6-7/11/2026
Цырымонія ўзнагароджання і спадарожныя падзеі
Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьская філія ВіГПБ
уваход вольны
Беларуская і польская літаратурныя супольнасці – пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы, рэцэнзенты і чытачы – збяруцца ў Гданьску на Свята беларускай літаратуры. У цэнтры ўвагі будуць новая беларуская проза, пытанні перакладу і кнігавыдання, творчасць пісьменніц, жыццё і праца ў эміграцыі, а таксама развіццё беларускай літаратуры па-за межамі радзімы. Падзея прымеркаваная да ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця – самай значнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі.
анлайн-трансляцыі
па-польску | Europejskie Centrum Solidarności / Gdańsk – YouTube
па-беларуску | PEN Belarus – YouTube
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года. Сёлета журы абірае тры найлепшыя творы мастацкай ці нон-фікшн прозы, выдадзеныя ў 2025 годзе. 7 лістапада 2026 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску будуць абвешчаныя вынікі конкурсу і пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагароды.
На 6 і 7 лістапада запланаваная насычаная праграма спадарожных падзей: сустрэчы з аўтаркамі і аўтарамі, дыскусіі, размовы пра пераклад беларускай літаратуры і творчасць у эміграцыі, а таксама кніжны кірмаш.
Беларуская прэмія носіць імя Ежы Гедройця не толькі таму, што ён нарадзіўся ў Мінску. Узор інтэлектуальнай смеласці і адзін з архітэктараў паваеннай Еўропы, Гедройць паслядоўна нагадваў пра агульныя ўрокі адзінства і добрасуседства, карані якіх сягаюць у часы Рэчы Паспалітай.
Праяўляючы незвычайную для свайго часу смеласць, Гедройць заклікаў палякаў з годнасцю прыняць страту Вільні, Гродна і Львова, а таксама прызнаць і падтрымаць незалежнасць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, бо лічыў гэта вырашальнай умовай для незалежнасці самой Польшчы. У сваім эмігранцкім часопісе «Kultura» ён падкрэсліваў, што незалежная Польшча немагчымая без свабоднай Беларусі, а «без польскай падтрымкі беларускія памкненні да незалежнасці не маюць шанцаў на поспех».
За год да смерці Гедройць заклікаў Чэслава Мілаша і Віславу Шымборску вылучыць кандыдатуру Васіля Быкава на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры, сцвярджаючы, што «прысуджэнне гэтай прэміі беларускаму пісьменніку стала б – без перабольшання – рэвалюцыяй у Беларусі». Хоць гэтая ініцыятыва не мела поспеху, яна сведчыла пра шчырыя намеры і канкрэтныя крокі ў чарговай спробе дапамагчы беларускай нацыі – народу краіны, дзе нарадзіўся сам Гедройць.
Пра гэтую спадчыну памятаюць у Беларусі і годна яе шануюць.
З нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Ежы Гедройця Сенат Польшчы абвясціў яго адным з патронаў 2026 года. Гэта добрая нагода зноў звярнуцца да дасягненняў заснавальніка і шматгадовага рэдактара парыжскага часопіса «Kultura», а таксама асэнсаваць ягоную ролю ў фармаванні польскай думкі пра свабоду, незалежнасць і будучыню Еўропы. Цэнтральнае месца ў яго спадчыне займае перакананне, што незалежнасць і добрасуседскія адносіны паміж Польшчай, Літвой, Украінай і Беларуссю маюць жыццёва важнае значэнне. Менавіта таму Гедройць застаецца ключавым арыенцірам для польска-беларускага культурнага дыялогу.
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў.
Суфінансаванне | праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча
Праграма
6/11/2026 пятніца
18:00–19:30
Памежжа сустрэч | творчы вечар з паэтам і выдаўцом Дзмітрыем Строцавым
Аўтарскія чытанні вершаў і перакладаў, а таксама размовы пра памяць і эміграцыю, пра Мінск, які працягвае жыць ва ўспамінах, пра тое, што даводзіцца пакідаць і што мы забіраем з сабой, пра літаратуру і выдавецкую працу па-за межамі краіны. Да сустрэчы далучыцца Андрэй Хадановіч, чый пераклад кнігі Ірыны Шувалавай «Рэчы, за якія можна трымацца» выйшаў у выдавецтве Дзмітрыя Строцава «hochroth Minsk».
/ Гданьская філія Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэкі (Filia Gdańska, Mariacka 42)
/ сустрэча на беларускай і рускай мовах
7/11/2026 субота
12:00, 13:00, 14:00
Моўныя партызаны | дакументальны фільм
Чым можна ахвяраваць, ратуючы родную мову ад знікнення? Рэжысёрка Таццяна Гаўрыльчык прадстаўляе гісторыю актывістаў, якія больш за дзесяць гадоў змагаюцца за прысутнасць беларускай мовы ў публічнай прасторы.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), plac Solidarności, 1, медыятэка
/ фільм на беларускай мове з англійскімі субцітрамі
12:00–20:30
Кірмаш беларускай і польскай кнігі
На кірмашы можна будзе набыць як беларускую, так і польскую літаратуру – у тым ліку кнігі фіналістаў сёлетняй прэміі Гедройця і беларускія кнігі ў польскіх перакладах.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), зімовы сад (партэр)
12:00–20:30
Тутэйшы дзэн | выстава графікі Артура Вакарава з вершаванымі тлумачэннямі Сабіны Брыло
Сапраўдны дзэн ад простых беларускіх словаў у няпростых візуальных метафарах. Спляценні эмацыйнай усходняй каліграфіі і тутэйшых сэнсаў. Адказы на візуальныя загадкі, зашыфраваныя ў выглядзе адмыслова напісаных вершаў Сабіны Брыло і Артура Вакарава.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), зімовы сад (партэр)
12:00–12:50
Ці ўмее AI лаяцца па-беларуску? | інтэрактыўныя заняткі з «Мовай Нанова»
Размова пра адну з самых жывых, эмацыйных і нефармальных частак беларускай мовы – лаянку і праклёны. Вядоўцы разгледзяць народныя выразы, звернуцца да беларускай літаратуры і асобна да «Вушацкага словазбора» Рыгора Барадуліна. Не абыдуць увагай і сучасныя выразы ды праклёны, у тым ліку створаныя штучным інтэлектам.
Ці ўмее штучны інтэлект лаяцца па-беларуску? А вы?
Мадэрацыя | Эмілія Гаўрус – грамадская дзяячка, папулярызатарка беларускай мовы, блогерка; Аляксей АйЦіБарада Картыннік – праграміст, блогер, даследчык штучнага інтэлекту
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
13:00–13:50
Перакладчыцкая майстэрня для ўсіх! | інтэрактыўныя заняткі
Зазірніце ў кухню мастацкага перакладу, паспрабуйце ўласныя сілы, убачце тэкст з новага боку, атрымайце практычныя парады і пазнаёмцеся з людзьмі, для якіх пераклад – спосаб ствараць і падтрымліваць беларускую культурную прастору.
Як перакласці тэкст так, каб ён загучаў па-беларуску і пры гэтым не страціў голасу аўтара? Як справіцца з фальшывымі сябрамі перакладчыка, моўнымі пасткамі, пазбегнуць тыповых памылак?
Мадэрацыя | Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца; Яанна Бэрнатовіч – перакладчыца, літаратуразнаўца
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
14:00–15:00
Чаго хочуць пісьменніцы? Жанчыны ў літаратуры | дыскусія
Гутарка пра жаночы досвед у літаратуры – ад уласна акту пісьменства да таго, што адбываецца з ужо напісаным тэкстам. Што значыць быць пісьменніцай сёння – і чаго самі жанчыны хочуць ад літаратуры? Пісаць што захочаш без тлумачэнняў? Быць пачутымі і прачытанымі? Выдавацца, атрымліваць прэміі і ўваходзіць у літаратурны канон? Ці існуюць асаблівыя чаканні ад пісьменніц і ад тэмаў, пра якія яны «мусяць» пісаць?
Мадэрацыя | паэт:ка, пісьменнік:ніца і актывіст:ка тоні лашдэн
Удзел у дыскусіі | Ганна Янкута – пісьменніца, перакладчыца, рэдактарка; Таццяна Нядбай – старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка, выдаўца; Лера Ваўкагонава – паэтка, аўтарка дэбютнага зборніка; Валянціна Андрэева – выдаўца
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ анлайн-трансляцыя
15:00–15:30
Тутэйшы дзэн з Артурам Вакаравым | выстава і кава
Экскурсія па выставе і размова за кубачкам кавы з мастаком
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), зімовы сад (партэр)
/ экскурсія на беларускай мове
15:30–16:05
«Халодныя землі»: метафізіка балота | аўтарская сустрэча
Аляксандр Карнаўх – беларускі пісьменнік, жыве ў Турыне. Паводле адукацыі фізік, працаваў у маркетынгу, рэкламе і PR, а свой дэбютны раман напісаў ужо ў Італіі. «Халодныя землі» паўстаюць з уражанняў ад падарожжаў па Беларусі, у прыватнасці па Ельні, што стала прататыпам месца дзеяння рамана. Гэта містычны дэтэктыў і трылер, у якім пераплятаюцца беларускія балоты і фальклор, забытыя мовы, шыфры, каханне і пошук адказу, што ж хаваецца за бачнай рэальнасцю. Холад у рамане не толькі фізічны, гэта метафара ўнутранага стану сённяшняй Беларусі. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
Мадэрацыя | Яанна Бэрнатовіч – польская перакладчыца, літаратуразнаўца, сябра журы прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ анлайн-трансляцыя
16:05–16:20
Аўтограф-сесія з Аляксандрам Карнаўхам
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), медыятэка (першы паверх)
16:20–16:55
Успомніць сябе ў Хротне | аўтарская сустрэча
Дзяніс Трусаў – беларускі пісьменнік і паэт з Гродна, цяпер жыве і працуе ў Ханоі. Ягоныя першыя літаратурныя публікацыі з’явіліся яшчэ ў 1990-я, а найбольш вядомыя кнігі – «Про Мутю» і «Слоў моб». Творчасць пісьменніка спалучае постмадэрнісцкую гульню, містыку, музыку і эксперымент з мовай. Раман «Боў і мерць у Хротне» – гэткі беларускі «Twin Peaks» і «Silent Hill»: раман-пазл пра самасвядомасць і раскаянне, памежжа і памяць, у якім пераплятаюцца розныя мовы і эпохі, навуковая фантастыка, хрысціянскія і будыйскія матывы. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
Мадэрацыя | Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург, сябра журы прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ анлайн-трансляцыя
16:55–17:10
Аўтограф-сесія з Дзянісам Трусавым
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), медыятэка (першы паверх)
17:10–17:45
Посткіберпанк, напісаны чалавекам і для чалавека | аўтарская сустрэча
Арцём Шуканаў – беларускі пісьменнік, аўтар маштабнага навукова-фантастычнага рамана «Пентаквантар». Спалучае ў сваёй прозе посткіберпанк, тэхнатрылер і прыгодніцкую фантастыку, адпраўляючы герояў з бетонных джунгляў Мінска-3 праз Індыйскі акіян і касмічны ліфт да іншых планет. «Пентаквантар» – гісторыя пра тэхналогіі і штучны інтэлект, будучыню і чалавечыя амбіцыі, але перадусім – пра чалавека ў імкліва змяняльным свеце. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
Мадэрацыя | Ганна Янкута – беларуская паэтка, перакладчыца, рэдактарка, сябра журы прэміі імя Ежы Гедройця 2026.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ анлайн-трансляцыя
17:45–18:00
Аўтограф-сесія з Арцёмам Шуканавым
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), медыятэка (першы паверх)
18:00–18:45
Голас пакалення свабоды | сустрэча з лаўрэатамі і лаўрэаткамі прэміі, прэзентацыя зборніка
Што адбываецца з творчасцю, калі краіна застаецца за мяжой?
Прэміяй «Голас пакалення свабоды» сёлета былі ўганараваныя дзевяць выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну, але працягваюць творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні.
Падчас сустрэчы будзе прадстаўленая кніга «Голас пакалення свабоды» – зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.
Госці | Наталля Бордак – паэтка і мастачка; Аляксандр Манцэвіч – журналіст, грамадскі дзеяч; Алесь Лозка – фалькларыст, грамадскі дзеяч; Соф’я Савелава – педагог, адукатарка.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), бібліятэка (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ анлайн-трансляцыя
19:00–20:30
15-я цырымонія прэміі імя Ежы Гедройця
У падзеі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культурнай супольнасці. Мы ўбачым прэм’еры буктрэйлераў шасці кніг-фіналістаў, пачуем словы журы і даведаемся імёны лаўрэатаў прэміі Гедройця 2026.
Завяршэннем вечара стане музычны выступ спецыяльнага госця – Лявона Вольскага, легендарнага беларускага спевака, музыкі, мастака і літаратара, аўтара песень, якія сталі часткай культурнай спадчыны Беларусі. Выступ будзе суправаджаць гітарыст Павел Трыпуць, прафесійны музыка і заснавальнік музычнай студыі ў Варшаве.
Цырымонію правядзе Крысціна Дробыш – акторка, дыктарка і выдаўца аўдыякніг.
/ Еўрапейскі цэнтр салідарнасці (ECS), аўдыторыя (партэр)
/ сустрэча на беларускай мове з сінхронным перакладам на польскую
/ анлайн-трансляцыя