыць лагічна? Калі не, то, мажліва, у тэксце ідыёма, якой вы не ведаеце:

And they stink to heaven in any closed space. => УКР: А в закритих примiщеннях сморiд вiд них усiх пiдноситься аж до небес. БЕЛ: І ад іх жудасна смярдзіць у любым закрытым памяшканні.

***

Фрэнк Герберт у сваёй “Дзюне” актыўна ўжывае наватворы. Перакладчык паказаў, як перадаў некаторыя з іх па-беларуску:

  1. stillsuit, stilltent = дыскамб, дыстэнт
  2. fanmetal, plasteel = веяртал, пласталь
  3. lasgun, maula pistol = лазерлет, маўлет
  4. slip-tip = мільгун
  5. poison snooper = ядапыт
  6. sand walker, sandcrawler = пескаброд, пескаход
  7. dune man, sand master, spice driver = выдмавік, дзюнагляд, меланжар
  8. spice factory = меланжарня

А яшчэ ў “Дзюне” раз-пораз сустракаюцца – часам даслоўныя, а часам змененыя аўтарам – цытаты з Бібліі і з Карана. Ігар Кулікоў парэкамендаваў калегам – у выпадку даслоўных цытатаў – шукаць адпаведныя крыніцы і цытаваць іх па-беларуску. Але “некананічнасць” паходжання цытатаў у Герберта развязвае рукі і перакладчыку, і ён цытуе іх ва ўласнай беларускай версіі:

  1. «І вада, якую ты возьмеш з ракі, стане крывёю на сухой зямлі» (Біблія, «Кніга Абакума», 1:9). «І вада, якую ты возьмеш з ракі, стане крывёю на сухой зямлі» (Біблія, «Выхад», 4:9).
  2. «Глядзеце, як дзікі асёл у пустыні, іду я да свае працы» (крыху змененая цытата з Бібліі, «Кніга Ёва», 24:5).
  3. «І высушу я рэкі, і аддам зямлю ў рукі ліхадзеям, і рукою чужаніцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе» (Біблія, «Кніга Прарока Эзэкііля», 30:12).
  4. «Дзе Пан, які вёў нас праз зямлю пустынь і ям?» (амаль дакладная цытата з Бібліі, «Кніга Прарока Ераміі», 2:6). Параўнайце: “Дзе Гасподзь, які вёў нас па зямлі пустыннай і поўнай ям?” (Біблія, «Кніга прарока Ераміі», 2:6)
  5. «І абярнулася перамога таго дня ў жалобу ўсяму люду, бо пачуў люд таго дня, што́ казалі: “Цар смуткуе па сыне сваім”» (Біблія, «Другая кніга Самуіла», 19:2).
  6. «Жанчына – ралля твая; дык ідзі ж на раллю сваю і ўрабляй яе» (прыблізная цытата з Карана 2:223).

***

Агата Крысці

Пасля аповеду запрошанага госця пра “Дзюну” ўдзельнікі майстэрні перайшлі да Агаты Крысці – і фрагмент свайго перакладу прадставіла Яна Міраноўская. Найважнейшай праблемай было перастварэнне па-беларуску вершыка, які лёг у аснову кампазіцыі і даў назву ўсяму раману.

“Падчас перакладу “І не стала нікога”, – прызналася Яна, – найвялікшыя складанасці ўзніклі з вершаванай лічылкай, якая мае вялікае значэнне для сюжэта: яе змест наўпрост звязаны з забойствамі, што адбываюцца ў кнізе, таму трэба было перакладаць вельмі блізка да тэксту, таксама захоўваючы рытм, уласцівы лічылкам, падбіраючы простыя, натуральныя рыфмы і словы, якія ведае кожнае дзіця. Даць рады дапамагала беларуская граматыка: напрыклад, лічэбнікі маюць розныя формы (пяць, пяцёра, упяцёх), што дае больш прасторы ў падборы ўсіх астатніх кампанентаў”.

Першае, на што звярнулі ўвагу мадэратар, эсперт і ўсе прысутныя, у перакладзе “Ten little soldier boys” з беларускай версіі ў вершыку знікла слова “little”, засталіся проста “дзесяць жаўнераў”, тады як ідэю памяншальнасці досыць лёгка перадаць суфіксам: “жаўнерыкаў”, і гэтае слова досыць лёгка “ўпакоўваецца” ў досыць свабодны рытм лічылкі. Па-другое, калегі параілі яшчэ папрацаваць над дакладнасцю рыфмаў, якія часам варта падправіць. Па-трэцяе, перакладчыца раз-пораз ужывае рытмічныя затычкі – “тых” (жаўнераў), – што выглядае трохі штучна. Па-чацвёртае, сам абсурдны чорны гумар арыгінала пакідае прастору для адпаведнай гульні па-беларуску, на што варта звярнуць увагу. Напрыклад:

Seven little soldier boys chopping up sticks;
One chopped himself in halves and then there were Six.

Было:

Сем тых жаўнераў дровы калола,
Адзін збег з сякерай, іх стала шасцёра.

Прапанавана:

Сямёра жаўнерыкаў дровы шчапала,
Адзін дашчапаўся – шасцёра іх стала.

У празаічнай частцы, – заўважыла сама перакладчыца, – было важна адчуць і перадаць тонкую іронію, з якой спадарыня Агата часта піша пра сваіх суайчыннікаў. У такіх выпадках даволі складана самастойна ацаніць, ці іранічны тон у перакладзе адчувальны і “дакручаны” да патрэбнага ўзроўню, і тут вельмі прыдаліся парады і рэкамендацыі ўдзельнікаў Майстэрні”.

Некалькі заўваг што да Янінага перакладу Агаты Крысці зрабіў таксама эксперт. Падзелімся тут яго парадамі.

  1. Не варта злоўжываць словам “свой”, якім перакладаецца ангельскае his, her і г.д. – часта яго можна апусціць: “Fingering his small moustache, Captain Lombard said…” Было: “Пагладжваючы свае кароткія вусы, капітан Ломбард сказаў…” Лепш: “Пагладжваючы кароткія вусы, капітан Ломбард сказаў…”
  2. Не ўсе спалучэнні слоў працуюць у абедзвюх мовах: “in a yet stronger sun” Было: “на яшчэ мацнейшым сонцы”. Лепш: “на яшчэ гарачэйшым сонцы”.
  3. Не варта заўсёды перакладаць if only як ‘калі б я толькі…’ і пад. Ёсць і натуральныя канструкцыі: “…If only I could get a job at some decent school. Было: Калі б я толькі магла знайсці працу ў лепшым месцы. Лепш: Эх, перабрацца б у прыстойнейшую школу.
  4. Трэба старацца не ўжываць аднатыпныя канструкцыі ў суседніх сказах, калі гэтага няма ў арыгінале: “How hot it was travelling by train today! It would be nice to get to the sea!” Было: “Як спякотна было сёння ехаць у цягніку! Як добра будзе дабрацца да мора!” Лепш: “Але ж і горача сёння ў цягніку! Хутчэй бы дабрацца да мора!”

***

Рычард Озмэн, аўтар дэтэктыву “Чацвярговы клуб забойстваў”. Фота: David Levenson/Getty Images

Напрыканцы абмяркоўваўся фрагмент “Чацвярговага клубу забойстваў” у беларускай версіі Альжбеты Каштэлі. Вось некалькі парадаў аб эксперта, да якіх прыслухалася перакладчыца і якія будуць карысныя кожнаму, хто працуе з ангельскімі тэкстамі.

Ангельскія асабовыя займеннікі не заўсёды трэба перакладаць: у арыгінале іх вымагае граматыка, тады як у нас лепшы будзе няпэўнаасабовы сказ (або іншы займеннік).

Арыгінал: They don’t even check the meter now”. Было: “Дык яны не правяраюць лічыльнікі ўжо. Лепш: “Дык лічыльнікаў ужо не правяраюць”. Або: “Дык лічыльнікаў ужо ніхто не правярае”.

Варта ўнікаць складаных канструкцый.

Арыгінал: “And so here she is, picking at her salad, in what the menu describes as a ‘contemporary upscale restaurant”. Было: “І вось яна сядзіць, корпаецца ў салаце у, калі верыць меню, “высакакласным сучасным рэстаране. Прапанавана: “І вось яна сядзіць у “высакакласным сучасным рэстаране” (калі верыць меню) і калупаецца ў салаце.

Не варта капіяваць ангельскі сінтаксіс.

Арыгінал: “I would have made a terrific heroin smuggler, I think”. Было: “З мяне б выйшаў выдатны гераінавы кантрабандыст, думаю. Прапанавана: “Думаю, з мяне б выйшаў выдатны гераінавы кантрабандыст.

Словы шматзначныя, і першае значэнне не заўжды пасуе.

this unlikely gang. Было: “гэту неверагодную банду. Лепш: “у гэтай дзіўнай кампаніі. Гаворка пра групу пажылых людзей, таму ‘банда’ тут яўна недарэчы.

Калегі таксама звярнулі ўвагу перакладчыцы на выпадкі празмернай залежнасці ад арыгінала.

Also, I was once on a quiz team with Stephen, who, for a number of reasons, is Elizabeths third husband”. Было: “А яшчэ мы на квізе былі ў камандзе з Стывенам, а гэта з шэрагу прычын Элізабэцін трэці муж”. Прапанавана: “А яшчэ мы на квізе былі ў камандзе з Стывенам, а так ужо склалася, што ён Элізабэцін трэці муж”.

Эксперт заўважыў, што часам беларускаму чытачу можна крышку растлумачыць рэаліі англамоўнага свету проста ў перакладзе:

Seven stone three and a bit”. Было: “Сем стоўнаў, тры й трошкі”. Лепш: “Сем стоўнаў і тры фунты з хвосцікам”.

(Бо амерыканцы цудоўна ведаюць, што стоўны складаюцца з фунтаў, таму pound у падобных канструкцыях у іх апускаецца, а нам варта дадаць.)

Прысутныя пазітыўна адзначылі выпадкі ўдалай адаптацыі ангельскіх рэалій, што сустракаюцца ў Альжбеціным перакладзе.

Арыгінал: I asked what sort of knife she had been stabbed with, and Elizabeth said probably just a normal kitchen knife. John Lewis.

Пераклад: “Я спытала, якім канкрэтна нажом, Элізабэт адказала, хутчэй за ўсё звычайным кухонным. Ікееўскім”.

Але часам такой адаптацыі якраз бракавала. Як у наступным прыкладзе:

I knew who she was, of course; everybody here knows Elizabeth. She has one of the three-bed flats in Larkin Court”. Было: “Вядома, я знала, хто яна; тут усе ведаюць Элізабэт. У яе адна з трохпакаёвак на вуліцы Ларкіна”.

Але ж у арыгінале вядзецца пра “тры спальні”, а з улікам агульнай гасцёўні варта было б перакласці: “чатырохпакаёвак”. Дарэчы, што рабіць з “Larkin Court”?

Вуліца Ларкіна? Ларкін-Корт? Дом Ларкіна? – разважае перакладчыца. – Вось што мне сказаў ШІ: «Court» тут амаль напэўна не вуліца і не дворык у літаральным сэнсе – гэта тыповы элемент брытанскіх назваў, які кепска кладзецца на беларускія катэгорыі. Этымалагічна «court» сапраўды паходзіць ад “двор, агароджаная прастора” – калісьці так называлі групу дамоў вакол унутранага дворыка. Але ў сучасным ужытку «Court» у назвах – гэта звычайна адно з двух: або назва жылога дома ці блока кватэр (найчасцейшы варыянт, асабліва ў Лондане) – тады «Larkin Court» гэта проста імя будынка, як «дом Ларкіна»; або кароткая вуліца-тупік (culdesac) – тады гэта бліжэй да «завулак» ці «тупік». Таму адназначнага перакладу няма. У адрасах «Court» звычайна наогул не перакладаюць, а транслітаруюць праз злучок: «Ларкін-корт» (як «Эбі-роўд», а не «вуліца Эбі»). Гэта самы бяспечны варыянт, бо адрас павінен заставацца пазнавальным”.