• Навiны
  • Галасы
  • Вельмі задняе чысло. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Вельмі задняе чысло. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Апошняе абнаўленне: 16 ліпеня 2026
Вельмі задняе чысло. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

[Прочитать колонку по-русски можно тут]

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

ВЕЛЬМІ ЗАДНЯЕ ЧЫСЛО

У Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, праходзіў круглы стол, арганізаваны Беларускім ПЭНам і ПЭНам Фландрыі. Для тых, хто не ведае, чым ёсць Фландрыя, магу даць параду: прачытайце адну з любімых маіх кніг – «Легенду пра Уленшпігеля» Шарля дэ Кастэра. І вы даведаецеся, чым барацьба жыхароў Нідэрландаў за свабоду ў XVI–XVII стагоддзях адрозніваецца і чым падобная да барацьбы беларусаў у стагоддзі XXI.

Дарэчы. «Легенду» пераклаў на беларускую мову вялікі Язэп Семяжон. І ў кнігарнях Мінска яна ўсё яшчэ можа ляжаць.

У разгары захапляльнай, як заўсёды, размовы пра трагічныя лёсы беларускіх палітвязняў, і асабліва «людзей слова», я зазірнуў у тэлеграм і даведаўся, што суд Заводскага раёна горада Мінска прызнаў чарговыя кнігі экстрэмісцкімі.

Пра гэта адразу ж напісалі беларускія медыя, чые рэдакцыі, воляй лёсу, знаходзяцца сёння па-за межамі Беларусі. Не «беглыя», не – выцесненыя з радзімы, выпхнутыя з яе. Але тым не менш яны ўсё яшчэ атрымліваюць адтуль дастаткова правераную – як і ў гэтым выпадку – інфармацыю.

Спіс узначальвае зборнік цытат з нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, якая акурат у гэты дзень, воляй лёсу, усё ў той жа Варшаве, але на іншай пляцоўцы, заклікала да дыялогу беларусаў з беларусамі – вось такі, разумееце, загадкавы экстрэмізм.

Уключылі ў спіс папулярна-філалагічныя нарысы Вінцука Вячоркі, які даўно сышоў на палітычную пенсію, але ўсё яшчэ застаецца адным з найлепшых цяперашніх лінгвістаў-беларусазнаўцаў.

І кнігу нябожчыка Станіслава Шушкевіча пра неакамунізм. Выйшла гэтая кніга так даўно, што ўжо і не прыгадаеш, калі.

І я ўспомніў, што ведаў пра існаванне гэтай кнігі, калі яе яшчэ не было на паперы.

Спачатку мне расказаў пра яе мой сябар Алег Багуцкі, вядомы дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі, які працаваў тады ў партыі Шушкевіча. Ён пытаў маёй парады ў некалькіх важных для яго пытаннях. Алег быў чалавекам няпростым, але пісьменным, і хацеў не рабіць фактычных памылак. Яго цікавіў гарбачоўскі час, які я памятаў крыху лепш.

У размове высветлілася, што Станіслаў Станіслававіч папрасіў яго адрэдагаваць ужо напісаную кнігу – і цяпер Алегу патрэбная мая кансультацыя.

Мы сустрэліся ўтрох у кватэры аўтара кнігі, у якога заўсёды была выдатная кава, разгаварыліся.

З Шушкевічам у нас былі няпростыя адносіны. Мы былі знаёмыя з 1991 года, і хоць ставіліся адзін да аднаго з сімпатыяй, увесь час пацвельвалі ў размовах. Ён кпіў з майго бурнага камсамольскага мінулага, я – з ягонага сяброўства з Лі Харві Освальдам і звязаных з гэтым некаторых іншых знаёмстваў.

Пацвельвалі адзін аднаго, але не крыўдавалі.

Кніга мне не надта спадабалася, пра што я сказаў аўтару шчыра. Ён вызначаў лукашэнкаўскую ідэалогію пачатку цяперашняга стагоддзя як неакамунізм. З майго пункту гледжання, гэтая ідэалогія да камунізму якраз ніякага дачынення не мела (напрыклад, заказ на асноўныя канцэпты дзяржаўнай ідэалогіі, зроблены тагачасным ідэалагічным босам Уладзімірам Замяталіным прыватнай фірме, супрацоўнік гэтай фірмы, даволі вядомы дысідэнт Кім Хадзееў, назваў заказам на новы нацыянал-сацыялізм). Гэтак жа не мае дачынення да камунізму ўсё тое, што прапаведуе ў Расіі, напрыклад, Генадзь Зюганаў. Гэта штось іншае, прыстасаванае да неадкладных патрэб канкрэтнай асобы, якая губляе веру ва ўласную ідэалагічную прывабнасць.

Але Шушкевіч, які называў сябе сацыял-дэмакратам, рупліва працягваў настойваць на тэрміне «неакамунізм».

У нейкі момант (а абмеркаванне цягнулася некалькі дзён), ідучы па вуліцы, я спытаў у Багуцкага, чаму ягоны шэф настойвае на відавочна непаўнацэнным у дадзеным выпадку тэрміне. Пакурваючы не надта дарагую цыгарэту (на той момант ён меў чарговы фінансавы крызіс), Алег Данілавіч з’едліва ўсміхнуўся:

– Іншы не пройдзе. Ён паабяцаў напісаць кнігу менавіта пад такой назвай. Памяняць яго на хаду  значыць адмовіцца ад магчымасці выдаць.

– А ён не бачыць, што такім чынам не абвінавачвае рэжым, а часткова, так бы мовіць, яго акультурвае? У вачах уласнага пакалення, якое, прынамсі, памятае вайну? Параўнаў бы цяперашнія падзеі з дыктатурай Мусаліні – яна ж сама напрошваецца, такое параўнанне больш пасавала б.

– Нічога не зробіш.

Нічога не зрабілі.

На вокладцы кнігі быў гіганцкі мужык з чырвоным сцягам, намаляваны геніяльным Барысам Кустодзіевым.

Вось цяпер няма ўжо на свеце ні памерлага занадта рана Алега Багуцкага, ні пахаванага пад улюлюканне ды брэх беларускіх тэлевізійных сабак Станіслава Шушкевіча. І на адзіную «паліталагічную» кнігу ўдзельніка памятнага «развальвання» Савецкага Саюза ў снежні 1991 года я даўно не бачыў спасылак у інтэрнэце ці дзесь у навуковых працах.

І раптам!

Заднім чыслом яе ўносяць у спіс экстрэмісцкіх!

Нейкае ўжо вельмі задняе чысло атрымліваецца.

І я пачаў складаць спіс цалкам экстрэмісцкай літаратуры, якая самім сваім існаваннем мусіла наводзіць на непажаданыя паралелі паміж некаторымі ранейшымі і некаторымі цяперашнімі рэжымамі.

Юліус Фучык. «Рэпартаж з пятлёй на шыі».

Яўген Замяцін. «Мы».

Віктар Франкль. «Псіхолаг у канцлагеры».

Герберт Уэлс. «Востраў доктара Мора».

Артур Кёстлер. «Цемра апоўдні».

Яўген Шварц. «Цмок».

Стывен Кінг. «Мёртвая зона».

Перачытайце, сябры мае. Не адным Оруэлам, як той казаў, жыве чалавецтва. І не «Таямніцай Авальнага кабінета».

Аднак ёсць адчуванне, што люстэркі ў Беларусі хутка будуць разбіваць. Ну проста, каб у іх не глядзець. Так спакайней.

Аляксандр Фядута


Чытаць папярэднія тэксты:

Дождж Вівальдзі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Трохі палітычнай астраноміі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Асуджаныя клеткі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты